Заставалася чакаць. Хлопец прыціснуўся спінай да бярвеністай сцяны хлява і задумаўся. Як хутка мяняюцца людзі падчас вайны, дакладней, як хутка сталеюць. Здавалася, прайшло зусім мала часу з таго моманту, калі Валодзя разам з хлапчукамі са сваёй вуліцы кідалі ў кузавы нямецкіх машын бутэлькі з карбідам і думалі, што яны, калі не ваююць, то, прынамсі, шкодзяць фашыстам. А цяпер Валодзю стала сорамна за гэтыя хлапечыя выхадкі. Яму яшчэ не было і шаснаццаці, а ён адчуваў сябе значна старэйшым. Прызвычаіўся перш, чым штосьці рабіць, старанна абдумваць кожны крок. Што гэта — абвостранае пачуццё небяспекі? А можа, пачуццё адказнасці перад бацькамі, шматлікімі людзьмі, якія паверылі яму і даручылі хай маленькую, але сапраўдную справу? Валодзя марыў пра той час, калі яму давядзецца ваяваць супраць ворага са зброяй у руках. Ну, а пакуль трэба чакаць і, вядома, не папасціся на чым-небудзь.
Уладзімір адарваўся ад сцяны хлява: «Пара! Прайшло не меней як пятнаццаць хвілін». І ён хуткім крокам накіраваўся да дома. Дзверы, якія вялі ў сенцы, адкрыліся бясшумна. Валодзя перавёў дыханне, гледзячы на абабітыя лямцам дзверы, што вялі ў пакой. Што чакае яго там? Як сустрэнуць яго гаспадары? Як паглядзяць немцы?
Валодзя палічыў да трох і пацягнуў дзверы на сябе.
Ён апынуўся ў кухні, да яго слыху данёсся голас таго ж афіцэра, які рабіў вобыск у іх доме. Валодзя яшчэ не разабраўся, пра што казаў гестапавец, але тон яго голасу быў спакойным. Хлопец рушыў да дзвярэй, якія вялі ў пакой, і ў гэты момант пачуў Светчын смех. Валодзя адчыніў дзверы. У вочы адразу ж кінулася, што два немцы сядзяць злева ад дзвярэй на канапе, два другіх — на крэслах каля печы. Ужо знаёмы афіцэр і Светка сядзелі ля стала.
У пакоі стала ціха. Уладзімір злавіў на сабе погляд афіцэра і спалоханы — Светчын. Чамусьці падумалася пра яе бацькоў: «Калі іх няма тут, значыць, яны ці ў іншым пакоі ці іх няма дома».
— Дабрыдзень! — хмурна сказаў Валодзя. — Мяне мама па тарку паслала, цяпер бліны будзем пячы.
Як зласліва зараз глядзелі на яго блакітныя вочы гэтай прыгажуні. У іх ужо прайшоў спалох і загаралася злосць, прыкрасць на гэтага хлопца.
Афіцэр спытаў у Светкі:
— Хто гэта?
— Сусед. — скрозь зубы працадзіла Светка і рушыла да дзвярэй. — Ідзём, забяры сваю тарку, знайшоў час прыходзіць, бачыш, і да мяне прыйшлі.
Афіцэр падняўся з крэсла і загадаў Уладзіміру:
— Стаяць на месцы.
Сам жа, злёгку падштурхоўваючы перад сабой Латаніну, разам з ёй выйшаў у кухню. Валодзя пачуў, як пляснулі і другія дзверы. «Пайшлі ў сенцы, — здагадаўся ён, — раіцца будуць».
Прайшло хвіліны тры, перш чым яны вярнуліся ў пакой. Латаніна надзела паліто, завязала вязаную хустку і сказала:
— Валодзечка, я пайду з табой, падзякую сама бацькам за тарку.
Яна ўзяла тарку, і яны выйшлі на вуліцу. Пакуль ішлі, Светка, яшчэ не зусім акрыяўшы ад збянтэжанасці, растлумачыла:
— Ты ўвайшоў якраз, калі яны мяне дапытвалі. Усё высвятлялі, ці няма ў мяне зброі ці радыёпрыёмніка, а цяпер, напэўна, вобыск пачалі ўжо.
Уладзімір слухаў, а сам думаў: «Брашы, брашы, зараза прадажная! Цябе я ўжо даўно раскусіў».
Праз некалькі хвілін яны ўвайшлі ў кватэру Славіных. Светка з палёгкай уздыхнула: яна сваімі вачамі бачыла, што людзі чысцяць бульбу, і, значыць, хлопец сапраўды прыходзіў па тарку. Сказала некалькі слоў падзякі і сышла. А Славіны пераглянуліся паміж сабой. Валодзя расказаў усё, што бачыў у Латаніных дома, і раптам, усміхнуўшыся, звярнуўся да Настассі Георгіеўны:
— Мама, ты ж, калі ішла з кірмаша, абяцала накарміць яечняй. А сама аладкі бульбяныя рыхтуеш.
Маці засмяялася:
— Бач, чаго захацеў! Ну добра, будуць вам сёння і яечня, і аладкі!
І яна пацягнулася па наступную бульбіну.
Камандзір роты старшы лейтэнант Мачалаў
Калі батальён маёра Грыдзіна выйшаў з акружэння, байцоў у ім было не больш, чым у роце. Мачалаў думаў, што самы цяжкі час у іх ужо ззаду. Аднак лёс рыхтаваў для яго новыя выпрабаванні.
Тут, на фронце, батальён вёў цяжкія знясільваючыя баі. Тоненькая змейка акопаў з рэдкім ланцужком чырвонаармейцаў паўстала на шляху ўзброенага танкамі, бронетранспарцёрамі і самалётамі пераўзыходзячага па сіле ворага. Былі моманты, калі старшы лейтэнант у думках развітваўся з жыццём, лічачы, што з такога пекла ўжо не выбрацца. Прыйшлося перажыць звычайны чалавечы страх, ганьбу адступлення і нават уцёкі, страты дарагіх сэрцу людзей.
Але вось наступіла і наша чарга. Паспяховае наступленне пад Масквой паказала ўсяму свету, што фашысцкі план маланкавай вайны праваліўся. Немцы тады страцілі больш як паўмільёна салдат, пятнаццаць тысяч машын, тысячу трыста танкаў, дзве з паловай тысячы гармат і шмат іншай тэхнікі. Гітлераўцы былі вымушаны ўцякаць на сто пяцьдзясят — трыста кіламетраў ад Масквы. Гэта была перамога не толькі нашай зброі, гэта было сведчанне высокага маральнага духу чырвонаармейцаў і камандзіраў Чырвонай Арміі.
Мачалаў ганарыўся, што і яго рота знаходзілася на перадавой.
Пасля таго памятнага наступлення прыйшоў загад перайсці да абароны. Мачалаў памятаў, як абураліся тады байцы і камандзіры, усё рваліся ў бой. Але было загадана капаць акопы, мініраваць подступы да пярэдняга краю, ставіць драцяныя загароды, будаваць бліндажы.
Неўзабаве батальён маёра Грыдзіна быў зняты з перадавой і накіраваны ў тыл для адпачынку і папаўнення.
Колькі каштавала сіл Мачалаву, каб выпрасіць на роту хоць бы пяць аўтаматаў. Неяк у дом, у якім знаходзіўся Мачалаў, зазірнуў камандзір палка. Мачалаў, не саромеючыся, што разам з падпалкоўнікам знаходзіўся і Грыдзін, звярнуўся да яго:
— Таварыш падпалкоўнік, дапамажыце мне! — І, заўважыўшы, як у камандзіра палка здзіўлена, выгінаючыся дугой, папаўзлі ўгару бровы, растлумачыў: — Мяркуйце самі, далі мне ў роту папаўненне, а з сарака двух чалавек — трыццаць дзевяць навічкоў. А чаго я прашу? Мізэр, усяго пяць аўтаматаў. А мне — кукіш, не даюць.
— Дык дзе ж я табе вазьму гэтыя аўтаматы? — умяшаўся Грыдзін.
— Калі захочаце, таварыш маёр, то знойдзеце! Гранат амаль няма. Прасіў, дайце хоць адно процітанкавае ружжо — таксама няма. Як жа я буду ваяваць?
Падпалкоўнік сумна ўсміхнуўся. Ён разумеў хваляванне гэтага высокага, з гарачымі ад узрушанасці вачамі старшага лейтэнанта, дасведчанага і адважнага камандзіра. Але як растлумачыць яму, што цяпер яшчэ няма ў арміі ў дастатковай колькасці боепрыпасаў. Артылерыя, напрыклад, атрымала загад расходаваць штодня па адным-два снарады на гармату. Не ставала мін і процітанкавых гармат. Але пра гэта нават свайму падначаленаму, праверанаму ў баях камандзіру, не мог сказаць падпалкоўнік. Толькі две гадзіны назад ён з болем у сэрцы загадаў прыдадзеную яго палку батарэю рэактыўных мінамётаў адвесці ў тыл, бо не было снарадаў.
Падпалкоўнік паглядзеў на камандзіра батальёна:
— Лявон Кандрацьевіч, выдзелі старшаму лейтэнанту пяць ПКШ. — Заўважыўшы, што камбат хоча запярэчыць, строга сказаў: — Без размоў! — І ўжо цяплейшым голасам дадаў: — Я табе кампенсую.
Мачалаў так узрадаваўся, што спачатку хацеў чамусьці крыкнуць: «Служу Савецкаму Саюзу!» — але своечасова спахапіўся і радасна сказаў:
— Дзякуй, таварыш падпалкоўнік!
Камандзір палка накіраваўся да дзвярэй, за ім Грыдзін.
Ужо ля самага выхаду маёр Грыдзін павярнуўся і моўчкі паказаў Мачалаву кулак, але старшы лейтэнант нявінна ўсміхнуўся. Галоўнае было зроблена: аўтаматы, якія толькі пачалі паступаць на ўзбраенне, ён здабыў. Пётр адшукаў старшыну і загадаў яму неадкладна атрымаць аўтаматы.
Зрабіў гэта Мачалаў своечасова, бо камандзір палка на наступны дзень адбыў у дывізію на павышэнне, а маёр Грыдзін быў прызначаны на яго месца.
Камплектаванне заканчвалася, і па ўсім было відаць, што неўзабаве зноў на пярэднюю лінію фронту. Камандзіры рыхтавалі навічкоў да хуткіх баёў. Мачалаў папрасіў вопытных байцоў псіхалагічна падрыхтаваць навабранцаў да тых умоў, у якіх яны апынуцца.