Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У клопатах і хвалюючым чаканні прайшло яшчэ два дні. І вось паступіў загад высунуцца на баявыя пазіцыі. Зборы былі нядоўгія, а шлях да лініі фронту кароткі. Увечары нядаўна прызначаны камандзір батальёна выклікаў да сябе камандзіраў рот, пазнаёміў са становішчам, якое склалася на іх участку фронту, і зірнуў на Мачалава:

— Вам даручаецца змяніць вось на гэтым участку, — ён алоўкам паказаў месца, — роту батальёна, якая адводзіцца ў тыл для адпачынку і папаўнення. На месцы з дапамогай камандзіра гэтай роты пазнаёміцеся з абстаноўкай і мясцовасцю. Заўтра ў адзінаццаць нуль-нуль чакаю вашага дакладу. Пытанні ёсць?

— Не, таварыш капітан! — адказаў Мачалаў, а сам уважліва зірнуў на камбата.

Тарасаў здаваўся поўнай супрацьлегласцю Грыдзіну. Высокі, рослы, ён неяк падазрона і насцярожана глядзеў на суразмоўцу з-пад паўапушчаных доўгіх веек, нібы чакаў, што яму тут жа стануць пярэчыць. Нягледзячы на стамляльны пераход да лініі фронту, ён быў чыста выгалены і апрануты ў акуратна падагнаную, старанна адпрасаваную форму.

«Нічога, перадавая навучыць цябе больш увагі надаваць не свайму абмундзіраванню, а людзям, з якімі табе давядзецца ваяваць», — падумаў Мачалаў, накіроўваючыся да выхаду. На вуліцы ён паглядзеў на неба, яно было зацягнута аблокамі. Крочачы да сваёй роты, Мачалаў паспеў падумаць, што зіма зацята не хоча здаваць свае пазіцыі. Днём на дарогах па ледзяных жолабах цяклі вясновыя раўчукі, ярка і цёпла свяціла сонца, а цяпер усё падмерзла, дзьмуў халодны вецер.

Камандзіры ўзводаў сабраліся і чакалі прыходу Мачалава. Калі ўваходзіў ён, яны над чымсьці гучна смяяліся. Пётр Пятровіч паведаміў пра загад і разгарнуў на стале карту:

— Становішча вывучыце на месцы. У гутарцы з камандзірамі ўзводаў, якіх будзеце змяняць, абавязкова даведайцеся пра мінныя палі, танканебяспечныя накірункі, пра характар сіл праціўніка, яго паводзінах і агнявых сродках. Аб усім гэтым даложыце мне заўтра ў дзевяць трыццаць. Людзей трэба вывесці ў першыя траншэі сёння ўначы. Абавязкова растлумачце, асабліва новенькім, як трэба паводзіць сябе на пярэдняй лініі. Напэўна, кожная купіна і кожны грудок немцамі прыстраляны. Высунуць днём галаву дзеля цікаўнасці і — гатовыя! Першым часам у дазоры трымаеце вопытных чырвонаармейцаў, ім у дапамогу можна выдзеліць і навічкоў, хай вучацца. Праверце, як акопы прыстасаваны да адбіцця нападаў праціўніка: ці ёсць норы, ці ўмацаваны брустверы, ці не зацякае дно.

Пасля інструктажу старшы лейтэнант спытаў:

— Ну, а зараз скажыце, чаго ржалі, як жарабцы, перад маім прыходам, нават немцы і тыя, напэўна, вырашылі, што да нас артысты прыехалі?

Камандзіры ўзводаў заўсміхаліся і моўчкі паглядалі адзін на аднаго. Нарэшце малодшы лейтэнант Кураўлёў сказаў, ківаючы на лейтэнанта з перавязаным пальцам на левай руцэ:

— Ды вось Хмялько ўспомніў эпізод са сваёй біяграфіі і нас заадно пасмяшыў.

— Ды кінь ты трапацца! — махнуў здаровай рукой Хмялько і патлумачыў Мачалаву: — Гэта я ім расказаў самы кароткі анекдот.

— Калі ён сапраўды кароткі, то паўтары, — папрасіў старшы лейтэнант.

— Гэта можна. Слухайце: прыйшоў да кума ў госці, а ён, падлюка, дома.

Мачалаў засмяяўся разам з усімі. Пётр Пятровіч, падыгрываючы вясёламу настрою камандзіраў, сказаў, звяртаючыся да Хмялько:

— Глядзі, Іван, прыйдзеш мяняць узвод, а ён не ў прыклад твайму куму ўжо з пазіцый у тыл адышоў, так што спяшайся.

Усе, гучна перагаворваючыся паміж сабой, пачалі выходзіць з бліндажа.

Чырвонаармейцам роты ў гэту ноч спаць не атрымалася. Уладкоўваліся на новым месцы, наводзілі парадак у бліндажах. Па загадзе Мачалава нацягалі жэрдак і паскладалі іх на дно акопаў, каб выратавацца ад вады.

Раніца заспела Мачалава ў акопах. Роўна ў дзевяць трыццаць ён выслухаў даклады камандзіраў узводаў і накіраваўся да камбата. Было роўна адзінаццаць гадзін, калі ён адсунуў рукой плашч-палатку, якая вісела ля ўвахода ў бліндаж камбата:

— Дазвольце, таварыш капітан?

— А, Пётр Пятровіч! — зусім іншым голасам, чым размаўляў учора, прагаварыў Тарасаў і, зрабіўшы некалькі крокаў насустрач, працягнуў руку: — Дабрыдзень! Ну, як уладкаваліся?

— Лічу, што нармальна, — Мачалаў падрабязна далажыў аб участку абароны, які займае рота. Камбат быў вясёлы, уважлівы і добразычлівы. Старшы лейтэнант вырашыў скарыстацца тым, што ў яго добры настрой, і спытаў:

— Таварыш капітан, уся мясцовасць перад мной танканебяспечная, міны ёсць, хоць «пасеў» рэдкі, вось калі б мне хоць адно процітанкавае ружжо!

— Добра, дам, — нечакана лёгка пагадзіўся камбат. Затым распытаў Мачалава, адкуль ён родам, ці даўно ў войску. Даведаўшыся, што сям’я засталася ў акупацыі, спытаў:

— Не звярталіся да камандавання, каб яно праз партызан паспрабавала высветліць што-небудзь пра іх лёс?

— А хіба можна гэта зрабіць?

— Я даведаюся і скажу.

Пётр Пятровіч вяртаўся ў роту ў добрым настроі. Сёння камбат яму адназначна спадабаўся.

Немцы з кулямётаў і стралковай зброі абстрэльвалі пазіцыі роты.

«Добра, што мінамёты рэдка б’юць, — падумаў ён, — навічкоў паступова прывучаць да абстаноўкі. Немцы, напэўна, чулі ўначы валтузню ў нашых акопах і зараз на ўсякі выпадак прашчупваюць нас».

Дзе паўзком, дзе кароткімі перабежкамі ён абышоў увесь участак абароны, папярэдзіў камандзіраў узводаў, каб не адказвалі на стральбу немцаў і тыя не разгадалі сістэму абароны.

Брудны, мокры і стомлены, да абеду дабраўся да свайго бліндажа. Якраз падаспелі харчавікі і старшына — пажылы рыжавусы Леркаў — адразу ж пачаў завіхацца ля скрыні з-пад снарадаў, якая служыла сталом.

Толькі ўзяў Мачалаў у руку лыжку, як у бліндаж уварваўся пасыльны ад камандзіра другога ўзвода:

— Таварыш старшы лейтэнант! Танкі!

Мачалаў загадаў старшыне далажыць пра напад немцаў камбату, а сам падскочыў да сцяны, дзе віселі шынель і новенькі аўтамат, які ён яшчэ не паспеў прыстраляць, і ўслед за чырвонаармейцам выскачыў з бліндажа. Пазіцыі другога ўзвода пачыналіся злева, у ста метрах. Мачалаў са шкадаваннем падумаў, што ён яшчэ не паспеў высветліць, дзе знаходзіцца пазіцыя артылерыстаў. І без бінокля ён добра бачыў, як да нашых траншэй набліжаліся тры танкі і тры бронетранспарцёры. У гэты момант у паветры з’явілася некалькі самалётаў. Яны ішлі прама на пазіцыі роты. Мачалаў з усіх сіл кінуўся да акопаў, у галаве білася адна толькі думка: «Толькі б паспець, толькі б паспець да пачатку бамбардзіравання да акопаў дабегчы!»

І раптам наперадзе ўбачыў адразу некалькі чорных снапоў узрываў. «Што, ужо бамбяць?» — падумаў ён здзіўлена, яму здавалася, што самалёты яшчэ не даляцелі. Вось і акопы. Ён саскочыў на дно. І адразу ж падняў галаву, спрабуючы палічыць, колькі самалётаў у небе.

І зноў здзівіўся, убачыўшы, што чатыры бамбардзіроўшчыкі яшчэ толькі становяцца ў круг. І тады старшы лейтэнант зразумеў, хто дзяўбе мерзлую зямлю: «Як жа гэта я адразу не здагадаўся! Артылерыя б’е». І ён пачаў аглядацца па баках. Чырвонаармейцы, часта ўзнімаючы галовы, валтузіліся на сваіх месцах, рыхтуючыся да бою. З неба неслася пранізлівае выццё. Старшы лейтэнант падняў галаву і ўбачыў, здавалася, пікіруючы прама на яго бамбардзіроўшчык. Яму ўжо шмат разоў даводзілася бываць пад бамбёжкай, бачыць, як ляцяць з выццём да зямлі варожыя бамбардзіроўшчыкі, але кожны раз ад гэтага відовішча скоўваліся мышцы, расслаблялася воля. Гледзячы на самалёт, які прыбліжаўся да зямлі, чырвонаармейцы апускаліся ўсё ніжэй і ніжэй у акопы. Знізу хтосьці тузануў Мачалава за шынель. Ён здзівіўся, убачыўшы камандзіра ўзвода Хмялько, які, седзячы на кукішках, шчыльна прыціснуўся да мерзлай сцяны акопа:

— Хавайся, старшы лейтэнант! Глядзі, ужо бомбы да зямлі пайшлі!

Мачалаў апусціўся на калені, зноў падняў галаву ўгару, і тут зямля нібы стала бокам, ускалыхнулася, гучна застагнала, і на імгненне адчуў сябе ў стане бязважкасці. Гэта адна з бомбаў звалілася недалёка ад іх. Выбуховая хваля падхапіла Мачалава і шпурнула ўздоўж траншэі. Падаючы, ён моцна стукнуўся грудзьмі аб штосьці цвёрдае. Ледзь прыпадняўся і пачаў праціраць засыпаныя зямлёй вочы. Калі адкрыў іх, то ўбачыў свой аўтамат, які валяўся на дне акопа. Дзесьці далей у акопе пачуўся крык. «Паранены», — здагадаўся Мачалаў, але ўбачыць нічога не змог. Задушлівы, цёмны дым ад узрываў, уперамешку з зямлёй і гарай, зацягнуў траншэю. «А дзе ж Хмялько?» — успомніў пра камандзіра ўзвода старшы лейтэнант і пачаў круціць галавой, спрабуючы зарыентавацца і адшукаць месца, дзе павінен быць камандзір узвода. Нарэшце ён зразумеў, з якога боку прынесла яго выбуховая хваля, падхапіў рукой аўтамат і хістаючыся пайшоў. Ён адразу ж убачыў Хмялько. Той працягваў сядзець у нейкай ненатуральнай позе. У гэта імгненне наперадзе вухнуў выбух. Мачалаў упаў і тут жа адчуў, што на яго звалілася штосьці цяжкае. «Прысыпала», — здагадаўся ён, баючыся адкрыць вочы, каб зноў не зацерушыць іх зямлёй. Паварушыўшыся, вызваліўся ад цяжару і працёр твар. Адкрыўшы вочы, убачыў побач з сабой Хмялько. Лейтэнант ляжаў нерухома, уткнуўшыся тварам у дробныя камякі мерзлай зямлі, перамяшанай са снегам.

11
{"b":"585908","o":1}