Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Якая патрапілася, — коратка адказаў Антон, якога пачынала раздражняць падазронасць старога.

Ён, калі даведаўся са слоў Мачалава, што Мараўскі — былы стараста, здзіўлена сказаў: «Пётр Пятровіч, і чаго мы з ім важдаемся? Ён памагаты немцаў, а мы яго яшчэ павінны на машыне вазіць, няньчыцца з ім, быццам ён заслугоўвае гэтага. Ды яму, гаду, адна цана — куля ці вяроўка!» — «Супакойся, Антон, — усміхаўся Мачалаў, — не кожнага ворага трэба да сценкі ставіць. Прывыкай да гэтага, ты ж аператыўны работнік. Эх, вучыць цябе трэба. Вось ачысцім вобласць ад бандытаў і пашлём цябе ў школу. Ну, а што да Мараўскага, то ён, хоць і хадзіў у немцаў у паслугачах, але шкоды Савецкай уладзе і людзям не чыніў. Мне Караткоў расказаў, што калі прыйшла Чырвоная Армія, то ён сам з’явіўся ва УНКУС і паведаміў пра сваё мінулае, ды заадно падказаў, дзе група былых паліцаяў у лесе хавалася, і цэлы склад зброі дапамог знайсці. Дый пра Фядзько нам ён паведаміў і пра тое, што жонка Фядзько ў бацькі яго хаваецца. Праўда, палахлівы ён, гэты Мараўскі, збег з наседжанага гнязда і цяпер разам з жонкай тут, у горадзе, у роднага брата жыве».

І вось цяперз Крайнюк, выконваючы загад, вязе гэтага былога старасту да сябе ў аддзел, ды яшчэ, седзячы побач, павінен адказваць на яго дурныя пытанні. Ад абурэння Антон адвярнуўся ад старога і пачаў глядзець у запатнелае шкло.

Машына развярнулася і спынілася ля невялікага дома, дзе размяшчаўся аддзел па барацьбе з бандытызмам. Яны выйшлі з машыны, і Крайнюк правёў Мараўскага ў кабінет Мачалава. Спытаў:

— Мне можна ісці, Пётр Пятровіч?

— Не, пабудзь з намі, — адказаў Мачалаў і, прывітаўшыся з Мараўскім, сказаў: — Давайце знаёміцца: я — новы начальнік аддзела капітан Мачалаў. Завуць мяне Пятром Пятровічам. Пра вас, Казімір Казіміравіч, мне расказаў Сяргей Міронавіч Караткоў. Ён вам перадаваў прывітанне і прасіў прабачэння, што не развітаўся з вамі. Ён вельмі спяшаўся і ледзь паспеў справы здаць. Я трошкі асвоіўся і вырашыў сёння пазнаёміцца з вамі. Таму і паслаў за вамі.

— Ну і дзякуй Богу, — недарэчы чамусьці сказаў Мараўскі.

— Што, вы таксама хацелі сустрэцца са мной? — усміхнуўся Мачалаў.

— Не, не. — збянтэжыўся стары, — я, калі ўбачыў вось гэтага хлопца, сеў да яго ў машыну, крыху спалохаўся.

— Чаго ж вы спалохаліся?

— Ведаеце, Сяргей Міронавіч ніколі мяне не запрашаў сюды. Ён сам прыязджаў да мяне, і мы звычайна з ім сустракаліся і гутарылі ў іншых месцах.

— Правільна. Я надалей буду рабіць тое ж самае, але пагадзіцеся, калі б я сёння прыехаў да вас і пачаў гутарку, дык вы б мне, напэўна, не паверылі, а цяпер пабывалі ў нас у аддзеле, бачыце, што я той, за каго сябе выдаю, і ў вас сумненняў ніякіх не засталося. Ці не так?

— Так, так, вы маеце рацыю і паступілі правільна, — хутка пагадзіўся Мараўскі.

— Ну вось і цудоўна. Зараз давайце пяройдзем да справы. Ці не здаецца вам, Казімір Казіміравіч, што пара ўладкоўвацца на працу?

— Мне? Куды? Кім?

— Ну, напрыклад, на чыгунку, скажам, кладаўшчыком, які ўзначальвае склад, дзе, акрамя розных тавараў, маецца зброя сякая-такая і боепрыпасы.

— Але я ніколі на такой пасадзе не працаваў.

— Нічога, і старастай да вайны вы таксама ніколі не былі. Скажу вам прама. Нам гэта трэба для таго, каб скончыць з бандай Фядзько. Мы вам, як бачыце, давяраем і просім аказаць дапамогу. Месца для вас гатова, і з заўтрашняга дня вы павінны прыступіць да работы.

— І што я павінен рабіць?

— Працаваць і чакаць, пакуль да вас з’явіцца Фядзько ці хто-небудзь ад яго. Калі ў вас спытаюць вось пра гэтага чалавека, — Мачалаў працягнуў Мараўскаму лісток паперы, — дык вы павінны адказаць, што ён працуе ў аддзеле працоўнага забеспячэння ўпаўнаважаным па нарыхтоўках харчу, ездзіць па вёсках і што вы рэкамендавалі яму спыніцца на пастой у надзейнага чалавека — Браніслава Лешыка. Калі ў вас будуць прасіць зброю і патроны ці патрабаваць іх пагрозай ці шантажом, то ў прынцыпе згаджайцеся, але скажыце, што атрымаць у вас усё гэта і вывезці за межы базы можа толькі ваш сябар, які займаецца нарыхтоўкамі.

— Але гэта ж небяспечна. Вы ж, пан, прабачце.

— Пётр Пятровіч, — падказаў Мачалаў.

— Так, так, прабачце, Пётр Пятровіч, самі ведаеце, што з Фядзько жарты кароткія.

— Ведаю. Таму і хочам назаўжды скончыць з ім і яго бандай. Вы ж разумееце, што яму даравання не будзе, а гэта значыць, што вы зможаце спакойна вярнуцца ў вёску, у сваю хату.

— А Фядзько і яго сябрукі не даведаюцца, што я вам дапамагаю?

— Выключана. А для таго, каб вы адчувалі сябе смялей, з вамі будзе працаваць на складзе рабочым вось гэты хлопец, — Мачалаў кіўнуў у бок Крайнюка, — клічуць яго Антонам, прозвішча — Крайнюк. Ён чалавек новы ў гэтых месцах, і яго пакуль ніхто не ведае. Ну то, Казімір Казіміравіч, згодны?

Мараўскі чамусьці пажаваў вуснамі, нервова пакратаў гузікі на кашулі, а затым, дакрануўшыся рукой да калючай барады, адказаў:

— Я ж разумею, што адмаўляцца не маю права. Дый сам бачу, што гэта трэба, можа, і сапраўды да сябе ў хату змагу вярнуцца. Добра, Пётр Пятровіч, я згодзен.

— Ну вось і добра, — задаволена сказаў Мачалаў і паглядзеў на Крайнюка. — Што зажурыўся, рабочы склада, прысаджвайся бліжэй і давайце абмяркуем дэталі.

Уладзімір Славін

І гэтым разам Фядзько з’явіўся нечакана. Пастаяў трохі ля дзвярэй, дапытліва ўзіраючыся ў твары бацькі і жонкі, затым гучна прывітаўся, працягнуў руку Славіну:

— Прывітанне, сябар! Як маешся?

— Справы ідуць, кантора піша, бухгалтар грошы выдае.

Фядзько ўсеўся на табурэтку:

— Высветліў?

Уладзімір кіўнуў галавой.

— І як?

— Можна пагаварыць.

— Давай будзем гаварыць.

— Мой сябар можа зрабіць тысяч дзесяць патронаў. Але патрабуе такую суму, што асабіста для мяне, як той казаў, аўчынка вырабу не варта.

— Грошай дамо.

— Што толку. Дасце грошы, значыць, не змагу атрымаць патрэбны тавар. А я хацеў бы свінняў ды цялятаў галоў сорак-пяцьдзясят закупіць. Сёе-тое нам з сябрам дастанецца.

Фядзько зірнуў на гаспадароў, якія стаялі ля печы:

— Ну, што вы? Накрывайце стол!

Ядзя і стары замітусіліся, а Сцяпан, не чакаючы закускі, наліў у брудныя шклянкі самагонкі:

— Вып’ем за нашу справу, за наша сяброўства.

Неўзабаве ў пакоі наступіла цішыня, якая парушалася толькі старанным чмяканнем Фядзько. Еў ён прагна і неакуратна. Увесь твар яго і рукі льсніліся ад тлушчу, да падбародка прыліп кавалачак яечнага жаўтка. Піў шмат і часта, хутка п’янеў. Праз якіх-небудзь паўгадзіны Фядзько акасеў, яго пацягнула на душэўную размову.

— Вось ты, Валодзька, разумееш, што такое жыццё? — казаў ён, ледзьве варочаючы языком. — Паслухай мяне. Ты не ведаеш, як нават выглядае сапраўднае жыццё. Вось вазьмі мяне. Сам сабе пан, мяне людзі паважаюць, баяцца. І гэта ўсё таму, што я не просты чалавек. Мая справа — быць гаспадаром. Хочаш, вазьму да сябе?

— Куды? На хутар?

— Х-ха. На хутар! У, сказаў! На волю вазьму! Зажывеш прыпяваючы. Ні ў чым не будзеш мець патрэбы.

Да стала падышоў стары Лешык. Ён уважліва і насцярожана прыслухоўваўся да гаворкі і, баючыся, што сын скажа лішняе, умяшаўся:

— Ты пайшоў бы прылёг. Адпачні з дарогі.

«Дзіўныя ў іх адносіны! — зноў падумаў Славін пра Лешыкаў. — Адзін аднаго нават па імені не завуць, трымаюцца як чужыя. — Ён сашчаміў галаву рукамі, прыкідваючыся п’яным. — Як жа выведаць у Фядзько, дзе хаваецца банда, колькі ў ёй чалавек?»

Сцяпан адмахнуўся ад бацькі:

— Не замінай, стары! Не бачыш, пагаварыць хочацца, а Валодзька мне да душы. Ты не глядзі, што ён малец. Ён — сур’ёзны чалавек, люблю такіх.

Ён зноў наліў у шклянку самагонкі, а Славіна перасмыкнула ад думкі, што зноў давядзецца піць гэту каламутную гадасць. Ён пакуль выпіў толькі адну няпоўную шклянку, а ўсе астатнія непрыкметна пераліваў у посуд Фядзько. Але цяпер ля стала з’явіўся стары, і не піць было нельга. Праўда, можна было ўстаць і сказаць, што хочацца выйсці на вуліцу. Але тады стары пераканае сына не балбатаць лішняга, і Уладзімір страсянуў галавой, узяў пустую шклянку, наліў самагонкі, працягнуў старому:

64
{"b":"585908","o":1}