Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Уся сям’я жыла пакутлівым чаканнем і надзеяй. І вось праз месяц у іх зямлянку прыйшла страшная бяда. Яны атрымалі пахавальную. У гэты момант Таццяна Андрэеўна вырашыла, што скончыліся яе сілы. Страціўшы мужа, яна страціла веру ў жыццё. У яе апусціліся рукі. Дзеці ні на хвіліну не пакідалі маці адну, гатавалі есці, займаліся ўборкай, глядзелі за ёй, як за дзіцём.

Таццяна Андрэеўна добра запомніла той жнівеньскі дзень, калі да яе ў зямлянку завіталі шасцёра вясковых баб. Ва ўсіх было сваё гора: у траіх загінулі мужыкі, а ў іншых — сыны. У той дзень Таццяна яшчэ раз пераканалася ў шчодрасці і шчырасці чалавечай душы, у жаданні дапамагчы адзін аднаму. Гэтыя жанчыны насілі ў сэрцах уласнае гора, а прыйшлі да яе, каб хоць неяк супакоіць. Яны не вохкалі і не ўздыхалі, а проста па-чалавечы, па-жаночаму адкрыта, душэўна пагаварылі з ёй. І Таццяна Андрэеўна зноў адчула жаданне жыць, гадаваць дзяцей. Увечары, калі засталася адна, паклялася, што выгадуе і выхавае дзяцей, каб яны былі годнымі бацькі.

Незадоўга да Дня Перамогі Мачалаву зноў адшукаў Глазкоў. Дамовіліся, што ў чэрвені яна вернецца ў сваю спаленую вёску. «Мы табе дапаможам хату пабудаваць, — казаў ён, — увосень пачнеш вучыць дзяцей калгаснікаў».

Ад думкі, што яна патрэбна людзям, Таццяна паверыла яшчэ больш у сябе, зразумела канчаткова, што за жыццё трэба змагацца.

Мачалава вырашыла з’ездзіць у Мінск, пахадайнічаць пра пенсію на дзяцей, а затым перабрацца ў сваю вёску. Чуллівыя жанчыны сабралі, колькі маглі, грошай на білеты, адварылі бульбы «ў мундзіры», далі — хто кавалачак сала, хто — масла.

Калі выйшла з зямлянкі, зірнула на дзяцей Таццяна Андрэеўна і заплакала. Худыя, знясіленыя, Юля і Ваня былі апрануты ў такія лахманы, што цяжка было зразумець, што за рэчы на кожным з іх. Да чыгуначнай станцыі было каля сарака кіламетраў. Іх пагадзіўся падвезці адзінокі стары Міхей. Узімку сорак трэцяга года ў яго памерла жонка, а ў канцы сорак чацвёртага і пачатку сорак пятага атрымаў паведамленні пра гібель абодвух сваіх дзяцей.

Дзед Міхей запрог у старую падводу каня, і яны паехалі. Стары разлічваў за дзень давезці Таццяну Андрэеўну і дзяцей да чыгункі, пераначаваць дзенебудзь, балазе што на двары стаяла цеплыня, і на наступны дзень вярнуцца дахаты. Ён быў гаманкім чалавекам, а паколькі ехаць давялося цэлы дзень, ды яшчэ з прыпынкамі, то ён паспеў многае расказаць за дарогу.

Таццяна Андрэеўна заўважыла, што дзед Міхей гаворыць не перастаючы, але ён ні разу не згадаў сваіх загінулых дзяцей. «Можа, гэтымі гутаркамі ён жадае сцішыць свой боль, сысці ад трывожных дум?» І, зразумеўшы гэта, яна імкнулася, як магла, падтрымліваць размову.

Калі дзень пачаў ужо хіліцца да вечара, яны пад’ехалі да чыгункі. Дзед Міхей паказаў на стог сена, які стаяў недалёка ад дарогі, і, усміхнуўшыся, сказаў:

— Ну, вось і мая «гасцініца». Адвязу вас да станцыі, вярнуся сюды і пераначую, а заўтра — дахаты.

Ля паўразбуранага будынка станцыі Таццяна Андрэеўна падзякавала добраму старому і ўвайшла туды. Усярэдзіне невялікі вакзальчык аказаўся сяктак адрамантаваным. Народу ў ім было шмат, асабліва вайскоўцаў, Таццяну балюча кальнула ў сэрца думка: «Вось і мой Пеця мог бы аднойчы прыехаць з фронту на гэты вакзал. — Але сама сабе запярэчыла: — Чаму на гэты? Ён жа і не ведае, дзе мы жывём. Хоць калі б ён сапраўды ехаў, то прыехаў бы сюды. Адгэтуль да вёскі, дзе мы з ім жылі, бліжэй, чым да той, дзе цяпер наша зямлянка».

Яна падышла да дзядка-чыгуначніка з павязкай дзяжурнага на рукаве і спытала, ці хутка будзе цягнік на Мінск. Той хмурна растлумачыў, што не раней дваццаці дзвюх гадзін.

«Ну што ж, — вырашыла яна, — трэба купіць білеты». І накіравалася ў процілеглы кут вакзала, дзе ля маленькага вакенца касы тоўпіліся людзі. І раптам нібы электрычны ток ударыў яе. Таццяне здалося, што яна бачыць Пятра: падцягнуты капітан з ордэнамі і медалямі на грудзі пра штосьці размаўляў з жанчынай. Таццяна прымусіла сябе адвярнуцца: «Ну вось, зараз ён мне не толькі сніцца будзе, але і здавацца ў кожным афіцэры». Павярнулася да дзяцей і сказала:

— Станьце ў куток, каб вас не заштурхалі, і пачакайце мяне, я вазьму білеты.

Але Юля пацягнула яе за рукаў і, зачаравана гледзячы міма яе, перарывістым голасам ціха сказала:

— Мама, паглядзі, гэта не наш тата?

Таццяна Андрэеўна зірнула на дачку і жахнулася: твар у Юлі быў белым, вочы шырока расплюшчанымі, спалоханымі. Гэта і прымусіла маці азірнуцца. Набліжаючыся да іх, у бок выхаду ішоў той жа капітан. Таццяна Андрэеўна схапілася за сэрца і ціха, прыглушаным голасам сказала:

— Госпадзі, дык гэта ж Пётр!

Яна хацела паклікаць яго, але ў роце перасохла.

— Тата! — у адзін голас паклікалі Юля і Ваня.

Капітан спыніўся і паглядзеў на іх.

— Ён! — выдыхнула Таня і, ні то запытальна, ні то сцвярджальна, прамовіла: — Пеця?!

Капітан, нібы ад моцнага ўдару, пахіснуўся. Адкрыў рот, але сказаць нічога не мог. Ён развёў рукі і павольна пайшоў да іх. Нарэшце ён змог прашаптаць:

— Таня, дзеці мае! — і, зрабіўшы яшчэ некалькі крокаў, падхапіў рукамі дзяцей і жонку, якія кінуліся да яго.

У зале наступіла цішыня. Усе моўчкі глядзелі на іх. Да маёра, які сядзеў на лаве, падышла жанчына і кранула яго за плячо:

— Таварыш маёр, я вас вельмі прашу, перадайце, калі ласка, капітану, які сустрэў сваіх дзяцей і жонку, яго чамаданы, а я вельмі спяшаюся.

Яна паставіла побач два чамаданы і хутка выйшла на вуліцу. Недалёка стаяў крыты ваенны грузавік. Вольга Ільінічна падышла да лейтэнанта, які сядзеў на падножцы. Яны пра штосьці перамовіліся, і праз паўхвіліны яна ўжо была ў кузаве. Седзячы на цвёрдай лаве, уся ў слязах, яна ціха сказала:

— Родны, як я радая, што хоць ты з нас дваіх вярнуў сваё шчасце. Я напішу табе пазней, растлумачу.

Славін

Цёплы, сонечны дзень. Славін, у светлай кашулі, трымаючы перакінуты праз левую руку пінжак, а ў правай — чамадан, які шмат што пабачыў, уваходзіў у сваю кватэру. Білася сэрца ў грудзях.

Хацелася кінуцца да маці. Але ж ужо не маленькі, павінен валодаць сабой. Адчыніў дзверы, прайшоў доўгі напаўцёмны калідор, пацягнуў на сябе наступныя дзверы. У невялікім пакоі бокам да дзвярэй стаяла маці і не бачыла яго. Пастарэлая, з багатай сівізной, яна моўчкі стаяла каля старога абшарпанага стала, на якім шумеў прымус, і думала пра штосьці. Уладзімір нейкі час глядзеў на яе, потым ціха паклікаў:

— Мама!

Настасся Георгіеўна павярнула галаву, выпусціла лыжку.

— Вова! Валодзечка! — Яна абяссілена павісла ў яго на шыі.

З пакоя выскачыла Жэня.

— Валодзя!

І абедзве — маці і сястра — заплакалі.

А потым сядзелі за сталом, пілі слабенькі ліпавы чай і гаварылі, гаварылі. Настасся Георгіеўна цяпер ужо спакойна спытала:

— Сынок, што ты думаеш далей рабіць? Куды пойдзеш працаваць?

Уладзімір падняўся, абышоў вакол стала, спыніўся за спінай маці, моўчкі абняў яе і толькі тады адказаў:

— У міліцыю, мама.

— У міліцыю? Дык там жа могуць. забіць?

Ён прыціснуўся шчакой да яе галавы, усміхнуўся:

— Не заб’юць.

Пераканаць маці было не так проста. Уладзіміру ў той дзень каштавала нямала намаганняў атрымаць матчына блаславенне. У самы апошні момант Настасся Георгіеўна спахапілася:

— Чакай, чакай, сынок! Сёння ж пятніца. Ідзі ты ў гэту міліцыю заўтра.

Уладзімір засмяяўся, супакоіў яе:

— Добра, мама! Пайду заўтра.

І сапраўды, так ужо атрымалася, што пятніца для сям’і Славіных была нейкім фатальным днём. У пятніцу памёр дзед. У гэткі ж дзень сканала бабуля. У пятніцу фашысты арыштавалі Міхаіла Іванавіча. У той момант яны не маглі ведаць, што праз дзесяць гадоў, у пятніцу, памрэ Настасся Георгіеўна.

Уладзімір падышоў да расчыненага акна, убачыў пяшчотна-зялёнае лісце і падумаў: «Такім чынам, пачынаецца новае жыццё. Як яно складзецца?»

Так, для Славіна, як і для ўсіх нашых людзей, скончылася Вялікая Айчынная вайна. Аднак пра спакой ён пакуль не мог нават і думаць. Наперадзе яго чакалі іншыя трывогі, іншыя хваляванні. Барацьба працягвалася.

78
{"b":"585908","o":1}