— Ведаеш, Валодзя, мне таксама гэта знаёма. Па-мойму, кожны чалавек павінен прайсці праз такое выпрабаванне. Зараз ты разумееш, што такое страх. Калі ён не спыніць, як зноў пойдзеш у бой, значыць можаш лічыць сябе байцом. — І раптам спытаў:
— Што чуваць пра бацькоў?
Славін, трохі памаўчаўшы, хмурна адказаў:
— Нічога. Камандзір атрада спрабаваў высветліць — безвынікова.
Яны змоўклі. Валодзя ў думках быў у акупіраваным Мінску: «Што там? Дзе бацька і маці? Ці жывыя? Ці давядзецца калі-небудзь сустрэцца? Эх, калі б тата і мама былі цяпер тут, у атрадзе!»
Неўзаметку для сябе Уладзімір заснуў, а калі прачнуўся, ужо світала.
Крайнюк пачаў будзіць людзей, і неўзабаве іх група, несучы забітых і параненых, рушыла да месца стаянкі атрада.
Сустрэча была цяжкай. Хавалі загінулых у гэты ж дзень.
Крайнюк падрабязна далажыў камандзіру аб праведзенай аперацыі. Выслухаўшы яго, Глазкоў моўчкі прайшоўся па зямлянцы і, спыніўшыся насупраць Антона, сказаў:
— Дзейнічалі вы правільна і граматна. Шкада вельмі загінулых таварышаў. Але што паробіш, Антон, страты непазбежныя. Дзякуй за службу, ідзі адпачывай. Наперадзе яшчэ шмат у нас з табой спраў.
Крайнюк выйшаў з зямлянкі і адразу ж убачыў Славіна. Ён сядзеў на зваленым дрэве і разглядаў трафейны аўтамат.
— Валодзя, ты чаму не спіш?
— Я цябе чакаў, — адказаў Славін і, падняўшыся са свайго месца, ускінуў аўтамат за плячо, — пайшлі…
Прайшло два дні. Сябры сядзелі на невялікай палянцы, акружанай хмызняком. Славін прасачыў вачамі за палётам птушкі, якая пырхнула з дрэва, што стаяла недалёка, і павярнуўся да Крайнюка:
— Ты ведаеш, мне здаецца, што з пачатку вайны прайшло не два гады, а прынамсі дзясятак.
Ззаду пачуўся шоргат. Антон і Уладзімір азірнуліся і ўбачылі Панчанкава Сяргея. Той напрамую праз маліннік прабіраўся да іх:
— Вось вы дзе схаваліся. А я вас паўгадзіны ўжо шукаю. Антон, бяжы да камандзіра, ён цябе чакае.
Крайнюк устаў і накіраваўся праз гэты ж маліннік, дзе толькі што прабіраўся Сяргей, да камандзірскай зямлянкі.
Глазкоў быў адзін. Ён адразу ж перайшоў да справы:
— Антон, возьмеш Славіна ці Панчанкава і пойдзеш на сустрэчу з Мачалавай. Яна павінна перадаць ад нашых медыкаменты і данясенне. Паспрабуй пераканаць яе, каб сыходзіла ў атрад. Пагавары з ёй сур’ёзна. Скажы, што атрад хутка пойдзе ў іншае месца і сувязь з ёй на некаторы час будзе перапынена.
— Ёсць, — дакладна, па-вайсковаму адказаў Крайнюк і спытаў: — Калі адпраўляцца на сустрэчу з настаўніцай?
Глазкоў ледзь прыкметна ўсміхнуўся: ох ужо гэтыя вясковыя звычкі. Даўно павялося ў вёсцы настаўнікаў, старшыню калгаса ды і брыгадзіраў не па імені зваць, а па пасадзе.
— Пойдзеце ўначы. Сустрэча прызначана на тры гадзіны, як звычайна, ля закінутай вузкакалейкі. Дарогу ты ведаеш добра, не заблудзішся, — і нечакана спытаў: — Па маці не занудзіўся?
— Занудзіўся, — прастадушна адказаў хлопец. Яму падумалася, што цяпер камандзір скажа: «Наведай яе», але камандзір мякка прагаварыў:
— Вядома, занудзіўся, але хадзіць туды не трэба. Нельга дапусціць, каб паліцаі пранюхалі, што ты бываеш у маці. Сам ведаеш — не мінуць тады бяды.
Выйшаўшы з зямлянкі, Крайнюк знайшоў Славіна і прапанаваў пайсці з ім.
Яны вырашылі крыху раней легчы спаць, а апоўначы пайсці на сустрэчу з сувязной…
Таццяна Андрэеўна
Мачалава вярталася пасля сустрэчы з партызанскімі пасланцамі Антонам Крайнюком і яго сябрам Валодзем са змешаным пачуццём выкананага задання і трывогі.
Хлопцы перадалі Таццяне Андрэеўне прапанову Глазкова ісці да партызан, тым больш што атрад збіраўся перабазіравацца ў іншае месца. Але Мачалава ніяк не магла рашыцца на гэта. І ў яе былі на гэта свае прычыны. Яна была рада, што нарэшце і для яе знайшлася справа, і, выконваючы абавязкі сувязной, адчувала сябе патрэбнай людзям.
Таццяна чула пра зверствы фашыстаў, але ў душы цяплілася надзея, што бяда міне яе сям’ю. Пасля таго як партызаны судзілі і пакаралі смерцю паліцая Грышку Мірэвіча, да яе больш ніхто не прыставаў і не пагражаў.
Чым далей адыходзіла яна ад месца сустрэчы, тым спакайней станавілася на душы. Набліжаўся світанак, і калі яна выйшла з лесу, на ўсходзе запунсавела палоска святла.
Мачалава спынілася пасярод шырокага поля. Спявалі птушкі, было цёпла. Глыбока ўдыхаючы настаялае на траве і кветках паветра, яна глядзела наперад на невялікую вёсачку, якая раскінулася перад ёй. Калі абысці вялікі калгасны хлеў, дзе раней, да вайны, захоўвалася сена, адразу будзе бачна хата Крайнюкоў. Астатнія хаты стаяць далей, уздоўж нешырокай вуліцы. Зрэдку цішыню парушала пеўневае «кукарэку». Таццяна пазнала крык пеўня Марфы Сцяпанаўны і ўсміхнулася, успомніўшы, як яна хавала яго ад немцаў, калі тыя стаялі ў вёсцы. «Трэба ісці, — падумала Мачалава, — пакуль людзі спяць». І яна, прымінаючы высокую росную траву, пайшла да вёскі. Праходзячы міма велізарнага хлява, паглядзела на дзверы і ўбачыла вялікі іржавы замак. «Цікава, ці захаваўся ад яго ключ?»
Падышла да сваёй хаты, азірнулася і хутка праслізнула ў веснічкі. Не падыходзячы да дзвярэй, паціху пастукала ў акенца. У ім адразу ж з’явіўся твар Марфы Сцяпанаўны. «Не спіць, перажывае», — падумала Таццяна, накіроўваючыся да дзвярэй. Так павялося ўжо ў іх: калі Мачалава ішла да партызан, Марфа Сцяпанаўна начавала ў яе хаце.
Ціха бразнула клямка, і дзверы адчыніліся. Марфа Сцяпанаўна спытала:
— Антона бачыла?
— Бачыла, бачыла. Жывы, здаровы, кланяцца загадаў.
Яны ўвайшлі ў хату, Таццяна сцісла расказала пра сустрэчу і адразу ж легла спаць. Яна не чула, як прачнуліся дзеці. Марфа Сцяпанаўна пакарміла і выправадзіла іх у двор.
А Таццяне прысніўся муж. Ён стаяў недалёка ад калгаснага хлява, міма якога яна нядаўна праходзіла, і ўсміхаўся. Яна захацела падбегчы да яго, але Пётр раптам нейкім зусім незнаёмым голасам гучна спытаў:
— Хто ёсць дома?
«Няўжо ён мяне не пазнае?» — здзівілася Таня і вырашыла паклікаць мужа, але тут прачнулася ад моцнага штуршка ў плячо. Хтосьці груба сказаў:
— Ну чаго разляглася? На дварэ ўжо дзень даўно, а яна ў ложку валяецца! Падымайся!
Мачалава здрыганулася і адкрыла вочы. Над ёй стаяў паліцай Юшэвіч. Ён быў сябрам Мірэвіча, але пасля знікнення Грышкі крыху прыцішэў і паводзіў сябе больш асцярожна. Таня села і адразу ж убачыла, што, акрамя паліцая, у хаце знаходзяцца двое немцаў з аўтаматамі. У куце, прыціснуўшыся да Марфы Сцяпанаўны, — Юля і Ваня. Яны моўчкі сачылі спалоханымі вачамі за тым, што адбываецца ў хаце.
Адзін немец рэзка сказаў: «Шнель, шнель!» Паліцай зноў груба штурхнуў Таню ў плячо:
— Ну, чаго чакаеш? Хочаш, каб я цябе за кудлы выцягнуў? Апранайся і выходзь са сваёй кодлай на вуліцу. Немцы з вамі гаварыць хочуць.
Таццяна дрыготкімі рукамі пацягнулася да спінкі ложка, узяла сукенку і, нацягваючы яе на сябе, падумала:
«Што здарылася? Няўжо высачылі мяне? Госпадзі, калі гэта так, то тады канец! Як жа дзяцей выратаваць?» На ўсякі выпадак спытала ў паліцая:
— Скажы хоць, што здарылася?
— Убачыш, шкура чырвоная! Выходзь, а то прыкладам дапамагу!
Дзеці падскочылі да Таццяны Андрэеўны.
— Мама, мамачка, мне страшна, ён заб’е нас! — са страхам сказала Юля і прыціснулася да матчынай рукі.
Мачалава абняла дзяцей і стала супакойваць іх:
— Ну што вы, дзеткі, не хвалюйцеся, усё будзе добра.
Яны пайшлі да дзвярэй, а паліцай пхнуў у бок Марфу Сцяпанаўну:
— А ты, старэбіна, чаго сядзіш? Марш з хаты!
Яны выйшлі ў двор, немцы падштурхоўвалі іх прыкладамі — на вуліцу.
Таня, убачыўшы, што па вуліцы міма яе хаты гоняць і іншых жыхароў вёскі, трохі супакоілася: «Значыць, не высачылі мяне. Усіх гоняць у поле».
Яна адшукала вачамі суседку і паклікала яе:
— Цётка Марфа, ідзіце да нас, — і, пачакаўшы, калі яна падыдзе, дадала: — Будзем разам трымацца. Не разумею толькі, адкуль немцы ўзяліся?