Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Правільна. Усе астатнія ідуць са мной. План нашых дзеянняў такі. Паколькі чыгуначнае палатно ахоўваецца бронецягніком, а мост — шасцёркай немцаў, узброеных ручным кулямётам і аўтаматамі, дзейнічаць пачнём ранкам. Як толькі бронецягнік пройдзе мост і схаваецца з вачэй, частка маёй групы, а ў ёй будзе дзесяць чалавек, з тылу атакуе засаду. Пажадана абысціся без стральбы ці ж, у крайнім выпадку, страляць толькі з блізкай адлегласці, каб справу скончыць праз пару мінут. Пасля гэтага другая частка групы пачне мініраваць мост. Вы ж, — Крайнюк звярнуўся да Славіна, — пасля таго, як пройдзе бронецягнік, адразу ж замініруеце ўчастак дарогі на самым высокім месцы і рваняце яе, калі пойдзе таварны састаў. Састаў, зразумела, — пад адхон, а нам застанецца толькі падняць на паветра мост. Такім чынам мы не дамо бронецягніку вярнуцца назад. Пасля настае чарга першай групы, якая перад гэтым прапусціць таварняк і мініруе ў некалькіх месцах рэйкі. Пачуўшы нашы выбухі, вы падрываеце свае зарады.

Антон казаў не зусім выразна, але партызаны зразумелі яго задуму. Старэйшыя групы дамовіліся пра ўзаемадзеянне, і Крайнюк назваў месца сустрэчы ў лесе пасля выканання задання.

— А зараз усім спаць. Пад’ём у дзве гадзіны ночы. Да світання трэба выйсці на зыходныя пазіцыі.

Нарэшце наступіў час дзеяння. Партызаны, як і было дамоўлена, трыма групамі рушылі да чыгункі. Толькі-толькі замігцеў світанак, як усе занялі свае месцы. Першай павінна была прыступіць да справы група Крайнюка. Антон падвёў дзясятак сваіх байцоў амаль ушчыльную да салдат, якія заселі ў засадзе. Праз кусты ён бачыў, што не спаў толькі адзін кулямётчык і адзін з аўтаматчыкаў, астатнія, накрыўшыся плашч-палаткамі, спалі цеснай групай.

Крайнюк распарадзіўся:

— Чацвёра павінны бясшумна зняць кулямётчыка і аўтаматчыка, астатнія ліквідуюць спячых гітлераўцаў. Але пакуль трэба пачакаць, калі пройдзе бронецягнік.

«А што, калі бронецягнік сёння не пойдзе ці, прынамсі, затрымаецца? Значыць, прачнуцца астатнія фрыцы. Паспрабуй тады абысціся без шуму!» Ён вырашыў пачакаць яшчэ паўгадзіны, паколькі час трываў.

Пачаўся пакутлівы адлік хвілін. Кулямётчык павярнуўся на бок, дастаў з кішэні папяросу, накрыўся плашч-палаткай, запаліў. А світанак браў сваё. Але вось удалечыні пачуўся знаёмы шум, ён паступова нарастаў, і сумнення не было — ідзе цягнік. Толькі які? «А раптам немцы пусцілі вайсковы эшалон, і мы праваронім яго? — з трывогай падумаў Крайнюк. — Трэба было Славіна папярэдзіць, каб падрываў».

У гэты момант немец-аўтаматчык штосьці сказаў свайму таварышу і пайшоў да чыгуначнага палатна. З-за павароту не спяшаючыся выпаўз бронецягнік. Аўтаматчык памахаў рукой немцу, які высунуўся з акенца браняванага паравоза. Той таксама адказаў яму ўзмахам рукі, і аўтаматчык пакрочыў на ранейшае сваё месца. Бронецягнік перасек мост і, ледзь павялічыўшы хуткасць, схаваўся.

Крайнюк уявіў, як гэта махіна цяпер спыніцца на запасным пуці, прапусціць цягнік, які ідзе следам, а затым кранецца назад, пагражаючы ляску сваімі гарматамі і кулямётамі. Калі аўтаматчык вярнуўся на месца і, расцягнуўшыся на зямлі, пачаў глядзець у бок дарогі, Антон падаў умоўны сігнал. Байцы кінуліся наперад. Усё было скончана імгненна, толькі кулямётчык паспеў ускрыкнуць.

Антон скаціўся з пагорка, кінуўся да моста. Тут жа падбеглі астатнія байцы з яго групы.

Замініравалі ў двух месцах мост і чакалі падыходу тых, хто збіраў трафеі і дакументы знішчаных гітлераўцаў. Вось і яны. Хутка працягнулі провад да хмызняка, заляглі. Толькі паспеў камандзір размеркаваць паміж партызанамі груз, а яго аказалася нямала, як з таго боку, адкуль прайшоў бронецягнік, паказаўся цяжкі састаў. Ён імчаўся на вялікай хуткасці. «Ну, Валодзя, не падвядзі!» — у думках усклікнуў Крайнюк.

А Славін у гэты момант ляжаў побач з партызанам, які павінен быў крутануць ручку магнета, напружана прыслухоўваўся да шуму надыходзячага цягніка. Састаў цягнулі два паравозы.

«Напэўна тэхніку вязуць», — падумаў Славін. І сапраўды, на платформах стаялі танкі, накрытыя брызентам. Акрамя таго, да саставу было прычэплена каля дзясятка цыстэрнаў з гаручым.

Уладзімір добра ведаў, што магнета трымае ў руках дасведчаны падрыўнік. Тым не менш, на нейкае імгненне яму здалося, што паравозы паспелі праскочыць фатальную кропку і ніякага выбуху не адбудзецца. І раптам пад пярэднімі коламі галаўнога лакаматыва ўскінулася полымя, неверагоднай сілы грукат аглушыў мясцовасць. Паравозы, а за імі платформы разам з грузам на велізарнай хуткасці, пераварочваючыся, панесліся пад адхон. Далей Славін не глядзеў. Ён ускочыў на ногі, махнуў байцам рукой, і ўсе рынуліся ў глыб лесу. Ззаду чуліся аглушальныя выбухі, языкі полымя прагна пажыралі каштоўны груз, які так і не патрапіў на фронт. Славін нават не чуў, як злева, дзе знаходзіўся Антон са сваёй групай, і справа, у размяшчэнні першай групы, грукаталі новыя выбухі. Уладзімір, спачатку паглыбіўшыся ў лес, прыняў крыху лявей, каб хутчэй сустрэцца з астатнімі падрыўнікамі. І гэта было яго памылкай, бо да падарванага моста падышоў бронецягнік і адразу ж адкрыў шалёны агонь па лесе. На партызан абрынуўся шквал артылерыйскага і кулямётнага агню, але самую вялікую непрыемнасць прычыніў шасціствольны мінамёт. З ім Славін пазнаёміўся ўпершыню. Міны рэдка дасягалі зямлі. Яны, удараючыся аб верхавіны дрэў і буйныя галіны, выбухалі ўгары. Гэта быў першы выпадак, калі фашысты ўжылі ў такіх умовах шасціствольны мінамёт. Вакол ірваліся міны і снарады, віскаталі буйнакаліберныя кулі — было сапраўднае пекла, у якім вельмі цяжка захоўваць стрыманасць і вытрымку. Уладзімір нырнуў у першую ж варонку, што трапілася яму, і ўсім целам прыціснуўся да зямлі, яшчэ дымнай ад выбуху.

Так, у гэты момант Славін упершыню спазнаў, што такое страх. Колькі высілкаў каштавала, каб утрымацца ў варонцы і перачакаць, пакуль супакоіцца агністы шквал!

А немцы, відавочна, вырашылі, што ў гэтым квадраце нікога жывога не засталося, і перакінулі агонь у глыб лесу. Партызаны, аглухлыя і прысыпаныя зямлёй, пачалі выпаўзаць са сваіх хованак і, сяк-так атросшыся, пабеглі далей. Славін страціў лік часу. Ён ужо не мог арыентавацца і проста імкнуўся не адставаць ад вопытных таварышаў.

Нарэшце ім удалося сысці з зоны агню, і яны змаглі трохі перавесці дух. Група Славіна не далічылася чатырох байцоў, траіх не стала і ў групе Крайнюка. Пасля кароткай нарады вырашылі як мага хутчэй ісці да вызначанага месца сустрэчы ўсёй групы.

Ішлі па лесе доўга і толькі да вечара злучыліся са сваімі.

Крайнюк быў рады, убачыўшы цэлага і не параненага Славіна. Як пусцілі цягнік пад адхон, яму ўжо расказалі, і ён паціснуў Валодзю руку.

— Ну што, падрыўнік? Віншую з першым эшалонам! Як перанёс «канцэрт», які арганізаваў бронецягнік?

— Слухаў, скамянеўшы. Не мог заду ад варонкі адарваць, — сумленна прызнаўся Уладзімір і спытаў: — А як ты?

— У мяне жывот быў намазаны смалой. Прыліп да зямлі пад тоўстай хвояй, ледзь падняўся, — адказаў пад рогат таварышаў Крайнюк.

Наступіў момант, калі байцы нарэшце зразумелі, што ўсё ўжо ззаду, знікла вялікая нервовая напруга. Адышлі, пацяплелі душы. Усе цешыліся, што зноў блакітнее неба, ззяе сонейка, а вакол — цішыня. Жыццё працягвалася! Але гэты настрой змяніўся сумам і гаркатой страт.

Партызаны пайшлі шукаць сваіх таварышаў. Неўзабаве знайшлі траіх. Яны былі паранены, прычым адзін ад кантузіі аглух. Аказалі ім дапамогу і працягвалі пошук. Лазілі па пуцях доўга.

Нарэшце адшукалі астатніх чацвярых. Усе яны былі мёртвымі.

Параіўшыся, вырашылі забітых не хаваць, а несці ў атрад.

Толькі ўвечары, калі ўжо сцямнела, Крайнюк вырашыў зрабіць прывал, а ранкам рушыць на злучэнне з атрадам.

Прывал у летні час — не праблема: пара яловых галінак, зверху плашчпалатка ці пінжак. Крайнюк і Славін уладкаваліся побач. Уладзімір адкрыта расказаў сябру пра хваляванні, якія ён перажыў, пра страх, які ахапіў яго падчас артылерыйскага абстрэлу. Крайнюк слухаў, успамінаючы свае першыя крокі ў партызанскім атрадзе. Ён ямчэй уладкаваўся на галінах, даверліва заўважыў:

28
{"b":"585908","o":1}