— Здравія жадаю, таварыш лейтэнант! А я — па вас.
Купрэйчык здзіўлена зірнуў на трывожны твар міліцыянера.
— Як гэта па мяне? У мяне ж вяселле!
Міліцыянер паглядзеў прама ў вочы Аляксею і дрыжачым голасам сказаў:
— Таварыш лейтэнант, вайна!
Валодзя Славін
Гэта нядзеля ўжо нікога не магла радаваць. Адкрыццё возера, святочныя гулянні не адбыліся.
У 12 гадзін рэпрадуктары разнеслі афіцыйнае паведамленне пра вераломны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Вайна!..
…28 чэрвеня акупанты ўварваліся ў Мінск. Яны з’явіліся неяк нечакана. Нібы з густых чорных аблокаў дыму дамоў, якія гарэлі. Па вуліцы, міма дома, у якім жылі Славіны, павольна прайшлі нейкія невялікія дзіўнаватыя машыны на гусенічным хаду.
Горад хутка напаўняўся нямецкімі войскамі. Пацяклі бясконцыя калоны салдат. У клубах пылу, густа смуродзячы гарам з выхлапных труб, з грукатам рухаліся танкі, праносіліся грузавікі з ваенным рыштункам, па ўскраінных вулачках ездзілі нямецкія матацыклісты. Чулася чужая рэзкая гаворка. Гарадское насельніцтва стаілася, вуліцы апусцелі. Хто не паспеў пайсці на ўсход, сядзелі за зачыненымі дзвярамі і аканіцамі, зашторанымі вокнамі, праз шчылінкі ў фіранках насцярожана сачылі за акупантамі. А тыя, адчуваючы сябе гаспадарамі, грамілі магазіны, гойсалі па хатах, аўтаматамі касілі курэй.
— Цяжка нам будзе, сынок, — гаравала маці. — Ты ўжо без дазволу не хадзі на вуліцу.
Бацька за гэтыя дні моцна змяніўся, стаў хмурны і негаманлівы і часцей звычайнага пыхкаў цыгаркай. У кватэру прыйшлі трывога, чаканне чагосьці невядомага.
…А вайна кацілася ўсё далей на ўсход.
Падлеткі зараз збіраліся ў гародзе, у цені вішань, і гутарку вялі толькі пра баявыя падзеі. Неяк Лена сказала:
— Чулі? Немцы Нямігу і Танкавую абносяць калючым дротам. Кажуць, быццам туды яўрэяў зганяць будуць. Гэта ў іх гета называецца. Дзіўнаватае нейкае слова, — і, памаўчаўшы трохі, дадала: — Страшнае слова.
Валодзя ўжо чуў ад дарослых, што немцы хочуць сагнаць у гета ўсіх яўрэяў. Ён не мог уявіць сабе, што Лёва Салавейчык, Раман Вішман, з якімі сябруе і амаль штодня сустракаецца, будуць жыць там, за калючым дротам.
— Давайце паглядзім, што яны там робяць, — прапанаваў Валодзя. Хлопцы пагадзіліся і тут жа накіраваліся на вуліцу Танкавую. Ішлі групай, прыціскаючыся адзін да аднаго. Дзіва што! Гэта быў іх першы выхад у горад. Немцаў па вуліцах хадзіла шмат. Хлопцы саступалі ім дарогу, сыходзячы з тратуара на праезную частку. Валодзя заўважыў, што чужынцы не звяртаюць ніякай увагі на дзяцей.
Неўзабаве хлопцы апынуліся на высокай гары, з якой адкрываўся від на Танкавую. Унізе працягнуліся роўныя шэрагі драцяных агародж. На вышках былі ўстаноўлены кулямёты. Крыху лявей, поруч з двухпавярховым цагляным домам, весяліліся напаўраспранутыя немцы. Яны з рогатам аблівалі адзін аднаго вадой, гарлапанілі песні. Недалёка ад іх дымілася паходная кухня. Дзеці моўчкі, не згаворваючыся, накіраваліся ў бок плошчы Свабоды.
— Пацаны, стойце! — крыкнуў хтосьці з хлапчукоў. Яны ўбачылі вялікі ліст паперы, налеплены на сцяну дома. Гэта быў «Зварот да жыхароў занятых абласцей». Хлопцы падышлі бліжэй да сцяны, сталі чытаць. Амаль кожны радок «звароту» пагражаў суровымі карамі: за непадпарадкаванне германскім ваенным ці грамадзянскім уладам — расстрэл без суда і следства, за дапамогу байцам Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, — расстрэл, за захоўванне агнястрэльнай і халоднай зброі — расстрэл на месцы.
Лена ледзь чутна прачытала ўслых: «У выпадку немагчымасці выяўлення вінаватых германскія ўлады будуць вымушаны прыняць карныя меры супраць усяго насельніцтва. Каб пазбегнуць расстрэлу нявінных заложнікаў, спальванння дамоў і іншых суровых пакаранняў усё насельніцтва абавязана старацца забяспечыць спакой і парадак…»
Дзяўчынка павярнулася да хлопцаў:
— Што ж гэта такое атрымліваецца? За аднаго ці некалькіх вінаватых павінна адказваць усё насельніцтва? Выходзіць, за любую правіннасць яны могуць забіць?
Хлапчукі маўчалі. Прыгнечаныя, засмучаныя, яны пайшлі далей. Валодзя, сціскаючы кулакі, з нянавісцю паглядаў на акупантаў, якія праходзілі міма. «Чаго яны прыйшлі сюды? Што ім трэба? — думаў ён. — Не, я не буду сядзець склаўшы рукі».
Дома ён увесь вечар думаў, як ваяваць з ворагам: «Вось каб дастаць пісталет. Я б іх па адным, гадаў, біў!»
А назаўтра Валодзю давялося стаць мімавольным сведкам страшнага відовішча. Маці часам хадзіла на Камароўскі рынак, каб выменяць на адзежу ці іншыя хатнія рэчы якія-небудзь прадукты. Гэтым разам яна ўзяла з сабой і сына. Не паспелі падысці да рынку, як усю бліжэйшую плошчу ачапілі салдаты ў мундзірах мышынага колеру. Рэзкі візглівы голас, які прарываўся праз нябачны гучнагаварыцель, папярэджваў:
— Ахтунг! Ахтунг! Увага! Цяпер ви будзе немношко паглядзець, як нямецкі камандаванне поступайт з тымі, хто нам не падпарадкоўваецца.
Валодзя ўбачыў, як з боку вуліцы Цнянскай вялі звязаных адзін з адным людзей. Гэта былі дзве жанчыны, трое мужчын і маленькая дзяўчынка гадоў шасці. Па баках у іх, з аўтаматамі напагатоў, у касках, з закасанымі рукавамі ішлі канваіры. Людзей падвялі да нейкіх збудаванняў, якіх Валодзя раней не бачыў.
— Госпадзі! Дык гэта ж шыбеніца! — ускрыкнула ў роспачы маці і прыцягнула да сябе сына. Валодзя толькі цяпер зразумеў, што ладзяць фашысты. Ён не верыў вачам, нават уявіць сабе не мог, што зараз павесяць гэтых людзей, гэту дзяўчынку, якую таксама абвінавачваюць у супраціўленні. Гітлераўцы, не развязваючы арыштаваных, кожнага паставілі на табурэткі, размешчаныя пад шыбеніцай. Дзяўчынка стаяла бліжэй за ўсіх да Валодзі, і ён бачыў, што яна адзіная, у каго рукі былі свабодныя. Дзяўчынка маўчала, здзіўлена варочала галоўкай і запытальна глядзела на натоўп, сагнаны на плошчу. Потым, спрабуючы слабенькай ручкай зняць накінутую на яе шыйку грубую вяровачную пятлю, павярнулася да людзей, прыведзеных на пакаранне смерцю.
— Мама! — толькі і змагла выкрыкнуць яна ў прадчуванні бяды.
І тут жа па ўсёй плошчы разнёсся немы жаночы крык:
— Дачушка-а!!! Людзі добрыя! Дык за што ж яны губяць нас? Мы ні ў чым не вінаватыя. Адпусціце хоць дзіцё! Яна яшчэ нічога ў жыцці не бачыла.
Адзін з фашыстаў падышоў да табурэткі… Маці схапіла Валодзю за плечы, павярнула тварам да сябе, закрыўшы яму вушы рукамі, прыцягнула галаву да сваіх грудзей… Яе вусны ашалела шапталі: «Не глядзі, не глядзі!»
Дахаты яны вярнуліся ўзрушаныя, доўга сядзелі на кухні, не запальваючы святла.
Таццяна Андрэеўна
Прайшло толькі тры тыдні, як пачалася вайна, а Таццяне Андрэеўне Мачалавай здавалася, што прайшлі гады.
Мачалава ўся змарнавалася ад пастаяннай трывогі за лёс мужа. Пётр з’ехаў з вёскі на вяселле да стрыечнага брата. Вяселле павінна было адбыцца 22 чэрвеня, у нядзелю, і раптам — вайна.
Першыя два дні пайшлі на тое, каб хутчэй даставіць з піянерскага лагера дзяцей. А затым пачалося пакутлівае чаканне. Таццяна дні напралёт стаяла на ўскрайку вёскі, глядзела да рэзі ў вачах на дарогу, а Пятра ўсё не было.
Навіны ў вёску прыходзілі з вялікім спазненнем, але ад чырвонаармейцаў, якія спешна праходзілі праз вёску і накіроўваліся на ўсход, людзі ведалі, што немец наступае. Неяк над прасёлкавай дарогай, што цягнулася ад вёскі да лесу, з’явіліся два самалёты з крыжамі на крылах. Яны нізка праляцелі над галовамі людзей, якія ішлі з клункамі ў руках па пыльнай дарозе, развярнуліся і ўдарылі ўніз з кулямётаў.
Пасля таго як сцярвятнікі паляцелі, мясцовыя жыхары пахавалі шаснаццаць чалавек, якія засталіся ляжаць на дарозе і ў кювеце. На чацвёрты ці пяты дзень вайны да Таццяны ў хату прыйшоў старшыня калгаса. Схуднелы, з чорным змардаваным тварам, ён сказаў:
— Табе, Таццяна Андрэеўна, трэба з дзецьмі сыходзіць на ўсход. Можа так здарыцца, што немцы прыйдуць сюды, а ў цябе муж — участковы, сама — настаўніца, і чакаць табе ад іх дабра не трэба.