Але не прайшло і трох гадзін, як пачуўся ляск завалы, увайшоў высокі немец. Гестапаўская форма сядзела на ім выдатна, нібы для параду начышчаны да бляску боты. Ён рэзкім голасам загадаў:
— Устаць, калі ў камеру ўваходзіць германскі афіцэр!
Міхаіл Іванавіч павольна падняўся.
— Я хачу вам паказаць сёе-тое з нашай калекцыі прымусу. Выходзьце з камеры.
Міхаіл Іванавіч выйшаў у калідор. Ля дзвярэй стаяў яшчэ адзін немец. Ён быў такога ж росту, як і Міхаіл Іванавіч. Цяжкі квадратны падбародак, вялікі мясісты нос, рудавалосы, з нейкім абыякава пустым паглядам. Ён слізгануў нуднымі вачамі па Славіну і моўчкі пайшоў па гулкім калідоры. Гестапавец крыху падпіхнуў Міхаіла Іванавіча ў плячо:
— Ідзіце за ім!
Міхаіл Іванавіч ішоў следам за рудым і ўвесь час адчуваў позірк гестапаўца, той глядзеў пільна, нібы прапальваў спіну наскрозь. Міхаілу Іванавічу хацелася азірнуца, і яму было вельмі цяжка стрымаць сябе, каб гестапаўцы не заўважылі, што ён хвалюецца.
У канцы калідора яны зайшлі ў вялікі пакой. Тут стаяла некалькі простых лавак, такія Міхаіл Іванавіч бачыў у лазні. Побач з імі на падлозе ляжалі звычайныя вяроўкі. Да свядомасці Славіна дайшло: «Дык гэта ж для катаванняў! Вырашылі прыстрашыць ці адразу пачнуць?»
Славіна падвялі да крэсла, якое стаяла насупраць стала, і загадалі сесці. Крэсла было глыбокім, з высокай цвёрдай спінкай. Да яго падлакотнікаў прывязаны кавалкі бялізнавай вяроўкі.
Гестапавец, які быў за спінай, падышоў да крэсла і ўключыў настольную лямпу.
Адкрыліся бакавыя дзверы, і ў пакой увайшлі двое. Адзін быў у форме гестапаўца, другі — Штарц. Ён сеў за стол і адразу ж загаварыў:
— Я хацеў даць вам час падумаць да заўтра, але акалічнасці змяніліся, і да допыту прыступім неадкладна. Хачу паўтарыць вам сваю прапанову: ці згодны вы супрацоўнічаць з намі?
— Пан следчы, я ж і так супрацоўнічаю з вамі.
— Вы зноў робіце выгляд, што не разумееце, пра што гаворка. Пытаю апошні раз! Дзе друкуюцца лістоўкі і газеты, хто яшчэ апроч вас гэта робіць, іх адрасы, мянушкі, прозвішчы?
— Але я, далібог, нічога не ведаю.
— Ведаеш! — перабіў яго Штарц. — Ведаеш і думаеш пакінуць нас у дурнях. Не выйдзе, мы не з такіх, як ты, выцягвалі праўдзівыя прызнанні. Карацей кажучы, будзеш гаварыць праўду?
— Але, пан следчы.
— Ясна! Ну што ж, мы табе дапаможам.
Штарц зірнуў на гестапаўцаў, і двое з іх падышлі да крэсла і пачалі прывязваць рукі Славіна да падлакотнікаў. Міхаіл Іванавіч паварушыўся ў крэсле і толькі цяпер зразумеў, што яно моцна прымацавана да падлогі. Трэці гестапавец не спяшаючыся прайшоў да сцяны, зняў з металічнага кручка гумовую палку і пачаў павольна набліжацца да Славіна. Міхаіл Іванавіч паспрабаваў глядзець на яго, але не змог адвесці вочы ад палкі.
«Няўжо яны будуць біць мяне?» — У яго, ужо немаладога чалавека, які ніколі не ведаў фізічнай знявагі, выгляд палкі не выклікаў страху. Міхаіл Іванавіч адчуваў, як у душы расце пратэст, запаўняецца сэрца гневам і нянавісцю да фашыстаў. «Не, сволачы, нічога ў вас не атрымаецца!»
— Маўчыш?! — гучна загарлапаніў Штарц. Ён ускочыў на ногі, падбег да свайго напарніка, вырваў з яго рук гумовую палку і, размахнуўшыся, з усёй сілы стукнуў ёй Міхаіла Іванавіча па твары. У вачах Славіна памутнела, а твар заліўся крывёй. Ён хацеў штосьці сказаць, але Штарц, гучна лаючыся і брудна мацюкаючыся, стаў біць яго па галаве, па твары, па ўсім целе.
«Фашысцкая гадзіна, дзе ён навучыўся так лаяцца?» — чамусьці падумаў Міхаіл Іванавіч і страціў прытомнасць…
Ён не адчуваў, як двое гестапаўцаў цягнулі яго па каменнай падлозе, пакідаючы доўгі крывавы след.
Апрытомнеў Славін у камеры. Балела галава, цела, ён не мог паварушыцца, востры, як агонь, боль праймаў яго. Міхаіл Іванавіч доўга ляжаў не рухаючыся, успамінаючы «допыт». «Сволачы, звяры, няўжо яны лічаць, што здзекамі можна дасягнуць усяго?»
Міхаіл Іванавіч прымусіў сябе думаць аб прычыне правалу: «Дзе ж дапушчана памылка? За ўсіх нашых таварышаў я магу быць спакойны, здрадніка сярод іх няма. Сямейнікі таксама нічога не скажуць. — Міхаіл Іванавіч успомніў суседку Латаніну. — Яна, вядома, даносіла немцам. Але што ж яна ведае? Бачыла каго-небудзь з тых, хто прыходзіў да мяне дахаты, — не больш. А, можа, яны схапілі мяне толькі за тое, што я да вайны быў перадавіком?»
Стаўшы падпольшчыкам, умудроны жыццёвым вопытам, Славін не раз з гаркатой успамінаў даваенны час, калі многія не верылі, што Гітлер нападзе на нас, не рыхтаваліся да вайны.
Трэба прадбачыць, што гестапаўцы самую пільную ўвага будуць надаваць актывістам і перадавікам. «Хоць калі б рыхтаваліся мы да магчымага захопу Мінска, — думаў Міхаіл Іванавіч, — то можна было падрыхтаваць людзей да работы ў падполлі. Стварыць вакол неабходную легенду».
І цяпер Славін, лежачы на каменнай падлозе, горка ўсміхнуўся, успомніўшы, што пасля прыходу немцаў яшчэ доўга вісела ў друкарні на Дошцы гонару яго фатаграфія.
Разумеў, што разлічваць на вызваленне з гэтых засценкаў, няварта.
«Ну што ж, — думаў ён, — калі мне наканавана загінуць, то зраблю гэта я так, каб не сорамна было за мяне дзецям і жонцы, ды і перад сваім сумленнем буду чысты. Нічога яны ад мяне не даведаюцца!»
Ён са стогнам перавярнуўся на спіну і, гледзячы ў шэрую столь, прымушаў сябе ўспамінаць усё лепшае, што было ў яго жыцці. Не, не хацеў Міхаіл Іванавіч апошнія гадзіны жыцця марнаваць на іншыя думкі. Ён гатовы быў на самае горшае — смерць! Бо разумеў, што, паміраючы, ратуе жыцці шматлікіх сваіх таварышаў, а гэта значыць, што барацьба з ненавісным ворагам будзе працягвацца, і таварышы адпомсцяць фашыстам за яго.
Уладзімір Славін
У пятніцу, перад абедам, у кватэру Славіных наляцелі гестапаўцы. Яны ўчынілі сапраўдны пагром: перакапалі ўсе шафы і ложкі, перавярнулі мэблю, разразалі абіўку на крэслах, адарвалі ліштвы ў дзвярах. Настасся Георгіеўна разумела, што вобыск нездарма. Значыць, штосьці здарылася з мужам. Афіцэр, які кіраваў ператрусам, праз перакладчыка загадаў ёй збірацца і ехаць з імі. Славіна хацела напісаць дзецям запіску. Але высокі, худы, з выпуклымі рачынымі вачамі афіцэр не дазволіў. А пры выхадзе ткнуў пальцам у скураное паліто, загадваючы сваім падначаленым забраць.
Настассю Георгіеўну пасадзілі ў закрыты грузавік і павезлі. У кузаве, акрамя Славінай, знаходзілася яшчэ два чалавекі. Жанчына пакутліва думала, куды яе вязуць, дзе яе муж, што з дзецьмі. Нарэшце машына спынілася. Адкрыўся задні борт кузава. Настасся Георгіеўна спусцілася на зямлю. Гэта быў вялікі двор ззаду нейкага будынка. Славіна нарадзілася ў Мінску, ведала горад як сваіх пяць пальцаў. Пакажы ёй фасад любога больш-менш прыкметнага дома, і яна беспамылкова сказала б, дзе ён стаіць. Аднак у большасці двароў Настасся Георгіеўна, зразумела, ніколі не была і зараз ніяк не магла вызначыць, куды ўсё ж прывезлі яе немцы.
Салдат увёў арыштаваную ў змрочны, абстаўлены старадаўняй мэбляй кабінет. За масіўным сталом сядзеў следчы ў цывільным. Допыт пачаў здалёку. Казаў па-руску, знарочыста павольна, выразна прамаўляючы кожнае слова. Спачатку задаў некалькі пытанняў, якія нічога не значылі, пацікавіўся сям’ёй, узаемаадносінамі з суседзямі, спытаў, дзе яна сама і муж працавалі да вайны. Затым прыступіў да галоўнага.
Адказваючы на яго пытанне, чаму яны не эвакуіраваліся, Славіна сказала:
— Ды пакуль збіраліся, вашы войскі ўвайшлі ў горад.
Немцу адказ, відаць, спадабаўся. Запісваючы, ён злёгку ўсміхнуўся. Затым спытаў, хто наведваў іх кватэру ў апошні час, ці не прыносіў муж дахаты газеты, лістоўкі. Настасся Георгіеўна ўсё адмаўляла.
Следчы скончыў пісаць, паказаў на паперы, дзе трэба распісацца, і, як бы мімаходзь, заўважыў:
— Сёння вас адпускаем. Але, думаю, яшчэ сустрэнемся. Хачу папярэдзіць: калі і ў наступны раз будзеце рабіць выгляд, што нічога не ведаеце, то чакае вас шмат непрыемнасцяў. Так што раю падумаць. Вось пропуск на выхад.