Пятру ўспомніўся сон. Тут, у далечыні ад перадавой, ён амаль кожную ноч бачыў у сне сваю сям’ю. «Што з імі? Ці жывыя?» Перад вачамі стаялі такія родныя, мілыя твары: усмешлівая Таня, па-дзелавому сур’ёзны, але гатовы пусціцца на любое свавольства Ванюшка і далікатная, рахманая, уважлівая Юля. Яна вельмі любіла сядзець у яго на каленах, прыціснуць да грудзей галоўку ці шаптаць штосьці тату на вуха. Юлі вельмі падабалася, калі бацька таксама адказваў шэптам. У такія хвіліны Таня, як правіла, смеючыся, казала Ванюшку: «Глядзі, сынулька, якія змоўшчыкі ў нас з’явіліся. Бачыш, шэпчуцца, няйначай як змову супраць нас з табой рыхтуюць». Шчаслівы мірны час. Якім дарагім і далёкім здаецца ён цяпер.
Мачалаў не звярнуў увагі, што ў палаце нечакана спыніўся шум, змоўклі вясёлыя галасы. Ён здрыгануўся і адкрыў вочы, калі пачуў спакойны, мяккі голас урача Васілеўскай:
— Што, таварышы, расшумеліся? Паводзьце сябе спакайней, побач з вамі палата з цяжкімі.
Яна перавяла пагляд на Мачалава і, ледзь усміхнуўшыся, падышла да яго ложка.
— Ну як пачуваецеся?
— Дзякуй, Вольга Ільінічна, хутка буду прасіць выпісаць.
— Усе вы спяшаецеся, але выпішам толькі тады, калі будзеце здаровымі.
Ад яе ўважлівага пагляду Мачалаву стала ніякавата. Ён са злосцю вылаяў сябе: «Лянота пагаліцца. На чалавека непрыемна глядзець з такой рожай». А ўрачыха павярнулася ўжо да іншага параненага, які ляжаў на суседнім ложку. Ён прыбыў у шпіталь раней Мачалава, але раны яго доўга не гаіліся. Васілеўская спытала:
— А як вы сябе адчуваеце, таварыш Мухін?
Мачалаву стала некалькі крыўдна, што так хутка адышла ад яго Вольга Ільінічна. За паўтара месяца, якія ён правёў тут, паміж імі ўстанавіліся нейкія асаблівыя адносіны. Здарылася гэта пасля таго, як яму ўпершыню дазволілі выйсці ў двор. Жмурачыся ад яркага сонца, пахістваючыся ад слабасці і чыстага вясновага паветра, Мачалаў прайшоў у самы далёкі канец двара. І раптам тут, за хлявом, дзе была сталярная майстэрня, убачыў Васілеўскую. Яна сядзела на дошках і плакала, выціраючы марлевай сурвэткай вочы.
Мачалаў павярнуўся і паціху пайшоў назад за вугал сталяркі. Але калі адышоў трохі, падумаў: «А раптам у яе гора? Загінуў муж? Не, пайду, можа, неяк супакою». Ён павярнуў назад. Доктар не бачыла яго, працягвала плакаць. Мачалаў сеў побач і толькі тады, калі яна спалохана зірнула на яго, сказаў:
— Прабачце, Вольга Ільінічна, я выпадкова зайшоў сюды. Убачыў вашы слёзы і не мог пайсці.
Вольга Ільінічна хутка паднялася:
— Прабачце мяне, Мачалаў, гэта звычайныя бабскія слёзы, — яна нявесела ўсміхнулася. — Успомнілася былое, даваеннае. Госпадзі, нават не верыцца, што ўсяго год прайшоў, а так шмат страчана, разбурана.
Яе вочы зноў сталі вільготныя. Але нітачка даверу была ўжо працягнута, ёй самой, верагодна, захацелася пагаварыць з гэтым невясёлым, заўсёды задуменным чалавекам.
— Сёння дзень нараджэння маёй дачкі, Юлечкі.
— Ну вось бачыце, у вас вочы мокрыя, а дзень такі радасны, дачка на год пасталела. Дарэчы, колькі ёй сёння споўнілася?
— Адзінаццаць.
— Выдатна. У мяне таксама дачка Юля, і ёй таксама адзінаццаць, праўда, толькі ў ліпені споўніцца.
Вольга Ільінічна зноў зірнула на Мачалава. І позірк гэты ўразіў яго: такі пакутлівы боль быў у яе вачах.
— Ёй было б адзінаццаць.
Узрушаны Пётр маўчаў.
— Дзясятага ліпеня мінулага года ў мяне не стала дзяцей — Юлечкі і Сярожачкі… З імі загінула і мая мама. Так здарылася, што мяне тэрмінова з дому ў шпіталь выклікалі. У гэты момант нямецкія самалёты наляцелі, пачалася бамбёжка. Як звычайна падчас налётаў яны хаваліся ў склепе, а я пабегла ў шпіталь. А калі пасля аперацыі прыбегла дахаты, на месцы дома — велізарная варонка. Лепш бы я засталася з імі ў склепе.
Мачалаў не ведаў, што можна сказаць гэтай жанчыне, як суцешыць яе, ды хіба можна суцешыць у такім горы. Яны доўга размаўлялі. Вольга Ільінічна спытала пра яго сям’ю. І Пётр не ўтойваючыся расказаў ёй аб усім, пра сваю пастаянную трывогу.
Тады ж Мачалаў даведаўся, што муж Вольгі Ільінічны, камандзір артылерыйскай батарэі, ваюе пад Ленінградам.
І цяпер, лежачы на шпітальнай койцы, ён так задумаўся, што здрыгануўся, адчуўшы, што нехта дакрануўся да яго рукі. Перад ім стаяла Вольга Ільінічна.
— Вам нядобра? — вочы яе глядзелі ўстрывожана.
— Не-не. Я проста задумаўся, — адказаў Пётр, а на душы стала прыемна ад таго, што за доўгія месяцы хтосьці турбуецца пра яго.
Вольга Ільінічна, кіўнуўшы галавой, накіравалася да выхаду. Ля самых дзвярэй яна ледзь не сутыкнулася з маладым лейтэнантам. Строга спытала:
— А хто вам дазволіў у палату вось так урывацца?
— Доктар, міленькая, — пачаў ён апраўдвацца, але Вольга Ільінічна перабіла яго:
— Не міленькая, а ваендоктар, капітан медыцынскай службы Васілеўская.
— Вельмі прыемна, — недарэчы ляпнуў лейтэнант, і гэта вырашыла справу на яго карысць. У палаце грукнуў рогат, усміхнулася і ўрач. Спытала:
— Адкуль вы і да каго?
— Прама з перадавой, на адну хвіліначку, да капітана Мухіна, мне сказалі, што ён у гэтай палаце ляжыць.
А Мухін ужо сеў на ложку і гучна крыкнуў:
— Купрэйчык! Аляксей! Якім ветрам?
Васілеўская падазрона паглядзела на скруткі ў руках лейтэнанта і крыху пацяплелым голасам сказала:
— Добра, таварыш лейтэнант, пабудзьце некалькі хвілін, але толькі не затрымлівайцеся. Цяпер начальнік шпіталя пачне абход, а ў гэтай палаце староннім знаходзіцца нельга.
— Дзякуй, доктар, выбачайце, таварыш капітан, я, далібог, на адну хвіліначку, — і ён хуткім крокам накіраваўся да койкі Мухіна.
А ў Мачалава прапаў голас. Ён таксама хацеў крыкнуць Аляксею, але спазмы так сціснулі горла, што толькі ледзь чутна прамыкаў.
Аляксей падышоў да Мухіна, яны абняліся і наперабой сталі распытваць адзін аднаго. А Мачалаў, справіўшыся нарэшце з хваляваннем, вырашыў пакуль не аклікаць стрыечнага брата. «Хай нагамоніцца, а затым я яму паднясу сюрпрыз!»
Ён успомніў, як аднойчы, з паўмесяца таму, Мухін расказваў пра камандзіра ўзвода разведкі, які на чыгуначным паўстанку выпадкова сустрэў сваю жонку. Але прозвішча камандзіра ўзвода капітан тады не назваў. «Дык вось пра каго ён расказваў, — хвалюючыся, думаў Мачалаў. — Значыць, Аляксей сустрэў Надзю».
Раптам Пётр успомніў, што Вольга Ільінічна строга папярэджвала Купрэйчыка, каб ён доўга не заседжваўся, і спалохаўся, што Аляксея вось-вось могуць выправадзіць з палаты. Ён прыслухаўся да гутаркі Мухіна і Купрэйчыка і, зразумеўшы, што пра галоўнае яны перамовіліся ўжо, ямчэй уладкаваўся на ложку і спакойна сказаў:
— Аляксей Васільевіч, можа, і са мной трохі пагаворыш?
Аляксей на паўслове абарваў гаворку і азірнуўся. На яго весела глядзеў зарослы барадой мужчына з павязкай на галаве. І раптам лейтэнант ускочыў:
— Пётр? Пеця-я-я!
Ён, хапаючыся за спінку ложка, аббег вакол яго і кінуўся да Мачалава:
— Браток, брат!
Яны абняліся і пацалаваліся. Ніхто не бачыў, як у гэты момант у палату зазірнула капітан Васілеўская. Убачыўшы гэту сустрэчу, яна не сказала ні словы і паціху зачыніла за сабой дзверы.
А Пётр і Аляксей, не хаваючы слёз радасці, трымаліся за рукі і моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Гэта сустрэча нікога не пакінула абыякавым. Нават цяжкапаранены пажылы капітан, павярнуўшы галаву, з усмешкай глядзеў на іх.
Мачалаву хацелася шмат пра што пагаварыць з Аляксеем, і ён прапанаваў:
— Алёша, я цяпер устану, і мы пойдзем у двор, — і ён папрасіў параненых: — Браткі, калі абход будзе, то прыкрыйце мяне.
Мухін, які падчас гэтай сцэны маўчаў, першым адказаў:
— Ідзіце, ідзіце. Мы знойдзем, што сказаць. Толькі адкажыце мне: вы што, браты?
Мачалаў усміхнуўся:
— Стрыечныя. Мяне ж вайна заспела ў доме яго бацькоў у вёсцы пад Гродна ў дзень яго вяселля, якое мы так і не паспелі згуляць.
Мухін засмяяўся:
— Ну, Купрэйчык, я ўжо аднойчы сказаў: удачлівы ты чалавек на нечаканыя сустрэчы. То з жонкай нос у нос сутыкнешся, то вось цяпер — з братам.