— Добра, нанясі ўсё гэта на маю карту.
Ён вярнуўся да стала і задаволена прагаварыў:
— Так, фланг мы ўзмацнілі. Ну, слухай далей. Твая задача: выведаць, што знаходзіцца ў праціўніка тут, і не на пярэдняй лініі, а ў глыбіні. Калі высветліш, дашлеш з кім-небудзь са сваіх арлоў данясенне, а сам агінай іх пярэдні край наводдаль, забіраючы ўвесь час направа, і паглядзі, што немцы маюць у сваіх найблізкіх тылах насупраць нашых пазіцый. Паспрабуй здабыць добрага языка, а затым вяртайся. Ясна?
— Колькі часу вы мне даяце на выкананне задачы?
— Я думаю, табе дастаткова трох-чатырох сутак. Цяпер прыйдзе начштаба, дамовімся пра месца твайго вяртання і нашай падтрымцы, калі што якое, ну, а потым пойдзеш рыхтавацца да паходу.
Купрэйчык з сабой забраў амаль усіх байцоў узвода, пакінуўшы толькі старшыну, а ў распараджэнні начальніка штаба — двух чалавек.
Роўна ў гадзіну ночы, прыгінаючыся, яны рушылі да пазіцый ворага. Для руху Купрэйчык выбраў невялікую лагчыну. У ёй трава была сакавітай, а зямля мяккай, і паўзці было лягчэй, дый шуму пры руху менш. Праўда, атрымлівалася так, што рухаліся яны амаль у лоб добра замаскіраванаму кулямёту, але лейтэнант пасля гутаркі з камандзірам роты, чые пазіцыі былі размешчаны насупраць кулямётнага гнязда, быў упэўнены, што кулямётчык, як гэта часта бывае, не абстраляе лагчыну. Камандзір роты паведаміў, што за тыя чацвёра сутак, што яны знаходзяцца тут, гэты кулямёт ні разу не страляў, гняздо было старанна замаскіравана і распазнаць яго ўдалося выпадкова: артылерыйскі назіральнік, які разглядаў праз стэрэатрубу нямецкія пазіцыі, звярнуў увагу, як з невялікага кусціка паказалася рука, у якой мільганула штосьці бліскучае. Хутчэй за ўсё кулямётчык выкінуў са старанна замаскіраванага акопа пустую кансервавую бляшанку, прысыпаўшы яе зямлёй, каб не блішчэла. Камандзір роты, якому артылерысты паведамілі пра ўбачанае, узмацніў назіранне, і неўзабаве задума праціўніка стала зразумелай: гэты кулямёт павінен быў уступіць у дзеянне толькі ў выпадку нападу і сваім нечаканым агнём сарваць яго. Таму кулямётчык і не страляў, каб заўчасна не выдаць сябе.
І вось цяпер разведчыкі, захоўваючы максімум асцярогі, павольна паўзлі па нейтральнай зоне. Купрэйчык рухаўся ўслед за Зыбіным, часам дакранаючыся рукамі яго ботаў, а самым першым поўз дасведчаны Галавін.
У галаве лейтэнанта, нібы заклінанне, пульсавала трывожная думка: «Толькі б кулямётчык нас не пачуў! Толькі б дапаўзці да ўзгорка!»
А вось і ўзгорак.
Купрэйчык крануў па чарзе за плячо Галавіна і Чарнецкага. Тыя зразумелі, чаго хоча камандзір, і моўчкі папаўзлі да траншэі. Праз некалькі хвілін, забіраючы крыху лявей, папаўзла другая пара. Яна, як было дамоўлена раней, павінна была пры неабходнасці прыкрыць агнём з аўтаматаў Г алавіна і Чарнецкага. Наступіла чарга наступнай пары. Яна пацягнула за сабой тоненькі шпагат, з дапамогай якога падасць сігнал руху астатнім. Купрэйчык, сціснуўшыся ў адзіны нервовы камяк, чакаў. Колькі ўжо было вось такіх пераходаў да пазіцый ворага, а прывыкнуць да гэтага немагчыма. Кожны раз, калі трэба было зазірнуць праз бруствер у нямецкі акоп, наставала вышэйшая кропка нервовай напругі: што чакае яго там, у траншэі? А раптам засада?
Нарэшце тройчы тузануўся шпагат. Значыць, у траншэі фрыцаў няма.
І Аляксей шэптам загадаў рухацца наперад. Хвілін праз дзесяць усе ўжо былі на тым баку. Паглыбіліся амаль на кіламетр і спыніліся на кароткі прывал.
Купрэйчык загадаў:
— А ну, хлопцы, прыкрыйце мяне, карту трэба паглядзець.
Ён сеў пад куст, а разведчыкі знялі з сябе курткі маскіровачных касцюмаў і абляпілі камандзіра з усіх бакоў. Аляксей дастаў карту і ўключыў кішэнны ліхтарык. Адразу ж адшукаў месца, дзе яны знаходзяцца. Наперадзе ў трох кіламетрах быў лес. У гэтым лесе днём і павінны былі хавацца разведчыкі, а заадно праверыць, ці не канцэнтруюць у ім немцы сілы для ўдару. Зверыўшы маршрут па компасе, Купрэйчык выключыў ліхтарык і вылез з-пад куртак:
— Пяць мінут на перакур і рушым далей.
Разведчыкі, прыкрываючыся курткамі, з прагнасцю зацягваліся папяросамі. Кожны, напэўна, успомніў добрым словам старшыну Ганчара, які змог здабыць для іх замест махоркі сапраўдныя папяросы.
Роўна праз пяць мінут Купрэйчык устаў. Усе моўчкі пайшлі за ім. Ішлі асцярожна. Наперадзе, метрах у двухстах, рухаўся дазор з трох чалавек на чале з Чыжыкам, па баках — ахова. Побач з Купрэйчыкам ішоў маладзенькі чырвонаармеец Губчык. Яму яшчэ не было і дзевятнаццаці, але Купрэйчык сам выбраў яго з тых, хто прыбыў у полк на папаўненне. Хлопец спадабаўся яму не толькі тым, што да вайны займаўся боксам, вывучаў нямецкую мову, але і сваім імкненнем патрапіць у разведку. Вядома, у разведузводзе яго вабіла рамантыка, але Аляксей разумеў, што гарачае жаданне стаць сапраўдным разведчыкам мае вялікае значэнне.
Губчык ціха спытаў:
— Таварыш лейтэнант, а мы тут не напорамся на міны?
— Не павінны, Пётр. Памяркуй сам: які сэнс ім мініраваць свае тылы. Раптам мы іх зноў папром на захад, а каму хочацца ўцякаць па ўласных мінах? Але ты прывыкай хадзіць у патыліцу — гэта першае правіла разведчыкаў.
Губчык моўчкі перастроіўся і пайшоў следам за лейтэнантам. Рухаліся асцярожна і да лесу дабраліся гадзіны праз паўтары. Была палова трэцяй. Забраліся ў густы хмызняк і спыніліся на начлег. Купрэйчык выставіў ахову, астатнім загадаў спаць, а сам заснуць не мог. Яго моцна турбавала тое, што яны не ведаюць становішча ў лесе. А раптам дзе-небудзь побач размясцілася варожая часць, і як толькі наступіць раніца, узвод будзе выяўлены і знішчаны.
Ён ляжаў і прыслухоўваўся. Дрэвы ледзь чутна шумелі над галавой. Аляксей успомніў Мачалава. «Напэўна, ужо даўно выпісаўся са шпіталя. Цікава, дзе ён цяпер ваюе? Трэба будзе абавязкова знайсці яго. — Але Аляксей тут жа папракнуў сябе: — Ды ты, лейтэнант, знойдзеш! Уласную жонку і тое адшукаць не можаш!» Вось так заўсёды ў вольную хвіліну думкі Купрэйчыка вярталіся да Надзі: «Што з ёй? Ці жывая?»
Ён часта лавіў сябе на тым, што ў душы непрыемна варушылася і іншае: Надзя, маладая і прыгожая, увесь час знаходзіцца сярод мужчын… Ад гэтай думкі Аляксею зусім перахацелася спаць, і ён сеў. Зірнуў на цыферблат трафейнага гадзінніка. Хутка світанак. Баючыся патрывожыць чуйны сон таварышаў, Аляксей зноў лёг, заплюшчыў вочы. І зноў убачыў Надзю. Да драбнюткіх падрабязнасцяў успомнілася раніца, калі яны сустрэліся першы раз.
Гэта было ў саракавым годзе. Аляксей разам з сябрам паехаў у суботу ўвечар на рыбалку. Начавалі на беразе, а на досвітку селі ў лодку, выплылі на сярэдзіну ракі і закінулі вуды. Месца было выдатнае. Ціхая, спакойная роўнядзь ракі, густы хмызняк на беразе. Крыху далей, за лужком, зялёнай сцяной стаяў лес.
I дзіўная цішыня вакол! Неўзабаве ад берага прама да лодкі, па вадзе, працягнулася сонечная дарожка. Аляксей вырашыў выкупацца.
Яны падвеславалі да берага, ён саскочыў на мяккую траву і, не спяшаючыся, здымаючы на хаду кашулю, пайшоў уніз па плыні. Саша, сябар Аляксея, заўзяты рыбак, не дазволіў яму купацца каля лодкі, баяўся, што Аляксей рыбу разгоніць.
Купрэйчык адышоў досыць далёка, праз хмызняк ступіў да берага. Выйшаў на вузкую, усяго ў некалькі метраў, прыбярэжную паласу — і сцішыўся. Спінай да яго, асцярожна чапаючы нагой ваду, стаяла дзяўчына ў блакітным купальніку.
У Аляксея мільганула гарэзная думка. Ён на цыпачках падкраўся да просценькага халаціка, які ляжаў на траве. Падняў яго, а пад ім — басаножкі. Узяў усё гэта і бясшумна схаваўся ў густой чаромсе. Уладкаваўся ямчэй і пачаў назіраць. Дзяўчына, перш чым увайсці ў ваду, абярнулася. Аляксею яна здалася вельмі прыгожай. Дзяўчына не заўважыла, што халаціка няма на месцы, радасна ўсміхнулася сонцу і хутка ўвайшла ў ваду. А хлопец, зачараваны гэтым відовішчам, сядзеў не зварухнуўшыся.
Аляксею здалося, што дзяўчына ўсміхнулася не сонцу, а яму. Ён сціскаў у руках халат, басаножкі і чакаў. А дзяўчына слізгала лёгка і бясшумна па вадзе, і нібы не вада, а празрыстая смуга ахутвала і падтрымлівала яе вытанчанае цела. Плавала яна добра, але ў вадзе была нядоўга і неўзабаве выйшла на травяністы бераг, дзе пакінула свае рэчы, а там — пуста. Аляксей добра бачыў яе разгублены, здзіўлены і злосны погляд, але вырашыў не спяшацца. А твар дзяўчыны станавіўся ўсё больш злосным, яна, слізгаючы вачамі па кустах, гучна спытала: