— Героем… — Алесь горка ўздыхнуў.— У мяне было часу, каб падумаць над сэнсам гэтага слова. Супакойся, прысядзь… Не варта турбаваць маці. Ведаеш, я даўно мог прыйсці ў Гайвароны.
— Але… чаму ты гэтага не зрабіў?!
— Галена, не спяшайся, падумай, хіба я — той, каго чакае маці? І цяпер я зайшоў сюды, толькі каб… развітацца.
— Не разумею…
Відаць, ад таго, што агеньчык лампады рабіў цені такімі глыбокімі і дрыготкімі, Галене падалося, быццам пакой кудысьці плыве ў гэтай мігатлівай цемры і голас Алеся гучыць аднекуль з іншага берага.
— Я іду ў Опціну Пустынь, прыму пострыг. Галену захліснула хваля горкага гневу.
— Ты не думаеш, што гэта жорстка ў адносінах да нас? Ты можаш падараваць жыццё гэтаму дому, ператворанаму ва ўсыпальніцу!
Алесь прысеў побач на лаўку.
— Гэта было чатырнаццаць гадоў таму. У перамогу паўстання яшчэ верылі толькі тыя, хто быў гатовы аддаць за яго жыццё. Генусь, наш старэйшы брат, кіраваў атрадам. У нас засталася толькі пара дзесяткаў чалавек. Былі атрыманыя звесткі, што вось-вось прыбудуць карнікі. І мне даручылі сабраць атрад у нашых Гайваронах і ўдарыць у спіну прыхадняў. Мы ўсе былі маладыя і дзёрзкія і лічылі сябе напалеонамі. Мне было васемнаццаць, але я, мабыць, быў самым дзёрзкім з усіх. Я з'явіўся ў вёсцы, і людзі пайшлі за мной. Я быў іх добры паніч, і мужыкі верылі мне. Добраахвотнікаў сабралася шаснаццаць чалавек. Лепшыя людзі — вядома ж, бо на смерць першымі выклікаюцца ісці лепшыя. Я не мог дасканала ўзброіць іх — на ўсіх выпадала дзесяць стрэльбаў. Але гэта мяне не засмучала — мужыкі ператварылі косы ў дзіды, а гэта таксама страшная зброя. І мне бачылася, як мы налятаем знянацку на жандараў і пад ударамі мужыцкіх косаў чырванеюць ненавісныя мундзіры. І мы ехалі і спявалі старыя ваярскія гімны, а я ледзь не смяяўся ад шчасця баявога азарту.
Вядома, я прывёў іх пад кулі. Мае палымяныя прамовы з ганка царквы не засталіся незаўважанымі. Іх забілі ўсіх. Шаснаццаць дужых мужчын, гаспадароў. Ніхто не паспеў нават выстраліць у адказ. Мяне толькі паранілі. Я ачуняў у нетрах Бабруйскай крэпасці. Вядома, я чакаў, што мяне расстраляюць. Я хацеў гэтага — тады б я зноў апынуўся са сваім атрадам, мною паднятым у бойку. Але я быў малодшым, і браты ў чарговы раз захінулі мяне, нават сваёй смерцю. Страту замянілі пажыццёвай катаргай. І не было такой ночы, калі б я не думаў пра тых шаснаццаць.
Галена узяла рукі брата ў свае.
— Ты не вінаваты. Яны ўсе мелі выбар, і загінулі за святую справу.
Алесь паківаў галавою:
— Я паўтараў гэта сабе кожны дзень. Але ў іх засталіся бацькі, жонкі, дзеці… Ты ведаеш, што зрабілі ў Гайваронах з родзічамі бунтаўшчыкоў?
Галена сцішана ўздыхнула:
— Гэта тым больш не твая віна. І, зрэшты, палкаводцы вядуць на гібель тысячы жаўнераў — і ніхто з іх не надзявае пасля вярыгі…
— Гэта так. — пагадзіўся Алесь. — І да гэтага выпадку — я ж біўся побач з Генусем і Януком, і вакол нас дзесяткамі гінулі людзі, і мне было горка. Але гэта было, як ні кашчунна такое гаварыць, звычайнай справай. Але тут… Разумееш, сонечная восеньская раніца… І я адчуваў сваё адзінства з тымі, хто ехаў за мною, і нейкі асаблівы ўздым… Гэта — мае людзі, з маёй радавой зямлі… Я быў юны, але гэта былі як бы мае дзеці. Даверлівыя і паслухмяныя. І загінулі толькі таму, што паверылі мне, — вера ў «святую справу» не паспела ў іх выспець.
— Ты занадта многа ўзяў на сябе, брат, — трывожна прамовіла Галена.
— Не хвалюйся, гэта ўжо перажыта, — зноў спакойна сказаў Алесь. — Гэтыя, апошнія, гады блуканняў і малітвы не прамінулі дарэмна. Я знайшоў супакой. Але каб захаваць яго — мне не варта вяртацца ў гэты дом. Зразумей, я не магу гэтага зрабіць. Я не шкадую, што калісьці ўзяў зброю, каб адваяваць волю для айчыны — я і цяпер памёр бы за тое, каб яна была вольная. Але я ніколі больш не змагу забіць. І не змагу не дараваць. Фактычна — той, юны і дзёрзкі, Алесь Вайтылаў памёр. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто жадае помсты. У мяне свой шлях, і я прайду яго да канца. Не шкадуй мяне, мілая. Я шчаслівы.
Галена павольна вярталася ў пакой. Заўтра ўсё будзе як і раней… Не, ён не мае права так абысціся з імі!
Маці адчыніла амаль адразу — нібыта і не спала. Дзіўна было бачыць яе ў белым.
— Алесь вярнуўся!.. Мама, чуеш? Той малады паломнік — гэта ён, Алесь! Ён сыходзіць на досвітку. Хоча пастрыгчыся ў манахі. Мама, калі ты з ім пагаворыш…
Пані Вайтылава ўзялася рукою за касяк дзвярэй. Рука дробна дрыжэла.
— Што ты гаворыш, дурнічка? Табе прыснілася.
Галена горача схапіла маці за дрыжачую руку — зусім халодная…
— Павер, мамачка! Гэта Алесь… Ён уцёк з катаргі. Яму трэба дапамагчы. Ён змэнчаны, спакутаваны… Можа быць, і душа ў яго надарвалася ад пакуты. Пагавары з ім! Затрымай!
Цяпер у пані дрыжэлі нават вусны. На хвілю Галене падалося, што маці ўголас заплача. Але тая моцна адштурхнула ад сябе дзяўчыну.
— Ты гаворыш абы-што. Мой сын ніколі не заначаваў бы ў доме здрадніка і забойцы братоў. Я больш не хачу пра гэта размаўляць.
Дзверы зачыніліся. Бразгнуў замок. Потым зашаргаталі шуфлядкі камоды. Галена зразумела — маці дастае дагератыпы і старыя лісты… І зноў хвалі мінулага паглынаюць гэты пракляты дом.
Перад клумбай у форме вычварнага вензеля, на якой апошнія восеньскія кветкі зіхацелі барвай і беллю, дзядок дробна кланяўся і шаптаў словы ўдзячнае малітвы. Так што здавалася, быццам ягоныя паклоны адрасаваныя не дому, што прытуліў на ноч, а менавіта гэтай пышнай клумбе, нібыта паганскаму алтару. Галена з Алесем адышліся да варотаў. Ні абняць, ні прыціснуць да сябе на развітанне… Убачаць, данясуць… Грудзі дзяўчыны разрываліся ад стоенага плачу.
— Не журыся, мілая, — Алесь ласкава крануў яе валасы. Галена заплюшчыла вочы, каб дарэшты запомніць адчуванне апошняе ласкі роднага чалавека. — Не журыся, — паўтарыў той. — Знайдзі сабе мужа. Не трэба героя, проста — сумленнага чалавека. Я буду маліцца за цябе.
Апошні братаў падарунак — ладанка. Бязлітасна грукнулі вароты. Быццам вечка труны. Галена ў прыпадку гневу азірнулася на ненавісны дом. У акне на другім паверсе ўпалі фіранкі.
Маці ведала…
Галена больш не магла стрымліваць плачу. І раптам адгукнуўся варонін крык. Дзяўчына паглядзела ўверх — сапраўды, над паркам кружлялі вароны. Вярнуліся… Зноў заселяць месца, дзе вынішчылі іх продкаў.
У наступным годзе паненка Вайтылава пабралася з настаўнікам Гайваронскай земскай школы. Гэта быў страшэнны мезальянс — Гайвароны не так даўно належалі Вайтылавым. І настаўнік быў галадранец, нават не дваранін. Маладыя пасяліліся ў вёсцы, у сціплым настаўнікавым доме.
Пані Вайтылава на ганебны ўчынак дачкі аніяк не адрэагавала. Праўда, казалі, што яна пашкодзілася ў розуме. Не дзіўна — столькі пакутавала па трох загінулых сынах.
Хлебазоры
Ён ніколі не адшукае патрэбных слоў!
Агеньчык свечкі падбіраўся ўсё бліжэй да дзюбы срэбнага грыфона-падсвечніка. Вось ужо чорны пасак кнота скурчыўся, скруціўся, падобна маленькай змейцы, у лужыне воску, зашыпеў, як сапраўды жывая змяя… Цені выпаўзлі з кутоў, імгненна запаланіўшы ўвесь пакой.
Вінцэнт, аслеплены раптоўнай цемрай, з прыкрасцю кінуў асадку на стол, відаць, запэцкаўшы атрамантам напалову спісаны аркуш. Трэба гукнуць, каб прынеслі агню, запалілі новую свечку…
Але ён чамусьці гэтага не зрабіў. Сядзеў і глядзеў у цёмнае акно, на неба, па якім прадрапвалася яркая плямка — быццам за чорным задымленым шклом-небасхілам хаваўся свет бляску і святла. Знічка… Вінцэсь ужо даўно не загадваў жаданняў на знічкі. Ніводнае ж з загаданых дасюль не спраўдзілася. Можа быць, ён проста не ведаў, чаго пажадаць? Напрыклад, спакойнага, усталяванага жыцця… Бо гэтага яму адмерана — хоць задушыся тым спакоем… Сорак гадоў — а яму ўсё спакойна… Быццам карабель, замест таго каб адпусціць у мора, адразу паставілі ў сухі док, і дошкі ягоныя ўжо патрэскаліся ад тугі па хвалях… А за акном між тым палыхнула чырванаватае святло, нібы той, прыўкрасны, сусвет падаў знак аб сваім існаванні — не ўсё яшчэ згублена ў цемры часу. Сухія навальніцы? На пачатку лістапада?