Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Адзінарог сапраўды ля старой віхлы. Ён белы, як туман. Нагадвае невялікага каня з недарэчна кароткімі нагамі. Вочы ў яго вялізныя, чорныя і вільготныя, а рог над імі выглядае зусім не пагрозна. На яго наліплі травінкі.

Я гладжу адзінарога па схіленай шыі, і ён пакорліва ківае галавой. Дрэвы паціху шумяць, поўныя жыцця і лістоты.

— Ідзі адсюль, — ціха кажу я адзінарогу. — Я не магу ўзяць цябе ў свой замак. Разумееш, там — людзі. Ім уласціва глядзець міма вачэй і ўпотай усміхацца. І тут ты не можаш застацца. Сюды рана ці позна прыедуць тыл. І я не абараню цябе. Я нават не заўважу, калі яны цябе пакрыўдзяць. Гэта было б непрыстойна, прабач.

Адзінарог нібыта разумее мяне, ён няўклюдна паварочваецца і бяжыць у гушчар, і я заўважаю, што на дрэвах ужо ёсць першае ссохлае лісце — адзінарог абтрасае яго з галін.

Мае перліны, сабраныя нечымі руплівымі рукамі, ляжаць у адчыненым куфэрку. Я не буду пералічваць, ці ўсе яны на месцы.

— Пані бачыла адзінарога?

Цяпер я, здаецца, паспяваю злавіць выраз яго твару. Чамусьці дакорлівы.

— Пані пакінула яго ў лесе?

Хіба я павінна апраўдвацца перад кімсьці? Ён разумее, што я абураная, і з нізкім паклонам выходзіць. Але я ніколі не выкажу свайго абурэння. Гэта непрыстойна.

Паўз замак зноў праязджалі гэтыя. Я сядзела перад акном, хвіліны з сухім шоргатам перасыпаліся з далані на даланю і былі халодныя, як кавалачкі лёду. Гэтыя праехалі асабліва блізка, ледзь не зачапілі кусты шыпшыны, з рогатам махалі мне і клікалі некуды — ці проста пасміхаліся. Конь першага з іх быў пакрыты белай, як туман, скурай…

А шыпшына амаль адцвіла… Трэба сказаць, каб з каморы прынеслі зялёны кілім. Калі перліны падаюць на яго, іх вельмі цяжка адшукваць у бухматай поўсці, прапахлай стогадовым пылам. Затое не чуваць, як разбіваецца мой час аб халодны камень.

Вядзьмарка

Сёння забаўлялася са срэбнай сальнічкай працы Бенвенута Чэліні. Цудоўная рэч у выглядзе ракавінкі, якую абшчаперыў маленькі хлопчык. Ракавінка прыўкрашаная буйнымі перлінамі, быццам пырскамі марской вады. Калі націснуць на сярэднюю перліну, створкі ракавіны прыадчыняюць хвалістыя краі — ледзь-ледзь, каб між вытанчанымі зубчыкамі маглі прасыпацца крупінкі солі. Калі ж націснуць на перліну тры разы запар, ракавінка адчыняецца ўся, і можна насыпаць туды соль. Але ніхто за апошнія сто гадоў не насыпаў солі ў гэтую прыгожанькую забаўку — яе проста прыемна трымаць у руках, глядзець на яе. Шалёны Бенвенута заўсёды пераўзыходзіў сам сябе, калі рабіў такія рэчы, — у падарунак асобам, якіх моцна пакрыўдзіў. За кожным яго грэхам ці прамым злачынствам узнікаў ювелірны шэдэўр, якім майстар адкупляўся ад справядлівага гневу і духоўных, і свецкіх улад, і прыватных асоб. Я часта думаю, які менавіта грэх спарадзіў гэтую сальнічку, — яе першай уладальніцай была жанчына. Наўрад ці гэта быў грэх кахання — іначай сальнічкай валодалі б нашчадкі тае італьянскай арыстакраткі, а не я.

— Пані, на ваш літасцівы суд прывялі вядзьмарку.

І зноў я не паспяваю злавіць выраз твару чалавека, які звяртаецца да мяне. Бачу толькі нізка нахіленую спіну.

Вядзьмарку прывезлі гэтыя. Яны не насмеліліся зайсці ў замак, але я чую іхнія непрыстойна вясёлыя галасы і смех пад сваім вакном. Нехта з іх пачынае нават насвістваць нейкую валацужную песеньку. Гэта занадта! Пастараюся разабрацца са справаю хутчэй.

Вядзьмарка стаіць сярод залы на маім зялёным кіліме. Яе босыя ногі па шчыкалаць патанаюць у ваўнянай пыльнай траве. Вядзьмарка адразу падалася мне падлеткам. Але я прыгледзелася і зразумела, што памылілася. Гэта дарослая жанчына прыблізна маіх гадоў, толькі невысокая і худая. Яна глядзела на мяне спадылба вузкімі зялёнымі вачыма. Я зразумела, што яе пагляд скіраваны на мае пальцы, якія націскаюць на перліны срэбнай сальнічкі, то адчыняючы, то зачыняючы яе ракавінку. Мне зрабілася непрыемна. Я паставіла забаўку на столік і строга сашчапіла рукі на каленях. Увесь гэты час нехта ледзь не плаксівым голасам расказваў пра злачынствы маленькай жанчыны, што стаіць перада мной. Не памятаю дакладна, здаецца, мясцовыя сяляне вінавацілі яе ў тым, што яна ўмела лётаць, выклікала вецер і дождж і выпівала чужое жыццё. Раптам я ўсвядоміла, што вядзьмарка настойліва зазірае мне ў вочы. Мяне перасмыкнула, быццам давялося пераступіць цераз жабу. Я моўчкі глядзела на свае сашчэпленыя рукі і старалася думаць пра тое, якія ў мяне прыгожыя тонкія пальцы, як неверагодна пяшчотна прасвечваюць скрозь бледную скуру блакітныя жылкі. Я сціснула пальцы трохі мацней, і жылкі набраклі, выступілі над паверхняй скуры. Не, здаецца, гэтак непрыстойна…

Я падымаю правую руку ўверх, затым рэзка апускаю яе, нібыта хачу забіць нешта дробнае. Плаксівы голас змаўкае, вядзьмарку выводзяць з залы. Кілім паглынае гукі крокаў.

Цікава, у мяне таксама вузкія зялёныя вочы. Я бяру са століка сальнічку і спрабую ў бліскучай срэбнай паверхні разгледзець свой адбітак. Сустракаю позірк вядзьмаркі і зноў стаўлю сальнічку на столік. Пад акном загалёкалі тыя. Хутка тупат іх коней змоўк. Вядзьмарку яны, канешне, забралі з сабой. Але што яны з ёй могуць зрабіць, вясёлыя, злыя, бездапаможныя, і што яна захоча зрабіць з імі, тая, што выпівае жыцці?

У зале нікога няма, і я яшчэ раз паўтараю свой велічны жэст: рука — уверх і рэзка ўніз, як быццам у гэтым руху ёсць нейкі сэнс і непазбежнасць.

Хто ведае, можа, і ёсць.

— Можа, пані жадае запаліць у зале свечкі?

Сапраўды, ужо сцямнела. На століку з'яўляецца падсвечнік з чатырма жоўтымі свечкамі. Яны разганяюць куточак цемры вакол мяне. Павольна падношу далонь да аранжавага, з сінім пасачкам унутры агеньчыка. Балюча. Але я не адразу прымаю руку. Цяпер на ёй доўга застанецца пацалунак агню.

За акном таксама цёмна, але недзе далёка з боку вёскі бачыцца цьмянае святло, нібыта запалілі вялізную свечку.

У кожнай перліне сальнічкі гарыць маленькі жоўты агеньчык і хаваецца пагляд вузкага зялёнага вока.

Бадай што, я насыплю ў гэтую штуковіну солі.

Баль

Калі маё акно завешваюць шэрым вэлюмам дажджы, я ведаю, што хутка адбудзецца баль. Кожны год, у адзін і той жа дзень, заўсёды сумны і дажджлівы. У вялікую залу ўносяцца пазалочаныя кандэлябры, каб святло разлівалася ў кожным куце. Мяне апранаюць у сукенку з такой шчыльнай, пругкай тканіны, што калі я саджуся, тканіна згінаецца з лёгкім трэскам, нібыта ламаецца. Затое трымаешся ў такім строі незвычайна прама і годна. Гэта кампенсуе некаторыя нязручнасці.

Госці кожны год таксама адны і тыя ж. Іх няшмат, але ніхто ні разу не прапусціў дзень балю. Да таго ж далучаць да свайго кола новых людзей непрыстойна.

Абавязкова прыедзе Мадам. Мне не вельмі падабаецца яе манера звяртацца да мяне, як да маленькай дзяўчынкі. Яна лічыць, што можа даваць мне парады, і робіць гэта з задавальненнем. На жаль, я не магу перапыняць яе і вымушана адказваць: «Так, Мадам… Дзякую за клопат, Мадам». Хаця калі б я мела такія тоўстыя пальцы з кароткімі тупымі пазногцямі, пукатыя травяністыя вочы і заўсёды безгустоўна падабранае яркае адзенне, я сядзела б ціхенька і слухала іншых. Але Мадам ніколі нікога не слухае. Нават Доктара. Зразумела, ён не просты кровапушчальнік. Іначай ніколі не трапіў бы ў наша кола. Ён нават з выгляду высакародны і вытанчаны. Яго вусны строга падціснутыя, а пагляд вачэй балотнага колеру востры, як ланцэт. Доктар гаворыць рэдка, але кожнае яго слова — як удар залатога дынарыя аб каменны стол. Я не заўсёды разумею яго словы, але хутчэй памру, чым прызнаюся ў гэтым. Калі Доктар гаворыць, ён ніколі ні на каго не глядзіць, нібыта лічыць роўным сабе суразмоўцам толькі сябе самога. Але мне здаецца, што ён звяртаецца менавіта да мяне, што ўва мне ён угледзеў востры нежаноцкі розум, і мне калісьці перадасць асновы сваёй таемнай навукі. У што апрануты Доктар, я нават не магу ўспомніць. Ён заўсёды ў нечым цёмным.

Зразумела, прыедзе і Кузіна. Яна сапраўдная дурніца. Шараговая прыгожанькая ідыётка з вялізнымі смарагдавымі вачыма і маленькім ружовым ратком. Кузіна мяне абагаўляе. Вось ужо ў чыёй любові не адчуваю патрэбы. Яна б вельмі хацела са мной паразмаўляць, вось толькі, небарака, не ведае, пра што. Лупіцца на мяне сваімі смарагдавымі вачыма, міла ўсміхаецца, часам вымаўляе птушыным галаском нейкія банальнасці. Яе асоба не цікавіць нікога, акрамя Блазна і Брэцёра. Гэта я прыдумала ім такія мянушкі. Блазан і Брэцёр — два браты. Блазан, нязграбны і кірпаносы, перапоўнены нейкай шчанюковай верай у добраўпарадкаванасць свету і богападобнасць яго насельнікаў. Ён страшэнна хоча быць усім карысным, усім падняць настрой, зазірае кожнаму ў вочы, без канца жартуе — вельмі тупа, дарэчы, — і, здаецца, ад замілавання круціць нябачным хвастом. Кузіне ён падабаецца, бо яго жарты ёй зразумелыя. Але хаця Блазан траціць найбольш свае досціпы перад Кузінаю, я ведаю, што яго ўвага скіравана ў іншы бок, і каб я хоць раз усміхнулася ў адказ на яго намаганні, ён, мабыць, памёр бы ад шчасця на месцы, як згублены сабака, якога нарэшце прылашчыла рука доўгачаканага гаспадара.

63
{"b":"247642","o":1}