За акном чуліся грубыя галасы, смех, тупатанне коней. Андрусь падабраўся да акна. Сапраўды, конны атрад… Два афіцэры… Якраз як два гады таму. Вось упэўнены голас Валянціна. Андрусь памацаў пад падушкай. Пісталет у яго не адабралі — ён жа не быў палоннікам. І само сабой зразумела, што ён не мог страляць у гаспадара дома, які даў яму прытулак.
Андрусь расчыніў акно і зваліўся на прэлую лістоту. Адпоўз, хаваючыся за кустамі. Няхай думаюць, што ён блукаў недзе ля дому. Рука здрадліва дрыжэла, і ён стрэліў амаль не цэлячыся. Адзін з жандараў схапіўся за плячо…
Бунтаўшчык быў знясілены і меў усяго адзін набой. Далёка не ўцёк. Інсургента звязалі і паклалі на калёсы, пазычаныя ў гаспадара. Гаспадар быў нібыта зусім пераляканы — відаць, не чакаў, што такі госць бадзяецца проста пад вокнамі. Пані, добрая душа, вынесла для арыштаванага цёплую адзежу. Няхай… Мусіць жа злыдзень дажыць да вісельні.
— Нашто ты гэты зрабіў?
Яна не плакала — вочы былі зусім сухія, з гарачым бляскам.
— Цяпер ты вольная… Сыходзь ад яго. Абяцаеш?
— Любы… — яна пацалавала яго збіты твар. — Ты мусіш ведаць… У цябе ёсць сын.
— Што?!!
— Так. Твой сын. Падобны на цябе, бялявенькі і вясёлы. Завуць — Кастусь.
— Любая… — Андрусь, звязаны, хворы, збіты, захлынаўся ад шчасця. Колькі ў ім, аказваецца, яшчэ сілы, дзякуй, Госпадзе!
— Я сыду. Але Валянцін не аддасць мне сына.
— Я вярнуся, — Андрусь сказаў гэта нечакана цвёрда. — Я вярнуся па яго і па цябе.
Дождж лінуў на чорную зямлю, быццам аплакваючы яе зімовае паміранне. І раптам у нізкіх, пахавальна змрочных хмарах бліснула позняя маланка — нібы вышчарбленая ў слаўных бойках шабля, і адлюстравалася ў шэрых вачах жанчыны, што нерухома стаяла ля брамы і глядзела на пустэльную дарогу.
У пансіёне для хлопчыкаў, дзе сярод іншых вучыўся дванаццацігадовы сын стацкага саветніка Валянціна Р. Канстанцін, панавала строгая дысцыпліна. Частка навучэнцаў утрымлівалася за казённы кошт, і амаль для ўсіх вымалёўвалася адна перспектыва — папоўніць рады царскага войска. Таму асаблівая ўвага ўдзялялася выхаванню вернападданніцкага духу і цялеснай моцы. Паўночна-Заходні край, які толькі што перажыў бунт, меў патрэбу ў здаровых маладых сілах, што будуць спрыяць грамадзянскай згодзе.
Па праўдзе кажучы, стацкі саветнік мог бы для свайго адзінага сына выбраць лепшы пансіён. Тым больш Кастусь Р., бялявы разумны хлопчык, асаблівыя поспехі рабіў у вывучэнні моў, а за парушэнні дысцыпліны досыць часта трапляў у карцэр. Бацька рэдка клікаў сына на вакацыі дадому. Дзіва што — аўдавеўшы, ажаніўся другі раз. Хлопчык зрэдку наведваў толькі матчыных бацькоў — за сцены пансіёна выходзіць не дазвалялася. Шмат часу Кастусь праводзіў у бібліятэцы. Новы настаўнік нямецкай мовы, паважаны чалавек з зусім сівымі валасамі і жылістай фігурай бывалага падарожніка, асабліва адзначаў здольнасці Кастуся, нават дадаткова з ім займаўся. Таму нікога не здзівіла, што ён вызваўся праводзіць вучня да ягоных сваякоў.
Кастусь Р. і настаўнік-немец больш у пансіёне не з'явіліся. Следства выявіла, што мужчына і хлопчык, паводле пашпартоў — бацька і сын, перасяклі мяжу Расейскай імперыі на мяжы з Прусіяй. Пайшлі чуткі, што немец быў зусім не немец, а італьянец, адзін з галаварэзаў Гарыбальдзі, і ў свой час насіў славутую чырвоную кашулю. Казалі яшчэ, што ён ці то карбанарый, ці то масон і хлопчыка звабіў для нейкіх магнетычных вопытаў, і незразумела, адкуль у яго бліскучыя рэкамендацыі і неаспрэчна высокая адукаванасць.
Стацкі саветнік Валянцін Р. не праявіў зацікаўленасці ў вышуку сына. Падрабязнасці справы былі строга засакрэчаныя.
Кветка вераніка
Сцябло кветкі было такім кволым, што здавалася, яму не ўтрымаць бутона. Той хіліўся долу, нібыта ў цяжкім задуменні — ці варта аддаваць апошнія сілы, каб падарыць свету яшчэ адну драбніцу чыстае красы. Але аднойчы, на досвітку, развінуліся маленечкія сінія-сінія пялёсткі з танюткай белай аблямоўкай — нібыта ўсміхнулася дзіця.
Вінцэсь нават ведаў, як называецца гэтая кветачка, — вераніка дуброўная. У вільготным прыцемку пад старой віхлой у іхнім парку, дзе яны з Алесем і Валянцінам гулялі ў высакародных разбойнікаў, такіх кветак расло шмат… Але тут, між камянёў турэмнага акна, у выбоіне ля жалезнага прута рашоткі…
Сінявокае цуда! Тым больш бясконцыя чатыры месяцы, пакуль доўжылася следства, Вінцэсь правёў у цёмнай падвальнай камеры. Святла было адмерана — абы вязень не аслеп. Нясмелы промень на якую гадзіну прабіраўся ў каменны мяшок праз маленечкую адтуліну наверсе, якая аніяк не заслугоўвала наймення акна.
Шчасце — гэта калі ў адной кветцы табе адкрыецца багацце ўсіх кветак свету.
Вінцэсь крануў зялёны круглы лісцік з далікатнымі зубчыкамі, і падалося, што той у адказ ласкава пагладзіў палец чалавека.
Віхлу ў парку новыя гаспадары маёнтка, напэўна, загадалі спілаваць — скурчаная, сівая ад часу, з чорным дуплом, у якім яны хавалі самаробныя лукі. А галінкі схіляюцца да самай зямлі, утвараючы сапраўдны будан. Неяк на летніх вакацыях — яму было гадоў дзесяць, братам крыху больш — нават зладзілі пад той віхлою, начытаўшыся прыгодніцкіх раманаў, «таемнае брацтва» «Чырвонай рукі» і пакляліся змагацца з несправядлівасцю і абараняць бязвінна пакрыўджаных, асабліва прыгожых жанчын.
Няма больш таго брацтва. Алесь загінуў яшчэ на пачатку паўстання, калі купку інсургентаў абкружылі на ўскрайку пушчы жандары. Валянцін прысуджаны да смяротнага пакарання як кіраўнік атрада. Ён, Вінцэсь, самы малодшы з братоў, пойдзе ў Сібір.
Вінцэсь здагадваўся, каму цяпер належыць іх маёнтак. Вернападданаму, які асабліва выявіўся ў справе задушэння правінцыйнага «бунту». І ў абясшкоджванні былых гаспадароў — дзяржаўных злачынцаў.
Так што віхлы, хутчэй за ўсё, няма…
Звіняць званы… Быццам з неба сыплецца золата. Учора быў Вялікдзень. Хрыстос уваскрос… Вінцэсь мімаволі ўсміхаецца — і ў Сібіры ёсць сонца… І не загінула Радзіма, у якой яшчэ шмат сінявокіх веранік і старых віхлаў.
Загрукаў замок на дзвярах, нібыта цяжка ўставаў з магілы прывідны рыцар у ржавых латах.
— Анталевіч, да вас нявеста. Дзеля свята дазволена спатканне. Збірайцеся…
Хоць ніякай нявесты і нават знаёмай дзяўчыны, якая магла б прыйсці пад гэтым званнем, у Вінцэся не было, хлопец не здзівіўся. Ён ведаў: так робіцца досыць часта. Жанчыны з сем'яў, дзе падзялялі ідэалы разбітага паўстання, наведвалі зняволеных, да якіх не было каму прыйсці, называючыся нявестамі. Былі нават выпадкі — Вінцэсь ведаў дакладна, — што такія наведванні канчаліся сапраўдным каханнем і шлюбам і маладая прыгажуня ехала за мужам у высылку. Калісьці і яму ўсміхаліся прыгажуні…
Вінцэсь успомніў балі ў Віленскім універсітэце, гасцёўню пані М*, дзвюх паненак-блізнючак, што жылі ў суседскім маёнтку, дзе ён з братамі былі частымі гасцямі… Госпадзе, як гэта далёка! Нібыта іншы чалавек — прыгожы, спрытны, элегантны — смяяўся, жартаваў, запрашаў на вальс, гуляў у фанты…
Калі ў пакоі для спатканняў Вінцэсь пабачыў скрозь краты постаць дзяўчыны ў цёмна-зялёнай сукенцы з бялюткім каўнерыкам і капелюшыку з густым вэлюмам, стала горача. Вось дзіва… Ён ніколі раней так не губляўся перад дзяўчатамі. А тут яшчэ ўпершыню падумаў пра ўласны выгляд… Вядома, яму дзеля спаткання прынеслі касцюм, кашулю, далі магчымасць пагаліцца — турэмнаму начальству зусім не даспадобы паказваць шаноўнай публіцы сваіх падапечных у абліччы здзічэлага Рабінзона Круза. Але год турмы нікога не красіць… А да гэтага яшчэ два гады жыцця па лясных лагерах, бойкі — шаблі супраць ружжаў, выпадковыя начлегі, уцёкі — хмызнякі, якія балюча б'юцца пругкімі галінкамі па твары, быццам папракаюць, што ўцякаеш; дрыгва, якая, магчыма, хавае ў сваёй бездані бурштынавы палац або нованароджаную крыніцу, а можа схаваць і цябе; сумёты па грудзі — нібыта ты памёр і ідзеш праз аблокі да Брамы на той свет…
Дзяўчына адкінула з твару вэлюм, і Вінцэсь ледзь стрымаў уздых расчаравання. Вядома, ён не спадзяваўся, што прыйдзе прынцэса з юначых сноў… Але ўсё-ткі…