Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Брэцёр — поўная супрацьлегласць брату. Яго цёмна-зялёныя вочы заўсёды насмешна прыжмураны, чорныя валасы зачасаны назад гладка-гладка, ад гэтага твар набывае проста разбойніцкі выраз. Брэцёр падмячае кожнае недарэчна сказанае іншым слова, у адказ на любую фразу ў яго загатоўлена з'едлівая рэпліка. Найвялікшая насалода для Брэцёра — вывесці субяседніка з раўнавагі, выклікаць раптоўную нянавісць да свае персоны, і ў крытычны момант зрабіцца мілым нявінным прасцячком — а чаго вы раптам гэтак раззлаваліся, панства? Адзіныя, каго Брэцёр не здольны зачапіць, гэта Блазан — той проста не заўважае крыўднага, лічыць, што брат ласкава апякуецца ім, — і Кузіна. Нягледзячы на ўвесь знешні цынізм Брэцёра, нельга не заўважыць, што ён закаханы ў гэтую дурніцу, выбачайце за каламбур, як апошні дурань. Але яна, як і належыць асобе з яе разумовымі здольнасцямі, анічога не заўважае і баіцца Брэцёра, як звяглівага сабакі.

Яны з'едуцца ў адзін час, хвіліна ў хвіліну. Я нават ведаю, якія размовы будуць весціся за доўгім сталом. І ведаю, што нехта абавязкова скажа паўшэптам: «Панове, а ці чулі, што гэтыя зноў пад'язджаюць зусім блізка…»

Размова на хвілю сцішыцца, а пасля ўсе пачнуць расказваць, хто што пачуў апошнім часам пра гэтых. Такія размовы непрыемна хвалююць мяне. Гэта непрыстойна.

Раз'едуцца ўсе таксама ў адзін час, дождж паглыне цьмяныя сілуэты іх экіпажаў, у расчыненыя вокны ўварвецца восеньская раніца і выветрыць рэшткі няшчырых усмешак, гучных слоў і зласлівага шэпту. І раптам падасца, што нікога тут і не было.

Я не ведаю, для чаго кожны год учыняецца гэты баль. Не думаю, што камусьці ён прыносіць асалоду. На ім не гучыць музыка, не рыхтуюцца дзівосныя стравы. Па праўдзе кажучы, нават не памятаю, з чаго складаецца ўрачысты пачастунак. Бо калі ёсць стол, павінен быць і пачастунак. Але я ніколі нічога за гэтым сталом не ем.

Пасля балю з падсвечнікаў дастаюць недагарэлыя свечкі, старанна саскрабаюць воск з пазалочанай бронзы і падлогі і ўсё гэта злепліваюць у вялікі васковы брудны шар, каб скарыстаць для нейкіх гаспадарчых патрэб.

Хутка будзе баль.

Пошасць

Увесь замак прапах гаркавым пахам зёлак. Іх паляць у маленькіх свяцільніках, жмутамі кідаюць у каміны, падвешваюць снапкамі пад столлю. Кабеты носяць на грудзях паркалёвыя мяшэчкі, напханыя тымі ж зёлкамі. Часам разам з зёлкамі ў мяшэчкі кладуцца свяшчэнныя рэліквіі — частачкі мошчаў якогась Божага Угодніка, трэсачкі ад Крыжа Гасподняга ці пёрка Святога Духу. Але я заўважаю, што адчай прымушае людзей шанаваць зусім іншыя прадметы, і нярэдка побач з кіпарысавым крыжам і мяшэчкам з зёлкамі на грудзях прыгожанькай маладзіцы можна пабачыць высушаную лапку жабы ці кажана ці яшчэ нешта падазронае, цёмнае, зморшчанае, падобнае на сухі грыб.

Я, акрамя Святога Крыжа, не надзяваю нічога, нават упрыгожанняў. Падчас пошасці гэта непрыстойна.

Звычайна пошасць прыходзіць летам, калі ад балот падымаюцца атрутныя выпарэнні, ці ўвосень, калі халодныя дажджы ператвараюць глебу ў суцэльную смярдзючую калатушу. Цяпер зіма. Людзі кажуць, вельмі кепска, калі пошасць прыходзіць гэткаю парою. Значыць, яна такая моцная, што не баіцца самых лютых маразоў.

Напэўна, вельмі цяжка паміраць пад скавытанне завірухі, у задушлівай хаце, а потым нехта мусіць дзяўбці каменную прамерзлую зямлю, каб схаваць у яе тваё адубянелае цела, і не станецца ў яго сілы на добрае слова аб няўчасным нябожчыку.

Праўда, падчас пошасці людзі вяртаюцца да паганскіх звычаяў, сцягваюць сваіх памерлых у кучу і спальваюць. Я бачу праз акно далёкі дым ад гэтых пачварных вогнішчаў.

Я не баюся пошасці. Я добра ведаю яе. Яна не злосная, толькі вельмі галодная. Цяжка кагосьці вінаваціць за тое, што ён спатольвае свой голад. Чалавек, які растаптаў мурашнік, вінаваты нашмат больш. Калі б пошасць мела такую прагу разбурэння і неміласэрнасць, як чалавек, яна даўно знішчыла б апошняга прадстаўніка людскога роду.

Але пошасць заўсёды канчаецца. І апусцелыя мястэчкі і вёскі зноў напаўняюцца вясёлымі і звяглівымі галасамі.

Добра ўжо тое, што падчас пошасці ніколі не прыязджаюць гэтыя. Наўрад ці яны баяцца. Мусіць, ім проста робіцца тут сумна.

Час ад часу з боку вёскі далятае жалобны гук званоў. Ім адклікаецца ўрачыстым басам звон нашага замкавага храма. Ад яго голасу дробна дрыжаць крышталёвыя кубкі і звініць пакладзены на край талеркі нож.

Я кладу на сябе знак крыжа. Дзве кабеты, што стаяць за маёй спінай, робяць тое самае. Пасля адна з іх падыходзіць да каміна і сыпле ў агонь прыгаршчы зёлак. З'едлівы пах расцякаецца па пакоі. Звон усё б'е, недзе падгалошвае яму звон на вясковай званіцы, і не чуваць ні людскога голасу, ні плачу.

Са стала прыбіраюць посуд, і я застаюся адна. У маіх пальцах — сухая кветка. Яна ўпала са снапка, падвешанага пад столлю. Напэўна, калісьці яе пялёсткі былі сінія. Зараз яны бледныя, як папера, толькі на самых кончыках захаваўся бляклы сіні колер. Кветка лёгкая і цвёрдая. Я сціскаю яе ў пальцах, але яна чамусьці не крышыцца. Толькі пераломваецца напалам тонкае сцябло. Я адчуваю, што пакалола пальцы, і кідаю кветку на падлогу. Мёртвае заўсёды варожае жывому. Нават калі гэта кветка. Няўжо людзі думаюць, што забітыя імі ж расліны будуць ратаваць сваіх забойцаў?

Званы сціхаюць. Чуваць спеў завірухі. Ён то ўздымаецца да непрыемнага скавытання, то амаль сціхае, быццам нехта ходзіць пад вокнамі замка і не наважваецца пастукаць. Але сцішылася. Снегавая мітульга асела на зямлю, і чорны аксаміт неба працялі вострыя зрэнкі зор. Гэта добра, што зоры глядзяць на зямлю. Няхай іхні пагляд халодны да болю, гэта ўсё-ткі вочы анёлаў. І я ведаю, што хутка пошасць спатоліць свой голад і засне. На нейкі, не тут вызначаны, час. Загалёкаюць на лясных дарогах дзікія паляўнічыя, і з-пад капытоў іхніх коняў будуць уздымацца снежныя фантаны. Вандроўныя музыкі зноў будуць прасіцца у замак — павесяліць пані і адагрэцца, ад'есціся пасля зімовай дарогі (на жаль, лепшыя з іх зімой не вандруюць — ім ахвотна даюць прытулак да вясны ў любым замку, з увагі на доўгую чараду цёмных вечароў, да якіх так пасуюць старажытныя балады).

Зёлкі дагараюць у каміне, іх колкія сцябліны курчацца і згінаюцца ў агні. Заўтра загадаю дастаць куфэрак з маімі ўлюбёнымі перлінамі.

Хрэсьбіны

Калі блізу дня маіх народзін у вёсцы нараджаецца дзяўчынка, мяне просяць быць хроснай маткаю. Я не павінна адмаўляцца. Такі звычай.

Хрышчэнне адбываецца ў замкавым храме. Я прыходжу туды ў белай сукенцы з вялікім карункавым каўняром, які падымаецца за маімі плячыма, падобна накрухмаленым крылам. Мне даюць трымаць невялікі паркалёвы скрутак, у якім можна разгледзець толькі маленечкае чырвонае падабенства чалавечага твару. Я трымаю на руках чалавечае дзіця і, як магу, зычу яму ў думках шчасця, прашу ў Госпада, каб надзяліў Ён гэтае сваё стварэнне здольнасцю радавацца прыгажосці свету, уменнем бачыць і смеласцю бараніць гэтую прыгажосць.

Дзяўчынка будзе насіць імя маёй святой заступніцы. У якасці падарунка я надзяваю на хросніцу каралі з перлін. Наўрад ці болей я пабачу гэтае дзіця. Яно вырасце і перажыве не адну пошасць, і не адно дзікае паляванне сарве з вясковай дзяўчынкі вянок. І ўвесь свой век будзе гэтая дзяўчынка, пасля кабета, назапашваць палотны і каралі, словы кахання і зайздросныя позіркі суседак, і ніколі не назапасіць, і калі-небудзь загорне дрыжачымі рукамі сваё нованароджанае дзіця ў беражоны бялюткі павойнік, і вырашыць, што лепей запрасіць хроснай маткай не пані, а суседку, у якой ніколі не здыхаюць свінні. Будзе больш удачы. І пацямнеюць мае перліны разам з дзесяткам срэбных манет у гліняным гаршку, закапаным пад усходнім кутом хаты.

Я перадаю ахрышчанае дзіця на рукі маці. Што я магу змяніць? Толькі дадаць яшчэ адну нізку перлін.

За акном шэрае веснавое неба. Кусты шыпшыны цягнуць да яго аголеныя галіны. Нібыта просяць хутчэй запаліць на іх ружовыя агні, хутчэй вызваліць іх з чорна-белага мёртвага свету. Звон на замкавай вежы б'е адзін раз. Я бяру з чорнага куфэрка перліну і акуратна нанізваю на навошчаную шоўкавую нітку. Учора гэтыя прыгаршчы перлін прасвідравалі па маім загадзе. Зразумела, знізваць іх у каралі маглі б і прыслужніцы, але я заўсёды раблю гэта сама.

64
{"b":"247642","o":1}