Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Цётка Крыся жаласна ўсміхнулася, паспрабавала зірнуць па баках у пошуку падтрымкі, але сустрэлася з прагнымі цікаўнымі позіркамі і сумелася. А голас усё заклікаў:

— Жоначка мая! Ці чуеш мяне? Цётка Крыся няўпэўнена вымавіла:

— Та-ак…

— Я сумую па табе, жоначка, — працягваў вяшчаць непазнавальны голас Юзькі.

А разгубленая цётка Крыся ўжо без унутранага супраціву прымала шматлікія прыгожыя словы, што прамаўляў нябожчык, які пры жыцці нічога падобнага не гаварыў, дый не ўмеў такога гаварыць. Часам дух памыляўся, напрыклад, калі расказваў, як часта дарыў каханай жоначцы кветкі,— праставаты Юзька быў да такога няздольны. Але цяпер ва ўяўленні ўдавы памерлы муж паўстаў іншым, і ўсе гэтыя словы пра кветкі і палкія пацалункі — вядома, усё было! Так, як марыла ў дзеўках! Усё было, проста яна забылася… І ветэрынар быў не прыгорбленым лысаватым недарэкам, а стройным мажным мужчынам з тым менавіта позіркам, ад якога ў сапраўднай жанчыны салодка шчыміць у грудзях… І ад раптоўнага ўсведамлення, што гэты прыгажун, на якога яна мела выключнае права, цяпер бясплотны дух, які сядзіць у жываце медыумавай асістэнткі, цётка Крыся нечакана гучна ўсхліпнула…

Пан медыум зараз жа перастаў махаць рукамі над галавой Аманды і аб'явіў, што ў цела рэцыпіента можа ўсяляцца наступны дух… Вось, напрыклад, той, пра якога так настойліва думае гэты малады пан з вусамі… Пан Вабішчэвіч не паспеў запярэчыць, як з жывата мадам Аманды пачуўся голас, па ўсёй верагоднасці, той, пра каго думаў пан Вабішчэвіч. А думаў ён пра сваё таемнае каханне. Чаму прыгажуня Мэры, якая ў гэты час сядзела за піяніна ці кніжкай у адным з пакояў губернатарскага дома, прамаўляла да яго з таго свету, — Вабішчэвіч і не думаў, ашаломлены хваляй пяшчоты і палкага пачуцця. Аказалася, недаступная Мэры пакутуе без настаўніка Вабішчэвіча, думае пра яго ўвесьчасна і марыць злучыць калі-небудзь свой вечны дух з ягоным…

Цяпер духі пачалі змяняць адзін аднаго ў Амандзіным целе вельмі хутка. Ліхвяру Губерману, які пахаваў чатырох жонак, адна з іх (невядома, каторая) паабяцала адплаціць на тым свеце пяшчотай і клопатамі, якія мела ад яго на зямлі. Губерман збялеў і доўга выціраў вялікай клятчатай насоўкай узмакрэлы лоб. Па настойлівых просьбах прысутных мадэмуазель Гарабец мусіла перамовіцца слоўцам са сваім шаноўным бацькам-палкоўнікам кавалерыі, пра якога кожны дзень чулі з вуснаў мадэмуазель. Як апошняя ні аднеквалася турбаваць гэтак важны дух, ён з'явіўся і самым кранальным чынам пачаў пераконваць дачку ў сваёй пяшчотнай любові, заклікаў адкінуць гонар і забабоны і не адвяргаць любячых яе блізкіх асоб і не ўпускаць свайго шчасця. Аднак мадэмуазель Гарабец чамусьці не расчулілася і, ярасна абмахваючы маленькім веерам пачырванелы твар, сярдзіта глядзела на магнетызёра.

А духі зляталіся, як мухі на мёд. Яны былі красамоўнымі, дабрадзейнымі, велічнымі і перапоўненымі любоўю да жывых. Прысутных ахапіў хваравіты ажыятаж. Кожнаму хацелася прадэманстраваць, што яго памерлыя не горшыя за іншых. Пасля ўзбуджэнне змянілася бояззю. Спакушаныя жыхары горада Б* не ўсвядомілі, але адчулі, што неасцярожна наклікалі ў свой горад сотні мерцвякоў, якія дагэтуль спакойна займалі адведзеныя ім нішы і задавольваліся паніхідамі і вянкамі. Цяпер яны блукалі між жывых і патрабавалі ўвагі да сябе. Мінулае рэстаўравалася, як царква, у якой фрэскі чатырнаццатага стагоддзя, суровыя, строгія, патрэсканыя, замазалі прыемнай воку белай крэйдавай фарбай, на якой добра глядзяцца выявы ружовашчокіх херувімаў з пазалочанымі кудзеркамі.

Але перш чым боязь прысутных выявілася вонкава, вопытны гастралёр перапыніў сеанс, вярнуў душу асістэнткі на законнае месца, яшчэ раз ухваліў прагрэсіўных жыхароў горада Б*, раскланяўся і знік назаўсёды разам з мадам Дэльмар і сакваяжам з грашыма…

Назаўтра горад Б* трэсла ад чутак. Перад царквой, перад касцёлам і перад сінагогай расказвалі, што цётка Крыся зрэзала ўсе ружы ў сваім гародчыку і занесла іх на магілу ветэрынара; што настаўнік Вабішчэвіч уварваўся ў губернатарскі дом з непрыстойнымі крыкамі; што ліхвяр Губерман зварочвае справу…

Адна мадэмуазель Гарабец не каменціравала спірытычныя падзеі.

Горадам Б* уладарылі мерцвякі. Людзі міналі касцёл, сінагогу, царкву і карчму і накіроўваліся на могілкі. Там глядзелі на крыжы, каменныя слупы, папяровыя вянкі, але сувязь між звыклымі прыстойнымі атрыбутамі і тым невядомым, што было закапана пад імі, парвалася. Магілы нагадвалі пустыя коканы, а невядомыя істоты, што вырваліся з іх воляю праклятага гастралёра, лёталі над лопухамі і чарнабылам, над бялявымі галоўкамі дзетак і лысінамі паважных дзядзькоў, дасканалыя, вечныя, любячыя… Адчуванне было як падчас спякоты на лясной сцяжынцы, калі да потнага цела ліпнуць авадні і павуцінне, зумкаюць над вухам камары, а ў вочы лезе нахабная машката…

І горад Б* пачаў вызваляцца ад свайго кашмару. У зале гарадскога тэатра сіламі выкладчыкаў мужчынскай гімназіі і рэальнай вучэльні арганізавалі лекцыю пра шарлатанскую сутнасць спірытызму. Пан Бурдэйка ды ягоная таўсматая пасія — проста шараговыя чэрававяшчальнікі, і ніякіх духаў яны не выклікалі, а гаварылі падрыхтаванымі фразамі, чаму сведчанне — шматлікія недарэчнасці. У храмах усіх канфесій асуджалі тых, хто спрабуе зносіцца з духамі, бо па сваёй грахоўнай зямной існасці дастане толькі візіту дэманаў. І ўрэшце нябесныя сілы спаслалі апошні аргумент — нумар губернскай газеты, у якім паведамлялася, што сярод ахвяр чыгуначнай катастрофы на станцыі Н* быў вядомы спірытуаліст Б-ка са сваёй жонкай і асістэнткай, з якой накіроўваўся на чарговыя гастролі ў Маларасію. Вось вам і «вечная таямніца»…

Жыццё круціла свае нетаропкія жорны, і ўсё сталася друзам, тлом, ценем…

Нябожчыкі вярнуліся ў труны пад папяровымі вянкамі і вершаванымі надпісамі, у карчомцы застукаў келіх аб келіх: «Вечная памяць!»

Памерлыя страцілі голас, веліч і любасць, зноў зрабіліся звычайнымі, хворымі, лысымі, кульгавымі, звяглівымі, ілжывымі, слабымі… Нічым не лепшымі за жывых…

Ліхвяр Губерман ажаніўся пяты раз. Мадэмуазель Гарабец нечакана атрымала спадчыну і пераабсталявала майстэрню, дзе цяпер некалькі мясцовых дзяўчатак страчылі пад яе наглядам на машынках «Зінгер», а сама мадэмуазель, трымаючы ў пульхнай руцэ з пярсцёнкамі кубак з гарбатай, другой раскладала бясконцыя пасьянсы «Піраміда» і «Магіла Напалеона». Пан Вабішчэвіч таксама ажаніўся — з дачкой выкладчыка лацінскай мовы, якую за вочы называлі Верка-Прышчэпка. А цётка Крыся ўдастойвала свайго ветэрынара папяровым вянком на Радуніцу ды паніхідамі ў вызначаныя памінальныя дні.

За вечны супакой у той год было выпіта ўтрая больш звычайнага. Вечная вайна мёртвага і жывога скончылася часовай эфемернай перамогай апошняга. Жыццё паказала бяззубай смерці ружовы язык і садрала з мінулага фальшывыя фальбоны…

Але…

Але ніхто не наважыўся б сцвердзіць, што горад Б» не шкадаваў аб тых нябожчыках, спароджаных у неабдымным чэраве шарлатанкі Аманды, што чорныя страусавыя перы не ўскалыхваюцца час ад часу над ураўнаважаным местачковым жыццём… І што такое тры рублі ў параўнанні з вечнай прагай душы — жаданнем цуда і несмяротнасці…

P.S. Хадзіла яшчэ чутка, быццам былі прысланыя на пошту горада Б* у якасці часткі спадчыны чарнявай мадэмуазель Гарабец шматлікія каробкі і скрыні і быццам быў там сакваяж, надта падобны да таго, які бачылі ў руцэ спірытуаліста Бурдэйкі. А калі адчыніла мадэмуазель вялікую круглую каробку, нібыта калыхнуліся там чорныя страусавыя перы…

Але мадэмуазель Гарабец з плачам схілілася над імі, так што пэўнасці ніхто даць не мог…

Семела і Юштэр

Аднойчы Юпітэр пакахаў зямную прыгажуню Семелу. Па намове раўнівай жонкі Юпітэра Юноны Семела папрасіла, каб каханы паказаўся ва ўсім бляску боскай славы. Невыноснае для зямных вачэй відовішча забіла Семелу.

Старажытнагрэчаскі міф

Калі ў гэтым недасканалым свеце ўсё-ткі сустракаюцца такія рэчы, як ружы, лебедзі, захад сонца на фоне развалінаў старога замка горада Б* і мігдалавы торт, павінны ў ім быць і шчаслівыя людзі.

38
{"b":"247642","o":1}