Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Мікалай Шпадаровіч вяртаўся дадому са спектакля заезджай тэатральнай трупы. Тэатрык быў варты жалю, трупа была бяздарнай, піва ў буфеце мела прысмак мыла, а зоры свяцілі абуральна ярка. Капялюш пана Мікалая быў крыху ссунуты на левае вуха, адкрываючы бездакорна прычасаны набрыялінены чуб; пад расшпіленым пінжаком паблісквала шэрая парча камізэлькі і шаўковы вузел гальштука, блішчэлі панскія чаравікі і наверша моднай кульбачкі ў выглядзе галавы чорнага пудзеля. З-за кустоў вынырнула тоненькая постаць.

— Пан Мікола… Я толькі хацела сказаць… У пана Міколы такія вершы…

— Ве-ершы? — Шпадаровіч пагрозна наблізіўся да дзяўчыны. — Ты хто такая?

— Пан Мікола чытаў мне вершы… Там, у замку…

— А, «лясны дух»! Ты адкуль тут? Цікуеш за мной? Хто цябе выхоўваў? Хіба прыстойна паненцы чапляцца да незнаёмага мужчыны? Ат, што з іх узяць! «Дзяроўня!» А туды ж, «вершы»… У труне я бачыў тыя вершы з табой разам…

Апошнія словы пан Мікалай гаварыў ужо за зачыненымі варотцамі. Назаўтра ён з'ехаў да месца вучобы і ў горад Б.* не вярнуўся ніколі. Не прыехаў нават на пахаванне бацькі. Казалі, што ён выгадна ажаніўся з дачкой свайго прафесара, кінуў літаратурныя высілкі і трымае сваю клініку, дзе з задавальненнем лечацца багацейкі ад атлусцення, істэрыі ды астэніі.

Ганулька па-ранейшаму гандлявала ў бацькавай краме. І нават калі зрабілася сталай кабетай, маці пяцярых дзяцей, па-ранейшаму перахоўвала таямнічы кавалак паперы, спісаны словамі, што перакрэслілі жыццё і яе, і ейнага бажаства, і да самай сваёй смерці не даведалася сэнсу гэтых слоў.

А калі б змагла, дык прачытала б у запаветным лісце наступнае: «Уважаемый г-н Шподарович! Прочитал Ваши стихи, которые Вы мне прислали, как Вы изволили выразиться, на беспристрастный суд. Не обнаружил в них ни чувств, ни мыслей. Право, можно подумать, что вы живете под стеклянным колпаком в обществе нескольких романтических книжек. От всей души советую — займитесь полезным обществу делом и не тратьте душевный пыл и бумагу на гимназические литературные практикования».

Подпіс неразборлівы.

Сідон і Траяніцы

Падчас Траянскай вайны грэк Сідон перабег да траянцаў і пераканаў іх увесці ў Трою драўлянага каня са схаванымі ў яго чэраве ахейцамі.

Старажытнагрэчаскі міф

У горадзе Б* было трое могілак — праваслаўныя, каталіцкія і габрэйскія.

І калі нехта сумняваўся ў тым, што тутэйшыя жыхары шануюць памяць продкаў, яму варта было прайсціся сярод крыжоў, пафарбаваных бронзавай фарбай, каменных анёлкаў ды каменных дрэў з абсечанымі галінкамі, пачытаць кранальныя надпісы ў вершах… А як урачыста ўспаміналі шаноўных памерлых у касцёле з жоўтай цэглы, драўлянай беленай царкве і аздобленай бурачковай кафляй сінагозе!..

Жыхары горада Б* любілі сваіх памерлых. Яны пілі за іх вечны супакой і куплялі ім штучныя кветкі. Што яшчэ могуць патрабаваць нябожчыкі ад жывых? Калі гэта не ёсць памяць, дык на якую халеру яна трэба, істэрычная слязлівая паненка?..

Пан Бурдэйка з'явіўся ў горадзе Б* спачатку ў выглядзе афішы. З платоў і сцен пазіраў мефістофельскага тыпу мужчына ў дзіўным квадратным капелюшы, з аднаго рога якога звісаў шнурок з кутасом. «Толькі адзін сеанс! — хорам чыталі цікаўныя жыхары горада Б*.— Вялікі медыум Альфонс Бурдэйка з асістэнткай Амандай Дэльмар! Галасы з таго свету! Завеса таямніцы прыадкрываецца!»

Хто расклеіў тыя афішы, і калі — сапраўды засталося за завесай таямніцы.

Тры дні ля касцёла, ля царквы і ля сінагогі жыхары горада Б* абмяркоўвалі нешараговую падзею, што мусіла адбыцца.

— Нізавошта не пайду! — крычала цётка Крыся, шаноўная ўдава ціхмянага ветэрынара Юзькі.— У Бібліі сказана — пакарай сідонскую вядзьмачку! Не пайду губіць сваю вечную душу! — і чорная, з блішчынкамі хустка цёткі Крысі ўзвышалася на сабраных у высокі вузел валасах як востраў непадкупнай дабрадзейнасці.

— Звычайнае шарлатанства! — паблажліва тлумачыў наведнікам кавярні выкладчык мужчынскай гімназіі пан Вабішчэвіч, які любіў памарыць за філіжанкай кавы ў згаданай кавярні пра сваё таемнае каханне да гордай дачкі губернатара, вядомае ўсяму гораду Б*.— Наш былы супрацоўнік пан Капуцкі ўчыняў спірытычны сеанс. Пасадзіў усіх за круглы стол, прымусіў трымацца за рукі, запаліў эфірнага спірытусу, і пачуўся голас Напалеона. Высветлілася, за парцьерамі стаяў настаўнік фізкультуры… Дурнота, панства! — рамантычныя тонкія вусікі Вабішчэвіча скептычна варушыліся.

— Тры рублі білет! Траціць такія грошы на ўсякае страхоцце! — паціскала плячыма мадэмуазель Гарабец, чарнявая незамужняя таўстуха, якая нядаўна перабралася ў горад Б* аднекуль з-пад Чарнаўцоў і адчыніла маленькую швейную майстэрню пад шыкоўнай шыльдай: «Пашыў элегантных сукенак і ўрачыстых касцюмаў». — Такія сеансы вельмі небяспечныя! На іх адбываюцца рэчы, невыносныя для слабых нерваў. Мой дарагі бацька, палкоўнік кавалерыі, не ўхваліў бы падобныя экзерсісы!

Меркаванню шаноўнага памерлага палкоўніка кавалерыі пана Гарабца, чые жыццё і смерць адбыліся, на жаль, па-за межамі горада Б*, нельга было запярэчыць…

І як вы думаеце, колькі прыйшло жыхароў горада Б* на падазронны сеанс пана Бурдэйкі? Правільна, прыйшлі ўсе.

Невялікая зала Таварыства аматараў цвярозасці аказалася набітая людзьмі, якія з усіх сіл дэманстравалі адзін аднаму выразамі твараў, тонка разлічанымі жэстамі і шмат-значным хмыканнем, што яны тут выпадкова і з вяршыні свайго навукова-прававернага кругагляду паблажліва пазіраюць на імпрэзу.

Пан Бурдэйка аказаўся лысым і невысокім. Вакол яго адчувалася магутная аўра таннага адэкалону і слівянкі, якая яшчэ пару гадзін таму знаходзілася ў графіне рэстарацыі гатэля «Эсперасьён». Чатырохраговага капелюша з кутасом не было.

Выйшла на сцэну і немаладая мадам Дэльмар з пукам чорных страусавых пёраў на галаве. Яна ўселася на крэсла пасярод сцэны, і магнетызёр загаварыў.

— Шаноўнае панства! Прыемна бачыць, што ў горадзе Б* столькі прагрэсіўных людзей са смелым мысленнем…

Пасля кампліментаў гастралёр распавёў навуковае абгрунтаванне існавання бессмяротнай існасці чалавека, будову іншасвету, карысць зносін з ім і горача прапанаваў прысутным аднавіць у памяці тых жыхароў іншасвету, з кім хацелі б паразмаўляць. Выключна навуковая тэрміналогія знізіла напружанне ў зале. «Біятокі», «экстрапаляцыя», «гіпермедыум» ды «кантактаванне» сваёй супакаяльнай незразумеласцю надавалі імпрэзе добрапрыстойны сэнс.

І ў гэтую падступную хвіліну кожны жыхар горада Б*, збяднелы на тры рублі, падумаў: «Чаму не?» або «Можа быць…».

— Вось вы, мадам, — звярнуўся магнетызёр да паважнай цёткі Крысі, чыя высокая прычоска пад чорнай хусткай з блішчынкамі ўзвышалася ў першым радзе. — У вас, напэўна, ёсць у іншасвеце блізкі чалавек, якога пяшчотна любілі і з якім марыце злучыцца ў вечнасці… Вы хацелі б задаць яму некалькі пытанняў, пачуць ягоны голас?

Цётка Крыся ўздрыгнула. Вышыня ўдовінай велічы не магла пахіснуцца на вачах горада Б*. І цётка няўпэўнена хітнула галавой на знак згоды.

— Памятайце толькі,— злавесна папярэдзіў Бурдэйка, — што душы, якія прайшлі скрозь браму смерці, могуць непазнавальна змяняцца, але і выяўляць сваю сапраўдную сутнасць…

Медыум стаў за спінай мажной Аманды і пачаў рабіць імклівыя рухі над ейнай галавой з чорнымі пёрамі, быццам плыў супраць небяспечнай плыні. Пёры на галаве мадам Дэльмар калыхаліся, азызлы набелены твар застыў, падобна антычнай масцы, вочы заплюшчыліся. Замагільным голасам мадам апавядала, што яе душа аддзяляецца ад цела і саступае яго ўсім жадаючым вольным духам, якія будуць прамаўляць з яго нетраў.

Пан Бурдэйка абвясціў, што бачыць, як цела асістэнткі насяляе дух, выкліканы палкім жаданнем глядачкі з першага рада.

— Я тут, каханая жоначка! — Хрыплы голас, зусім не падобны на няўпэўнены тэнарок нябожчыка ветэрынара, чуўся не з крывава-чырвоных вуснаў мадам Дэльмар, а, здавалася, аднекуль з ейнага жывата. — Ты чуеш мяне?

37
{"b":"247642","o":1}