— Дзе — Старавежск, а дзе — Канстанцінопаль… Як сын візантыйскага імператара туды патрапіў? — не вытрымаў Рыгорка.
Міхась паблажліва зірнуў на сумніўцу.
— Вядома ж, выправіўся ён не для таго, каб у нашым мястэчку пагасцяваць. Тады ад Візантыйскай імперыі мала што засталося. Фактычна, адзін Канстанцінопаль. Туркі-сельджукі — з аднаго боку, крыжаносцы — з другога… Стары імператар, бацька старавежскага госця, у адчаі спрабаваў дабіцца дапамогі ў Еўропе, гатовы быў нават на рэлігійныя кампрамісы. І сына адаслаў — і для таго, каб уберагчы ад небяспекі: надта баявіты быў. І дзеля наладжвання гэтых сувязяў… Папросту кажучы — высватаць прынцэсу з магутнай дзяржавы. Магчыма, са Швецыі. А праз нашу краіну, каб ты ведаў, здаўна праходзіў славуты шлях «з варагаў у Бізантыю», або, як яшчэ кажуць, «з варагаў — у грэкі».
— А прынц закахаўся ў нашу прыгажуню! — захоплена ўсклікнула Марылька.
— Наяўнасць пачуццяў я, як гісторык, засведчыць не магу, — з прыхаваным сарказмам сказаў Міхась. — А вось цікавы дакуменцік, складзены апошнім візантыйскім імператарам адразу па ўзыходжанні на прастол, знайшоў. Запрашэнне на службу ліцвінскаму шляхціцу Канстанціну Дарбуту, з наданнем княжацкае годнасці ды іншымі дабротамі. Антось пахітаў галавой.
— Здаецца, у нашым родзе князёў не было…
— Таму, што Канстанцін Дарбут адмовіўся ад запрашэння. Паслаў імператару гарбуза. І, па сутнасці, правільна зрабіў — праз чатыры гады імперыі не стала. Ну і тут яшчэ цэлы стос дакументаў — выпіскі, даведкі ды іншая трасца. Твой продак, вядома, бастард, незаконнанароджаны. Але іншых нашчадкаў Канстанцін ХІ не меў. Дарэчы, яго пляменніца выйшла замуж за расійскага цара Івана ІІІ, так што ты маеш сваяцтва з расійскай каронай.
Міхась самазадаволена складаў паперы.
— Па-мойму, пераканаўча! — радаваўся Цыпрыян. — Гэта вам не рэспубліка, якую можна прыдушыць, і ніхто ў свеце не зварухнецца! Беларускі кароль з імператарскай крывёй у жылах! Такое нават цёмны вясковы дзед зразумее! І ў свеце прызнаюць як міленькія!
— А ці не дурні мы? Камсамольцы-манархісты… — спахмурнеў Міхась. — Ставіць сёння на манархію? У той час, як па ўсім свеце яны разбураюцца. Толькі што пазбавіліся ад «памазанніка», які беларушчыну жыўцом у зямлю закопваў, ствараючы «Северо-Западный край»…
— Пры чым тут сапраўдная манархія? — абурыўся Янук. — Беларускі кароль — проста сімвал, штандар, каб аб'яднаць народ. Да каранацыі і не дойдзе. Мы ж адразу — канстытуцыю… І роўныя правы ўсім…
Антось нарэшце адкінуў задуменнасць. Яго сінія вочы гарэзна бліснулі.
— Ну, дзякуй ад жывога штандара! Я не супраць быў бы застацца звычайным паэтам.
Змоўшчыкі загаманілі, у кожнага выявіліся бліскучыя стратэгічныя планы.
— Але, сябры, хоць можам цяпер смела брацца за справу, трэба памятаць пра непрыемную акалічнасць, звязаную з любой манархіяй, — сурова загаварыў Міхась. — Ідэя манархіі існуе, пакуль існуе манарх. Няма нікога хоць з кропляй крыві дынастыі — усё скончана. І калі Антось загіне… Яго няма кім замяніць.
Усе трывожна паглядзелі на Антося. Нібыта ўбачылі першы раз. Іх кароль, аказваецца, — высокі, гожы, з наіўнымі сінімі вачыма і суровым ротам… Адна Марылька, сцямнеўшы тварам, глядзела на чорна-залатую зямлю.
Антось няёмка рассмяяўся:
— Світу да мяне прыстаўце… Целаахоўнікаў. Глупства гэта! Нікуды я не падзенуся. Яго каралеўская вялікасць умее цыраваць адзежу, секчы дровы і можа пастаяць за сябе.
Міхась зноў дастаў з кішэні паперы, задумліва паглядзеў на
іх.
— Вось што… Я зраблю копіі, і мы іх дзе-небудзь схаваем. Бо калі даведаюцца… тыя, з іх станецца знішчыць нават самі крыніцы. І… беражы сябе, Антось. Залішне нагадваць, але… Да апошняга ніхто больш не павінен ведаць сапраўднае імя беларускага караля. Ты, Антось, не павінен раскрывацца нават нашым аднадумцам.
З таполяў зноў з карканнем узляцелі вароны.
— Кыця-кыця-кыця!
У аддаленні, па дарожцы ад касцёла, рухалася цётка ў вялізным капелюшы. За ёй бегла з дзесятак бадзячых катоў.
— Статс-дама Пальміра Мрачкоўская з пажамі! — захіхікаў Рыгорка.
Яго смех падхапілі астатнія хлопцы, нехта дурасліва замяўкаў. Дзівакаватая жонка тутэйшага доктара была асобай вядомай.
— От разумнікі! — спыніла рогат Марылька. — Гэтая кабета не толькі сабак ды катоў прыкармлівае. Яна суседскіх дзетак за так маляваць вучыць. І мае вучні-беспрытульнікі многія ў яе карміліся, пакуль у інтэрнат не трапілі. А карціны вы ейныя бачылі?
— Добра, добра, Марылька, пераканала. — Янук уладна пагладзіў дзяўчыну па плечуку, але сустрэў насмешлівы позірк і сумеўся: — Давайце па хатах, пакуль дабрадзейная Пальміра сюды сабак не прывяла.
Лісце з шоргатам ападала на зямлю, на помнікі, прыліпала да граніту, быццам безнадзейныя лісты да нябожчыкаў. Маладыя таполі ўмольна цягнуліся галінкамі да ўжо астылага сонца, нібы спадзяваліся дастаць яшчэ крыху летняга цяпла…
Ад брамы ўсе разыходзіліся ў розныя бакі. Янук памкнуўся быў пайсці з Марылькай, але яна подбегам дагнала Антося.
— Можна з табой?
Гэта было так неверагодна, што Антось не змог нічога адпаведнага сказаць. Яны моўчкі ішлі па ціхай Кальварыйскай вуліцы, і ён усё ніяк не мог прыдумаць, пра што пачаць размову — у яго толькі замірала сэрца кожны раз, як лёгкая хустка Марылі, завязаная на шыі, па волі гарэзнага ветрыку датыкалася да яго рукава доўгімі кутасамі. Не куртуазны нашчадак у імператара…
— Я таксама хацела б, каб ты заставаўся «звычайным» паэтам, — раптам суха прамовіла Марылька, так пільна гледзячы наперад, быццам адтуль вось-вось мусіла з'явіцца варожае войска. — Ты мог бы быць вялікім паэтам, Антоська.
— «Мог бы»… Гаворыш, як хаваеш. Я ж яшчэ жывы!
— Вазьмі мяне замуж, Антось!
Ён аж спатыкнуўся. Пачулася, відаць? Марылька ішла, усё гэтак жа гледзячы перад сабой, са спакойным тварам, схаваўшы рукі ў кішэні пацёртага плюшавага пінжачка.
Вядома, пачулася… Але ён раптам усвядоміў, якая дзяўчына ўся напятая — быццам струна…
— Ну дык як? Згодны?
— Паслухай… Я не разумею…
— А што тут не разумець?! — яна рэзка спынілася, пазіраючы на яго злымі зялёнымі вачыма.
Якія ў яе вочы, калі яна злуецца! Напэўна, так ззяюць смарагды, калі глядзець праз іх на сонца. Ён усё яшчэ не ўцяміў. А яна гаварыла — аж перахоплівала голас:
— Няўжо трэба тлумачыць? Мы загінем! Праз тыдзень, заўтра, пазаўтраму! І першага пацягнуць цябе! І ты ніколі… Мы з табой ніколі… Гэта ж горай за смерць! Два гады знаёмыя. Няўжо ты такі сляпы?
Ён верыў і не верыў. Варухнулася страшнае, здрадлівае — хоча пабыць каралевай! Але Марылька, як пачуўшы ягоныя думкі, тупнула нагой:
— Ды не абыходзіць мне тваё каралеўскае паходжанне!
І раптам… заплакала. Закалаціліся худзенькія плечы. Ён ні разу не бачыў, каб незалежная Марылька, якая папросту спраўлялася са сваімі выхаванцамі — былымі беспрытульнікамі, плакала. Ён нясмела пагладзіў яе даланёй па мокрай шчацэ… І адчуў, як па яе целе прайшлі дрыжыкі… Такія ж, як у яго — ад дотыку да яе…
— Дурненькі…— прашаптала яна і так зірнула ў яго сінія вочы, што ўсе ягоныя сумневы расталі бясследна.
Іх узялі ўсё-ткі не праз тыдзень — праз тры месяцы.
Следчыя шчыра рагаталі над спробай пяці студэнтаў стварыць Каралеўства Беларусь. Справу, аднак, засакрэцілі да неверагоднага. Усе, хто меў да яе дачыненне, мусілі быць знішчанымі. Асабліва здзекаваліся над патэнцыяльным каралём. Ён выявіўся надзіва ўпартым. Нават схітрыўся збегчы падчас перасылкі. Ратуючыся ад пагоні, загінуў.
Пальміра Мрачкоўская ў бамбёжку 1941 года згарэла разам са сваім дамком ля Кальварыі — не хацела пакідаць карціны.
На папялішчы доўга збіраліся бадзяжныя сабакі і каты.
Сібірскія крумкачы
Зэк № 1-756 у калоне гэткіх жа, як сам, дахадзягаў цягнуўся ў свой барак.
Адзінае, што вылучала гэтага зняволенага, — вялікая птушка, што сядзела ў яго на плячы, як чорны анёл-ахоўнік.