Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Шлопак, які і на хвілю не страціў рахманай усмешкі, пакланіўся ў бок аблуднай Пётравай жонкі і ўмольна прагаварыў:

— Можа, пойдзеце дахаты, цётачка?

Наста няёмка агледзела сваіх нядаўніх сясцёр:

— Сапраўды ж, у Пісанні сказана…

Ну, вось усё і ўладзілася. Шлопак апынуўся ў абдоймах свежага вераснёўскага ветру. Горад Б* паволі рыхтаваўся да сустрэчы з вечаровым прыцемкам. Меланхалічна брахалі сабакі. Памідорчык будзе задаволены. Капеечку даў не дарэмна. Мамонька не збіраўся злоўжываць ягонай гасціннасцю, толькі, ідучы, уяўляў, як цётка Наста зойдзе ў хату, пасядуць яны з мужам на лаўку побач… Абдымуцца…

— Як галубочкі… Чыста галубочкі…— шаптаў расчулены ўяўленымі карцінамі шлопак.

Прадмесце горада Б* скончылася, што пацвердзіў прыдарожны крыж, абвязаны чысцюткім рушніком. За спінай чуліся нечыя крокі. Мамонька азірнуўся і ўбачыў… цётачку Насту. У белай, шчыльна павязанай хустцы, са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Шлопак хацеў папытацца, чаму гэта яна не ў сваёй хаце, але словы застралі ў тонкім шлопакавым горле. За цётачкай Настай адна за адной з паўзмроку выплывалі постаці сясцёр у белых хустках. Замыкаў працэсію кульгавы старэча. Цяпер яны спыніліся і неяк дзіўна глядзелі на шлопака. Ну, што ж, можа, людзям куды спатрэбілася… Мамонька сціпла саступіў з дарогі і пакрочыў па бакавой сцежцы. Азірнуўся… Працэсія след у след рушыла за ім. Беднаму шлопаку стала трохі непамысна.

Ён спыніўся:

— А людзі ж мае… А добранькія… Куды ж вы?..

— Ты ідзі, ідзі, бацюшка, не турбуйся… — ласкава-ласкава прагаварыла цётачка Наста і нізка пакланілася.

За ёй пачалі кланяцца іншыя.

— Ідзі, бацюшка… Бог цябе вядзе… І мы ўжо, грэшныя, за табою…

Мамонька разгублена агледзеў нечаканых спадарожнікаў і нарэшце ўбачыў, якія ў іх прасветленыя твары, як шырока яны ўсміхаюцца, як глядзяць на яго, шлопака!

Істэрычныя шэпты прымусілі Мамоньку задрыжэць:

— Сапраўдны… Сапраўдны… Просты духам… Блажэнны… Прарокаваць пачне… Хто будзе запісваць? Ты, Крыся? Аловак, аловак падрыхтуй…

Мамонька на нягнуткіх нагах рушыў па сцежцы і пачуў, як за яго спінай зладжаны хор зацягнуў алілуя. Замест баса казліным тэнарам выводзіў кульгавы.

Памідорчык так і не дачакаўся сваёй Насты. Горад Б* пагаварыў трохі пра гэта і забыўся — у каменных дамах пра новых апосталаў нічога і не чулі, а ў дамкі прадмесцяў завітвалі новыя і новыя клопаты і жахлівыя чуткі. Тым больш, карчомка — найлепшая Памідорчыкава суцешніца і дарадчыца, хутка высушыла ягоныя слёзы, а ў хуткім часе і вынесеныя з хаты аблуднай Настай грошы былі атрыманыя назад паштовым пераводам.

А яшчэ праз нейкі час балагол, праездам з суседняй губерні, перадаў Памідорчыку і зусім дзіўную пасылку — капеечку, загорнутую ў акуратную белую анучку.

Сказаў, ад святога чалавека, якога ў іхняй губерні надта шануюць за прароцтвы і аскетычнае жыццё.

Шляхецкія апавяданні

Слова гонару

Пачыналіся цёмныя лістападаўскія ночы — бяззорныя, чорныя, быццам сама безнадзейнасць, перавітыя жалобнымі стужкамі смугі. Андрусь слабеў. Кожны крок даваўся з цяжкасцю — усё-ткі застудзіўся тады, у халоднай, засыпанай срэбнай восеньскай расой лагчавіне. Коні жандараў тупаталі наверсе, на ўзгорку, і нельга было нават паварушыцца, каб адчуць знямелае ад холаду цела — нібыта яно само ўжо з туману і мокрай зямлі. На амаль голых галінках хмызнякоў гайдаліся дзівоснымі ўпрыгожаннямі сініцы, буйныя кроплі сыпаліся з галінак уніз, быццам перліны з парваных караляў, і Андрусю здавалася, што гэты аксамітны шум зараз выдасць яго. Але самі сінічкі нават не ценькнулі. Можа, ім перадаўся страх чалавека?

Яго вышуквалі ўжо другі тыдзень. Ад іх атрада засталося чацвёра — занадта мала, каб адбівацца, але для таго, каб страціць надзею, — замнога. Кола аблогі было шчыльным, але жандар — не тысячавокі Аргус. Яны вырашылі разысціся ў розныя бакі — некага заўважаць, другія выслізнуць. Вядома, каб пасля, у прызначаным месцы, сустрэцца і пачаць усё наноў. Андрусю выпала рушыць у бок родных мясцін — гэта была салодкая пакута. Не хацеў нават у думках згадваць — «уцякаю», «хаваюся»… Калісьці не сумняваўся — прыедзе пераможцам, на чале загартаванага ў бойках атрада, адсалютуе шабляй-маланкай перад ганкам, на які выбяжыць Яна… Анэля… У кароне залатых косаў, з шэрымі вачыма, падобнымі на два чыстыя возеры, у глыбінях якіх, аднак, хаваюцца гарэзлівыя русалкі. І ён пацалуе яе, не сыходзячы з каня, падхопіць з зямлі — гнуткую, лёгкую, такую жаданую… Каб не выпусціць з абдоймаў ніколі-ніколі! Між імі ўсё было вырашана ўжо даўно. Іх маёнткі побач, бацькі сябруюць, і яшчэ тады, на Каляды, калі ён аддаў зарумзанай ружовашчокай дзяўчынцы ў шчодра абсыпаным срэбным пылком касцюме Мятлушкі свайго мігдалавага генерала з вочкамі-разынкамі — і гатовы быў аддаць у кволыя ручкі ўсе свае цацкі,— яшчэ тады ён вырашыў: вырасце і заваюе… Вядома, прыгажунь, Чароўных Дам трэба заваёўваць. Тым больш ён засмучаўся, што зусім не быў падобны да мужнага воя, — валасы светлыя, рост хутчэй сярэдні, не багатырскія плечы — хаця жылаваты і трывушчы. А хіба бывае вой з такімі наіўнымі блакітнымі вачыма! А яна, ужо дзяўчына-падлетак, смяялася над ягонымі рамантычнымі ўяўленнямі: каханне — гэта ж не вайна, у ім аблога вядзецца толькі поглядамі, словамі, кветкамі… А я не варожая крэпасць, любенькі.

І ён крыўдзіўся і ўцякаў на стромы бераг рэчкі… І зноў вяртаўся — з кветкамі.

Анэля схавала б яго, вядома. Яму так трэба хаця б адну ноч правесці ў цяпле, высушыць адзежу… Выпіць гарачай гарбаты… Ён апошнія дні не мог нават дазволіць сабе распаліць вогнішча — па ўсіх дарогах раз'язджалі вартавыя, відаць, наведзеныя на ягоны след мужыкамі з той вёскі, куды ён зайшоў, каб купіць кавалак хлеба. А мог бы адабраць — у яго, нягледзячы на тое, што гэта была смяротная небяспека і, магчыма, проста глупства, — за поясам пад світкай быў пісталет з адным набоем. Андрусь проста не змог прымусіць сябе застацца бяззбройным — гэта значыла ўсё роўна як прызнаць сябе пераможаным. Пакуль у яго ёсць зброя — ён ваяр і паўстанне жыве.

Андрусь думаў абмінуць дарагія сэрцу мясціны. І нават сам не заўважыў, як скіраваўся менавіта ў той бок — нібыта яго вёў істынкт зацкаванага звера. У свой дом? Гэта немагчыма — вядома, ворагі чакаюць менавіта там. Не пакінулі яны без увагі і дом ягонай нявесты. З-за гэтай небяспекі Андрусь апошнія два гады нават не меў ніякага ліставання з блізкімі. Але ёсць, ёсць надзейнае сховішча — там, дзе ніхто не здагадаецца яго шукаць. І нават сам Андрусь раней не падумаў бы, што памкнецца да гэтага чалавека.

Гэта здарылася якраз два гады таму. Магічнае слова «воля» яднала людзей, і перамога, здавалася, вось-вось спусціцца да іх па срэбных аблачынках, і пратрубіць у залатую трубу, і ўзмахне празрыстымі крыламі над іхняй зямлёй, назаўжды вольнай. У Анэлі быў дзень народзінаў. Яго каханая прыйшла ў гэты свет яснай летняй раніцай, калі ўздымаўся белай пенай пад вокны глог і рассыпаліся па ўтравелых сцяжынках саду маргарыткі. І Андрусь не мог не прыйсці павіншаваць яе — з абярэмем лясных духмяных кветак. Гасцей сабралася няшмат — усе добрыя сябры, ніхто б з іх не здрадзіў. Яны зноў гулялі ў фанты і шарады, і нават у зусім дзіцячыя гульні — сляпога ката, залаты пярсцёнак, і тыя, хто прайграў, мусілі пацалавацца праз хустку. З лесу быў толькі адзін Андрусь. І таму зусім недаравальна, што ён не ўчуў, як да дома пад'ехалі ворагі. Страшныя былі не жандары. А той, хто ехаў разам з імі,— сябар па дзіцячых гульнях і сусед. Магчыма, той патрапіў на вечарыну зусім не дзеля таго, каб схапіць інсургента, скуль яму было ведаць, што вораг імперыі апынецца там? Хутчэй за ўсё, проста хацеў павіншаваць Анэлю, прыхапіўшы падначаленых. Нічога дзіўнага — Валянцін таксама кахаў шэравокую суседку. Гэта ведалі ўсе, і найперш яна сама, хаця вельмі часта здараецца, што прадмет кахання даведваецца пра такую акалічнасць апошнім. Але яны пабіліся за Анэлю, яшчэ калі ім было па чатырнаццаць, — і гэта не было падобна на звычайную дзіцячую бойку. Сціснуўшы зубы, моўчкі, зацята… Іх, акрываўленых і паўпрытомных, расцягнулі дарослыя. Тады Анэля, заплаканая, у запэцканай сукенцы — відаць, спрабавала разняць ваяроў,— і выкрыкнула сваё: «Больш не біцеся. Ніколі! Я выбіраю Андруся. Слова гонару!» І Валянцін, апусціўшы вочы, пад якімі «разгараліся» сіня-чырвоныя «ліхтары», паціснуў Андрусю руку. Як пераможаны на сумленным турніры. І Андрусь шчыра дзіваваўся, чаму Анэля прыхінулася да яго, нічым не адметнага, а не да Валянціна, бо той увасабляў усе тыя рысы, якімі Андрусь жадаў бы валодаць. І высокі, і моцны, як камень, і валасы хваліста-чорныя, а пагляд цёмных вачэй такі ганарлівы…

47
{"b":"247642","o":1}