У вокнах вялікага пакоя для гасцей гасне чырвонае сонца (няўжо такі позні час?). Ля сцен нязграбная, аздобленая разьбою мэбля чорнага колеру, у якой нешта ёсць ад труны. І гэтая дружная завядзёнка мясцовых жыхароў ставіць печку ў бліжэйшым да ўвахода куце… Паручнік касавурыцца на абкладзеную бліскучай зеленаватай кафляй печку, і яму здаецца, што пузатыя голенькія херувімчыкі з куфлямі піва з кожнай кафлі пазіраюць на яго, павярнуўшы хітраватыя тлустыя тварыкі, і падміргваюць самым ганебным чынам. Паручнік чуе, як жандары за яго спінаю ўголас захапляюцца звярынымі галовамі, якія ўпрыгожваюць пакой. Зубры, туры, алені, ласі, мядзведзі, дзікі шчэрацца са сцен, пабліскваюць амаль жывымі, налітымі крывёю вачыма, здаецца, нават пагойдваюць вялізнымі рагамі…
Вяртаецца слуга — у сурдуце, з бакенбардамі і абразлівай важнасцю:
— Пан Леанард просіць прабачэння ў вельмішаноўнага панства, што па прычыне кепскага здароўя не можа спусціцца, каб сустрэць вас асабіста. Пан чакае вельмішаноўнае панства ў бібліятэцы…
Паручнік хмыкае: гаспадар, відавочна, перапалохаўся. Нічога. Падымемся самі, не цяжка…
Паручнік і трое жандараў ідуць за слугою наверх па драўлянай адпаліраванай лесвіцы. З двара далятае абрыдлае сабачае выццё і спалоханае ржанне коней.
У вальтэр'янскім утульным крэсле сядзіць вытанчаны, з кранутымі сівізною скронямі пан. На ім пунсовы аксамітны халат, аблямаваны цёмна-фіялетавай тафцяной палоскай, на нагах — турэцкія расшытыя пантофлі з задранымі насамі. Далікатная, у пярсцёнках рука адкладае пухльны томік… А казалі, што знакаміты паляўнічы…
— Даруйце, шаноўныя, што не ўстаю — раматуз.
Ад гэтага ветліва-раўнадушнага голасу і цвёрдага позірку шэрых насмешлівых вачэй чырвань кідаецца ў твар паручніку. Праклятыя напышлівыя шляхцюкі… Але пачакай, даражэнькі, паслухай імператарскі загад: «За садзейнічанне мяцежнікам…
Неданясенне на змоўшчыкаў… Падлягае арышту… Вобыск… Канфіскацыя маёмасці…»
Пан Леанард задумліва перабірае пышны чырвоны кутас на канцы свайго пояса… Што ж, госці прыехалі дакладна ў час…
— Мой дом і я ў вашым распараджэнні… Дазвольце толькі хвораму чалавеку застацца ў крэсле…
Тонкая рука зноў бярэ кніжку. Паручнік крыкліва аддае загады — аж голас зрываецца на хлапечы дыскант ад неўсвядомленай злосці на вытанчанага арыстакрата, які ўсё жыццё піў вунь з тых пераліўчатых парцэлянавых кубкаў — паручнік бачыў такія толькі ў тых сямействах, дзе на яго ніколі не глядзелі як на магчымага жаніха… Кволая на выгляд рука ў пярсцёнках сціскала гэтую стрэльбу з цудоўнай срэбнай гравіроўкай, і каралеўская здабыча — зубр — падыхала ля ног, што цяпер грэюцца ў расшытых сапраўднымі перлінамі пантофлях… Такі і на вісельню пойдзе з лёгкай пагардлівай усмешкай… На хвілю афіцэр адчувае сябе бездапаможным, загубленым разам з купкаю жаўнераў у чужых лясах і балотах, адкуль цэлы дзень хуткай язды да бліжэйшага мястэчка.
«Усё будзе маё!»— з'яўляецца з падсвядомасці радасная думка, і паручнік зноў набывае ранейшую ўпэўненасць і, пакінуўшы жандараў сцерагчы арыштаванага, ідзе камандаваць дзеяннямі астатняй часткі атрада.
У бібліятэку разам з сабачым скавытаннем пачынае далятаць гук разбітага посуду і жаночы віск.
Цямнее. У маёнтку запальваюць свечкі. Паручнік, спяшаючыся, складае пратакол вобыску. Заўтра зноў гразкія вераснёўскія дарогі, тужлівыя крыкі балотных птушак і на кожнай развілцы — страшны драўляны Ісус, раскрыжаваны на пахіленым негабляваным крыжы… А сёння ёсць нарэшце магчымасць пераначаваць у людскіх умовах, на пуховай пярыне, у велізарным панскім ложку пад казачным балдахінам… Пан Леанард сказаў, што праседзіць да раніцы ў бібліятэцы — з улюбёнымі кніжкамі… інтэлігентны чалавек. Дастаткова аднаго вартавога перад дзвярыма і двух — пад вокнамі…
Прынамсі, кухня тут вышэй ухвалы… Кухара ні ў якім разе не трэба звальняць.
Пан Леанард сядзіць у сваім утульным крэсле. За вокнамі хістаюцца цёмныя постаці соснаў. Калі вецер узмацняецца, яны сутыкаюцца не толькі галлём, але і стваламі, і тады чуваць сухое пастукванне дрэва аб дрэва. Раптам да звыклага паху старых кніжак далучаюцца тысячы розных пахаў і іх адценняў, нібыта да аднаго нягучнага інструмента — цэлы аркестр. Пан Варгун улоўлівае нават горкі пах пажарышча на месцы суседняга маёнтка.
Амаль адразу ж абвастраецца гукавое ўспрыняцце — мільёны гукаў — шоргаты, драпанні, стогны, шэпты, крокі — урываюцца ў адвыклы мозг, так што патрабуецца нейкі час, каб зноў авалодаць свядомасцю…
Пара… Пан Леанард бязгучна ўстае і дзьме на свечкі, што гараць на круглым мармуровым століку. Запаноўвае цемра, але вочы набываюць нечаканую вастрыню зроку — усё навакольнае бачна зусім выразна, быццам у нейкай шэрай падсветцы. Цяпер пачынае страшэнна свярбець скура. Пан, спяшаючыся, развязвае пояс і скідае халат. Чырвоны колер аксаміту выклікае неадольнае раздражненне, і Варгун запіхвае скінутую адзежу ў ніжнюю шуфляду шафы.
Цела працінаюць нябачныя струмені энергіі, якая, здаецца, зыходзіць з поўні, што зазірае ў акно. Уся істота чалавека вібрыруе, напаўняецца моцай і вясёлым шалам. Неадольна хочацца ўстаць на карачкі… Магутны звярыны рык ірвецца скрозь сціснутыя зубы — ці іклы? Шыбы акна ціха разыходзяцца, упускаючы ноч. Унізе, у зарасніку язміну, відаць дзве ненавісныя белыя фуражкі…
З акна другога паверха маёнтка Варгуны на зямлю, укрытую кілімам першага лістабою, бязгучна саскоквае вялізны воўк з шэрымі вачыма, у цэнтры якіх гараць два жоўтыя агеньчыкі — як пялёсткі свечак…
Жудасна выюць сабакі, на стайні рвуць аброці ўспененыя коні, дворныя людзі, не кажучы ні слова, устаюць з ложкаў, пазяхаючы, вешаюць на дзверы і вокны сваіх пакояў звязкі часнаку і чартапалоху — цяпер ні ведзьма, ні ваўкалак не ўвойдзе; жагнаюцца і зноў кладуцца спаць, забабонныя, цёмныя, спакойныя…
На раніцу прыслуга доўга прыбірае дом, зусім не дзівячыся начному знікненню прыхадняў.
У бібліятэцы, ва ўтульным вальтэр'янскім крэсле, сядзіць пан Леанард Варгун. Чырвоны аксамітны халат перавязаны поясам з вялікімі бухматымі кутасамі, вытанчаная рука ў пярсцёнках перагортвае старонкі томіка лацінскіх вершаў, а за акном хістаюцца, пагойдваюцца сосны, што ідуць да маёнтка і ніяк не наблізяцца да яго ўшчыльную…
— Грынь, рыхтуй сабак! Сёння ідзём на паляванне!
Гайвароны
У парку вакол маёнтка Гайвароны даўно не гняздзіліся тыя крыклівыя чорныя птушкі, што калісь далі назву і маёнтку і навакольнай вёсцы.
Расказвалі, што колішні ўладар маёнтка, знелюбіўшы крылатых вяшчунак няшчасця, учыніў на іх такое спусташальнае паляванне, што нават іхнія нашчадкі захавалі насцярогу да праклятага месца.
Невядома, ці так яно было, бо пані, якой належаў маёнтак цяпер, не магла б пакрыўдзіць птушку.
Яна забараніла нават знішчаць кратоў — гэтых агідных сляпых звяркоў, што здольныя папсаваць найпрыгажэйшую клумбу, а яе — у форме складанага вензеля, падобную на кошык з кветкамі — так доўга ладзіў перад уваходам у дом стары немец-садоўнік. І доўга лаяўся на сваёй гергецкай мове, калі пані не дала спатоліць справядлівую прагу помсты. Падумаеш, «стварэнні божыя»!
Праўда, і клумба тая была не зусім дарэчы ў парку, па змрочных прысадах якога даўно не прахаджваліся вясёлыя госці, а цёмныя ліпы былі такімі старымі, што здавалася, вось-вось са стогнам сагнуцца, абапіраючыся аб чорную зямлю нязграбна выцягнутымі лапамі. Галене, дачцэ гаспадыні, часам думалася, што вароны не селяцца на гэтых дрэвах менавіта таму, што пабойваюцца ненадзейнасці такога апірышча для гнёздаў. Але не — безумоўна, усе знакі бяды былі звязаныя з тым днём, калі прыйшла страшная вестка пра братоў…
Галене было тады дзесяць год. Яна мала што памятала — галасы чужых людзей, гучныя, як удары пугай. Строгі твар маці, такі збялелы — што здаваўся незнаёмым. Нават голас — не пазнаць:
— Мужчыны ў нашым родзе не баяцца паміраць за радзіму. І самавіты мужчына з чорнымі бакенбардамі, у ваенным мундзіры, вельмі важны і сярдзіты, чамусьці апускае вочы.