Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Але за пятнаццаць гадоў існавання пансіёну ніхто не наважыўся спрачацца з ягонай дырэктаркай.

Горад Б* з цікавасцю чакаў сыходу двубою.

Ніякія спробы расчуліць сэрца конезаводчыка не ўдаліся. Ён не баяўся гарадскіх улад, не заляцаўся да кабет, не напіваўся, што выключала наяўнасць сардэчных сябрукоў, і не меў сваячак з цвёрдым характарам.

Заснавальніцы Таварыства аховы жанчын сабраліся ў класным пакоі пансіёна высакародных паненак. Між кавай і мігдалавым печывам пагаварылі пра дзіцячыя яслі для немаўлятак працоўных кабет, між гарачым шакаладам і безэ пасварыліся наконт рэпертуару дабрачыннага хору. Калі прынеслі садавіну, усплыла непрыемнай плямай на вясёлкавы настрой прысутных праблема — ненавіснік жанчын Магарыш. Па горадзе Б* лётала ўжо некалькі ягоных з'едлівых выказванняў наконт «бабскай самадзейнасці».

— Мужчына — істота прымітыўная, — цвёрда сказала мадам Касіо. — Варта толькі добра падумаць і знайсці яго слабае месца. Згадайма, што наша таварыства клапоціцца не толькі аб жанчынах, але і аб дзетках. Калі гэтая асоба раўнадушная да становішча кабет, ці гэтак жа паставіцца да слёз нявіннага дзіцяці?

Нявіннае дзіця, якое належала ўключыць у чарговую дэлегацыю, знайшлося, — гадавалы малеча настаўніка прыродазнаўчых навук. Хлапчук быў слаўны, шчакасты. Ягоная маці падабалася мадам Касіо куды менш — мітуслівая кабета, якая ў нанятую мадам Касіо пралётку прыцягнула яшчэ й гэткую ж мітуслівую пудзеліху з мяшчанскай мянушкай Жужу.

Магарыш хаваўся ў сваім летнім доміку побач з канюшняй у прадмесці горад Б*, там, дзе ўвесну разлівалася мора яблыневай квецені. Мадам Касіо, быццам чорны карабель, праплыла па засыпанай жоўтым пяском сцежцы, рассякаючы духмяныя бела-ружовыя хвалі. У фарватэры за мадам, нібыта за флагманскім караблём, палахліва рухаліся мадэмуазель Нінель, выкладчыкава жонка са сваім нашчадкам, прыбраным у карункавы каптурык неймавернай велічыні, і пудзеліха Жужу. Ля дзвярэй у логавішча жанчынаненавісніка караван прыпыніўся. Прыслужнік, былы панскі дзяншчык, нізавошта не хацеў упускаць у дом спешчаную сабачку: маўляў, у пана жывуць здаровыя ганчакі. А ўладальніца пудзеліхі нізавошта не хацела пакідаць сваю ненаглядную Жужу адну на чужым двары ў падазронным асяроддзі. Мадэмуазель Нінель ахвяравала сабой і засталася сцерагчы знерваваную жывёлінку.

Мадам Касіо для баявітага настрою ўспомніла апошні выпуск сваіх пансіянерак, зацягнула разбэрсаныя пачуцці ў сталёвы гарсэт грамадзянскага доўгу і рушыла ў наступ:

— Недзеля фанабэрыі і славы, а дзеля дзяцінства! Яно глядзіць вам у вочы, яно патрабуе вашай дабрадатнасці! Вы адмаўляеце ў ласцы бязвінным дзеткам, якіх Хрыстос загадаў шанаваць найперш, бо ім належыць Царства Божае! — Мадам тыцкала пальцам, абцягнутым чорнай пальчаткай, у бязвіннае дзіця, якое зацята спрабавала сцягнуць з сябе карункавы каптурык. Але бессаромны конезаводчык толькі іранічна хмыкаў ды паўтараў:

— Мадам, мая спецыяльнасць — коні. Я не разбіраюся ў жаночых клубах… Хіба што з націскам на другі склад.

Ад падобных удараў касы аб камень высякаліся іскры. Няшчасная выкладчыкава жонка туліла да сябе немаўля, нібыта хаваючыся за яго ад маланак, якімі шпурляліся багі-алімпійцы. І тут на двары адчайна завішчэла сабака, і адразу ейны віск падхапіў магутны сабачы хор.

— Стой, сабачка, стой! — лямантавала дзесьці мадэмуазель Нінель.

— О, мая небарака Жужу! Я іду да цябе! — усклікнула пудзеліхіна гаспадыня, з мілабожным «О, мадам!..» сунула свайго дзіцёнка на рукі дырэктарцы пансіёна і выскачыла за дзверы.

У пакоі запанавала цішыня. Крыкі і сабачы брэх расталі ў далечыні. Мадам трымала дзіцёнка перад сабой, нібыта амфару з рэдкім віном. Няёмка прызнацца, але твар мадам Касіо чамусьці не выказваў замілавання. Магарыш таксама паглядаў на мілае дзіцятка, якое паспела сцягнуць набакір свой накрухмалены каптурык і агаліць круглую макаўку, прыкрашаную адзіным завітым чубком, з нейкім складаным пачуццём.

— У-а-а-а-а-у!

Дырэктарка ледзь не выраніла дзіцёнка. Палкоўнік у адстаўцы спрытна падтрымаў крыклівага госця на яе руках. А немаўля гарлала так адчайна, з такой крыўдай на гэты недасканалы свет!

— Супакойце яго, мадам, — раздражнёна буркнуў Магарыш. — Вы ж самі казалі, што бавіцца з такімі недараслямі — ваш грамадзянскі доўг.

— Я — дырэктар пансіёна для дзявіц, — цвёрда прамовіла мадам, робячы націск на апошнім слове. — Я не маю досведу ў выхаванні немаўлятак.

— Эк гарлапаніць, — дасадліва сказаў Магарыш і паклікаў дзеншчыка. Але той, відаць, таксама збег па сабачых справах, якія нагадвалі пра сябе аддаленым брэхам і жаночым віскам.

Мадам нязграбна гушкала падкідыша.

— А-та-та… Гэта ён вас баіцца. Дзеці адчуваюць нядобрых людзей..

— Перастаньце яго трэсці, ён і змоўкне, — адрэзаў Магарыш і наставіў на немаўля два пальцы казою: — У-цю-цю-цю-цю!

Малеча збрыкнуў нагою і патрапіў забаўніку ў тоўсты нос. Магарыш ледзь стрымаў лаянку.

— Давайце яго мне. Ён жа мужчынскага полу. Я хутчэй з ім паразумеюся. А то, далібог, вушы закладае. Хлопец, любіш коней? Хочаш на коніку пакатацца?

Дзіцёнак адчайна супраціўляўся. Капялюш дырэктаркі, упрыгожаны страусавымі пёрамі, з'ехаў набакір і нарэшце зусім зваліўся ў суправаджэнні звонкага дажджу шпілек. Мадам Касіо расчырванелася, яе валасы, заўсёды сцягнутыя ў строгі вузел, рассыпаліся залацістымі локанамі. А вочы, не абароненыя ларнетам, былі такія разгубленыя… І светлыя… Так што ніхто не пазнаў бы з першага погляду мадам Касіо. Ды і суровага палкоўніка Магарыша, які скакаў па пакоі, трымаючы на плячах тоўсценькага капрызулю, у той час як мадам бегала за гэтай жывапіснай групай, падтрымліваючы малога кавалерыста.

— А вось мы на коніку… На коніку… Першы раз бачу кабету, якая не можа даць рады дзіцёнку! У вас што, ніколі не было ўласных дзяцей? — соп Магарыш.

— Можна падумаць, у вас цэлая куча спадчыннікаў! — агрызалася мадам. — Вы ўвогуле здзічэлі са сваімі коньмі! Цішэй, не скіньце малога! Я, прынамсі, стараюся нешта даць хоць чужым дзецям. А вы?..

— А мне часам здаецца, што коні больш вартыя шкадобы і разумення, чымсьці людзі. Ай, нешта за каўнер пацякло…

Калі вярнулася легкадумная маці з ускалмачанай пудзеліхай на руках, пакінуты ёю гэтак падступна дзіцёнак бесклапотна спаў на Магарышавай канапе, а паабапал яго сядзелі пан Магарыш у турэцкім халаце і мадам Касіо без капелюша, хаця з падабранымі зноў у вузел валасамі.

— Прабачце, прабачце, але на Жужу напала зграя злосных грубых дварнякоў!

Мадэмуазель Нінель таксама прапішчэла ў сваё апраўданне:

— Я нічога, нічога не змагла зрабіць! Іх адагналі толькі вадою!

Мадам Касіо годна ўздзела капялюш, акуратна закалола яго шпількамі.

— Думаю, наш візіт скончаны.

Мадэмуазель Нінель са здзіўленнем глядзела на ружовыя плямы на шчоках мадам і гадала, ці ўдалося ейнай ваяўнічай кіраўніцы дамагчыся патрэбнага.

Пан Магарыш сур'ёзна пазіраў на маўклівую дырэктарку:

— Да сустрэчы, мадам.

Толькі шчаслівая супруга выкладчыка прыродазнаўчых навук была цалкам паглынутая сваімі праблемамі і нічога не заўважала, спрабуючы адначасова супакоіць і раззлаваную пудзеліху, і абуджанага ад салодкага сну і невымоўна гэтым пакрыўджанага сынулю.

Калі жыхар горада Б*не мог даць рады сваім клопатам, ён абмаўляў клопаты сваіх суседзяў. І такіх выпадкаў у горадзе Б* чамусьці было амаль столькі ж, колькі жыхароў. Таму канец халасцяцкага жыцця конезаводчыка Базыля Магарыша абгаворваў увесь горад.

Адны шкадавалі небараку — узяць за сябе такую мегеру! Другія дзівіліся — якім шляхам пракралася ў кавалерыйскую душу падступнае пачуццё? На гэтае пытанне маглі б, напэўна, адказаць непаўналетнія наведнікі ясляў для дзяцей працоўных кабет горада Б*, але, на жаль, яны яшчэ не ўмелі размаўляць.

Пігмалеон і Галатэя

Скульптар Пігмаліён зрабіў з мармуру прыўкрасную дзяўчыну Галатэю і закахаўся ў яе. Багі паспачувалі яго вялікаму каханню і ажывілі статую. Галатэя зрабілася жонкай Пігмаліёна.

Старажытнагрэчаскі міф
43
{"b":"247642","o":1}