— Не кажыце, пане Сікорскі,— тужліва працягнуў служачы Карасюк. — Мне такой ніколі не дашлюць. Можа быць, там тэлескоп для назірання зорак — пан Капуцкі неяк расказваў пра такую прыладу на лекцыі ў клубе грамадзянскіх служачых. Калі гэты тэлескоп навесці на планету Юпітэр, можна ўбачыць на ім кольцы!
— Так-такі кольцы… — няўважна ўсумніўся Сікорскі, пагладжваючы чорную аксамітную абгортку пасылкі.
— А можа быць, там фанограф? — выказаўся другі служачы. — Мая жонка ездзіла да сястры ў Вільню, і там на кірмашы слухала фанограф, за дзве капейкі за сеанс. Апошнюю прамову Абрама Лінкальна, панове!
Тут з усіх бакоў пасыпаліся гіпотэзы наконт змесціва пасылкі, адна фантастычнейшая за другую.
— Усё! Сціхніце! — скамандаваў паштмайстар. — Пасылка адпраўленая па ўсёй форме, мы не маем права ўскрываць прыватную карэспандэнцыю. Мы дзяржаўныя служачыя і мусім выконваць свой абавязак дакладна. У сховішча! І каб я больш пра гэтую скрыню не чуў!
Аднак чуткі пра таямнічую пасылку папаўзлі па горадзе Б». Хутка горад высунуў некалькі даволі цікавых версій, якія запэўнівалі, што ў Чорнай Скрыні набор мамантавых і дыназаўравых костак для гімназічнага палеанталагічнага музея; васковая фігура Напалеона ў сядзячым стане; егіпецкая мумія і нават — абсталяванне для запуску паветранага шара. Чорная аксамітная абшыўка пасылкі заблішчэла і паабцерлася ад бясконцых дотыкаў… Але найболей жарсці распалілася, калі настаўнік Капуцкі не вярнуўся ў належны час і даслаў кіраўніцтву гімназіі ліст, у якім паведамляў, што яму часова прапанавалі пасаду прыват-дацэнта ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце і ён затрымаецца ў Гародні яшчэ на месяц, а пасля, калі ўдасца, застанецца назусім.
— Ускрывайма пасылку! — падляцелі да пана Сікорскага ўсхваляваныя служачыя пошты. — Адрасат выбыў!
— Не маем права! — уздыхнуў Сікорскі.— Па-першае, Капуцкі яшчэ можа вярнуцца, а па-другое, калі ён не вернецца, мы абавязаны адаслаць гэтую пасылку на ягоны новы адрас.
Усведамленне, што яны, верагодна, не будуць прысутнічаць пры ўскрыцці Чорнай Скрыні і ўвогуле ніколі не даведаюцца, што там было, напоўніла душы прысутных невыказнай горыччу. І па горадзе папаўзлі чуткі іншага кшталту. У Чорнай Скрыні — зброя; дынаміт і бомбы; падпольная друкарня… Нарэшце самую арыгінальную версію прапанавала жонка паштмайстра пані Сікорская, што ў пасылцы расчлянёны труп настаўніка Капуцкага, а ліст ад яго імя падступна даслаў забойца, каб схаваць настаўнікава знікненне…
Хаця ключ ад сховішча Сікорскі насіў з сабою, аксамітная папера на пасылцы ў некалькіх месцах аказалася прадзертай. Але пад ёй выявіўся слой чырвонага кардону. Пан Сікорскі доўга змагаўс я з уласным грамадзянскім сумленнем, нарэшце ўзяў тонкі сталёвы нож для разразання паперы і рана ранічкай, пакуль не з'явіліся падначаленыя, забег у сховішча і праткнуў чырвоны кардон… Але нож праз якія два вяршкі наторкнуўся на нешта цвёрдае, якое нажу не паддавалася. Так было з усіх бакоў. У адчаі Сікорскі раскалупаў адну дзірку пашырэй: за чырвоным кардонам бачылася дрэва…
Капуцкі відавочна не збіраўся прыязджаць у горад Б* і на пачатку лютага запатрабаваў выслаць дакументы аб сваёй адстаўцы і пакінутыя рэчы, што змясціліся ў адным невялікім чамаданчыку. Самае жахлівае, што настаўнік (а цяпер прыват-дацэнт Гарадзенскага медыцынскага інстытута) выслаў свой новы адрас, абсалютна дакладны. Неатрыманая пасылка мусіла нераспячатанай адбыць на ранішнім цягніку разам з настаўнікавым чамаданам у Гародню.
Снег пад ліпамі быў даўно стаптаны. І вы дарэмна думаеце, што гэта зрабілі каляднікі. Жыхары горада Б* палюбілі пад вокнамі паштовага аддзялення абмяркоўваць версіі пра змесціва Чорнай Скрыні. Утварыліся нават своеасаблівыя партыі прыхільнікаў тае ці іншай версіі. Самай шматлікай была партыя егіпецкай муміі. Многа было і прыхільнікаў версіі пра мамантавыя косткі і тэлескоп. Нешматлікай, але напорыстай сталася партыя версіі пра расчлянёны труп. Яе ўзначальвала жонка паштмайстра.
Спрэчкі пра Чорную Скрыню вяліся і ў Бурыгавай карчомцы за кубкам гарбузакаўскага піва «Зосечка», і ў пакоях губернатарскага дома. Гімназісты мужчынскай гімназіі, дзе яшчэ нядаўна настаўнічаў Капуцкі, у бальшыні былі перакананыя, што пасылка ўтрымлівае нешта такое, чым аб'ектыўна мусіла карыстацца іхняя гімназія, — тэлескоп там ці косткі, ці абсталяванне для хімічных доследаў. І не адзін баявіты гімназіст спрабаваў прабрацца ў сховішча пошты, маючы ў кішэнях, ранцы ці ў руках злавеснае начынне ўзломшчыка — стамескі, свярдзёлкі, ломікі, нават порах і нітрагліцэрыну… Звестка, што Чорную скрыню адпраўляюць у Гародню, ускалыхнула ўвесь горад Б*. Пані Сікорская наляцела на свайго мужа з сапраўдным адчаем жаўнера, які ідзе ў апошюю атаку.
— Толькі з-за тваёй упартасці пакутуе ўвесь горад! Няўжо нельга было адразу распакаваць тую клятую пасылку, і мы не трацілі б нервы, час і сяброўства.
— Але мы дзяржаўныя служачыя, — слаба абараняўся пан Сікорскі.— Мы не маем права… Ёсць інструкцыі…
— Чхала я на твае інструкцыі,— закрычала раз'юшаная кабета. — Калі вы дзяржаўныя служачыя, дык даўно павінны былі западозрыць нядобрае і выкрыць злачынства. Урэшце, запрасі жандараў, скажы, што ад пасылкі сыходзіць моцны трупны пах…
— Глупства… — мармытнуў Сікорскі.— Да таго ж Скрыня не надта цяжкая… Але…
— Але! — сцвердзіла пані Сікорская, і паштмайстар, адчуваючы раптоўную душэўную палёгку, паімчаўся ў жандармерыю горада Б*.
Ці варта казаць, што сховішча паштовага аддзялення не магло змясціць усіх жадаючых прысутнічаць пры ўрачыстым моманце адкрыцця Чорнай Скрыні, а ліпы вакол пошты страцілі не толькі высакародную шэрань, але і асобныя галінкі. Знутры вокны выглядалі як вітрына крамы па распродажу расплясканых насоў і шалёных вачэй. Чорная абгортка, скрозь прадзертая і выпацканая, амаль страціўшая фольгавыя зоркі, зляцела ў адно імгненне, расшматаная мноствам рук. Той жа лёс спасціг скрыню з чырвонага кардону, што аказалася пад абгорткай, таксама прадзёртую і нават у адным месцы прапаленую. У кардоннай скрыні была фанерная, меншага памеру. Узмахнулі сякеры, і вачам прысутных адкрылася… яшчэ адна, меншая, скрыня з зялёнага кардону. Далей было: скрыня з кардону, абклееная фольгай; яшчэ адна скрыня з фанеры; скрыня з жоўтага кардону; скрыня з сіняга кардону ў гарошак; скрынка, абклееная паперай з анёлкамі, зоркамі і сняжынкамі, скрынка ружовая; скрынка блакітная, зноў чырвоная… Нарэшце ў самым цэнтры аказалася белая пляскатая скрыначка памерам з далонь, у якой ляжаў танны партабак і ліст з наступным тэкстам: «Дарагі Генусь! Віншуем цябе з Калядамі! Не забывай старых універсітэцкіх сяброў, наша брацтва за келіхам віленскага піва і вясёлыя калядныя жарты! Антось, Вітас, Рышард, Пятро, Анцыпар».
Пакой пошты быў увесь засыпаны каляровымі шматкамі паперы, кардону і трэскамі.
— За такія жарты па пысе трэба біць, панове, — разгублена сказаў пан Сікорскі.— Гэта ж прымушаюць працаваць дзяржаўных служачых, траціць сілы, энергію, нервы для перадачы такога паскудства…
Пані Сікорская моўчкі плакала. Народ разышоўся. І мы б не раілі ў гэты дзень, дый у бліжэйшыя дні, пану Капуцкаму з'яўляцца ў горадзе Б* нават з самымі лепшымі намерамі. Што праўда, ён і не з'явіўся. Хаця не быў вінаваты ў вышэйапісаных падзеях, як кажуць, ані сном, ані духам…
Пан Сікорскі прыгнечана ішоў дадому пад ручку з маўклівай жонкай. Службовы абавязак быў парушаны, таямніца аказалася насмешкай… І што цяпер рабіць з тым праклятым партабаком?..
Раніцай на ліпах вакол паштовага аддзялення горада Б* зноў з'явілася шэрань. Але хутка, хутка яна мусіла ператварыцца ў адліжны дожджык і ссыпацца ў набрынялы снег…
Нарцыс і рэха
Прыўкраснага юнака Нарцыса пакахала німфа Рэха, якая была пазбаўленая дару мовы і магла толькі паўтараць чужыя словы. Нарцыс не ведаў кахання і прагнаў Рэха. Багі пакаралі пыхліўца: юнак закахаўся ва ўласнае адлюстраванне і загінуў. Рэха аплаквае яго да сёння.
Старажытнагрэчаскі міф