Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Напэўна, твая праўда… Нават у тым свеце, які калі небудзь пабудуюць нашыя нашчадкі, не знікнуць прыгажосць і каханне. Але… я не хачу, каб ты ператварылася ў спешчаную паненку, загубіла сваю жывую душу ў павятовым «свецкім жыцці». Вядома, твае бацькі не зразумеюць… Як не разумеюць мае, хаця яны таксама добрыя, сумленныя людзі, а бацька паспеў і слаўна паваяваць. Дык вось… Пры нашым універсітэце адкрыліся курсы для жанчын… Табе спаўняецца васемнаццаць…

— І мне давядзецца коратка пастрыгчыся? — рассмяялася Наста.

— Чаму? — разгубіўся Стась.

— Ну як жа, усе курсісткі — каротка стрыжаныя. А ў мяне — вунь якія косы… — Наста гарэзліва прыўзняла рукамі пышныя русыя пасмачкі, перавітыя тонкімі залатымі ніцямі з перлінамі.

І Стась не вытрымаў, каб не дакрануцца — асцярожна-асцярожна, быццам баяўся пашкодзіць — да гэтага духмянага вадаспада.

— Ну, я думаю, можна абысціся і без стрыжкі… Але… Ты згодная?!!

— Хіба ты сумняваўся?

— Дарагая… — Дзве постаці наблізіліся адна да адной, замерлі…

Потым хлопец прашаптаў:

— Я мог бы за цябе памерці… З радасцю. Яна закрыла яго вусны даланёй.

— Нашто гаварыць пра смерць!

Юнак шчасліва рассмяяўся:

— Сапраўды… Перад намі — жыццё, дарога з балота — на шырокі прастор. Мы можам фіктыўна пажаніцца — і ты атрымаеш волю і зможаш сама распараджацца сваім лёсам. Так многія курсісткі зрабілі.

— Фіктыўна? — Наста сказала гэта так холадна, з такой адчужанасцю і крыўдай, што Стась упаў на калені, адчуваючы сябе нягоднікам.

— Любая! Я толькі хацеў сказаць, што ты — вольная і ад мяне. Я ніколі, чуеш — ніколі — не буду навязваць табе свае рашэнні. Ты — асоба, ты — чалавек, роўны мне…

Настасся коратка ўздыхнула:

— А хто табе сказаў, што я хачу быць вольнай ад цябе?

— Мілая…

Постаці зноў зліліся ў прывідным водблеску месячнага святла, што выпраменьваў снег за шырокімі вокнамі. Дзесьці пачуліся вясёлыя крыкі тых, хто выпраўляўся на санную прагулку. Звінелі, аддаляючыся, бомы… Раптам па калідоры паплыў агеньчык свечкі, пачуліся галасы.

Хлопец і дзяўчына інстынктыўна прыціснуліся адно да аднаго, прыселі, стаіліся ў цёмным куце — як у гульні ў жмуркі. Галасы набліжаліся.

— Навошта ты прымаеш у доме гэтага залескага паніча? — маці гаварыла не злосна, хутчэй горка-стомлена.

— Дарагая, ён добры хлопчык… І ні ў чым не вінаваты, — гэта адказваў бацька.

— А ў чым былі вінаватыя твае браты? Ты сам? У тым, што хацелі волі для свайго народу? Забывацца на пакуты тых, хто ахвяраваў сабою дзеля справядлівасці,— ганебна. — Маці была нечувана рэзкай. — Вось сёння… пад час карнавалу… Я проста не магла глядзець, як дзве няшчасныя сіраты — Ганулька і Агапка — жартуюць з сынам ката і забойцы іх бацькі. Твайго брата, між іншым.

Бацька памаўчаў, чуваць былі толькі яго цяжкія крокі — пан Міхал меў звычку падчас цяжкіх роздумаў хадзіць…

— Наўрад ці хлопец ведае пра справы дваццацігадовай даўнасці. Ён, як мне падаецца, чалавек сумленны і таксама хоча справядлівасці для народа…

Маці горка рассмяялася:

— Дараваць і забываць — гэта мы, беларусы, умеем. Ты ўжо забыўся, што Залессе належала тваім продкам на працягу пяці стагоддзяў? Ты забыўся, што трыццаць сем'яў з Залесся панам палкоўнікам, цяперашнім гаспадаром, былі высланыя ў Сібір, за дапамогу бунтаўшчыкам — былым іхнім панам? А мужчыны перад гэтым пакаштавалі бізуна. І ніхто з сасланых не вярнуўся. А цяпер на грошы, сабраныя з залескіх сялян, вучыцца гэты высакародны паніч. Які таксама збіраецца сялян вызваляць… Няхай бы вызваліў хоць аднаго з тых, сасланых ягоным бацькам!

— Магда, ты несправядлівая… Дзеці мусяць быць вольныя ад жаху мінулага.

— І ты дапусціш, каб твая дачка, а ў мяне ёсць такія падазрэнні, пакахала сына падлюгі і ката, чалавека, які колісь гнаіў цябе ў каменным лёху і загадваў карміць сялёдкай і не даваць вады, каб змусіць прадаць братоў? А табе было ўсяго васемнаццаць, і яны не мелі ніякіх доказаў, што ты быў інсургентам… І калі я дабілася спаткання, ты быў увесь спухлы і скусаны пацукамі і вошамі, і не мог трымацца на нагах… А калі цябе пацягнулі назад, я бачыла, як гэты… чалавек… ударыў цябе па твары, папярэдне надзеўшы скураную пальчатку. Як быццам выконваў непрыемную, але карысную і патрэбную працу. Я не магу гэтага забыць, Міхал…

Жанчына заплакала. Бацька загаварыў нешта суцяшальнае, дзверы грукнулі, і галасы сціхлі.

Дзве постаці засталіся ў прыцемку залы з вялікімі вокнамі. Цяпер яны ўжо не прыціскаліся адна да адной. Стаялі побач, але так нерухома, быццам між імі ўзнік нябачны архангел з вогненным мячом.

Раптам адна постаць сарвалася з месца і пабегла.

— Стась! — у Насты не было сіл нават закрычаць, з яе вуснаў вылецеў нейкі хрыплы шэпат.

З вуліцы зноў даносіліся вясёлыя галасы, перагукваліся бомы, ляпалі дзверы — святочная ноч заканчвалася.

Залескага паніча знайшлі пад вечар наступнага дня, на дарозе ў Залессе. Чаму ён пайшоў пешкі, у самую сцюжу, ды яшчэ не па бальшаку, а праз лес, дзе самыя сумёты?

Пасля гэтага здарэння залескі маёнтак быў прададзены нейкаму немцу, які спакусіўся ўчасткам лесу з гонкімі карабельнымі соснамі, што прадаваўся разам з маёнткам. Хутка там застукалі сякеры, зашоргалі пілы, і Залессе ператварылася ў высечку, зарослую панылым асіннікам, пасярод якой цямнеў, як помнік былому жыццю, занядбаны дом з забітымі аканіцамі — новы гаспадар там не жыў.

Настасся Карвар пасля заканчэння гімназіі паступіла на жаночыя курсы пры Санкт-Пецярбургскай медыцынскай акадэміі. Асабліва быў у захапленні ад гэтага яе малодшы брат Антон — цяпер сястра прывозіла яму ў падарунак новыя кнігі па біялогіі і заспіртаваных яшчарак.

На Каляды ў маёнтку Рэчыцы больш не ладзіліся пышныя карнавалы.

Дом з драўлянымі львамі

Яны прыйшлі якраз на праваслаўнае Вадохрышча, калі зорны Вознік спыніў сваю калясніцу над цёмным сілуэтам капліцы. Яе добра было відаць з вокнаў сядзібы, чый ганак вартавалі два драўляныя львы, замеценыя снегам аж па разяўленыя пашчы.

Гэта была ненадзейная ахова. Адзін маленькі, але жывы сабачка быў бы карысней за тыя вялікія, нязграбныя, пашчапаныя часам і непагаддзю страшыдлы. І адзін з нечаканых гасцей пастукаў у шыбу…

Іх было трое. Два — зусім юнакі, са змучанымі інтэлігентнымі тварамі, апранутыя ў, відаць, нязвыклае для іх сялянскае адзенне. Трэці, гадоў пад трыццаць, бялявы і светлавокі, быў у салдацкім шынялі, з кішэні якога тырчэў стары пісталет. Бялявы час ад часу браўся за яго неўсвядомленым рухам. «Нібыта састарэлая паненка за пудраніцу з люстэркавай накрыўкай», — з недарэчнай іроніяй падумалася гаспадару сядзібы. Сам гаспадар, сівы хударлявы старэча ў выцертым на локцях, але акуратным старасвецкім пінжаку, стаяў, абапершыся на кульбачку, пасярод вітальні, асветленай чырванаватым агеньчыкам газоўкі, і спакойна глядзеў на прыхадняў крыху выцвілымі сінімі вачыма.

— Вы адчынілі нам, — старэйшы госць намагаўся гаварыць гэтак жа спакойна. — Вы адчынілі, хаця ведалі, што нас шукаюць. Гэта добра, што вы не змусілі нас да гвалту. Ходзяць чуткі, што калісьці вы гэтаксама былі выгнаннікам. Нам трэба толькі трохі ежы і пару гадзін адпачынку… Цёплай парою нас хаваў бы і карміў лес. А цяпер…

Гаспадар схіліў сівую, як снег, галаву.

— На гэтай зямлі ўвесьчасна нехта ўцякае ад пагоні, а нехта даганяе… Калі б іх сляды заставаліся на паверхні зямлі вечна, наш край нагадваў бы вычварныя карункі з незлічонымі абарванымі ніткамі-лёсамі. Я адпусціў пакаёўку на святы да яе сваякоў. Ніхто старонні вас не ўбачыць і не пачуе… Так што можаце нават пераначаваць. Распранайцеся і пойдзем у гасцёўню.

…У каміне скакалі чырвоныя Вогнікі ў вастраверхіх капялюшыках. Здавалася, што яны зацята будуюць маленькі гатычны сабор з многімі вежамі. Але іх будоўля рассыпалася іскрамі-цаглінкамі на чорныя вуглі… І праз імгненне адбудоўвалася ізноў.

…Дзіўны гэта быў дом. Нават таму, што меўся камін, хаця сапраўдныя цяпло і карысць несумненна давала вялікая грубка ў правым ад дзвярэй куце. Мусіць, нехта з ранейшых уладальнікаў сядзібы знаходзіўся пад уплывам рамантызму. А чаго толькі не было на сценах, на паліцах высокіх этажэрак, на каржакаватых камодах! Гравюры на біблейскія тэмы з наіўным сярэднявечным маралізатарствам і прадметным бачаннем надсвядомага. Тыя мастакі дакладна ведалі, як выглядае Меланхолія, Боль, Пошасць, Смерць… А таго, чыё аблічча вядомае да драбніц — чаго ж баяцца? На парцэлянавым посудзе лёталі сінія райскія птушкі, драўляныя грубаватыя скульптуры мясцовай работы, падобныя да львоў ля ганка, суседнічалі з вытанчанымі бронзавымі статуэткамі. З высокай шафы мармуровы Гамер пазіраў невідушчымі вачыма на жахлівую афрыканскую маску. Але галоўнымі ў доме былі кнігі. Паветра гэтак насыцілася папяровым пылам, што здавалася, яго можна было гартаць. Адразу казытала ў носе…

59
{"b":"247642","o":1}