— Што ж, ухваляю, — бацька сказаў гэта ўжо сур'ёзна. — Але сённяшнім вечарам, юнача, жадаю вам толькі шчыра весяліцца.
Гасцей, як заўсёды, было шмат. Прыехала пані Марыся, удава дзядзькі Анатоля, брата пана Міхала. Шмат гадоў пані Марысю бачылі толькі ў чорным, хаця сёння на ёй серабрыста-шэры раброн. З паняй Марысяй дочкі, смяшлівыя рудзенькія Ганка і Гапка. Вось пан Міхал сустракае сям'ю з маёнтка Гаркавічы: пан Вітольд, хударлявы, з каротка стрыжанымі сівымі валасамі і кавенькай, падобны на рымскага легіянера, таўсманная і дабрэнная пані Ядзвіга, іх сын Радусь, будучы юрыст, элегантны і ўраўнаважаны да сумоты. Вясёлая святочная мітусня напоўніла дом даверху, як рознакаляровыя каменьчыкі напаўняюць куфэрак прыгажуні.
— Карнавал! Карнавал! Маскі, рыхтуйцеся!
Анцік кінуўся ў свой пакой. Латы выглядаюць як сапраўдныя… А меч — дык і ўвогуле сапраўдны: старажытны, ваярскі, вышчарблены ў многіх бойках — таму і дазволілі ўзяць, што страціў былую вастрыню. Вядома, не зусім рыцарскі — такі кароткі меч называўся «корд» і выкарыстоўваўся для бліжняга бою. Хлопчык не ўтрымаўся, каб не ўзмахнуць сваёй зброяй, направа, налева, рэзкі выпад — і цмок падыхае на рудой ад атрутнай крыві траве.
У зале ўжо збіраліся маскі. Старэйшыя госці, што не бралі ўдзел у пераапрананні, уладкаваліся на крэслах ля сцен. Пані Ядвіга, вядома, пасунулася да століка з пачастункам — цукаты ў маёнтку Рэчыцы былі адметныя.
Маці ў светла-зялёнай сукенцы, ветлая і прыгожая, з гэткімі ж вялізнымі шэрымі вачыма, як у Насты, падыходзіла то да аднаго, то да другога госця, і ад яе слоў, пагляда, усмешкі прасвятляліся твары — быццам сонечны прамень слізгаў па хвалях ручая.
Наста зайздросціла матчынаму ўменню прымусіць самага сур'ёзнага чалавека усміхнуцца, прыадчыніць душу насустрач. Здавалася, пані Карвар правяла жыццё ў казачным свеце, дзе проста няма благіх людзей і вялікіх няшчасцяў,— такая яна была ўся светлая, даверлівая, ніколі не павышала голасу. Як сапраўдная фея.
А вось мадэмуазель Алін, іх строгая, уражлівая мадэмуазель Алін нечакана апранула яркі ўбор гарэзлівай Каламбіны. Радусь захінаўся ў белы плашч з нашытым крыжам. Ганка і Гапка — у неверагоднай шырыні крыналінах і ў каронах, але якіх каралеў сёстры мусілі ўвасабляць — ведалі дакладна толькі яны самі. Сярод стракатага натоўпу вылучаўся Стасік у простым чорным пінжаку, з каўняром пад горла. Але ён прымаў такія гордыя позы, спрабуючы годна адказаць на жарты рудзенькіх сясцёр, што ягоны касцюм цалкам мог сысці за карнавальны — рамантычны герой, высакародны змагар. А вось пан Міхал выйшаў у легкадумным строі тамбурмажора, у велізарным ківеры і з велізарным жа бліскучым жазлом, якім з усяе сілы стукнуў у падлогу.
— Карнавал пачынаецца!
Вусы ў пана Міхала былі пышныя свае, і ўсміхаўся ён у іх так весела, што ўсе засмяяліся у адказ, запляскалі ў ладкі. Але Гапка закрычала:
— Пачакайце, яшчэ Настассі няма!
Некалькі вясёлых галасоў гукнулі дзяўчыну. Раптам з галерэі другога паверха пачулася працяглая ўсходняя мелодыя дзівоснай прыгажосці. Нехта сыпануў блішчынкі, і над лесвіцай закружыўся фантастычны лёгкі снегапад. На верхняй прыступцы замерла прывідная фігура. На дзяўчыне, грацыёзнай, бы крынічны струменьчык, была смарагдавая, расшытая камянямі і залатой біццю доўгая шаўковая кашуля, падпяразаная шырокім залацістым пасам, з-пад кашулі выглядалі шальвары з белага атласу, з блякла-зялёнымі расліннымі ўзорамі. Ножкі — у залатых чаравіках з загнутымі насамі, на турбане з белага шоўку уздрыгваюць дзівосныя пёры, а твар прыкрывае празрысты вэлюм, быццам кавалак русалчынага сну. Нават Анцік не адразу пазнаў сястру — вось чаго яна так падоўгу зачынялася ў сваім пакоі і вось куды знікла матчына цюлевая палярына! Толькі вялізныя шэрыя вочы схаваць немагчыма — адразу пазнаеш.
Дзяўчына павольна спускалася па лесвіцы, ступаючы ў такт пералівістай мелодыі. Праз вэлюм праглядвала ўсмешка. Нарэшце агульнае ашаламленне прайшло, усе зноў запляскалі, прыветна закрычалі. Да ўсходняй прынцэсы з двух бакоў кінуліся, прапаноўваючы руку, элегантны Радусь у белым касцюме паладзіна і Стась у чорным. Прынцэса крыху прамарудзіла, а пасля звонка рассмяялася і працягнула абедзве рукі палкім рыцарам.
— Танцы! — закрычаў пан Міхал на правах кіраўніка.
І танцы пачаліся… І закруцілі галовы, і прымусілі сэрцы біцца шалёна, быццам ад знясільваючых уцёкаў ад прозы заўтрашняга дня. Вядома, з'явіліся калядоўшчыкі — з казою, мядзведзем, цыганом і цыбатым буслам, які страшна шчоўкаў драўлянай вострай дзюбай. А якія былі падарункі! Анцік асабліва ўзрушыўся атрыманым ад бацькі мікраскопам з дваццацікратным павелічэннем і Стасевым шыкоўным наборам для стварэння этымалагічнай калекцыі (бедныя будуць кузуркі ў наваколлі карвараўскага дома!)
А ў давяршэнне — прагулка на санках.
Вядома, беднага Анціка адправілі спаць.
Які несправядлівы свет!
Дзяўчына ў смарагдава-бела-залацістым пералівістым уборы ціха ішла па паўцёмных калідорах маёнтка, смех і гуд свята заціхалі недзе далёка. Урэшце, там, дзе канец калідора расшыраўся ў пакой эркера — круглую залу з вялікімі вокнамі, што выступала перад фасадам дома, быццам волатаў ліхтар, на фоне заснежанага акна ўбачылася нечая постаць.
— Стась! Чаму ты ўцёк?
Юнак змрочна сузіраў асветленыя дрыготкім агеньчыкам лампады яслі — васковы Хрыстос цягнецца ручкамі да схіленай над ім маці з васковым жа прыўкрасна-сумным тварам, авечачкі — як жывыя, пухнатыя, забаўныя, бычок, здаецца, так бы і замыкаў ад радасна-дурнаватага здзіўлення…
— Ста-ась!
У голасе дзяўчыны гучаў дакор, нібыта на адрас непаслухмянага дзіцяці. Сумотнік нарэшце прыўзняў галаву як мага больш ганарліва.
— Не хвалюйцеся за мяне, спадарыня Настасся. Я прывык да адзіноты. Падумаць захацелася сам-насам, паразважаць.
— Ды ты проста пакрыўдзіўся, што я з Радусем таньчу. Добра, што ў цемры не відаць, калі чырванееш. Стась з усіх сіл намагаўся зрабіць голас спакойным. Выглядаць смешным перад гэтым дзяўчом! Невыносна.
— Я, прабачце, не заўважыў, з кім вы таньчылі, і лічу ваш выбар вашай жа асабістай справай. Мой настрой не залежыць ад… ад дзявочых капрызаў.
Усё-ткі выдаў сябе, сказаўшы пра капрызы. Цяпер — толькі сысці… Змагар са сацыяльную справядлівасць, называецца… Бедны Вертэр…
Пакуль юнак, утаропіўшыся ў кут, шчыра асыпаў сябе ў думках крыўднымі мянушкамі, Настасся ціха паклала руку яму на плячо.
— Дурненькі… Радусь проста мой сябар дзяцінства, самаўпэўнены дэндзі. Мне такі спадабацца не можа. Ну, перастань дзьмуцца…
Стась не вытрываў, павярнуўся да дзяўчыны, схапіў яе прахалодныя далонькі, як два пялёсткі, у свае рукі, прыпаў да іх гарачымі вуснамі.
— Прабач… Я паводзіўся, як дзіцё…
— А ты і ёсць дзіцё, — засмяялася Настасся, — хоць і лічыш сябе тургенеўскім Базаравым.
— Але Тургенеў у многім меў рацыю, — Стась зноў пасумнеў. — Нават твае бацькі — якія б ні былі разумныя, прыстойныя людзі, застаюцца панамі, людзьмі свайго класа. Ім нікуды не падзецца ад віны перад простым народам. Паглядзі, колькі сёння страчана грошай на забавы — можна было б накарміць цэлую вёску! Дарэмнае, заганнае спальванне часу!
Настасся паківала галавой:
— Мне цяжка спрачацца з табой — вядома, ты больш за мяне ведаеш, ты старэйшы… Але хіба не варта траціцца проста для таго, каб чалавек парадаваўся? Хіба ты не бачыў, што сёння ў Рэчыцы прыходзілі сяляне і іх дзеці і таксама атрымалі свята — і падарункі, вядома. Людзі цягнуцца да прыгажосці. Гэты хлопец, што граў сёння на флейце… У дзяцінстве ў яго адбіралі дудачку і білі ёю па вуснах — каб не займаўся дарэмнай справай. А ён выразаў новую — і граў… Цяпер ён вучыцца ў кансерваторыі — наш бацька дапамог. А вось гэтыя яслі… Іх майстравалі не паны — прыслуга. Паглядзі, з якой любоўю тут зроблена кожная дэталь. Людзей ніхто не змушаў, ніхто не загадваў гэта рабіць. Знішчы гэтую прыгажосць, калі можаш!
— Мяшчанства…
Стась нахіліўся, узяў у рукі маленькага Хрыста… Пальцы склаліся, каб шчоўкнуць у васковы лобік… Расціснуліся… Стась асцярожна паклаў ляльку на месца, нібыта жывое немаўля. Уздыхнуў… І загаварыў іншым тонам, мякка і даверліва: