Радзік павёў сябе высакародна і пакінуў мне прас і радыёпрыёмнік «Гарызонт». Астатнюю бытавую тэхніку і частку мэблі перавёз да маці, якая была на сёмым небе ад таго, што любы сыночак нарэшце пакінуў «гэтую змяю і п'яўку ў адной асобе».
Забылася згадаць, што часам Дудкоўскі забягае да мяне, каб упэўніцца, што без яго я не магу даць рады гаспадарцы і ўвогуле прападаю.
Пачалося ўсе з Альбертавага званка, гадзін у сем раніцы. Ды яшчэ цёмнай зімовай парой, хрышчэнскімі маразамі, калі нават з-пад коўдры не хочацца вылазіць.
— Кася, справа важнецкая! Ну ды прачынайся ж ты хутчэй. Цудко памёр. Які, які… Нічыпар Цудко з Наўя. Учора зямляк паведаміў. Засталіся калекцыі, карціны… Кландайк для навукоўца!
Я злосна намацала босай нагой пантофлю, якая схавалася пад скрыню з абуткам.
— Спачуваю, вядома, але… Памятаю я твайго Цудко. Думаю, калі ў ягонай калекцыі і было што вартае, даўно забраў якісьці музей. Куды ён толькі не звяртаўся са сваімі шэдэўрамі… Ведаеш, колькі такіх дзядзек з невыноснымі амбіцыямі па нашых вёсках ды мястэчках? Я іх бачыла досыць і без тваёй пратэкцыі…
Я ведала Альбертаву схільнасць да дзівакаватага дзядзечкі-земляка. Па-першае, таму, што зямляк, па-другое, Цудко ледзь не маліўся на знакамітага суродзіча і ладнае месца ў сваім музеі адвёў для матэрыялаў пра Альберта. Да таго ж рэгулярна друкаваў у раённай газеце водгукі на ўсе акалічнасці яго творчага шляху. Што ж, добрае слова і кату прыемна, і Свянткоўскі апекаваўся самадзейным калекцыянерам, які да таго ж, што самае страшнае, быў і самадзейным мастаком. Запрашаў на выставы ў сталіцу, прыводзіў на кансультацыю да мастацтвазнаўцаў — гэта значыць, і да мяне. На жаль, «адкрыцці» правінцыйнага энтузіяста не вытрым-лівалі прафесійнай праверкі, а яго ўласны жывапіс увогуле псаваў рэпутацыю. Таму я хаця і разумела Альберцікаў клопат пра спачылага, але не збіралася падзяляць яго.
— Старая, ты не ўяўляеш сабе, ад чаго адмаўляешся! Ды я сам бы паехаў, але сёння вечарам адлятаю ў Швейцарыю. Згодзен з табой, дзед быў страшэнным дылетантам, надаваў значэнне многім не вартым таго рэчам. Але, з другога боку, таму сапраўды унікальныя творы ён мог не ацаніць. Ты ж не была ў ягоным музеі, а я быў. Гэта такія сутарэнні, такія завалы матэрыялу… Зараз усё парасцягваюць, круцяцца там розныя падазроныя асобы, а шкада. З'ездзі хоць на пару дзён, зірні прафесійным вокам, можа, нешта адбярэш для свайго музея.
— Ды пры чым тут я? Няхай Цудкоўскімі скарбамі раённы музей зоймецца, як і належыць.
— Разумееш, дзед марыў, каб ягоныя экспанаты трапілі ў сталічны музей. А з раённым меў адносіны, мякка сказаць, складаныя. І ён сто разоў мяне прасіў — калі што, каб я сам паклапаціўся пра ягоныя зборы.
— Па-першае, зіма, а зімой па правінцыі ездзіць задавальнення мала. Па-другое, у мяне толькі пачаўся адпачынак. І я ведаю, як правяду яго. У цяпле на ўласнай канапе.
— Ну паслухай… Мы табе ўсё кампенсуем. Зайдзі ў Міністэрства культуры. Табе камандзіроўку аформяць аж на два тыдні! Рэкамендацыі да мясцовага начальства дадуць. Ну прашу цябе! Калі ты пашкадуеш, што з'ездзіла, я гатовы перапісаць сваю «Князёўну» ў зялёных танах.
Гэта было значнае абяцанне. Партрэт «Князёўны» — наш з Альберцікам яблык разладу. Відаць, да просьбы земляка Альберт ставіўся сур'ёзна.
— Не магу нічога сказаць пэўна. У мяне зусім іншыя планы. Вядома, я паехала ў забытае Богам Наўе, загубленае сярод лясоў і балот Заходняй Беларусі, страшэнна незадаволеная сабой і светам. Паехала, прыхапіўшы Альбертаў эцюднік (а раптам натхненне сыдзе?), не ведаючы, у якую гісторыю патраплю.
2
Наўе нічым не адрозніваецца ад мноства такіх жа маленькіх мястэчак Заходняй Беларусі. На цэнтральным пляцы па-ранейшаму па нядзелях і святах збіраецца кірмаш, вядома, не такі багаты, як некалі. Прадаецца цудоўная мясцовая кераміка, хаця сёння гэты промысел, якому не адна сотня гадоў, амаль знік. На керамічнай фабрыцы адключылі электрычнасць за даўгі, і рэшта майстроў абпальвае свае збаны і місы ў дзедаўскіх печках. Не шныраюць між кірмашнымі радамі шкаляры з мясцовай семінарыі, згаладалыя і гарэзныя… Даўно няма ні тае семінарыі, ні касцёла — толькі рэшткі сцен засталіся… Няма і царквы, што, як і належала, стаяла па другі бок пляца ад касцёла і гэтак сама была панішчаная на пачатку шасцідзесятых. На ўскраіне дзейнічае маленькая драўляная цэркаўка Святой Параскевы, а на другой ускраіне вернікі аднавілі касцёл Святога Станіслава. Затое цэнтр, вызвалены ад культавых будынкаў, прыўкрашае двухпавярховае збудаванне мясцовай адміністрацыі — прыемны афіцыйнаму воку прастакутнік з шэрай цэглы, са сцягам на даху і надпісам: «Слава трудовому народу» на фасадзе. Цікава, чым палічылі б гэты будынак былыя ўладары мястэчка, князі Палецкія? Стайняй? Памяшканнем для прыслугі?
Але мой шлях быў менавіта ў гэты будынак, да цяперашніх уладароў Наўя. Старшыня сельсавета, мажны мужчына, падобны да Фальстафа, ацэньваюча агледзеў маю постаць, захутаную па самы нос у футра. Да таго ж я абвязалася пуховай хусткай, а паўзверх нацягнула скураны капялюш з шырокімі брыламі… Плюс эцюднік ды сумка з выявамі пірамід і Неферціці, некалі прывезеная Радзікам з Егіпта. «Фальстаф» яшчэ раз зірнуў у мае паперы і, відаць, вызначыў мой ранг як досыць высокі для мясцовага маштаба — замітусіўся, запрапанаваў крэсла і гарбату і пачаў кудысьці назвоньваць, каб падрыхтаваліся да прыёму важнай госці.
Наўеўскі краязнаўчы музей, куды мяне адвезлі на старшынёвай белай «Волзе», месціўся ў былым панскім доме, сярод заснежанага поля наводшыбе ад Наўя. Бліжэйшы да яго будынак — царква Святой Параскевы. У Наўі ніколі не было ні палаца, ні замка, адзін гэты княжацкі паляўнічы домік, альбо летняя рэзідэнцыя, — не ведаю, як правільна называць. Лясы навокал багатыя, а трыста гадоў таму, мусіць, зубры ды сарны проста пад вокны падыходзілі. Наколькі я памятала па малюнку ў энцыклапедыі, дом невялікі, двухпавярховы, але жывапісны — мініяцюрная крэпасць са стылізаванымі абарончымі вежамі па кутах і вострым чарапічным дахам. Рэальнасць, вядома ж, аказалася куды больш сумнай. Княскі дом нагадваў арыстакрата, перавыхаванага рэвалюцыйным народам. Урачысты ганак з калонамі знік. Замест дахоўкі — звычайная бляха. Плінфа, з якой былі выкладзеныя сцены, хавалася пад слоем шэрай тынкоўкі. Вокны другога паверха забітыя дошкамі. Але была ў гэтым скалечаным доме і сумная ўрачыстасць даўніны, якую нельга знішчыць, як нельга высветліць да першапачатковай выразнасці фарбы на старой карціне.
Мы зайшлі ў будынак. Драўляная, даўно не фарбаваная падлога, зялёныя сцены ў цёмных рагах, лесвічны праём насупраць увахода таксама забіты дошкамі… Нядаўна тут была школка, дырэктарам якой і працаваў памерлы Нічыпар Цудко, — на дзвярах яшчэ захаваліся цьмяныя шыльдачкі: «4 клас», «Настаўніцкая»… Цяпер, як патлумачылі мае праважатыя, старшыня ды нейкая цётка, здаецца, культарганізатар местачковага маштабу, школу перавялі ў новы будынак, а гэты чакае рамонту — дах праваліўся.
Альберцік дарэмна турбаваўся — наплыву жадаючых прыўлашчыць прыхаваныя ў музеі багацці не назіралася. На дзвярах наўеўскай скарбніцы вісеў новенькі замок, ключа ад якога ні ў старшыні, ні ў цётачкі не аказалася.
— Зараз Вінцука знойдзем, вартаўніка, ён нам адчыніць… Вінцук, Вінцук!
Голас старшыні чамусьці гучаў няўпэўнена, а цётачка незадаволена зморшчылася. Каго можна клікаць у гэтым пустым, як разбіты збан, памяшканні? Успомніліся гісторыі наконт прывідаў у закінутых дамах… У паўцемры калідора нешта зашаргатала, дзверы з надпісам «Кабінет хіміі і біялогіі»раптоўна расчыніліся, і ў светлым праёме вымалявалася дзіўная постаць у ватніку і галёшах на вяровачках. Высокі нязграбны чалавек — ці прывід? — меў гадоў пад сорак. У цёмных доўгіх валасах і барадзе не заўважалася сівізны. Твар худы, а вочы ненатуральна светлыя і глядзяць спадылба, праз нерасчэсаныя пасмы… Проста ваўкалак нейкі, пярэварацень. Чалавек моўчкі, не павітаўшыся, глядзеў на нас.