Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Хаця ружы, лебедзі і мігдалавы торт, не кажучы пра захад сонца, сустракаюцца куды часцей.

У горадзе Б* не было больш шчаслівага чалавека за паненку Аўгінню. Яна жыла ў прыгожым доміку з зялёнымі аканіцамі, яе бацька быў мудры сівагаловы брандмайстар, а малады муж — лепшы падначалены бацькі, бравы пажарнік Міхась Кудыка. Паненка — цяпер ужо пані — Аўгіння вязала самыя прыгожыя ў свеце карункі, людзі шанавалі яе рамантычную натуру і любілі за рахманы нораў. А які гародчык быў у Аўгінні! Не банальныя памідоры-бабы раслі там, а пераселеныя з лесу і выгану кветкі, якія жыхары горада Б* лічылі за звычайнае пустазелле. Ля плота ўзвышаўся царскі скіпетр, свяціліся дробныя кветачкі бабінага лета і чарнакораню, узбіраўся на сцены дома бружмель, калыхаў свой цёмны агонь скрыпень, трымцела пушыстае божае дрэўца і нават сядзела ля ганка нетутэйшая расліна самшыт — жалезнае дрэва…

Аўгіння называла мужа Мішэлем і была шчаслівай, нягледзячы на тое, што з дзяцінства мела вельмі кепскі зрок. Між навакольным светам і поглядам паненкі калыхаўся вясёлкавы туман. Гэта надавала яе хадзе рамантычную запаволенасць і няўпэўненасць. Але людзі былі такія добрыя, што зусім не злаваліся, калі Аўгіння, плывучы ў сваім тумане, натыкалася на іх ці блытала іх імёны. Ды і як можна было злавацца на гэтую асобу з пышнай прычоскай, упрыгожанай кветкамі, з вечнай усмешкай. Мішэль прыходзіў дадому, стомлены і мужны, цалаваў жонку ў шчаку і спажываў вячэру, прыгатаваную ўмелымі рукамі кухаркі Параскі. А юная пані Кудыка тым часам улагоджвала яго слых пераказам зместу чарговага рамана, прачытанага з дапамогай моцнай лінзы, і хуталася ў самавязаны белы шаль з кутасамі.

— Ох! Ах! Прабачце, калі ласка! — гэта пані Аўгіння выносіла мігдалавы торт з кандытарскай.

Чалавек, з якім на гэты раз сутыкнулася чароўная паненка, пах дарагім адэкалонам, а на твары яго паблісквала пенснэ. Аўгіння сарамліва ўсміхнулася. Незнаёмец уважліва паглядзеў на няўклюдную тубылку і далікатна ўзяў з яе рук каробку з тортам.

— Дазвольце, я крыху дапамагу вам. Не палічыце нахабствам — я тут чалавек выпадковы, выкраіў дзень заехаць пракансультаваць жончыну сваячку. Дазвольце пазнаёміцца — Самсон Рыгоравіч Іваноўскі, маскоўскі ўрач-афтальмолаг. Ну, калі прасцей — спецыяліст па захворванні вачэй. У мяне да вас некалькі прафесійных пытанняў…

Увесь вечар Аўгіння ўсхвалявана хадзіла па доме, наторкваючыся на шматлікія вазы з сухімі кветкамі, расстаўленыя ў кутах. Белы вязаны шаль спаўзаў з плячэй… Невялікая аперацыя, да таго ж бясплатная, як цікавы навуковы «прэцэдэнт», і Аўгіння раз і назаўсёды пазбавіцца ад сваёй блізарукасці. Аўгіння не наважылася распавесці пра атрыманую ад доктара прапанову ні паважнаму брандмайстру, ні заклапочанаму мужу… А як было б цудоўна паўстаць перад імі выратаванай Папялушкай! Растане плыткі туман, што не дае ёй любавацца прыгажосцю свету, і тады…

…Аднойчы раніцай белая столь, у незнаёмай сетцы трэшчын і пісягоў, абрынулася на Аўгінню… Паненка махнула рукой перад вачыма… Гэта — яе рука?! Аўгіння ўскочыла — галава круцілася, як ад першага веснавога ветру. Бы скрозь туман, успомніўся пакой павятовай бальніцы, недарэчная прысутнасць мясцовых дактароў, непрыстойна цікаўных і ўсхваляваных, боль, страх, расчараванне — і абяцанне перамен праз дванаццаць гадзін, калі скончыцца дзеянне абязбольваючых сродкаў…

Прадметы наступалі на Аўгінню, бязлітасныя ў сваёй канкрэтнасці. Яны рэзалі прастору вострымі абрысамі, адмяжоўваліся адзін ад аднаго цвёрдымі плоскасцямі і дыктавалі адлегласці. Гэта быў свет яркі, дакладны і жорсткі… «І прыгожы… Вядома, прыгожы!» Аўгіння кінулася да люстэрка…

Хто гэта? З вычварнай бронзавай рамы дзівакавата пазірала на яе блага прычасаная велікаротая асоба, бляклая, як начны матыль… Дотык бязлітаснага шкла пераканаў Аўгінню, што гэта… Не, гэтыя пачырванелыя вочы, запалыя шчокі — не яе!..

Слёзы на хвілю вярнулі звыклы вясёлкавы туман, у якім жыла паэтычная танклявая прыгажуня…

А вечарам прыйдзе Мішэль! Як мог ён кахаць яе, такую пачвару! Далоў — шаль, звязаны сляпой курыцай, далоў — шпількі і балотную сукенку! Колькі вакол безгустоўных рэчаў, якія па-дурному расстаўленыя!

Да танклявай жанчыны ў прыгожай бэзавай блузцы з вялікім карункавым каўняром, з акуратна падведзенымі вуснамі і вейкамі, з упрыгожанай кветкамі антычнай прычоскай падыходзіў каржакаваты няголены тып з чырвоным тупым тварам (а рот разяўлены), з вачыма юрлівымі і чамусь спалоханымі… Са скурай порыстай, вуграватай, тлустай… За ім сунуўся гэткі ж чырванатвары стары ў касцюме брандмайстра (два гузікі віселі на нітках), самазадаволены, з неахайнымі пукамі сівых валасоў у ноздрах і вушах… Бывай, мужны Мішэль! Бывай, вобраз ідэальнага бацькі!

Жорсткі жарт сыграў ты з беднай правінцыялкай, маскоўскі медычны бог!

Аўгіння схавалася ў сваім пакоі, дзе так недарэчна глядзеўся вялікі двухспальны ложак… Але і тут прадметы даставалі яе сваёй пачварнай канкрэтнасцю. На фотаздымку, які паставіў Мішэль на тумбачку, аказалася зусім не Аўгіння, а незнаёмая нахабная брунетка. У вазоне — поўна расцёртых недапалкаў і, не можа быць! — наплявана… А на куфэрачку, што падарыла лепшая сяброўка, які Аўгіння расчыняла кожны дзень, проста на накрыўцы надрапана дробнымі літарамі «дурніца»…

Людзі смяяліся са «слепурындалы», крамнікі недадавалі рэшту, бацька ледзь спіхнуў недарэку свайму падначаленаму, а той, куплены за пасаг і пасаду, суцяшаўся ў зіркатых прыгажунь горада Б*…

Аўгіння схавалася ў самы цёмны і засмечаны кут некалі чароўнага саду. Што цяпер? У кляштар? Проста пайсці — з дому, з горада, з жыцця? Аўгінні хацелася выдзерці свае вочы, вярнуцца ў плыткае шчасце няведання… Але зведаўшы аднойчы — ведаеш назаўсёды, на памяці драпіны не зацягваюцца, калі гэта — драпіны ад аскалёпкаў шчасця…

Над горадам Б* заходзіла сонца. Прырода не здрадзіла Аўгінні, бо не здраджвае ніколі. Дрыжэла прыўкраснае божае дрэўца, і на светла — зялёных лістах жывакосту адлюстроўваліся промні… А калі ў гэтым свеце ўсё-ткі існуюць півоні, захад сонца, лебедзі, мігдалавыя тарты і жанчыны, якія ўсім прабачаюць, то не так усё безнадзейна, жорстка і несправядліва…

Празрысты, як вэлюм нявесты, смех растаў у лістах бэзавых кустоў… Што ж, дзяцей, якія будуць, яна ўбачыць не праз вясёлкавы туман…

Ніхто не ведае, якой моцай валодаюць рахманыя людзі. Аўгіння ўзнялася. Яна навучыцца жыць і ў гэтым свеце. І па-ранейшаму будзе адорваць усіх усмешкамі, і не стане заўважаць, як паблажліва крывяцца сустрэчныя. І не пераверне фотаздымак з нахабнай брунеткай.

Захад дагараў цёмным бэзавым агнём. Худзенькая жанчына з высока зачасанымі валасамі ціха падышла да свайго дома.

На ганку з нечым белым у руках перамінаўся з нагі на нагу бравы пажарны Міхась Кудыка, які сумеўся пад незнаёмым, ясным і пільным, позіркам жонкі.

— Ты не змерзла, гм-м, даражэнькая?

І працягнуў няўмела звязаны, са шматлікімі спушчанымі петлямі шаль.

Аўгіння памаўчала і лёгка кранула цёплымі кончыкамі пальцаў шчаку мужа.

— Мусіш пагаліцца, мілы…

Узнясенне Ганімеда

Юпітэр скраў прыўкраснага юнака Ганімеда, сына траянскага цара, і зрабіў яго сваім віначэрпам на Алімпе.

Старажытнагрэчаскі міф

Ну каму якая справа да таго, што робіцца на заднім двары карчмы?

Зразумела, што месца гэтае не самае прыдатнае для рамантычных спатканняў, філасофскіх разважанняў ды сяброўскай гутаркі.

Тым больш калі наведвальнікі згаданай установы п'юць шмат піва…

Аднак задні двор знакамітай Бурыгавай карчомкі ў горадзе Б* не падпадаў пад такое вызначэнне.

Хаця б таму, што такога двара як бы і не існавала.

Цікаўнага сустракаў высокі шчыльны плот, спраўляць малую патрэбу ля якога перашкаджаў акуратны глыбокі раўчук. За плотам бачыліся пышныя кусты бэзу — у адрозненне ад сухіх галінак пад вокнамі самой карчмы. Жыццё гэтай піцейнай установы падзялялася на дзве палавіны. З аднаго боку, так бы мовіць, з фасада, была непасрэдна карчма, зала, поўная наведвальнікаў, дзе гучала зухаватая музыка; сам пан Бурыга, паважны, вусаты, гучнагалосы; келіхі, штофы, разныя дубовыя сталы і лаўкі, вечны гуд ды гром.

39
{"b":"247642","o":1}