Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ля сцен, павернутыя фарбаванай паверхняй ад гледача, стаялі іншыя карціны. Я пачала іх пераварочваць. Несумненна, яны належалі пэндзлю аднаго мастака, і гэта быў выбітны мастак. У святле ліхтарыка ўзнікалі новыя і новыя сюжэты. Якая фантазія! Якое майстэрства! Я так захапілася разглядваннем, што не зрэагавала ў час — дзверы раптоўна адчыніліся і святло ліхтарыка, ярчэйшага за мой, скіравалася проста мне ў твар і на некалькі імгненняў асляпіла. Калі б у мяне яшчэ былі сумнівы наконт уладальніка падпольнай майстэрні, цяпер іх не мусіла заставацца. Вочы Вінцука з-пад насупленых броваў гарэлі праведным гневам.

— Вы…вы… як вы маглі! Шпіёніць… Паверыў вам… Артыкулам вашым, партрэту… Шчыра збіраўся дапамагчы… А вы…

У небаракі аж рукі трэсліся ад абурэння. Зусім перастаў маскіравацца пад бажаволака. Але я не збіралася адступаць.

— Вы чакаеце, што я зараз пачну прасіць прабачэння і сцвярджаць, што я тут выпадкова, што я не хацела і таму падобнае? Памыляецеся. І апусціце нарэшце ліхтар, а то свеціце мне ў вочы, як на допыце.

Вінцук сумеўся ад майго ваяўнічага тону і скіраваў святло ліхтарыка ўбок, памацаў рукою недзе ў куце, і на столі запалілася лямпа дзённага асвятлення. А я працягвала сваю «псіхатэрапію»:

— Калі вы чыталі мае артыкулы, дык не маглі не зразумець, што я з сябе ўяўляю. Цікаўнасць — неад'емная частка маёй прафесіі. Я ніколі не спынюся на паўдарозе. Неінтэлігентна з майго боку? Магчыма. Мне не раз даводзілася неінтэлігентна дабівацца ісціны, як бы патэтычна гэта ні гучала. Вы, дарэчы, таксама неінтэлігентна мне зманілі, калі я спытала пра другі паверх. І, калі хочаце ведаць, мне вас ніколькі не шкада, і ніякай загадкі для мяне вы не ўяўляеце. Сярод маіх знаёмых дастаткова таленавітых няўдачнікаў-іпахондрыкаў. У мінулым годзе адзін паэт аб'явіў, што кідае пісаць вершы, купіў хутар і шукае там праўду жыцця. А ягоная жонка, мая каляжанка, акрамя дадатковых лекцый яшчэ і нешта рэдагуе па начах да страты прытомнасці, абы дзіцяці на лекі ад алергіі ды спецыяльную дыетычную ежу хапала. Хочаце, раскажу вашу жыццёвую гісторыю ў агульных рысах? Вы падавалі вялікія надзеі, вучыліся… не бяруся па вашай творчай манеры вызначыць, дзе, але ў вышэйшай творчай установе. Вас спасцігла вялікае расчараванне, мусіць, звычайная подласць з боку калег — такога хапае ў нашым блаславёным асяродку. Пасля гэтага вы не сталі зноў стукацца ў дзверы вялікага мастацтва, а вырашылі стварыць яго ўласную філію, гэткую рабінзанаду непрызнанага генія. Выяўляеце з сябе бясшкоднага вар'ята з пакалення «брамнікаў і вартаўнікоў», спажываеце разварыстую вясковую бульбачку і з горкай, але салодкай помстай у душы пішаце палотны, якія свет не заслужыў пабачыць. Вось вам «еще… минчук в Гарольдовом плаще».

Я нагаварыла шмат несправядлівасцей і чакала новага выплеску абурэння і абвінавачванняў у адрас недасканалага свету, персаніфікаванага ў маёй сціплай асобе, але я недаацаніла свайго знаёмца. Маю тыраду ён слухаў сапраўды трохі нервова, пакусваючы вусны, але пад канец супакоіўся і камічна развёў рукамі:

— Здаюся, здаюся. Меа сulра, меа массіма сulра.1 Вы сапраўды менавіта такая, якой я сабе ўяўляў. І я… напэўна, у нечым такі, як вы гіпатэтычна апісалі. Але нечага вы пра мяне не ведаеце. Таму давайце зачынім маю падпольную… дакладней, паддашную майстэрню і пойдзем уніз, у больш спрыяльныя для гутаркі ўмовы.

— Так, узімку вы сапраўды ціхі,— «ушчыкнула» я інтэлектуальнага вартаўніка.

Ён рассмяяўся так шчыра, па-дзіцячы, што я не магла таксама стрымаць смех. Магчыма, да паранойі тут справа не дайшла.

5

На інкруставаным ломберным століку, пакрытым выцвілай цыратай, дыміліся кубачкі з гарбатай на зёлках, у грубцы (шкада, камін не захаваўся) патрэсквалі дровы, з партрэтаў паглядалі вусатыя шляхціцы і шляхцянкі ў карункавых каўнярах, а насупраць мяне сядзеў у фамільным крэсле князёў Палецкіх прыроджаны Палецкі ў падранай ватоўцы. Што праўда, ягонае аблічча істотна змянілася. Зніклі ваўкаватасць і пустыя позіркі паўзверх субяседніка, змянілася і запаволеная гаворка. Вінцук з відавочным задавальненнем вяртаўся да манер выхаванага чалавека, элегантна адпіваючы гарбату з парцэлянавага кубачка з вензелем. Але што мяне найбольш падкупіла — ён працягваў размаўляць на беларускай мове, вельмі натуральна і прыгожа.

— Вядома, я «падаваў надзеі». Яшчэ б. Матуля з дзяцінства ўбівала мне ў галаву, што я незвычайнае дзіцё, што я мушу стаць вялікім чалавекам і гэтак далей. Акрамя мяне ў яе нікога на свеце не было, і ўсю энергію яна траціла на тое, каб «вывесці мяне ў людзі». Ізастудыя, спартыўная секцыя, музыка… Поўнае кола пакутаў юнага вундэркінда. Ад бацькі я нават прозвішча не ўспадчыніў — маці лічыла, што мне пасуе толькі княжацкае імя.

— Ну што вы, — рассмяяўся мой суразмоўца. — Усяго хапала. Я па натуры чалавек адкрыты… некалі быў. Да таго ж я ў дастатковай ступені валодаю самаіроніяй. Калі б не ўмеў час ад часу пасмяяцца над сабой, даўно б зламаўся. Карацей, рос такі мамчын сынок, удзельнічаў у выставах і конкурсах дзіцячага малюнка, пасля з лёгкасцю паступіў у акадэмію мастацтваў. Усё ў мяне было самае лепшае — верныя сябры, выбітныя перспектывы, і каханне было самае цудоўнае… Прыгажуня, якіх на свеце больш няма. Юная, пяшчотная, узвышаная… Як кветка. У кветкавай краме я яе і напаткаў. Яна стаяла за прылаўкам… Слова «прадаўшчыца» ці «гандлярка» занадта грубае. Багіня з ружамі. Я так і маляваў яе. Пажаніліся. У нас з маці была двухпакаёўка ў цэнтры, праўда, на першым паверсе, з відам на пункт прыёму шклатары. Віта мела толькі прыгажосць і цвёрды характар. Сапраўды цвёрды. Заўсёды ведала, чаго хоча, і ўмела гэтага дабіцца. Я верыў, што хутка пабудую для сваей багіні палац. На жаль, з маёй маці адносіны ў іх не склаліся ад самага пачатку.

— Чаму?

Вінцук уздыхнуў.

— Думаю, мама пагадзілася б толькі на нявестку з каралеўскага роду, і тое наўрад ці. Напэўна, і я быў вінаваты — па маладосці не надаваў значэння многім, як лічыў, дробязям. Віта вырашыла, што мы будзем здымаць кватэру. Тым часам я скончыў акадэмію, мне далі месца ў майстэрні, разам з двума крыху старэйшымі мастакамі. Будучыня мусіла быць цудоўнай. Але яе трэба было чакаць. А Віта чакаць не ўмела. Колькі трэба часу, каб мастаку дабіцца славы? Пяць гадоў? Дзесяць? Дваццаць? Я хацеў працаваць на мастацтва, Віта хацела, каб я працаваў на сямейны дабрабыт.

— Па-мойму, законнае жаданне ўсіх жонак, — не змоўчала я.

— Напэўна… Але тады я быў невыносным ідэалістам. І вось аднойчы прыходжу дадому, а мая багіня ляжыць, бледная, на ложку і плача. Абследаванне выявіла рэдкую смяротную хваробу. Тэрмінова патрэбна правесці курс ін'екцый. Лякарства такога ў нашых аптэках няма, толькі на чорным рынку можна купіць. Каштуе каля дзвюх тысяч долараў. Ні ў мяне, ні ў маіх сяброў такіх грошай пакуль не мелася. Ляжыць жонка, развітваецца са мною. Я пачаў меркаваць, у каго пазычыць, што прадаць. Ледзь не звар'яцеў. І тут якраз тэлефануюць. Прапаноўваюць выканаць адзін невялікі заказ для прыватнага калекцыянера, які заплаціць у валюце, і вельмі добра. Я расцаніў гэта як добры знак і заглынуў нажыўку разам з кручком. На шыкоўным лецішчы, пасля шампанскага з лёдам, прыветныя дзядзечкі ў гальштуках і белых кашулях паказалі мне абраз. Візантыйскі ўзор, чатырнаццатае стагоддзе. Цуд, а не работа! Пытаюцца: «Можаш копію зрабіць? Адзін дзівак замежнік хоча такі мець, а іх вывозіць нельга. Вось ён шукае, хто б напісаў падобны. Намалюеш — дзве тысячы баксаў твае».

— Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?

— Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую… падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, — замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся — зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні… Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе… Я паслухаў і… Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.

вернуться

1

Мая віна, мая вялікая віна (лац.).

24
{"b":"247642","o":1}