Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Але чаму яны не змоўклі, калі заспяваў хор?

— Блеюць, нібы козы някормленыя… — сярдзіта абазваўся нейкі грубіян за Лютысевай спінай.

Лютысь якраз вывучыўся акрым пляскання ў ладкі гучна крычаць «брава!» і «біс!». Але ўсё-ткі не так гучна, каб заглушыць усе незадаволеныя галасы, смех і свістанне. А хор між тым намагаўся з усіх сіл. І панна Анэля, і панна Юзька, і рудая Анця, вытанчана склаўшы белыя ручкі перад сабой, падобна мармуровым анёлкам на каталіцкіх могілках горада Б*, старанна выводзілі рулады пра залатую хмарку і пра бедную сірацінку…

— Ну колькі можна нудзіць? Яшчэ па праграме чытальнік і піяніст. А калі ж танцы? — абураўся несвядомы люд.

Але са сцэны пятнаццаць галасоў натхнёна зацягнулі раманс…

Так, пры поглядзе ў гэты момант на публіку гарадскога клуба самы мройнік пагадзіўся б, што горад Б* мала падобны да Венецыі. З-за куліс чырванатвары чытальнік з набрыяліненымі вусамі адчайна размахваў кнігай апавяданняў Чэхава на знак кіраўнічкі хору заканчваць выступ.

Вось і растаў цуд… Развеянае чараўніцтва… Хіба хопіць у кагосьці сілы захаваць свой чароўны востраў, калі любячыя бліжнія даходліва патлумачылі, што ён — толькі купінка пасярод свойскага балота? Яны ж такія клапатлівыя і разумныя, нашы бліжнія… Яны заўсёды аберагаюць нас ад непатрэбных, няхай і прыгожых, амарокаў.

На наступны дзень мусіла адбыцца чарговая рэпетыцыя. Сем самых стойкіх да жыццёвых няўдач паненак, якія сёння толькі і прыйшлі ў пусты летні тэатр, сумна зацягнулі пра залатую хмарку пад суровыя ўзмахі рук кіраўнічкі. Плач старазапаветнага прарока Іерэміі па зруйнаваным Іерусаліме і стогн наведніка Бурыгавай карчомкі па паўнюткім, перакуленым на падлогу куфлі піва — нішто ў параўнанні з той нябеснай тугой, з тым тужлівым шкадаваннем, якімі трымцелі абражаныя грубай рэальнасцю галасы парадзелага хору Апякунства народнай цвярозасці. Вось апошні гук растаў пад дзіравым дахам. А магчыма, праз тыя дзіркі, на рапараванне якіх сквапная гарадкая рада не выдзяляе сродкаў, узняўся той гук высока-высока, аж да нябеснага прастола, дзе спяваюць райскія птушкі на аблоках з мігдалавага крэму…

І ці то з тых аблокаў, ці то з цёмнага кута сырога памяшкання летняга тэатра грымнула:

— Брава! Біс!

Верны Лютысь стаяў і зацята біў у ладкі, нязграбна прыціскаючы да сябе локцем вялікі букет хрызантэм.

І няхай дзесьці ў вялікіх бліскучых залах прымадонны з непамернымі бюстамі атрымліваюць ружы кошыкамі.

Хіба гэта прыгожа — ружы ў кошыку?

І хор аднавіў свае рэпетыцыі. І наважваўся на новыя і новыя выступленні… І сціплы тэлеграфны служачы восьмага разраду заўсёды сядзеў у чацвёртым радзе справа і крычаў свае «брава» і «біс» і шчыра перажываў за кожную нотку… І бегаў па асабістых просьбах па лядзенчыкі, а да Каляд і Вялікадня абавязкова атрымліваў цэлы стос сурвэтачак, вышытых незабудкамі ці галубочкамі. Так што Лютысева маці, гучнагалосая мажная кабета, разглядаючы прэзенты, расчулена выцірала слязу і думала: «Вылюднеў… Хутка жэніцца…»

Лютысь не зважаў, калі змяняліся харысткі ці калі чарговы знаўца падчас іх выступаў хапаўся за галаву. Ну і няхай хапаецца, калі гэта ў яго слабое месца!

Бо херувімы пяюць на грэшнай зямлі толькі для абранцаў. І нават у горадзе Б*.

Ахілесава пятка

Герой Ахілес меў непаражальнае цела, за выключэннем пяткі. Сын цара Троі Парыс, які не вызначаўся ваеннымі талентамі, забіў героя, пацэліўшы яму стралой у гэтае адзінае паражальнае месца.

Старажытнагрэчаскі міф

Калі сумленнаму абывацелю горада Б* не хапала ўласных праблем, ён пачынаў вырашаць праблемы грамадскія.

Праўда, сорамна прызнацца, гэткіх шчаслівых людзей у горадзе Б* жыло няшмат. Большасць абывацеляў корпалася ў сваіх штодзённых асабістых справах, нараджаліся, жаніліся, сварыліся, паміралі і ведаць не ведалі пра новыя павевы ў цывілізаваным свеце. Так-сяк дзейнічалі Апякунства народнай цвярозасці і Гурток аматараў драматычнага мастацтва, і то дзякуючы хору і танцавальным вечарынам. Несвядомы люд насяляў горад Б*!

Мадам Касіо, утрымальніца пансіёна высакародных паненак горада Б*, раздражнёна адклала на ампірны столік газету. Нават у горадзе Н* стварылі Таварыства абароны жанчын! А тут — суцэльны патрыярхат, цямноцце.

Мадам Касіо карысталася павагай усяго горада Б*. Калі насустрач імкліва рухалася ейная танклявая высокая постаць у чорнай сукенцы з пышным карункавым каўняром і манжэтамі, увенчаная купалам сапраўднага парыжскага капелюша, нават самы смелы служачы сельскагаспадарчага банка — а пра служачых гэтага банка гаварылі, што любога з сарочкі выведуць, — намагаўся збочыць, зрабіцца непрыкметным, як павуцінка бабінага лета. Абы толькі не наставіла мадам Касіо на цябе свой страшны ларнет, абы не сустрэцца позіркам з яе светлымі, як ільдзінкі, вачыма… Ну а зусім гора, калі скіруе на цябе мадам свой доўгі чорны парасон, калі прагучыць металёвае:

— Пра вашыя манэры, малады чалавек, я буду размаўляць з вашым рара.

Таму ліст па збіранні сродкаў на стварэнне ў горадзе Б* Таварыства абароны жанчын падпісалі і сам губернатар, і паліцмайстар, і нават дырэктар сельскагаспадарчага банка Шкудровіч. Там, дзе металёвы голас і ларнет былі менш дзейсныя, у бяспройгрышную бойку ўступалі серабрысты галасок і сарамліва-прамяністыя пагляды маладзенькай мадэмуазель Нінэль, выкладчыцы музыкі і спеваў пансіёна мадам Касіо. Мадэмуазель Нінель, або ў сапраўднасці засцянковая шляхцянка Ніна Гаршкова, мініяцюрная сільфіда ў німбе штучных локанаў, пазірала на сумніўца справы абароны жанчын з такім натуральным жахам, з такім немым дакорам увасобленай жаноцкасці, што самае каменнае сэрца мусіла здрыгануцца, а рука — пацягнуцца падпісваць ліст.

Ніхто не ўстаяў перад двайным націскам актывістак прагрэсу. Ніхто… Акрамя Базыля Магарыша, уладальніка невялікага, але працвітаючага конезавода. Ах, якія коні былі ў Магарыша! Сытыя, гладкія, шыракаспінныя, нібыта створаныя вазіць рыцараў у поўным узбраенні. Праўда, набывалі іх для куды больш празаічных патрэб. Але коні прыносілі не малы даход. І не дзіва — Магарыш, палкоўнік- кавалергард у адстаўцы, свету не бачыў за сваімі грывастымі ўлюбёнцамі. Ні вясёлыя сябрукі, аматары халасцяцкіх уцех, ні прыўкрасныя паненкі горада Б* з пасагамі рознай велічыні не маглі звесці Магарыша з ягонага суровага мужчынскага шляху. Часам ён і сам нагадваў неаб'езджанага рысака — чорныя валасы грывай, бакенбарды і вусы неймавернай велічыні, ноздры раздзімаюцца, ногі ў кавалерыйскіх ботах нецярпліва пераступаюць, а на твары напісана адно: кажы, чалавеча, якая патрэба, ды збаў мяне ад сваёй прысутнасці.

Але Магарыш, як уладальнік буйнога (у межах горада Б*) капіталу, не мог быць прамінуты ў працэсе збору сродкаў на новае таварыства.

Як пунсавелі шчокі ў мадам Касіо, калі яна шпаркім крокам у суправаджэнні зарумзанай мадэмуазель Нінель выходзіла з дубовых варотаў Магарышавага дома! Напэўна, каб патрапіў у гэтае імгненне якісь небарака пад прыцэл лінзаў ейнага ларнета, спапяліўся б, як волас над свечкай.

Гэта была параза. Мадам Касіо збіралася друкаваць падпісны ліст за стварэнне Таварыства абароны жанчын у губернскай газеце разам з усімі сабранымі подпісамі… І сярод іх не будзе подпісу палкоўніка ў адстаўцы Магарыша! Палкоўнік славіўся не толькі дзікім норавам, але й тым, што мог шчодрай рукой адваліць грошай на карысную дабрачынную справу. Напрыклад, на палеанталагічны музей ці атлетычны гурток. Хадзілі чуткі пра незвычайныя акалічнасці ранняй адстаўкі палкоўніка. Нібыта быў ён западозраны ў сімпатыях да дзівакоў, што не надта любілі магутную імперыю, якая літасціва ўзяла пад сваё крыло тутэйшы край… Ды яшчэ меў палкоўнік дрэнны звычай згадваць былыя шляхецкія вольнасці гэтага краю ды сваіх ваяўнічых продкаў, што змагаліся пад іншым, забытым цяпер, штандарам… І ці то Магарыш адмовіўся аддаць загад у некага страляць, ці то сам пацэліў не ў таго…

«А з-за жанчыны, пэўна, гісторыя была, таму й не любіць жанчын», — адмахваліся скептыкі. Але і яны пачціва кланяліся ды таемна зайздросцілі, калі Магарыш пралятаў па вуліцы горада Б* на сваім улюбёным чорным жарабцы.

42
{"b":"247642","o":1}