Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

…І паплыў па вадзе сухі букецік Афеліі, і дарэмна спрабавалі затрымаць яго прыбярэжныя чараты… Карацей, прайшло тры гады. Стась Гарбузак успадчыніў бацькаву піваварню і цяпер выпрабоўваў на наведніках Бурыгавай карчомкі новыя гатункі свайго піва… Акцёрская трупа, у якой блішчэла фольгавая зорачка Клелія Лебедзева, яна ж Ксеня Чычаловіч, пасля няўдалых гастроляў па расейскай глыбінцы апынулася ў горадзе Б*. Клелія доўга сядзела перад цьмяным люстэркам нумара трэцяга разраду гатэля «Эсперасьён», прыдзірліва вывучаючы свой воблік… З таго часу як пакінула пышныя сады і крывыя вулачкі горада Б*, яна схуднела, са шчок сышла здаровая правінцыйная ружовасць, затое вочы пабольшалі і ў іх з'явіўся таямнічы, крыху ліхаманкавы бляск. Клелія правяла пухоўкаю па задзірлівым носіку: нічога! Ёй ёсць чым уразіць горад Б*!

Тым болей што Гарбузак ніколі не меў звычкі хадзіць па тэатрах.

Але звычкі мяняюцца не радзей чым грошы на келіх піва. І Стась Гарбузак не прапускаў цяпер ніводнага прадстаўлення ў горадзе Б*. Ці то ён спадзяваўся, што аднойчы ўбачыць на тутэйшай, кепска габляванай сцэне сваю зляцелую птушачку Ксенечку, ці то сапраўды прыхінуўся да вар'яцкага і таямнічага свету Мельпамены…

І калі з-за куліс паказалася натуральная бландзінка Дэздэмона, Гарбузак сядзеў у другім радзе партэра і ягоны паласаты пінжак упрыгожвала буйная астра з бела-чырвонымі стракатымі пялёсткамі. Вы, напэўна, думаеце, што Гарбузак ускочыў са свайго сумленна аплачанага месца, што ён узмахнуў рукамі, зароў: «Ксенечка!» і кінуўся да сцэны… Прымітыўна думаеце. Гарбузак успрыняў з'яўленне сваёй мары спакойна і натуральна, як чалавек, які жадаў і верыў з такой моцай, што не меў і ценю сумневу ва ўдачы. Хіба дзівіўся Майсей, калі воды Чэрмнага мора расступіліся перад ім? Гарбузак проста быў шчаслівы і штохвілі абціраў вялікай накрухмаленай насоўкай круглы чырвоны твар. Толькі калі чорныя рукі Атэла счапіліся на далікатнай шыйцы Ксені, Гарбузак не змог утрымаць гучнага ўздыху… Ксенечку трэба было ратаваць з небяспечнага пачварнага царства гастрольнага тэатра.

У маленькім пыльным пакойчыку-грымёрнай Дэздэмона спалохана ўглядалася ў заседжанае мухамі люстэрка. У цьмяным шкле адлюстравалася светлая палоска прыадчыненых дзвярэй, пасля мажная постаць півавара…

Пыхлівую ўсмешку прымадоны і гэтакі ганарлівы паварот галавы Клелія Лебедзева адрэпеціравала яшчэ на пачатку артыстычнай кар'еры… Але не паспелі сарвацца з яе вуснаў словы — гучныя і жорсткія, як, камячачы ў руках дарагі французскі капялюш, загаварыў Стась Гарбузак, і гаварыў ён проста і пераканаўча, як можна гаварыць толькі з каханай жанчынай, якую хочаш вярнуць, ці з панам суддзёю, які праз хвілю мусіць вызначыць табе прысуд.

— Ксенечка, птушачка мая! — казаў Гарбузак, і словы ягоныя мякка перакочваліся і блішчэлі, як марскія каменьчыкі ў празрыстай хвалі.— Тую альтаначку, дзе ты так любіла сядзець, усю абвіў дзікі вінаград; а на сажалцы пасяліўся цудоўны лебедзь — дзяўчаты любяць карміць яго хлебам і пірожнымі. А я купіў трох выдатных коней ангельскай пароды; яны рудыя, з белымі грывамі і хвастамі. Памятаеш, мы ездзілі да развалін старога замка і ты чытала мне там вершыкі Барана і Шулера? У нас цяпер дзейнічаюць курсы дэкламацыі, твае сяброўкі Зося і Марыя займаюцца там і на Каляды будуць выступаць у дабрачыннай вечарыне ў жаночай гімназіі. Зноў адкрыецца каток. Памятаеш, як ты каталася там у святле ліхтара, такая тоненькая, лёгкая, і сняжынкі падалі на цябе, як белыя кветкі? А я купіў фартэпіяна, нямецкае, чорнае, бліскучае, і з яго кожны дзень выціраюць пыл. Яно чакае дотыку тваіх пальчыкаў. У Данусі і Карповіча нядаўна хрысцілі дзіцятка… Дачушку… А я купіў саксонскі парцэлянавы сервіз, на дваццаць чатыры персоны. Ён такі ўвесь белы, і ружовы, і блакітны, і там анёльчыкі, і налепленыя кветкі, і залатыя разводы… Пойдзем, Ксенечка, мой вазок стаіць каля тэатра. Ты па-ранейшаму любіш шакаладны торт і мігдал у цукры?

Ксенія Чычаловіч павольна, як у сне, прыўзнялася. Старая распусная вядзьмачка Мельпамена, якая прыкрываецца прыгожай маскай і людской цікаўнасцю, з прыкрасцю пакінула маленькую грымёрную тэатра горада Б* і сваю ахвяру. Яблыневыя сады і месячныя ночы горада Б*, яго цэркаўкі і касцёлы, кавярні і карчомкі, драўляныя масткі і бэзавыя альтанкі паўсталі ва ўяўленні былой Дэздэмоны ва ўсёй сваёй натуральнай моцы і запатрабавалі да сябе яе душу. Гарбузак асцярожна ўзяў за руку амаль страчанае шчасце і павёў да выхаду з тэатра, працягваючы аднаўляць у словах салодкія рэаліі местачковага жыцця… Ксені было лёгка і спакойна, ёй нібы перадалася ўпэўненасць і вера амаль забытага жаніха.

— А яшчэ я прыдумаў новы гатунак піва, — сказаў Гарбузак. — Я назаву яго «Ксенечка» і зладжу вечарыну бясплатнай ягонай раздачы ў карчомцы Бурыгі… Якое піва, Ксенечка! Які водар!

У вачах Ксені, толькі што незамутнена-блакітных, успыхнулі дзве даволі неспрыяльныя для Гарбузака маланкі, вусны зноў падціснуліся. Прымадонна Клелія Лебедзева вырвала сваю руку з чырвонай лапы півавара Стася Гарбузака, развярнулася і пайшла ў свой свет, неўладкаваны, капрызны, таямнічы… Гарбузак, не верачы ў няшчасце, бег за ёй і нешта гаварыў, але словы яго больш не мелі моцы…

Клелія бегма вярнулася ў грымёрную і зачыніла дзверы на засаўку. Бедны Гарбузак застаўся з таго боку дзвярэй.

— Ну чаму, Ксенечка? Чаму ты так?

А Клелія кінула праз вузкае акно пагардлівы позірк на небрукаваныя краявіды горада Б*. «Пі-ва! Зноў тое праклятае піва… А я, дурніца, вушы развесіла! «Замак! Саксонская парцэляна! Каток!» А ўсё — на ўзроўні піва… Піўная каралева горада Б*… Бр-р-р…»

Няшчаснага Гарбузака прагнаў ад Ксеніных дзвярэй антрэпрэнёр, а назаўтра трупа, падобна звар'яцелай зграйцы птушак, паляцела шукаць свой вырай то на ўсходзе, то на захадзе, то на поўдні, то на поўначы… Гарбузак так і не змог зразумець прычыны свайго фіяска, і тэатральны свет назаўсёды застаўся для яго царствам небяспечным і нязведаным, дзе людзі знікаюць, як у багне, і якое не адпускае ад сябе ахвяр, як не адпускае багна…

«Трэба было сказаць ёй, — разважаў Стась за куфлем піва, якое так і не назваў «Ксенечкай», — што я купіў гадзіннік з зязюляй і італьянскую карціну з голай багіняй…»

Праз год Гарбузак ажаніўся з паннай Зосяй, якая так і не скончыла курсаў дэкламацыі, і ў Бурыгавай карчомцы ўвесь вечар бясплатна пілі духмянае піва «Зосечка».

Як склаўся далейшы лёс Ксеніі Чычаловіч, мы не ведаем, як нельга ведаць таямніц іншага свету.

Скрыня Пандоры

Каб нашкодзіць людзям, багі Алімпа стварылі прыўкрасную жанчыну Пандору і надзялілі яе неўтаймоўнай цікаўнасцю. У доме мужа Пандоры знаходзілася скрыня, якую нельга было адчыняць. Пандора з-за сваёй цікаўнасці адчыніла яе і выпусціла адтуль у свет людскія хваробы, сваркі і звады.

Старажытнагрэчаскі міф

Паштовае аддзяленне горада Б* месцілася ў аднапавярховым цагляным дамку, амаль схаваным пад шатамі старых ліп. Цяпер, перадкаляднымі маразамі, ліпы захуталіся ў высакародную шэрань — гэткія важныя пані, што нібыта зусім заштурхалі ў куток яснага марознага дня сціплы будыначак пошты.

А ў будынку паштмайстар пан Сікорскі ў атачэнні сваіх падначаленых разглядаў пасылку, дастаўленую з чыгункі ў чарговай партыі ранішняй пошты. Пасылка была адрасаваная настаўніку хіміі Капуцкаму, аматару незвычайных досведаў ад спірытычных сеансаў да археалагічных раскопаў. Пасылка сапраўды была вартая ўвагі: квадратная скрыня ў палову чалавечага росту вышынёй, шчыльна абцягнутая чорнай аксамітнай паперай, на якой ярка паблісквалі фольгавыя зоркі. Адправіцель падпісаўся лаканічна: «Брацтва «Гаўдэамус». Паколькі было вядома, што настаўнік Капуцкі з'ехаў некуды ў Гародзенскую губерню да сваякоў, а ягоная халасцяцкая кватэра стаяла замкнёная, пасылка мусіла знаходзіцца ў сховішчы паштамта да вяртання адрасата.

— Пасылка як пасылка, — выгукнуў Сікорскі і прыгладзіў справа налева рэдкі чуб, зачасаны на раннюю лысіну. — Занесці ў сховішча і забыцца.

34
{"b":"247642","o":1}