Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Што з табой? — спалохалася Магдаліна.

— Ты ведаеш… Цяжка паверыць, але… Марк, здаецца, забраў пакет з тваімі піражкамі!

— Ты хочаш сказаць…

— Вось ён, рукапіс!!!

У святле ліхтара Магда прачытала першыя радкі, напісаныя на пажаўцелай паперы цвёрдым круглым почыркам, і ледзь не выпусціла сшытак:

Толькі магілы ёсць у мяне.
Траву па-над імі вецер кране…

Можа быць, гэта сон? Гэта ж яе вершы?!! Але далей ішло іншае.

Я да сваіх не ўздымуся нябёс.
Толькі магілы — шлях мой і лёс.
Бедны нашчадак, за спадчыну гэту
Не папракай небараку-паэта.
Разам з табой на пагост уздымусь.
Спіць у магілах мая Беларусь.

Эпілог

Хлопец гадоў дваццаці шасці, з сабранымі на патыліцы ў хвосцік валасамі і ўсмешлівымі вуснамі, і зеленавокая дзяўчына, гнуткая, як лазінка, схіліліся, абняўшыся, над вялікім пісьмовым сталом з чорнага дрэва. Перад імі ляжалі разгорнутыя часопісы. У маладых людзей быў аднолькавы выраз твараў — з адбіткам шчасця, не хвіліннага, бурлівага, а такога, што расце свойскім дрэўцам у садзе тваіх будняў і непрыкметна мацнее з году ў год.

— «Вернутыя вершы»… Усё-ткі неяк банальна назвалі…

— Нічога, галоўнае — публікацыя з'явілася! Водгукаў колькі! І добра, што дамагліся прыпіскі: — «З асабістага архіва Магдаліны Дарбут-Сташынскай». Цяпер твае правы ніхто не аспрэчыць.

— Затое пачнуць казаць, што я дзедавы вершы выдаю за свае…

— Не бойся. Твая падборка даказала, што ты самастойны паэт, са сваім бачаннем свету. Гэтага не падробіш. І добра, што абедзве публікацыі з'явіліся адначасова.

— Магчыма… — задумліва сказала дзяўчына. — А што ты даведаўся пра Хмеля?

— Ведаеш… — Хлопец адхінуўся ў крэсле, падбіраючы словы: — Нам цяжка іх судзіць. Невядома, якое пекла яны прайшлі, хто і чым кіраваўся. Я магу толькі прыблізна аднавіць падзеі. Твайго дзеда, беларускага караля, сябры бераглі ад найменшых падазрэнняў. Калі пачалі арыштоўваць — ён быў апошні, каго маглі западозрыць. І на допытах ніхто са змоўшчыкаў яго не назваў. Але ў гэты ж час арыштавалі тваю бабулю. Не ў сувязі з гэтай справай. Напэўна, у цябе ейны характар. Іван Хмель выкупіў яе волю тым, што здаў яе мужа. Потым спрабаваў загладзіць віну, рыхтаваў каралю пабег. За што і быў зноў арыштаваны. Ну а падрабязнасці — «навечна канулі ў Лету, і толькі бурбалкі пайшлі». Бог усім суддзя…

— І застаюцца нам адны магілы… — Дзяўчына закрыла твар тонкімі рукамі. І раптам адчула, што на палец, побач з заручальным пярсцёнкам, слізнула нешта халоднае і цяжкое…

Просты жалезны пярсцёнак з роўнаканцовым крыжам.

— Не, гэта не той самы… — прагаварыў Кастусь, цалуючы руку жонкі.— Я замовіў дакладную копію. Няхай пераходзіць далей, з пакалення ў пакаленне, так?

— Кр-р-рум! — пацвердзіў нехта за іх спінамі, узняўшы такі вецер сваім з'яўленнем, што старонкі часопісаў пачалі перагортвацца.

— Карлуша! — Хлопец і дзяўчына са смехам азірнуліся. Крумкач тупатаў па падлозе, пазіраючы разумнымі чорнымі вочкамі. Ён ведаў, што ўсё мінае…

Але ёсць ніты, які ўплятаюцца ў сувой часу рознакаляровымі сцяжынкамі, то знікаючы, то зноў выходзячы на шэрую паверхню.

Хто ведае, можа, мой ці ваш лёс — таксама працяг, частачка гэтай каляровай ніткі?

І хто мы такія, каб ірваць і зблытваць ніты ў тым, што саткана не намі?

— Слухай, а Цяпа прыйшоў у бібліятэку, на краязнаўчы гурток. І разам з гэткім лысым хлапчыскам прывалок два магільныя крыжы васемнаццатага стагоддзя — на звалцы адкапалі! Загадчыца бібліятэкі пералякалася. Цяпер у экспедыцыю да Янкі папрасіўся. І яшчэ двое з ягонай каманды. Жыве Беларусь!

Жыве.

2001

Сэрца мармуровага анёла

1

Люблю вандраваць.

Часам гэтая схільнасць ублытвае мяне ў авантурныя падзеі, якія не да твару такой самавітай асобе, як я, з навуковай ступенню кніжкамі і працай у сталічным музеі… Ды не, гэта я перабольшваю наконт маёй самавітасці. Па-ранейшаму не паважаю сур'ёзных паседжанняў і павучальных размоў, увогуле цярпець не магу тое, што называецца «ўпарадкаванасцю». Акуратныя стосікі аркушаў і кніг на пісьмовым стале выклікаюць у мяне адно жаданне — зараз жа раскідаць іх. Утульна я адчуваю сябе толькі ў мастакоўскіх майстэрнях — там, дзе састаўленыя ўздоўж сцен кераміка і палотны, дзе на паліцах аскепкі невядомых пасудзін і дзівосныя букеты з сухіх кветак і птушыных пёраў… Дзе можна знайсці зусім нечаканыя прадметы — ад чалавечага чэрапа да ліхтара, з якім у мінулым стагоддзі абходчык чыгункі сустракаў цягнік… Дзе ў паветры, прапахлым алейнымі фарбамі, нібыта празрыстыя мятлушкі, лунаюць душы ненапісаных карцін. У антыкварныя філіжанкі нальецца кава, і пойдзе размова — пра Мастацтва…

Я — з тых, хто пры мастацтве… Як я хацела быць у ім! Але калі зразумела, што не магу быць сярод лепшых мастакоў, перавялася з мастацкага на мастацтвазнаўчае аддзяленне. Не ведаю, можа, і ўчыніла глупства… Але і на сваёй цяперашняй дзялянцы спрабую нешта зрабіць. «Жанчына з неўладкаваным лёсам» — так, здаецца, гавораць пра такіх, як я? Бліжэйшая сяброўка Нюта сцвярджае, што мой характар і вобраз жыцця проста не выцерпіць ніводзін нармальны мужчына. Цікава, хто, на яе думку, «нармальны мужчына»? Я — не ведаю.

Мае першае і самае моцнае каханне — Альберт Свянткоўскі, мастак. Пазнаёміліся мы з ім на першым курсе. Таленавіты быў вельмі. За талент яму ўсё прабачалі — і пропускі заняткаў, і дробныя хуліганскія ўчынкі кшталту намазанага фосфарам чэрапа ў лабаранцкай. Альберт і сказаў мне наконт маіх перспектыў у мастацтве. Гэта ў яго стылі — гаварыць, што думае, і рабіць, што хоча. Я не была настолькі амбіцыйнай, каб пакрыўдзіцца, тым больш ён зусім не хацеў мяне крыўдзіць. Каханне наша трывала да пятага курса. Да гэтага часу Свянткоўскі паспеў усвядоміць, што я абсалютна непрыдатная для таго, каб грэць яму пантофлі, падаваць каву ў ложак і прабачаць лёгкія флірты дзеля натхнення. Мая «незямная» прыгажосць засталася занатаваная на яго палотнах, а ў мяне застаўся ягоны стары эцюднік, якім я часам карыстаюся. Развіталіся па-сяброўску, ён нават зрэдку тэлефануе мне — па справах, зразумела. Адгадаваў бараду, дабіўся вядомасці, два разы развёўся і тры разы жаніўся… Але Бог з ім, з Альберцікам… Мы былі занадта маладыя, каб грунтоўна псаваць адно аднаму жыццё. А вось наступнае — і апошняе — каханне, Радаслаў Дудкоўскі, ледзь не пахіснуў маё аптымістычнае светаўспрыманне. Пасля таго як Свянткоўскі апошні раз выпіў у маім пакоі філіжанку кавы і дэманстратыўна памыў яе на развітанне — працэдура, якая ніколі дагэтуль не адбывалася без майго напамінку, — я падрыхтавалася да пажыццёвай самоты. Але Радаслаў, Радзік, быў поўнай супрацьлегласцю абцяжаранаму ўласнай геніяльнасцю Альберціку. Ён таксама мастак, і нават някепскі. У адрозненне ад шматколернага Альбертавага буйства Радзік успрымаў свет ахраматычна. Яго гравюры па-свойму стыльныя — акадэмічна правільныя і ў той жа час з нейкай дзівінкай, няўлоўнай няправільнасцю, ад якой звычайныя відарысы ператвараюцца ў снабачанні. Радзік пераканаўча давёў мне, што я — ідэал жанчыны ўвогуле і ягоны ідэал у прыватнасці. Ён прыходзіў у маю аднапакаёвую «хрушчоўку», якая засталася мне ад бабулі, з букетамі ружаў. Варыў украінскі боршч на пліце, якую я ўключала толькі дзеля таго, каб згатаваць гарбату. Заварваў зёлкі, калі я хварэла… Ну і, зразумела, занатоўваў для вечнасці маё аблічча ў чорна-белым варыянце. Карацей, усе сяброўкі і сваякі адзінадушна вынеслі вердыкт, што дурная буду, калі такога мужыка адпрэчу. З Радзікам мы дайшлі нават да загса… І тут пачалося. Высветлілася, што акрамя гаспадарчых здольнасцей, у майго мужа хапае комплексаў і неўрозаў, і я мушу штодзень падтрымліваць яго ў бязлітаснай і няўдзячнай барацьбе — «Радзік — супраць усяго свету». Таму што навокал усе былі зайздроснікі, паклёпнікі, хітруны, ілгуны, спрытныя бездары і кар'ерысты. Над імі ўзвышаўся, кшталту антычнай статуі Немезіды, бездакорны Радзік. Кожны дзень я мусіла выслухоўваць скаргі і жахлівыя падрабязнасці гэтай барацьбы. Цэлы год я ўспрымала мужа ўсур'ёз, як магла, спачувала, падтрымлівала, падзяляла абурэнне… Пакуль аднойчы не паназірала за ім сярод ягоных калег. Пасля я паспрабавала тлумачыць бескампраміснаму змагару, што спадар Н., магчыма, зусім не хацеў яго пакрыўдзіць, а спадарыня К. не падбіраецца да яго пасады… У такія моманты я з адзінага саюзніка ператваралася ў аднаго з ворагаў. І Радзік бег у сваю майстэрню — яна была якраз непадалёк, зачыняўся там і маляваў. Потым з'яўляўся задаволены, млявы і паблажліва дараваў мне. Відаць, для творчага натхнення яму неабходны быў выплеск адмоўных эмоцый. Колькі я перажыла — усё маё… Ён ваяваў з маім «мастацкім вэрхалам» і ўдзелам у экспедыцыях, напачатку нават штовечар пералічваў грошы ў маім кашальку і высвятляў, куды я столькі патраціла. І гэта можна было б дараваць, але Радзік не хацеў мець дзяцей. Ён лічыў, што свет занадта недасканалы, каб ствараць на пакуты яшчэ адну нявінную істоту. Спатрэбілася два гады, каб я ўсвядоміла, што маю справу з неўротыкам і эгацэнтрыстам, нягледзячы на тое, што ён варыў украінскі боршч і падносіў мне пантофлі.

18
{"b":"247642","o":1}