Ён стаяў, такі кволы, худы і прыгорблены, у сінім старым піджаку, зашпіленым на ўсе гузікі да горла, і чымсьці страшэнна нагадваў хворую птушку… Птушку на выбоіне скалы, якая ўсё роўна не дасца ў рукі паляўнічаму — хутчэй кіне саслабелае цела, якое больш не трымаюць крылы, у прорву.
Ротмістр штурхнуў нагой кінутую кнігу. Жоўтыя старонкі разляцеліся па і без таго засмечаным пакоі. Жандарскі правадыр некалькі разоў запар чхнуў. Халера, ну і пылішча… Як гэты стары тут жыве? Не чалавек, а нейкі шашаль. Куды яго везці? Памрэ па дарозе.
Нехта з жандараў, відаць, надзвычай дасціпная ў жандарскім асяроддзі асоба, на развітанне строс снег з галавы драўлянага льва і сунуў яму ў пашчу шматок сена. Пачвара адразу зрабілася нейкай жаласнай і камічна бяскрыўднай.
Гаспадар моўчкі сядзеў у крэсле з высокай спінкай перад камінам, у якім дагаралі счарнелыя старонкі. Яны курчыліся на вуголлі, як жывыя. Вогнікі рупліва пераварочвалі іх, скакалі па іх, каб хутчэй рассыпаць на тло.
Тыя, што хаваліся за агнём, ужо апранутыя, з невялікімі вузельчыкамі, рыхтаваліся сыходзіць.
Светлавокі Сцяпан, у шынелі і шапцы-аблавушцы, вымавіў:
— Дзякуем вам. Вы дапамаглі рэвалюцыйнай справе.
— Я зрабіў тое, што мусіў зрабіць… — ціха прагаварыў стары.
— Можа, і вы з намі пойдзеце? — выявіў недарэчны энтузіязм чарнявы Кастусь. І сумеўся пад з'едлівым позіркам Сцяпана.
Стары мімаволі ўсміхнуўся:
— Дзякуй, юнача, што так высока ацаніў мае магчымасці. На жаль, я сапраўды стары. І нават каб меў сілы — у мяне няма ўпэўненасці, што ўдасца разблытаць карункі шляхоў… Калісьці я спрабаваў гэта зрабіць з вашым бацькам, Кастусь… Дакладней, калі не памыляюся, Вінцэнт… — Стары не заўважыў, як ад гэтых слоў тузануўся Сцяпан і сунуў руку ў кішэню. — Вы ўжо не крыўдуйце, што я трохі парушыў вашу канспірацыю. Вы так на яго падобны… Як цікава… Калісьці ён таксама хаваўся тут, за камінам. Мы і цяпер часам згадваем…
Гаспадар відавочна расчуліўся. Напэўна, ён яшчэ доўжыў бы свае ўспаміны. Але Сцяпан зрабіў крок наперад. Голас яго гучаў цвёрда — як бой вежавага гадзінніка.
— Нам час ісці. Мы сапраўды вам удзячныя. Мы згадаем вас у новай гісторыі, якую напішам. Гэтая гісторыя засведчыць нашую непахіснасць і вялікія ахвяры, якімі здабываецца воля.
Дуэльны пісталет пазбавіўся ад сваёй адзінай кулі. Вакол чорнай недарэчнай дзіркі ў лбе старога гаспадара амаль не паказалася крыві. Тонкі чырвоны струменьчык чамусьці выцек з кутка рота, калі цела нязграбна звесілася з крэсла набок.
— Навошта?! Ён выратаваў нам жыццё! — танклявы Роберт аж тросся ад узрушэння.
Кастусь-Вінцэнт аслупянела глядзеў перад сабой і нешта шаптаў.
Сцяпан пастараўся надаць голасу важкасці.
— Гэта было неабходна. Ён пазнаў Вінцэнта… А ён стары, слабы, даўно адышоў ад барацьбы і нічога не разумее. Нават калі б не выдаў нас жандарам, абавязкова распавёў бы Вінцэнтаваму бацьку… Пакаёўцы… Святару… У ягонай жа хованцы — памятаеце? — Біблія ляжала! Ды яшчэ з закладкамі. Мы не можам рызыкаваць. — Сцяпан спрытна зараджаў пісталет, любуючыся ім, нібы дзіця сваёй цацкай. Нават голас яго зрабіўся амаль ласкавы: — Ну што б гэты стары небарака рабіў у новым свеце? Ды і не дажыў бы да яго перамогі. Усё роўна скора памёр бы. Рушылі…
Кастусь, стараючыся не глядзець на чорнае крэсла, павольна пасунуўся да дзвярэй. Сцяпан азірнуўся на таго, хто назваўся гаспадару Робертам.
— Юраська, ачуняй! Наша справа слабых не церпіць. Танклявы юнак стаяў, апусціўшы вочы, з падціснутымі — аж збялелі — вуснамі.
— Я не пайду з табой.
Сцяпан ад нечаканасці тузануўся:
— Такімі словамі не кідаюцца.
— А я не жартую, — юнак падняў на правадыра вочы, спакойныя, глыбокія вочы…
— Ты ведаеш, як мы абыходзімся са здраднікамі? — металёва прагаварыў Сцяпан і скіраваў пісталет на юнака.
Роберт-Юрась не варухнуўся. Сцяпан кінуў хуткі позірк на Кастуся, які напяўся і сціснуў кулакі, і зразумеў, што рызыкуе згубіць і гэтага… Малакасосы праклятыя… Пісталет паволі апусціўся.
— Баязлівец! Слюнцяй! Няўжо з-за смерці старога шашаля ты адрачэшся ад сваіх таварышаў?
Юрась прагаварыў павольна:
— Проста я таксама згубіў упэўненасць у тым, што ведаю правільны рэцэпт пераўтварэння свету.
— Пашкадуеш…
Дзверы злосна грукнулі, але ў цішы зімовай ночы іх злосць мела не большую сілу, чымсьці трэск палена ў грубцы.
…Зорны Вознік адвёз сваю калясніцу некуды за край кладоў. Драўляныя львы ля ганка старой сядзібы глядзелі проста перад сабой вырачанымі ад незразумелага гневу вачыма. А ў каміне апошнія вогнікі падскоквалі на чорных вуголлях. Іх пышны бліскучы сабор рассыпаўся дарэшты, і цаглінкі бездапаможна гублялі бляск. Юнак у сялянскім кажусе і студэнцкай фуражцы падняў з падлогі знявечаную кнігу, акуратна зраўняў адарваныя старонкі і паклаў яе у свой хатуль. Потым падышоў да камоды, адчыніў куфэрачак з чырвонага дрэва і дастаў адтуль сіняе пяро. Паглядзеў скрозь яго на цьмяны агеньчык газоўкі, схаваў за пазухай. Ужо стоячы ў дзвярах, павярнуўся ў бок чорнага крэсла. Напэўна, трэба было б накрыць твар нябожчыка якой хусткай… Закрыць яму вочы… Але юнак баяўся зрабіць штосьці не так, не па звычаі, і яшчэ больш абразіць гэты дом. Таму проста перахрысціўся — а ён даўно гэтага не рабіў! — і здушаным ад хвалявання голасам вымавіў:
— Даруйце… Даруйце, калі ласка…
…Ад ганка з драўлянымі львамі па бялюткім, бялюткім снезе цягнуліся тры ланцугі слядоў. Адзін, напалову замецены, след ад цэлага коннага атрада кіраваўся на захад, да бліжэйшага мястэчка. Другі ланцуг, намнога таннейшы — на поўнач, у бок цёмнай крэпасці лесу. І адзін самотны след цягнуўся туды, дзе хутка мусіла ўзысці барвовае зімовае сонца.
Экскурсавод
Палкаводзец нічога не ведаў пра Паэта.
Не дзіўна — у часе яны амаль не сутыкнуліся. Паэт нарадзіўся ў старажытным радавым маёнтку на заходніх крэсах вялікай імперыі тады, калі састарэлы Палкаводзец, амаль аглухлы ад некалькіх кантузій, скручаны раматусам і цяжарам царскіх узнагарод, яшчэ наведваў велікасвецкія балі, але ўжо не для таго, каб таньчыць. Палкаводзец уладкоўваўся ў ганаровым фатэлі, паблажліва прымаў ліслівыя кампліменты, якіх усё роўна не чуў, і доўга сядзеў так, сівы, няўклюдны пугач у яркім святле соцень свечак, усё яшчэ пагрозны і магутны… Ён спазнаў шмат славутых, амаль неверагодных перамог, і аднойчы пратрубілі яму залатыя трубы Нікі ў той мясціне, дзе суджана было нарадзіцца Паэту. Палкаводзец заняў пад свой штаб маёнтак недабітых ворагаў — дзеда і бацькі Паэта, і некалькі дзён яго дзябёлыя ад'ютанты забаўляліся стралянінай па залатых галоўках купідонаў на столі…
І гэта мінулася…
Уладары маёнтка вымалілі дараванне ва ўлад, і Паэт нарадзіўся і жыў у радавым гняздзе. Тут спазнаў першае нешчаслівае каханне, адсюль з'ехаў у вялікі свет, які не песціць ні паэтаў, ні палкаводцаў, але толькі — Імя. Паэт любіў сваю зямлю; дзівак — ён ажыўляў яе мову, яе абылганую гісторыю. І калі Айчына паклікала яго — пайшоў за яе ў безнадзейную, загадзя прайграную бойку. І загінуў. І імя яго засталося амаль не вядомым.
Прынамсі, для мяне, калі я трапіла ў дом адпачынку, галоўны корпус якога месціўся ў старым маёнтку. Як маладому спецыялісту, на працы мне не маглі прапанаваць нічога больш шыкоўнага. Аднак і гэта было цудоўна — двухпавярховы доўгі будынак з беленымі калонамі хаваўся ў прысадах векавых ліп, пад вокнамі буяў бэз, за рэшткамі каванай агароджы пачынаўся адхон да рэчкі — некалі яна па выкапаных ірвах мусіла аббягаць маёнтак. Але сядзіба даўно аддадзеная на літасць усіх, не мае больш патрэбы ў стыхійных вартавых. Сцены пакояў пакрывала невыразная крэйдавая фарба, ляпніну на столі замазалі пабелкай так густа, што замест анёльскіх тварыкаў выяўляліся бясформенныя шэрыя камякі. Нас, новых «адпачываючых», папярэдзілі, што дом — помнік архітэктуры. А таксама, што ў галоўным корпусе працуе музей, прысвечаны асобе Паэта, які калісьці тут нарадзіўся.