— Я так і ведаў, што мне не давядзецца перапісваць сваю «Князёўну» ў зялёных колерах. Хаця, магчыма, і варта было б…
2000
Апавяданні
Старасвецкія міфы горада Б*
Артэмiда i Актэон
Прыўкрасны юнак Актэон выпадкова падгледзеў, як купаецца цнатлівая багіня Артэміда. Угневана багіня ператварыла юнака ў аленя, і яго загрызлі ўласныя сабакі…
Старажытнагрэчаскі міф
У горадзе Б* былі жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што ім не пашанцавала.
Былі там і жанчыны, якія не выйшлі замуж таму, што занадта многа хацелі ад будучага выбранніка.
Зрэдку сустракаліся ў горадзе Б* і такія жанчыны, што не выходзілі замуж прынцыпова.
А былі і такія, што заставаліся ў дзеўках па ўсіх трох прычынах: адразу не шанцавала, пасля многа хацелі і завяршылі прынцыпам. А апошні, як вядома, хаця і здольны служыць апірышчам кволай жаночай істоце, аднак яго не абуеш у пантофлі, не пачастуеш піражкамі з капустай і не раскажаш, які страшны сон табе сёння прысніўся.
Панна Канстанцыя, уладальніца багатай радавой сядзібы на ўскрайку горада Б*, непадалёк ад развалін замка, які калісьці, кажуць, таксама належаў продкам панны Канстанцыі, шанавала свае прынцыпы, хаця і не канчаткова адхінула акаляючы недасканалы свет. Але свет, замест таго каб быць ёй за гэта ўдзячным, назваў яе старой дзеўкай, пляткаркай і праўдзівай фурыяй. Што ж, справядлівасці ад горада Б* чакаць не даводзіцца!
Панна Канстанцыя горка падціснула вусны і кранула нагой цёплую цёмную ваду прысядзібнай сажалкі… Даруйце, Лебядзінага возера. Яго выкапалі па загаду паненкі ў рамантычным месцы, пад густымі шатамі старых дрэў, і нат пусцілі на люстраную паверхню лебедзя. Але няўдзячная птушка ўсяляк парывалася ўцячы з наканаванага ёй чароўнага куточка і нават з падрэзанымі крыламі ўхітрылася адтуль збегчы… Грэблівыя роспыты панны пацвердзілі яе здагадку, заснаваную на жыццёвым вопыце: лебедзь быў мужчынскага полу, значыць, падступнасць у яго ў крыві.
Панна Канстанцыя любіла плаваць у сваім Лебядзіным возеры па начах, у прывідным святле месяца, схаваная ад усяго свету густой засенню дрэў, высокай агароджай панскага парку і строгай дысцыплінай у асяродку панскай прыслугі. Пяшчотна плюскатала вада, галава паненкі пагойдвалася між лілеяў і гарлачыкаў, і — канешне ж! — віліся над гэтай галоўкай салодкія мары ды ўспаміны. Некалі, даўно-даўно, у пару квецені і гарэзных ветрыкаў… Ды мала што можа ўспомніць голая паненка ноччу ў сажалцы?..
Таемнасць і самота… Але мы не будзем сцвярджаць, што падчас гэтых амаль сакральных водных працэдур не мроіліся паненцы прагныя праклятыя вочы ў зарасніку вакол возера…
Сёння ноч была асабліва таемнай. Святаяннік па-змоўніцку падміргваў плямістымі жоўценькімі кветачкамі, пранізліва пахла мацярдушка, да самай вады збягала бліскучая, як фальшывы залаты, лотаць. Жаба, маленькая, пляскатая, быццам пусты кашалёк, нясмела падала голас — панна Канстанцыя ненавідзела жаб і загадвала іх вылоўліваць ды знішчаць. Худзенькі камар сеў на магутнае сцягно панны Канстанцыі. Плясь! І камарыная душа адляцела ў далёкі камарыны рай… Не, у пекла — адзінае на ўсіх крывасмокаў. Панна Канстанцыя кінулася ў абдоймы месячнай вады…
…Чараціла прыўзняў цяжкую галаву, у якой усё яшчэ пілікала скрыпачка карчомнага музыкі Гірша, каб паглядзець на велізарную качку, што плюхнулася ў панскую сажалку. Сапраўды, па вадзе рухалася нешта цёмнае, ад яго ішлі кругі, як ад чоўна… Чараціла памятаў яшчэ далікатэсны смак злоўленага тут і засмажанага на лясным вогнішчы лебедзя… Няпрошаны госць прыўзняўся над хмызнякамі… Затрашчалі галінкі…
Хведзька Чараціла ведаў жанчын. Дый з семінарыі выгналі Хведзьку менавіта за амурныя справы. Тым болей што трактаваў Хведзька кабет гэтак жа проста, як пляшкі гарэлкі. Можна нават смела сцвярджаць, што Хведзька бачыў кабет як у вопратцы, так і без. І мы можам зрабіць скідку толькі на тую акалічнасць, што Хведзька быў добра на падпітку і таму не распазнаў, што за істота рушыла на яго з чорнай панскай сажалкі, белая, вялікая, бясформенная… На абліччы істоты Чараціла разгледзеў толькі два чорныя прагалы на месцы вачэй ды трэці, круглы вялікі прагал — гэта не мог быць чалавечы рот — бо з яго не могуць вылятаць такія гукі…
Маленькая пляскатая жабка здохла ў адно імгненне — яе і без таго напалоханае сэрца не вынесла воклічу абражанай цнатлівасці.
Чараціла перахрысціўся. Чараціла паабяцаў Божай Маці, што ніколі ў жыцці не возьме больш гарэлкі ў рот… Чараціла заблагаў і кінуўся праз кустоўе прэч адсюль… А белая пачварына ляцела за ім ва ўрачыстым гневе — прыйшоў яе час! Яна дачакалася! Чараціла дабег да агароджы і, падаючы і абдзіраючы далоні, паспрабаваў пералезці цераз яе.
— Жучка, кусь! Жучка, кусь!
Залівісты сабачы брэх змяніўся Чарацілавым крыкам болю. Апошнім намаганнем Хведзька пераваліўся цераз агароджу і знік у невядомым напрамку, як маланка — не таму, што так хутка, але таму, што зігзагамі…
Панна Канстанцыя паважна абцерла сваю антычную плоць. Апошні бессаромны зірк месяца — і белае цела схавалася пад доўгай брунатнай сукенкай са шчыльнай ваўнянай тканіны, з зашпількамі пад горла.
«Гэта несумненна быў афіцэр, — чамусьці падумала панна Канстанцыя. — Такі бессаромны… Дзёрзкі… Шкада, што не было з сабою кінжала…»
Панна ўявіла, як эфектна было б прыставіць кінжал да сваіх белых грудзей і сказаць: «Лепей смерць, чым ганьба! Ніхто не возьме гвалтам тое, што належыць толькі мне і Госпаду!» Не, лепей было б кінуцца з кінжалам на гвалтаўніка: «Памры, няшчасны! Ты пасмеў падгледзець тое, што не наканавана для чалавечых вачэй!»
Камары жаласна пішчалі над вільготнымі валасамі панны Канстанцыі, акуратна сашчэпленымі рогавым грабеньчыкам. Свет быў цудоўны, хаця і небяспечны. Да канца жыцця заставалася сорак гадоў, восем месяцаў і адзін день. Быў шанц правесці іх у прыемных успамінах.
А ў душы карчомнага заўсёдніка Чарацілы навечна пасялілася незразумелая туга. Начное здарэнне ўспаміналася яму ўсё часцей і часцей, і мроіліся Чарацілу то белацелая русалка з прыветна працягнутымі рукамі, то расамаха, кудлатая, няшчасная, — за тое, што пры жыцці загубіла сваё дзіця, пасля смерці вымушаная існаваць у вадзе і палохаць выпадковых прахожых… І хаця Чараціла ніколі больш не наважыўся спакушаць лёс прагулкай у панскі парк, але палюбіў сядзець па начах на развалінах старога замка ці над лясной крынічкай і ўзірацца скрозь цёмныя карункі шатаў на зоры, і ў неахайнай барадзе яго з першымі павуцінкамі сівізны пераблытваліся месячныя промні, а вусны шапталі незвычайныя пяшчотныя словы, якія не пачула і не пачуе ад Чарацілы ні адна зямная жанчына…
І тады з глыбіні Лебядзінага возера ўсплывала бела-блакітная лілея і расхінала свае пялёсткі, як покрыва багіні… А панна Канстанцыя круцілася на пуховай пярыне і паўтарала ў салодкай дрымоце: «Гэта несумненна быў афіцэр…»
Апалон і Марсій
Фрыгійскі сатыр Марсій так добра граў на флейце, што насмеліўся выклікаць на спаборніцтва ў музычным мастацтве самога Апалона, бога Сонца і мастацтваў. Па меркаванні бальшыні слухачоў, Апалон перамог. Марсій быў жорстка пакараны за дзёрзкасць: Апалон загадаў жыўцом злупіць з яго скуру.
Старажытнагрэчаскі міф
Хто ў горадзе Б* не ведаў скрыпачкі Гірша! Гэта цяпер ніхто не помніць ні яе, ні ейнага ўладара — але ж сёння людзі не памятаюць і шмат чаго іншага! Нават Бога Усявышняга, які над усімі — беларусамі, палякамі, летувісамі, габрэямі…
А калі грала скрыпачка Гірша, за акном на сухіх галінках бэзу расцвіталі блакітныя кветкі, праз пыльныя шыбы прабіваліся то сонечныя, то месячныя промні, а карчмар Бурыга, выціраючы слёзы з абвіслых вусоў, бясплатна наліваў піва немаёмасным наведнікам. Вось што рабіў Гірш сваёй скрыпкай!