Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Нявеста была непрыгожай. Рудыя валасы, тонкія рысы невыразнага, у рабацінках, твару, вочы апушчаныя — быццам баіцца на яго і глянуць… Ды яшчэ адчайна чырванее — аж рабацінкі зліваюцца са скурай. Не, гэта не прынцэса, гэта ў найлепшым выпадку фрэйліна прынцэсы — стаіць са срэбным імбрычкам для кавы па левую руку пані, чакаючы загаду.

Але ж і ён, Вінцэсь, знайшоў час быць пераборлівым!

Вязень як мага больш ветла ўсміхнуўся наведніцы:

— Ну, дарагая нявеста, давайце ж пазнаёмімся бліжэй!

Рудая дзяўчына падняла вочы… І быццам заззялі дзве сінія зоркі… Ці сінія кветкі. І валасы ў яе не рудыя… Яны залатыя, як у ірландскай Ізольды.

— Гэта вам… — Госця працягнула праз рашотку акуратны скрутак у падаруначнай паперы з залацістымі херувімчыкамі, перавязаны белай атласнай стужкай.

Жандар, які сумаваў у дальнім куце пакоя, не зварухнуўся. Вінцэсь зразумеў, што змесціва скрутка ўжо правяралі.

— Дзякуй… Але як вас усё-ткі зваць?

— Вераніка… І… я, пан Вінцэсь, шмат пра вас ведаю. Вы нават не здагадваецеся, як шмат…

— Ад каго, калі не сакрэт? Дзяўчына зноў зачырванелася:

— Ад… ад агульных знаёмых…

Вінцэсь не перапытваў. Яму, вязню, не пра ўсё могуць распавядаць, што дзеецца на волі. Ён глядзеў на дзяўчыну, і яна ўсё больш і больш падабалася яму. Можа, сястра кагось з паплечнікаў? Хто з яго знаёмых быў такі руды? А можа, яна ведала яго, Вінцэся, ужо даўно, употайкі здаля назірала за ім, бліскучым маладым чалавекам. Але хіба тады ён звярнуў бы ўвагу на гэтую сінявокую рудую мышку?

— Зараз праверым, ці праўда вы шмат пра мяне ведаеце… Чулі пра брацтва «Чырвонай рукі»? — таямнічым шэптам запытаўся Вінцэсь.

У рудзенькай аж вочы скругліліся ад спалоху.

— Пятнаццаць год таму, пад старой віхлой…

Ён умеў расказваць. А яна ўмела слухаць. Хутка ім здалося, што яны знаёмыя ўжо даўно-даўно, і свет турмы з яе катавальнямі і каменнымі мяшкамі, вошамі і гнілымі сеннікамі падаваўся нерэальным і недатычным іх.

На развітанне яна працягнула яму яшчэ нешта, загорнутае ў хустачку…

Велікоднае яйка… Чырвонае, з кранальным папяровым зайчыкам, прыклееным збоку…

— Хрыстос уваскрос.

— Сапраўды ўваскрос.

Яны тройчы пацалаваліся праз рашотку. Яе вусны былі цёплыя і пяшчотныя, як сагрэтыя сонцам пялёсткі шыпшыны. Вінцэсь схамянуўся:

— У мяне таксама ёсць для вас падарунак…

І дастаў з кішэні сурдута маленькую сінюю кветку.

— Яна ваша цёзка… Вераніка дуброўная… Дзякуючы вам, яна патрапіць на волю.

Дзяўчына паглядзела на вязня роспачнымі вачыма, якія ад слёз зрабіліся яшчэ сінейшымі, і схавала кветку ў складзеных далонях — нібы кволае птушаня.

— Спатканне закончана!

Якое, аднак, мёртвае паветра ў яго камеры… Здавалася б, акно незашклёнае, холад часам сабачы, а турэмны пах невынішчальны.

Вінцэсь задумліва глядзеў у сіняе неба, перакрэсленае рашоткай. А калі б ён прапанаваў госці стаць сапраўднай нявестай? Ці адмовілася б? Прынамсі, верыцца, што не пасмяялася б над дзёрзкасцю амаль незнаёмага маладога чалавека без будучыні.

Вядома, гэта глупства… Мары… Але калі яна прыйдзе наступны раз… На катаргу яго адправяць толькі праз месяц…

Яна больш не прыйшла.

Рудзенькая дзяўчына, сцягваючы з рук пальчаткі колеру французскай зеляніны, забегла ў кабінет не пастукаўшыся — быццам ветрык заляцеў. Паважанага выгляду сівавалосы чалавек у модным персідскім халаце адклаў на столік кніжку, прыўзняўся з фатэля насустрач гарэзліваму стварэнню.

— Веранічка! Прыехала! Ну, як у цёткі гасцявалася? Дзяўчына ўсхвалявана засакатала:

— Тата, цяпер светлая сядміца! У гонар свята паабяцай, што выканаеш маю просьбу! Паабяцай, калі ласка!

Сівагаловы пан жартоўна ўздыхнуў:

— Ну, ты ведаеш, я не магу табе адмовіць.

— Не знішчай старую віхлу там, у парку, ля сажалкі, дзе ты хацеў пабудаваць альтанку!

Бацька здзіўлена падняў бровы:

— Сапраўды, нечаканая просьба!

Вочы дзяўчыны бліснулі, як дзве сінія маланкі.

— Ты даў слова… Лічы, што гэта мой капрыз. Тое дрэва абуджае ўва мне рамантычныя згадкі.

Стары пан камічна развёў рукамі.

— Ну, раз абяцаў…

— Дзякуй, татачка!

Дзяўчына імкліва пацалавала бацьку ў шчаку і гэтак жа імкліва рушыла ў свой пакой. Там яшчэ было не зусім утульна — пасля засялення давялося мяняць абіўку на сценах, закупляць мэблю. Папраўдзе, цяперашнім гаспадарам хацелася змяніць тут усё да драбніц.

Але віхла няхай будзе…

Дзяўчына дастала з рыдыкюля насоўку, разгарнула… Кволая кветка зусім звяла. Яе пялёсткі пабляклі і больш не нагадвалі нічые вочы. Хіба выцвілыя вочы старога…

Дзяўчына нейкі час моўчкі глядзела на кветку. Потым падышла да кніжных паліц, узяла кнігу з надпісам на французскай мове: «Аляксандр Дзюма. Граф Монтэ-Крыста», уклала між старонак вераніку дуброўную і зноў паставіла важкі том на месца.

Лікантроп

Ствалы высокіх карабельных соснаў — зверху бурштынавыя ад сонца, а пачынаючы з сярэдзіны цёмныя, быццам пастарэлыя — і ля самай зямлі кантрастна да юнай пяшчотнай скуры вяршыні пакрыты сівым змрочным мохам. Нават пры невялікім ветры дрэвы пагойдваюцца, сутыкаючыся шырока раскінутым голлем. Таму, хто глядзіць на іх з акна маёнтка Варгуны, здаецца, што сосны ідуць проста на яго, нязграбныя і адначасова страшныя, ідуць на нягнуткіх сваіх нагах, нахіляючыся з боку на бок, і вось-вось праб'юць тонкае шкло, упраўленае ў свінцовыя рамы, жорсткім, як дзіды, голлем…

Але чалавек у маёнтку расчыняе акно тонкай рукой у пярсцёнках і крычыць, перагінаючыся ўніз з вышыні трэцяга паверха:

— Грынь! Сёння палявання не будзе! Замкні сабак! І не выпускай, пакуль не скажу…

Унізе адклікаюцца грубым незадаволеным голасам:

— Як сабе хочаш, пане… Сабачы абураны віскат сціхае.

Чалавек рэзка адыходзіць ад акна, захінае на грудзях аксамітны халат, быццам ад холаду, і ўсё ходзіць па пакоі, і стогне, і горка пасмейваецца, і не зачыняе вакно… Ізноў, ну чаму ізноў… Божа мой, Божа літасцівы…

Багата, нязвыкла багата жывуць у гэтай вёсцы мужыкі. Хаты крытыя не саломай, не гонтаю — ладнай манастырскай дахоўкаю, стрэхі — «у закот», і ў кожным двары — буслянка… Пан паручнік аглядаецца і назірае свой панылы атрад — дзесяць натомленых жандараў на запырсканых гразёю конях… Прынамсі, дарогі тут такія ж, як і ў Расеі. Але — не Расея… Ліцвіны, беларусы, цёмны, забабонны люд. Яны хаваюць у каморах драўляных каталіцкіх святых і ў «чырвоныя» дні мажуць іх вусны мёдам. За праваслаўнымі абразамі ў іх схаваны пук святаянніку, сабранага на паганскае Купалле, і абавязкова вісіць вянок часнаку — ад нячыстай сілы. А пад вянцом кожнай хаты, які скіраваны на ўсход, быў некалі закапаны жыўцом певень — няшчасны сонечны вястун…

Пан паручнік грэбліва крывіць вусны. Чужое… Але ж усё навокал можа ў будучым належаць яму, вернападданаму рускаму двараніну…

Апошняе восеньскае сонца шчодра залоціць Паўночна-Заходні край імперыі. Над дарогай самкнуліся шаты соснаў, карункавыя мігатлівыя цені ляглі пад ногі коней. І гэты шум — быццам хвалі… Крыху ўяўлення — і поўнае адчуванне, што едзеш па дне ракі з празрыстай, працятай сонцам вадою…

Вось, напэўна, і мяжа маёнтка. Двое мужыкоў у маленькіх ваўняных шапках — здаецца, яны называюцца магеркі — паварочваюць бервяно, што перагарадзіла дарогу, на дзвюх падпорках-рагулях… Напэўна, і самі гэтыя Варгуны — звычайны недагледжаны старасвецкі дом, крыху лепшы за хату заможнага селяніна… А ўладальнік — неадменна тыповы засцянковы шляхцюк, чыя пыха большая за дзіркі, што праела моль у яго век не вытрасаных прадзедаўскіх кілімах…

Сосны падступаюць, здаецца, да самых сцен дома… Але можна разгледзець, што будыніна вялікая, на тры паверхі, з урачыстай каланадай пры ўваходзе. Хаця, вядома, крыху запушчаная… Конь паручніка ўпарціцца, падымаючы цэлы фантан гразі капытамі, і дрыжыць… Што за морак напаў на коней? А тут яшчэ жудаснае сабачае скавытанне аднекуль з гаспадарчых прыбудоў сядзібы…

50
{"b":"247642","o":1}