Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Пайшлі адсюль… — мармытнула Светка, але з таго боку пачулася рыпучае:

— Хто там?

Пасля доўгіх тлумачэнняў і ўдакладненняў дзверы расчыніліся. Хударлявы старэча з кульбачкай пазіраў на нечаканых гасцей сінімі, як веснавы лёд, вачыма. Нібыта рэнтгенам прасвечваў… Не, ніякіх скаргаў… Усяго яму хапае, таварышы юныя цімураўцы. Усяго яму адваліла жыццё, нават звыш нормы. І паветра, і прасторы, і волі. І добрых людзей.

Іранізуе яшчэ… Дзяўчаты ветліва развіталіся і рушылі прэч. Стары глядзеў ім услед сінімі вачыма.

— Вось табе і маеш… Быццам жывуць, як у Бога за плячыма, толькі смажанага лёду не стае, — ціха прагаварыла сама сабе трохі пакрыўджаная Магда.

Стары, відаць, меў надзвычай востры слых, таму што адразу пачуўся ягоны рэзкі, нават уладны вокліч:

— Паненкі, зайдзіце!

Вузкі, як саркафаг, пакойчык завешаны паліцамі і фота-здымкамі ў рамках. А кнігі! Магдаліна так і прыліпла да іх — старыя, у скураных, парэпаных вокладках, на карашках — назвы з «яццю». Блок, Цютчаў, Лермантаў… Нейкія польскія кніжкі… Побач з мастацкай літаратурай — тамы па хіміі, фізіцы, біялогіі… Велізарны том у чорнай вокладцы — «Алхі-мія». На падлозе, на падшыўцы часопіса «Химия и жизнь» стаяла скрынка, у шчыліне між накрыўкай і кантам паблісквалі шкляныя прылады. Логавішча чарадзея…

Светка паказала вачыма на фотаздымак: стройны малады чалавек з іранічнымі вачыма ў нейкай дзіўнай вайсковай форме, відаць, афіцэр… Няўжо гэты старэча? Гаспадар цярпліва чакаў, пакуль госці задаволяць сваю цікаўнасць. І раптам з высачэзнай шафы пачуўся шоргат і страшны, хрыплы крык… Чорная істота з вялізнымі крыламі скокнула ўніз, на падлогу, — быццам ажыла каменная гаргулья.

Светка завішчэла, як злоўленая русалка. І Магда ледзь стрымала крык… А па паркеце тупатаў крумкач. Чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў-вейкаў паглядала цалкам разумна і зусім не добразычліва.

Гаспадар пакоя пагладзіў птушку па прыгорбленай спіне.

— Ты што ж гэта, Карл Карлавіч, гасцей палохаеш? Сядайце, паненкі.

Светка і Магда паслухмяна селі на цвёрдую скураную канапу, не зводзячы позіркаў з крумкача, які, здаецца, так і цэліў шэрай моцнай дзюбай у гасцей.

— Вы не служыце ў ЖЭСе.

Быццам вінаваціць у чым! Магда не дазволіла сабе раздражніцца — гэта ж самотны, хворы чалавек. Дастала з сумкі студэнцкі білет. Старэча нават акуляры на нос уздзеў, каб злічыць фотакартку з тварам госці.

І зноў — як у палонку. Упёрся вачыма ў Магду і:

— Вы не масквічка. І не руская. Мне падалося, што я чуў ад вас тую мову, якой ужо не спадзяваўся тут пачуць. Адкуль вы?

— З Беларусі…

Крумкач прагарлаў нешта, але не падобнае на бяскрыўднае «кар». Камяк хрыплых гукаў…

На Магду абрынуўся вадаспад пытанняў на беларускай мове, з нейкім дзіўным вымаўленнем — такога яна яшчэ не чула, гукі ліліся лагодна і спеўна. Адкуль род па бацьку, адкуль род па маці, на якой мове піша артыкулы, чаму не па-беларуску? Ці не ў сваяцтве яна са старавежскімі Дарбутамі?

— Ну што ж, юная прынцэса, — завяршыў допыт стары. — Відаць, гэта лёс. Я не самы лепшы чалавек у гэтым свеце і не самы моцны. Але дарунак мне сапраўды вялікі. Тое, што вы прыйшлі.

— Дык якія ў вас пажаданні? Скаргі? — Магда сумелася: так дзіўна глядзеў на яе суразмоўца, з нейкай незразумелай тугою. Відаць, блытае з кімсьці?

— Можа, якія лекі вам трэба купіць? Ці прадуктаў? Мы збегаем…

Стары зноў падцяў вусны, сентыментальны агеньчык у вачах згас.

— Не, дзякуй, мілая прынцэса. А пажаданні свае скажу наступным разам… Прыходзьце праз тыдзень, зямлячка. У наступны аўторак, добра? У любы час.

Крумкач цяжка адштурхнуў крыламі паветра і ўзляцеў на шафу. Пасыпалася дробнае папяровае смецце.

Стары доўга не зачыняў дзверы. Магдаліна адчувала спінай ягоны пільны позірк…

Які дзіўны стары… Трымаецца, быццам апошні салдат разбітага войска.

— Ты як сабе хочаш, а я сюды больш не прыйду, — дрыжачым голасам прагаварыла Светка.

Дым Айчыны…

Магдаліну Дарбут паклікалі да рэктара першы раз. І яна з цікавасцю разглядала загрувашчаны кніжнымі шафамі кабінет. Гіпсавы Максім Горкі пільна пазіраў на крышталёвую попельніцу, мусіць, прымерваючыся, каб распаліць там маленькае вогнішча, як любіў пры жыцці. Але сённяшні гаспадар кабінета быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця, і некранутая цыгарэтай попельніца блішчэла ўсімі гранямі.

— Вы ведаеце чалавека, якога завуць Іван Канстанцінавіч Хмель?

Пытанне прагучала не з вуснаў рэктара, які сядзеў за сталом, чытаючы нейкія паперы, а з левага кута. Магда аж сцепанулася. У крэсле сядзеў прыемны чалавек у бездакорным сінім, у тонкую шэрую палоску касцюме. І аблічча ў яго было прыемнае, усмешлівае… Вось толькі Магдаліне ад гэтае белазубай усмешкі чамусьці зрабілася непамысна. Немагчыма было нават уявіць — адказаць усмешкай.

— Ну дык ведаеце вы Івана Канстанцінавіча Хмеля? Магда разгубілася.

— Здаецца, не…

— Гэтага не можа быць. Падумайце. Іван Канстанцінавіч Хмель, тысяча дзевяцьсот трынаццатага года нараджэння, жыў па адрасе: Крывакаленны завулак, дом чатырнаццаць, кватэра шэсць.

Стары з крумкачом! Ну трэба ж! Магда, блытаючыся, распавяла пра грамадскае даручэнне. Рэктар упарта маўчаў. А незнаёмец у сінім касцюме нахіліўся наперад, нібы рыбак, што назірае за кругамі вакол паплаўка.

— Значыць, выпадак… А як вы патлумачыце, што ваш падапечны, які памёр тры дні таму, зрабіў вас сваёй адзінай спадчынніцай?

Магдаліна агаломшана глядзела на суразмоўцу. Рэктар нарэшце прыўзняў сівую галаву і кінуў з-пад акуляраў на Магдаліну дзіўны востры погляд. Нібы папярэджваў аб нечым.

— Вы камсамолка? — прагучала злева нібыта недарэчнае пытанне. А за ім — іншыя. Зусім як у таго старога… Пра сям'ю, пра бабуль і дзядуль, кім былі, дзе жылі… Ізноў — пра візіт да старога дзівака. Што гаварыў, няўжо нават не намякаў пра будучы запавет?

Нарэшце пытанні скончыліся, чалавек у сінім касцюме падняўся, кіўнуў на развітанне рэктару і выйшаў. Запанавала цішыня.

— Мне можна ісці? — знервавана запыталася Магда. Рэктар сядзеў не гледзячы на яе — неблагі чалавек і неблагі пісьменнік, навучаны выжываць. Як ні старайся — ніякіх эмоцый нельга было прачытаць ні на ягоным твары, ні ў голасе.

— У вас ёсць здольнасці, Магдаліна… Вы ведаеце, які сур'ёзны конкурс у нашу ўстанову. Мы прынялі вас, і гэта адзнака і… вялікі аванс. Да нашых студэнтаў прад'яўляюцца вельмі сур'ёзныя патрабаванні, на іх ускладзеная вялікая адказнасць…

Магдаліна напружана ўслухоўвалася ў плынь гладкіх фраз, якія закалыхвалі свядомасць сваёй плаўнасцю, акругласцю, нявызначанасцю. Пакуль, нарэшце, да яе не дайшоў сэнс, які хаваўся пад гэтай плыткасцю і акругласцю, — ёй прапаноўвалася пайсці з інстытута! У які яна паступала тры гады запар! Дзеля паступлення «адтрубіла» два гады ў завадской бібліятэцы, каб назапасіць належны працоўны стаж! Чаму?!!

Рэктар гаварыў пра філалагічны факультэт у родным горадзе Магдаліны, варта толькі даздаць пару прадметаў, каб туды перавесціся… Зірнуў на твар сваёй студэнткі і змоўк. Цень чалавечага пачуцця мільгануў за акулярамі ў металічнай аправе. Рэктар чамусьці расчыніў акно — кабінет адразу напоўніўся гулам машын і вясёлымі галасамі, рукой паклікаў да сябе Магдаліну. Загаварыў ціха, так што яго голас амаль губляўся ў вулічным шуме.

— Не трэба так адчайвацца. Павер, дзяўчынка, тваё жыццё на гэтым не канчаецца. З другімі бывала горш.

— Але…

Рэктар жэстам спыніў рэплікі Магдаліны.

— Я правяраў тыя спісы, што вам давалі з ЖЭСа… Там нічога не ведалі… Разумееш, тут такі шэраг супадзенняў, у які цяжка паверыць. Але я бачыў усякае. Веру, што ты ўблыталася выпадкова. Ён… вораг савецкай улады. Калісьці ўваходзіў у партыю беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Так што з ягонай спадчынай… будзь асцярожная. Я раіў бы адмовіцца ад яе. Тым больш там нічога каштоўнага. Кнігі, паперы. Магдаліна прагаварыла:

— А калі я адмоўлюся… Мне можна будзе застацца ў інстытуце?

2
{"b":"247642","o":1}