Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

А з другога боку… З другога боку ішло годнае сямейнае жыццё Антося Бурыгі, бо няма ў карчмара іншага дому, як карчма, і ў дзяцей яго не будзе… І ці дапамогуць тут платы, раўчукі і сабакі?..

Але пастараўся пан Бурыга, каб мяжа між двух яго жыццяў была як мага большай ды непранікальнай. І ніхто не бачыў цётачкі Марысі, заўсягдайкі царквы і кірмашу, на той палове ейнага дома, дзе пілося, лілося і спявалася. Не спяшалася яна ў якасці карчмаркі-весялухі да нецярплівых наведвальнікаў з пеннымі келіхамі, не сварылася на безграшовых аматараў гарэліцы, не падміргвала зухаватым музыкам, каб паддалі жарсці, каб заглушылі нечы тужлівы лямант аб незваротнай салодкай маладосці ды горкім сталым жыцці…

Хоць елі ды нахвальвалі наведвальнікі стравы, прыгатаваныя цётачкай Марысяй, але не была яна карчмаркай. Зумкала пчолкай на заднім двары, абгароджаным высокім плотам, гадавала свае кветнікі ды любага сыночка-званочка, кучаравенькага анёльчыка Данілку. А якім разумненькім ён рос! Ну хіба месца такому ў карчме!

І збіраў грошы Антось Бурыга, адкладваў старанна, каб не меў сынок патрэбы ў грэшным карчомным рамястве, каб выйшаў у людзі! Ды не тут, у горадзе Б*, а недзе там, дзе не карчомкі, а вялікія рэстарацыі з шырокімі люстранымі вокнамі, дзе жыве далёкі сваяк, стрыечны брат цётачкі Марысі, пан Квяткоўскі, які ходіць у сурдуце і цыліндры, курыць тонкія, як саломіна, цыгарэткі, а на пытанні пра занятак з годнасцю адказвае: «Я, брат, чыноўнік высокага класа, служу на карысць грамадству».

А пакуль малодшы Бурыга рваў кашулькі-вышыванкі ў хмызняках, што на ўскраіне горада Б*, і ўзначальваў атрады непаўналетніх тутэйшых жыхароў у вечных хлапечых войнах ды іншых забавах, прыдумляць якія быў вялікі майстар.

Чатыры гады настаўнікі пачатковай вучэльні горада Б* перад тым, як увайсці ў клас, узносілі Госпаду малітву, каб сёння той неўтаймаваны, распешчаны карчмаронак ляжаў дома з ангінай. Але чырванашчокі Данілка вызначаўся добрым здароўем. І дацягнуў да сканчэння вучэльні.

Тады пан Антось Бурыга надзеў пінжачную пару, абсалютна новую, і капялюш, і лакіраваныя чаравікі і паклаў ва ўнутраную кішэню пінжака тоўсты-тоўсты партманет. І пайшоў да дырэктара мужчынскай гімназіі горада Б* пана Вярэдзіча. Праз тыдзень пачыналіся ўступныя іспыты ў гімназію. Бедны пан Бурыга! Бедны дырэктар — столькі праклёнаў з вуснаў патомнага карчмара вытрывае не кожны.

І па граматыцы, і па арыфметыцы, і па Законе Божым юны Данііл Бурыга атрымаў адзнакі цвёрдыя, але незадавальняючыя.

Заставалася два шляхі. Казённая рэальная вучэльня і духоўная семінарыя. На жаль, навукі прыродазнаўча-матэматычныя, якім аддавалася перавага ў вучэльні, былі найменш даступныя інтэлекту Данілкі, а быць святаром… Антось Бурыга задуменна глядзеў на жыццярадасную фізіяномію сына і мімаволі скептычна хітаў галавой.

Заставалася спадзявацца на вышэйшую справядлівасць. І яна з'явілася — у асобе згаданага напачатку дзядзькі Квяткоўскага, пры цыліндры, сурдуце і тонкай цыгарэтцы. Пан Квяткоўскі паважна пацягваў густое піва швагра, адставіўшы мезенец з вялізным залатым пярсцёнкам, і паглядваў на сціпла расчасанага на прамы прабор Данілку. Той у новай вышыванцы ціхенька сядзеў у куце і чакаў вырашэння свайго лёсу, час ад часу крадма душачы неасцярожных мух.

— Добра, паедзе са мной! Уладкуем! — Муха вырвалася з кулака ўзрадаванага хлапчыны.

— Чалавекам будзе! — шчасліва плакала цётачка Марыся на базары і перад царквой у гаманлівым коле кабетаў.

А наведвальнікі Бурыгавай карчомкі шэптам паведамлялі адзін аднаму, што Данілка вучыцца ў самой Маскве, пад апекай дзядзькі, такога важнага пана, і сам будзе панам, і будзе ганарыцца ім горад Б* і асабліва гэтая карчомка… Дык вып'ем жа, спадарства, за здароўе нашых дзяцей, каб гэтак жа пашчасціла ім, як нашчадку карчмара!

І прыязджаў на летнія вакацыі ў родны горад паніч Данііл, і з кожным годам круглеў ён і мажнеў і блішчэў ягоны твар, а прабор у кучаравых валасах быў усё больш роўны і набрыялінены. Дзе там тыя вышыванкі! Сурдут, шаўковая кашуля з гальштукам, першыя вусікі, першыя цыгарэты! Хоць і каштавала тое вучэнне, вынікі былі наяве. Данілка з веданнем справы даваў бацьку парады па найлепшым ўладкаванні карчомнай справы, сам пераглядаў разліковыя паперы. Мова сталічнага навучэнца цяпер была перасыпаная элегантнымі «чиво», «как-то так-то» «опридилённо». Да мясцовых дзяўчатак ён звяртаўся не інакш, як «мамзэлі», а да былых сяброў і ўвогуле незразумела-вытанчана: «Мон амі».

— Опридилённо, мон амі,— казаў Данілка ўважлівым слухачам, — ёсць у мяне там добрыя перспектывы. Дзядзька ўладкаваў каля сябе, как-то так-то і яго месца займу…

Што то за месца, чым займаецца Данілка ў горадзе, ніхто дакладна не ведаў, нават бацькі. Сам юнак адказваў няпэўна: «Мы па гандлёва-эканамічнай частцы». Але ж горад Б* не быў ізаляваны ад гэтага «вялікага свету». Вось і дырэктар мужчынскай гімназіі пан Вярэдзіч, што некалі не спакусіўся зместам тоўстага партманета карчмара, наведаў Маскву… «А можа, Данілку там сустрэне?» — марыў Бурыга і ўяўляў, як у нейкай важнай канторы спаткае ганарлівы дырэктар шыкоўнага Данілку, і сумеецца, і як з роўным прывітаецца…

Між тым прыехаў «на пабыўку» і сам Данілка, які ў свае васемнаццаць выглядаў на добрых дваццаць пяць.

— Вы, папа, зусім прагарыце, — ракатаў малады басок сына. — Што гэта за музыкі, вобче говоря, нейкія полечкі… Вы б заказалі сабе музычную машыну. Ручку пакруціў — і грае вальсу ці раманс. Вы, папа, ведаеце, што такое вальса?

Замілаваны Бурыга паслухмяна хітаў галавой, аднак і не думаў нешта мяняць у адладжанай гаспадарцы. Ён справядліва лічыў, што карчма горада Б* можа быць толькі такой, якой упадабалі яе многія пакаленні жыхароў, з усімі яе драўлянымі лаўкамі і штофамі, з яе традыцыямі і паданнямі: пра карчомнага скрыпача Гірша, які пераіграў заезджую сусветную знакамітасць, пра п'янтоса Чарацілу, які цалаваўся з русалкай і ад таго зрабіўся задумлівы, пра красуню Ксеню, па ад'ездзе якой піва ейнага жаніха, мясцовага півавара, тры гады гарчыла…

А як урачыста ішло сямейства Бурыгаў да царквы ў нядзельны дзень! Як важна шпацыравала маленькая кругленькая цётачка Марыся паперадзе сваіх мажных высокіх мужчын! І зусім недарэчы было сутыкнуцца ля царквы з дырэктарам гімназіі, і зусім незразумелым быў яго іранічны паклон у бок абсурдучанага Данілкі, і не да месца паблажлівыя словы:

— А, малады чалавек, не забываеце, так бы мовіць, родныя пенаты? Маскоўская служба клопатная, так-так… Ну ды кожнаму сваё…

Але яшчэ больш незразумелымі былі паводзіны Данілкі, які пры сустрэчы з панам Вярэдзічам памкнуўся ўцячы і, мабыць, упершыню ў жыцці сумеўся, зачырванеўся і страціў мову.

А на другі дзень зазбіраўся «на службу».

Ну не дурань жа быў Антось Бурыга! Змог жа ён утрымаць бацькоўскую карчму і ўладкаваць яе і прыбытак добры мець. І не маглі ў яго не ўзнікнуць некаторыя сумлівы наконт таямнічай вучобы-службы сыночка…

І аднойчы зачыніў Бурыга сваю карчму, на гора мясцовым заўсёднікам, і паехаў у далёкі горад Маскву, прытрымліваючы левым локцем тоўсты партманет у глыбокай унутранай кішэні пінжака. Што здарылася з шаноўным карчмаром у тым горадзе, дакладна невядома. З асобным выказванняў звычайна гаваркой цётачкі Марысі можна скласці толькі прыблізную карціну…

Тлум і гуд Масквы, пэўна, не здзівілі патомнага карчмара. А вось тое, што па адрасе, куды ён столькі гадоў адсылаў грошы, знаходзіўся рэстаран, здзівіла, і непрыемна. Пані з аголенымі плячыма, паны ў зграбных сурдутах знікалі за дзвярыма, якія паслужліва адчыняў барадаты дзядзька ў шыкоўным мундзіры. Адчыніў ён дзверы і перад карчмаром горада Б*.

— Просю за столік. — Малады чалавек у белай кашулі і шэрай шаўковай камізэльцы, з перакінутым цераз руку ручніком вынырнуў аднекуль збоку…

Так, так. Данілка служыў афіцыянтам у рэстарацыі, дзе метрдатэлем быў ягоны стрыечны дзядзька пан Квяткоўскі. І што з таго, што згаданы Квяткоўскі быў там жа ва ўсёй красе, пры чорным сурдуце, белай манішцы і лакіраваных чаравіках? Бурыга быў не дурны. Ён выдатна разумеў, што гэта — такі самы карчмар, як ён, ды яшчэ ў чужой карчме…

40
{"b":"247642","o":1}