Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У маленькай крамцы горада Б* пад вялікай зялёнай шыльдай з надпісам: «Табак» найменш прадавалася тытуню. На крамных паліцах, акуратна засланых белай паперай з выцінанкамі па краях, ляжалі разынкі і арэхі, ружавела яблычная пасціла, паблісквалі шматлікія яркія «манэркі» — квадратныя бляшанкі з перцам, імбірам і чаем… На ніжніх, шырокіх, паліцах грувасціліся гаспадарчыя прылады — чыгунныя прасы, бязмены, газоўкі, сякеры ды іншае нерамантычнае начынне людскога побыту. У давяршэнне ўсяго на сценах крамы былі развешаныя хусткі з махрамі і ўзоры танных стракатых тканін на местачковы густ. Нарэшце, на прылаўку былі раскладзеныя канцылярскія прылады — стосікі сшыткаў, каляровыя і простыя алоўкі ў высокіх шклянках, гумкі, лінейкі, і запаўняла памяшканне сваім своеасаблівым водарам вялізная бочка селядцоў, што хавалася ў паўзмроку крамы.

Царавала ў гэтым стракатым царстве жыццёвай драбязы Ганулька, дачка ўладальніка. Ганулька мела семнаццаць пражытых гадоў, ціхмяны нораў і ніякай адукацыі. Умела Ганулька тонка прасці, з густам ткаць, выбіраць бульбу, жаць жыта ды звонка пяяць і большую частку жыцця прабегала басанож па пыльных вулках горада Б* ды вакольных лясных сцяжынках, пакуль нядаўна ейны бацька ў выніку сумесных намаганняў учэпістага характару і эканамічнага мыслення не пабагацеў і не купіў гэтую краму, за прылавак якой, зноў жа ў мэтах эканоміі, паставіў дачку. Апошняя ж, пры сваім ціхмяным простым нораве, успадчыніла ад бацькі матэматычныя здольнасці і ніколі не памылялася пры падліку фунтаў, штук і метраў. І хоць страшэнна нудзілася ў прыцемку бацькавай крамы, не мела і ў думках скардзіцца, бо пакорліва прымала жыццё такім, як ёсць. Што тычыцца знешнасці Ганулькі, дык у горадзе Б* цаніўся іншы тып прыгажосці — кірпаценькі носік, пульхныя ружовыя шчокі, пышныя белыя валасы… Але старажытны грэк ці і наш продак, што пісаў першыя абразы па візантыйскім ўзоры, не абмінуў бы ўвагаю Ганульчын вытанчаны сумны тварык…

У той веснавы дзень, калі змяшаны пах селядцоў і тытуню здаваўся асабліва агідным на фоне водару квітнеючых садоў, у дзверы пад зялёнай шыльдай увайшоў студэнт першага курса Санкт-Пецярбургскага універсітэта Мікалай Шпадаровіч. Пан Мікалай прыехаў на вакацыі да бацькі, доктара Шпадаровіча, загадчыка земскай лячэбніцы.

Мікалай грэбліва зморшчыў тонкі пародзісты нос (м-да, амбрэ…), няспешна падышоў да прылаўка і, гледзячы паўзверх Ганульчынай галоўкі з акуратна ўкладзенымі цёмнымі косамі, вымавіў:

— Папрашу тры сшыткі ў лінейку і просты аловак.

Ганулька заўсёды з трапяткой павагай ставілася да асоб, што куплялі ў яе пісьмовыя прылады. Але такога вучонага і прыгожага паніча яна бачыла ўпершыню… Мікалай Шпадаровіч, усё гэтак жа гледзячы паўзверх Ганулькі, прыняў з яе дрыжачых рук пакупкі і рэшту, прыўзняў на развітанне капялюш і знік у веснавым сонечным паветры.

І што яму, юнаму свецкаму льву, было да таго, што разам з дробнай рэштай да яго ў кішэню трапіла сэрца маленькай гандляркі з тытунёвай крамы горада Б*?

А цяпер мусім растлумачыць чытачу, якім чынам завітаў бліскучы малады чалавек у бедную крамку на ўскраіне горада. Мікалай Шпадаровіч быў паэтам. Прызнацца, ён з радасцю аддаў бы і месца ў прэстыжным універсітэце, і бацькоўскую шчодрую грашовую дапамогу, і будучае месца доктара за адно імгненне рамантычнай славы Франсуа Віёна, Фрыдрыха Шылера ці Адама Міцкевіча… Пра тое, што існуе нейкая літаратура на мясцовай гаворцы, пан Мікалай ведаў і нават аднойчы браў удзел у размове з двума мясцовымі настаўнікамі, якія даводзілі, быццам гэтая гаворка ёсць асобная, старажытная мова, што яе трэба развіваць, што трэба працаваць дзеля адраджэння культуры гэтага народа, так званага беларусінскага. Можа быць, і так, але найбольш пан Мікалай ненавідзеў кляймо свайго правінцыйнага паходжання, ненавідзеў свой тутэйшы акцэнт, ад якога ўпарта пазбаўляўся, спрабуючы выдаць яго хаця б за польскі. Часам ён ненавідзеў нават уласнага бацьку: за тое, што той паходзіў са звычайнай мужыцкай сям'і, а галоўнае — што гэтага не саромеўся. І што яму было да гэтай зямлі, і яе курганоў, і яе паданняў, і палеглых за яе касіянераў, да яе пяшчотных і сумных песень, да яе папараць-кветкі і простага і адданага, як лясны ручай, кахання яе дзяцей, калі тэатры, рэстараны, багемныя кабарэ, літаратуразнаўчыя дыспуты і друкарні, дзе выдаваліся пульхныя томікі вершаў з залатымі абрэзамі, былі там, у чужых вялікіх гарадах. І каб трапіць у той Эдэм, зрабіцца там сваім, паважаным, знакамітым, трэба было стрэсці з сябе пыл горада Б* старанна і назаўсёды… І вось пан Мікалай штодзень адпраўляўся за горад, на рамантычныя разваліны замка, і складаў там вершы, успамінаючы Віёна і Шылера, Пушкіна і Лермантава і не ўсведамляючы, што натхненне яму можа даць толькі гэтая, пагарджаная ім, зямля, і ў замка гэтага была свая гісторыя, розная з той гісторыяй, якую вывучаў Мікалай у гімназіі і універсітэце…

Вось па дарозе да замка і зайшоў Мікола Шпадаровіч у краму «Тытунь» па сшытак і аловак…

З некаторага часу Мікалай пачаў заўважаць у пару сваіх вечаровых экзерсісаў, што наводдаль часта круціцца нейкае дзяўчо — то збірае кветкі, то пляце з іх вяночак, то прысядзе і ціхенька запяе тутэйшую песню… Мікалай успрымаў гэтую з'яву, як успрымаў птушак, якія таксама пырхалі вакол яго. Але аднойчы ад асаблівага прыліву паэтычнага пачуцця Мікалай занадта націснуў на аловак… У кішэнях запаснога няма…

— Пану патрэбны аловак? — пачуўся нясмелы голас з-за спіны — як мышаня прапішчала.

Шпадаровіч схапіў працягнуты тонкай дзявочай рукой аловак і прадоўжыў запіс эпахальных радкоў, не заўважыўшы, як дзяўчына-дабрадзейка, збянтэжаная сваім смелым учынкам і невыказна шчаслівая, адразу кінулася бегчы ў недалёкі лясок, каб там расказаць адзінай сваёй сяброўцы, балбатлівай лясной крынічцы, пра першыя, чыстыя, як крынічная вада, пачуцці…

Пан Мікалай нібы літасціва дазволіў дзіўнаватай дзяўчынцы знаходзіцца каля сябе і захапляцца сваёй персонай. Ганулька магла прыбягаць да замка толькі пасля закрыцця крамы і часам, прыбегшы, не заспявала там свайго куміра — і раніцай яе падушка была мокрая ад слёз. Дзяўчына зрабілася забыўлівай і, даводзячы да шаленства бацьку, дапускала памылкі ў разліках.

Шпадаровіч прывык да свайго, як ён умоўна назваў дзяўчыну, «ляснога духа». Часам ён чытаў Ганульцы свае вершы, будучы ўпэўненым у захапленні слухачкі. Што ж, маўклівае, бескарыслівае захапленне прыемна кожнаму, і нават патрэбна. Але сустрэнь заўтра Мікалай Ганульку на вуліцы — ён і не пазнаў бы яе, настолькі мала займала яго яе асоба.

Аднойчы Ганулька не знайшла паэта на развалінах, хоць прыбегла нязвыкла рана. Прачакаўшы да цемнаты, дзяўчына ў трывозе рушыла да дома пана доктара. Дрыжучы ад сораму і страху, схавалася ў кустах бэзу і ўглядалася ў акно, з-за парцьераў якога струменіла цьмянае святло газоўкі. Раптам парцьеры рассунуліся, акно расчынілася, і паказаўся сам пан Мікалай, з ускудлачанымі валасамі, у расшпіленай кашулі. Мікалай раз'ятрана камячыў у далонях нейкую паперыну, пасля размахнуўся і шпурнуў яе з усяе моцы ў кусты, ледзь не трапіўшы ў Ганульку. Потым брудна вылаяўся па-расейску і зачыніў акно.

Ганулька асцярожна выйшла са свайго сховішча, падабрала выкінутую паперу і паспрабавала распрастаць — гэта быў ліст. Прачытаць, што там напісана, дзяўчына не магла, тым болей не магла папрасіць аб гэтым кагосьці. Ганулька разумела толькі, што ў яе куміра здарылася нейкая бяда і ліст мае да гэтага дачыненне…

Што магла зрабіць бедная Ганулька? Назаўтра, ледзь прычакаўшы, пакуль бацька дазволіць зачыніць краму, дзяўчына надзела самую лепшую сукенку з цёмна-зялёнай ваўнянай тканіны, з бялюткім каўняром-самавязам і такімі ж манжэтамі, зашнуравала высокія чаравікі і, чырванеючы (бо гэта быў грэх), узяла адну з бутэлечак з адэкалонам, прызначаных для продажу, і кранула нетутэйшым водарам за вушамі… Ганулька ясна не ўсведамляла, што будзе рабіць, але мела надзею, што словы захаплення і шкадобы, якія перапаўнялі яе, маглі спатрэбіцца сёння пану Мікалаю.

36
{"b":"247642","o":1}