Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

О, Галена ганарыцца сваёй маці! Самы яркі ўспамін — як яны разам апускаюцца на калені перед маленькім столікам з палаючымі свечкамі ў колішнім бацькавым кабінеце, і маці, паказваючы дагератыпы, гаворыць:

— Твой брат Генусь Вайтылаў… Харунжы… Расстраляны. Твой брат Янук Вайтылаў… Забіты ў бойцы пад Варкавічамі. Твой брат Алесь Вайтылаў… — Тут голас маці заўсёды ледзь адчувальна ўздрыгвае. — Сасланы ў Сібір, знік без вестак… Ніколі не забывай, яны — героі.

Так, і заўсёды дадавала пра бацьку — хаця памёр у сваім ложку, ад сардэчнай хваробы, каб меў найменшую магчымасць — таксама пайшоў бы ў бойку за сынамі.

Маці здавалася ў гэтыя моманты Галене незвычайна прыгожай. Сетка дробных зморшчын скрадваецца прыцемкам, і вочы таямнічыя, бы дно студні, у якую ўпала зорка. Яркія маленькія вусны горка падцятыя, бровы як зламаныя крылы… Смуглявая скура, дасканалы авал твару, цёмныя, перавітыя сівізной, быццам вытанчаным упрыгожаннем, валасы гладка зачасаныя пад чорны каптур… Сама Галена была зусім не такой. Праўда, цемнавокая і стройная, як маці, але… Нават прыслуга лічыла ейны загад як бы не канчатковым, пакуль не пацвердзіць пані. Галене споўнілася ўжо дваццаць чатыры — па мясцовых паняццях старая дзеўка. Нібыта маці і не была супраць таго, каб дачка займела сям'ю, — сама ж бясконца гаварыла пра Галеніных будучых дзяцей, якія мусяць захаваць памяць роду. Але і нічога дзеля ўладкавання лёсу дачкі не рабіла — здавалася, у маёнтку Гайвароны ўсталяваўся час, незалежны ад знешняга, і паважаліся толькі свае законы і свае прывіды. Абедзве гаспадыні хадзілі выключна ў жалобе. Вядома, што баляванняў — неабходных у доме з паненкай на выданне — і не прадбачылася. Дый і сціплыя сродкі не надта гэта дазвалялі. Шчасце, не канфіскавалі сам маёнтак і стары парк. У глыбіні душы Галена была перакананая, што прычынай гэткай паблажлівасці — павага, якую маці выклікала нават у заклятых ворагаў. Не, госці ў доме бывалі — але яны таксама жылі мінулым. Будучае ўвязвалася толькі з надзеяй на справядлівую помсту.

Галена не задумвалася пра свой лёс. Вядома, калі так здарыцца, што трэба будзе пакінуць Гайвароны — прычынай гэтаму стане толькі герой і пакутнік. Такі ж, як яе браты. А пакуль спраў хапала. Хаця б — клапаціцца пра тых, у каго няма нават абрабаванага маёнтка. У Гайвароны, не баючыся, заходзіў і сляпы лірнік, і гаманлівая цыганская чарада, і паломнікі, што крочылі па святых мясцінах, знаходзілі тут начлег і хлеб. Вось і цяпер… Дзяўчына заспяшалася да дома па цёмнай прысадзе, раскідваючы лёгкімі крокамі апалую лістоту, ужо не залатую, а ржавую, быццам высахлая кроў,— перад ганкам бачыліся дзве шэрыя постаці, і нават здалёк у іх адчувалася асаблівае смірэнне, уласцівае тым, хто жыве з чужой літасці.

Маці ўжо стаяла на ганку. Дакорліва зірнула на дачку. Чаму Галена так і не перастала адчуваць ад такіх позіркаў пякучую хвалю сораму — рыхтык як у дзяцінстве, нават калі правіна была зусім нязначная?

Паломнікі ішлі з Жыровічаў, ад цудатворнага абраза Маці Божае. Сівенькі дзядок увесь свяціўся нядаўнім далучэннем да цуда — здавалася, што кавенька ў яго руцэ дрыжыць таксама ад узрушэння. Стары бясконца прамаўляў словы ўдзячнасці і малітвы слабым, бы кепска нацягнутая струна, голасам, і здавалася, нібыта ён размаўляе на птушынай мове. Дзед Галене спадабаўся — у яго смірэнні не было ні прыніжанасці, ні сялянскай хітрынкі. Не было іх і ў другога госця. Галена вырашыла чамусьці, што той былы жаўнер — нават жахлівая худзізна не папсавала дарэшты высокую плячыстую паставу, а праз левую палову твару цягнуўся пачварны шнар — падобна, што ад шаблі, ад чаго куточак вока быў адцягнуты ўніз. І рукі ў яго былі не сялянскія — з тонкімі пальцамі. Хоць паломнік яшчэ малады, але доўгія валасы і барада напалову сівыя. Вочы цёмныя, але гэткія ж празрыстыя, дабрэнныя, як у дзеда. Як і належыць паломнікам, абодва ўвешаныя абразкамі і ладанкамі. Маладзейшы госць маўчаў. Толькі калі сядаў за стол у пакоі для чэлядзі, пад яго вопраткай нешта грукнула… Зброя?! Але ворат кашулі трохі расхінуўся, Галена ўбачыла ланцуг, цёмныя шнары… І зразумела, што госць носіць вярыгі. Чамусьці ёй зрабілася непрыемна ад гэтага адкрыцця, і дзяўчына сышла ў свой пакой.

Восеньскія цёмныя вечары цягнуцца доўга, вельмі доўга… Нават калі запаліць камін і разгарнуць дасланы з апошняй поштай раман — шчымлівае пачуццё закінутасці, загубленасці ў бясконцай восеньскай цемры апаноўвае душу невымоўным жалем. І калі ў доме запальвалі свечкі, маці запрашала ў свой пакой гасцей — кім бы яны ні былі… І ўважліва выслухоўвала сто разоў чутыя навіны ці малітоўныя песняспевы… Так, і яшчэ абавязкова пыталася, што госці ведаюць пра братоў Вайтылавых. Звычайна пахаджане былі папярэджаныя пра такі інтарэс і адказвалі нешта накшталт «О, гэта героі! Волаты!», і пані ўцірала шчаслівую слязу. Калі ж нехта не ведаў пра братоў-герояў, гаспадыня сурова падціскала вусны і траціла інтарэс да прыхадня. І ейная маўклівая пагарда была горшай за крык ці аплявуху.

Высокае грувасткае крэсла, у якім сядзела пані Вайтылава, належала яшчэ іх продку, легендарнаму Вайтылу, мечніку князя Вітаўта, які і заснаваў маёнтак на землях, падараваных за верную службу. Дрэва ад часу зрабілася зусім чорнае, абіўку мянялі некалькі разоў — цяпер гэта быў зеленкавата-залацісты габелен. Але мядзведжая галава, частка герба Вайтылавых, усё гэтак жа пагрозна шчэрылася са спінкі. Сённяшнія госці стаялі нават не на сярэдзіне пакоя, а ў парозе — недарэчныя постаці ў шэрым радне на фоне паліраваных драўляных панеляў сцен. «А маці пастарэла…» — нечакана падумала Галена, якая сядзела справа ад матчынага крэсла на зэдліку са сваім вышываннем, — чырвоныя гронкі арабіны на залацістым шоўку. Так, маці пастарэла — дадалося сівізны, і авал твару ўжо не такі дасканалы, і паглыбіліся горкія зморшчыны ад крылля носа да куточкаў вуснаў.

Старэйшы з гасцей прамаўляў менавіта так, як чакала гаспадыня.

— Прытулі, Госпадзі, чыстыя душачкі загінулых воінаў у сваіх лепшых церамах завоблачных, бо былі яны воямі магутнымі і жыцця не шкадавалі дзеля бліжніх сваіх… І кроў іхняя на святым-белым Алатыр-камені, а слава іхняя на ўсіх пляцах звонам-гудам…

Другі госць упарта маўчаў, і Галене рабілася ўсё больш і больш няёмка ад позіркаў яго цёмных, глыбокіх, як студня, вачэй. Праўда, збольшага паломнік глядзеў у старанна наваскаваную, як было прынята ў гэтым доме на працягу стагоддзяў, падлогу.

— А ты, чалавеча, што можаш сказаць пра вояў з гэтага дома?

Паломнік падняў галаву:

— Вашы сыны верылі ў тое, за што змагаліся. Вера многае выкупляе.

Пані неўразумела прыўзняла бровы:

— Выкупляе? Што ты вярзеш, мужык?

Госць, аднак, не апусціў вачэй і працягваў тым жа спакойным, нават адсланёным голасам:

— Калі вядзецца вайна, гінуць не толькі воі… І не толькі вінаватыя. Той, хто ўзяў меч, мусіць быць гатовы адказваць за пралітую кроў. Асабліва калі гінуць тыя, хто верыў табе.

Голас пані быў халаднейшы за мокры вецер, які стукаўся ў шыбы.

— Якое права маеш ты гаварыць такое? Паломнік нахіліў галаву.

— Я ваяваў.

Голас пані памякчэў.

— Ты, відаць, моцна пакутаваў. Але хіба ты збіраўся аддаць жыццё за нешта благое? Або цябе гвалтам прымусілі ўзяць зброю?

Паломнік ледзь заўважна ўсміхнуўся ў бараду.

— Ніхто не змог бы прымусіць мяне стаць воем, як нельга прымусіць пакахаць. Я верыў у тое, за што пайшоў на смерць. Але я занадта мала ведаў пра жыццё і смерць. І нічога не ведаў пра Таго, хто ўладарыць над жыццём і смерцю, бо Яго не было ў маім сэрцы, апантаным юнацкай прагай славы.

— Цяпер ты паразумнеў? — у пытанні была не шкадоба, а лёгкая пагарда.

Вочы госця былі зусім ясныя.

— Розум — ненадзейны правадыр таму, хто шукае шлях да Госпада. Гэта гардыня, ланцуг, які прывязвае чалавека да ягоных мерцвякоў і не дае ўзыходзіць любові да ўсяго Божага свету. У Бібліі сказана — няхай мёртвыя хароняць сваіх мерцвякоў. Малітва мацней ведаў і зброі. Я проста навучыўся маліцца. За памерлых герояў. І за ворагаў.

52
{"b":"247642","o":1}