Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Пані амаль зласліва адвярнулася.

— Як хрысціянка, я не магу адпрэчыць сілу малітвы. Галена адчула, што патрэбна ўмяшацца, — маці магла зазлаваць усур'ёз.

— Раскажыце пра свае падарожжы.

Дзядок удзячна пачаў гаманіць пра святыя мясціны, дзе давялося пабываць, пра добрых людзей, што паспрыялі ў дарозе, як і яе мосць пані Вайтылава. Вось мінулай ноччу іх прытулілі ў доме шаноўнага пана Гаеўскага, што за некалькі вёрст адсюль, і дачка пана Гаеўскага перадала ахвяру на свечку да абраза Смаленскай Маці Божае, і, вядома, яны гэтую свечку паставяць і памоляцца за маленькага паніча, які пакутуе на хваробу горла…

Пані, не слухаючы далей, узнялася і моўчкі пайшла ў апачывальню.

Пакаёўка, скіроўваючыся за гаспадыняй, злосна прашыпела паломнікам:

— Гэць адгэтуль. Разбалабоніліся. Ідзіце ў гасцявую, і каб раніцай духу вашага не было, гіцлі.

Дзядок разгублена пераступіў з нагі на нагу, не разумеючы, з чаго ўгневалася пані, перахрысціўся і сышоў. Малады паломнік нейкі час глядзеў на дзверы, за якімі знікла гаспадыня, потым зноў неяк асабліва ўсміхнуўся і, не выказваючы ні здзіўлення, ні прыкрасці, таксама павярнуўся, каб сысці.

— Пачакайце!

Галена чамусьці сказала гэта па-французску. Але госць спыніўся, на імгненне застыў у дзвярах, нахіліўшы галаву. Потым зірнуў у твар дзяўчыне.

Галена зноў адчула нязвыклую няёмкасць.

— Слухай… Ты… вы не павінны крыўдзіцца на маці. Проста той пан, у якога вы спыняліся, нядобры чалавек. Ён… ягоная частка віны ў тым, што мае браты загінулі.

— Я ведаю пра гэта, — ціха прамовіў госць. — Не турбуйцеся. Мяне нельга пакрыўдзіць. Ноччу я буду маліцца за гаспадыню гэтага дома.

Ён яшчэ раз дзіўна зірнуў на яе, быццам жадаючы запомніць нешта важнае. Дзяўчына раптам усвядоміла, які ён гожы — нават з гэтым пачварным шнарам і ссівелымі доўгімі валасамі, са сваёй худзізнай і ў лахманах… Прыгожы, як вызубраная, пазбаўленая аздабленняў зброя, — бо прыгажосць улітая ў сталь, з якой яе скавалі.

Галена глядзела, як ён спускаецца па лесвіцы, лёгка кратаючы драўляныя парэнчы тонкай рукой. Яна бачыць яго апошні раз…

Лампада ледзь асвятляла невялікі пакойчык, падобны на келлю. Перад абразамі ўкленчыла постаць…

— Прабачце, я хацела толькі запытаць…

Галене давялося паўтарыць свой зварот яшчэ раз, гучней, рызыкуючы пабудзіць дзеда, які пахропваў дзесьці за сцяной, у сумежным з малельняй пакоі для падарожных. Госць падняўся, перахрысціўшыся, нетаропка падышоў.

— Я вас слухаю…

Нават не здзівіўся! Нібыта жыве ў нейкім іншым свеце, і падзеі гэтага не могуць узрушыць яго.

Дзяўчыне з цяжкасцю ўдалося падабраць словы. Яна здагадваецца, што госць мае незвычайную біяграфію, ён не з мужыкоў — гэта відаць, прабачце. У тым, што ён сёння гаварыў, ёсць нейкая дзіўная, незразумелая ёй праўда, адрозная ад той праўды, на якой выхоўвалі яе самую. На жаль, ёй няма з кім размаўляць пра такія… філасофскія, не пасуючыя дзяўчыне матэрыі.

— Вы сказалі,што мёртвыя павінны хаваць сваіх мерцвякоў. А ў гэтым доме толькі мерцвякі — сапраўды жывуць… А жывыя — цені, каштоўныя толькі сваёй памяццю аб памерлых.

Галена сама не верыла, што можа гаварыць такое, — маці, пачуўшы, не даравала б ніколі. І з кім гаворыць? З бадзягам, выпадковым госцем. А той уважліва слухаў, злёгку нахіліўшы галаву, і яго доўгія валасы звісалі гладкімі пасмамі паўзверх запалых шчок, і ў цьмяным святле вочы здаваліся ненатуральна вялікімі — як дзве азярыны.

— Давайце прысядзем, ваша міласць… Вось тут, на лаўцы… Зручна? — ён прыладкаваўся насупраць яе на невялікім зэдліку. — Мне шкада чуць ад вас такія горкія словы. Бо вы маеце рацыю — мёртвыя не мусяць уладарыць над чалавекам. Але так здараецца амаль заўсёды. Так, гэта цяжка… Але хто сказаў, што нам павінна ў гэтым жыцці быць лёгка? Праўда і ў тым, што нельга, каб магільныя камяні засланялі неба. Мінулае, з якога не пракладзеныя сцяжынкі ў будучыню, перастае існаваць. Бо для Госпада няма мінулага і будучыні. І няма іх для душаў,— памаўчаў, неяк вельмі пранікнёна прамовіў:

— Прабачце мяне за дзёрзкае пытанне, але… Чаму вы не выйшлі замуж? Гэта быў бы ратунак — і для вас, і для ўсяго гэтага дому. Новае жыццё… Дзеці… Працяг роду…

Галена пачырванела, радуючыся, што ў цемры гэтага не прыметна. Чаму яна наважылася быць шчырай?

— Вы можаце сабе ўявіць, каб у гэтым доме-труне з'явіліся жаніхі? Дый нават калі б было не так — наўрад ці я змагла б звязаць свой лёс з чалавекам… — Галена хацела дадаць — «звычайным», але гэта было як прызнаць незвычайнай сябе. І, каб згладзіць няёмкасць, яна проста папрасіла госця, як і тады, у зале, расказаць пра свае падарожжы.

І той загаварыў… Безумоўна, ён колісь атрымаў выдатную адукацыю — добра валодаў словам і тым, што называецца «паэтычным мысленнем». Але была яшчэ адна неацэнная якасць — ён не баяўся сказаць нешта не так, недастаткова прыгожа ці разумна, не думаў пра ўражанне, якое робіць на суразмоўцу. У расповедзе паўставалі бясконцыя дарогі, то засыпаныя сумётамі, то ўсланыя восеньскай лістотай, то пыльныя, спякотныя, на якіх босая нага пакідае такі след, быццам узляцела птушка.

…Скіт з пачарнелага ад часу дрэва, на выспе пасярод зарослага лілеямі возера, і манах-чарнец корміць з рукі лебедзяў… Манастыр са сценамі, абпаленымі пажарам вайны, з вышчарбінамі ў сценах ад куль, і абраз у правым нефе міраточыць… І кожная аблачынка здаецца ўвасобленай малітвай, пазалочанай сонцам — боскай увагай.

— Я пайду з вамі.

Паломнік упершыню нібыта ўзрушыўся.

— Гэта немагчыма…

Галена да болю сціснула свае далоні, быццам рыхтавалася скочыць з абрыву.

— Не лічыце гэта дамскім капрызам. Я больш не магу так — пахаванай жыўцом. Я не спешчаная, бездапаможная засцянковая паненка. Паверце, я дастаткова моцная і непатрабавальная, магу шмат прайсці пешшу, і згатаваць ежу, і ўвогуле зрабіць любую чорную работу. Шмат жанчын ходзяць гэтак жа, як вы, па святых мясцінах, — і прагаварыла хутка, нібыта баючыся сваіх слоў: — І… я пайду за вамі, куды б вы ні пайшлі.

Госць нахіліў галаву:

— Паўтару — гэта немагчыма. Я разумею, што вы атрымалі незвычайнае выхаванне. Можна сказаць, спартанскае. Але вы ўспрымаеце мяне праз свае рамантычныя ўяўленні. Я не той, кім вы мяне палічылі. Я ўсяго толькі варты жалю грэшнік.

Галена нават усміхнулася:

— Гэта не тыя словы, якімі можна мяне адпудзіць. Праз гадзіну я буду сядзець ля прыдарожнага крыжа, там, на павароце за сядзібай. Нікому не ўдасца мяне затрымаць ці адгаварыць. І я не буду прэтэндаваць на асаблівую ўвагу. Я разумею, вы — святы чалавек і жаночыя вабнасці вас не кранаюць. Тым больш, — горка ўсміхнулася, — я не магу асабліва чымсьці ў гэтым плане пахваліцца. Бачыце, маці не навучыла мяне нават прыстойнай дзявоцкай сарамяжнасці.

Госць глядзеў на яе, і ў цёмных вачах ягоных люстравалася яе пакута.

— Ты вельмі прыгожая, Галена. Павер. І я мог бы закахацца ў цябе — смяротна, на ўсё жыццё закахацца. Каб не быў… тваім братам.

Апошнія словы госць прашаптаў так ціха, што Галена хутчэй здагадалася, чым пачула.

— Алесь!

Як жа яна не пазнала сама… Такія ж гордыя бровы, як у маці… Рысы твару… Ён пяшчотна гладзіў сястру па валасах. Яе ніколі ніхто так не гладзіў! Які ж ён, аднак, схуднелы… Нешта абдрапала яе руку…

— Алесь! Навошта ты носіш вярыгі?!

— Можа быць, таму, што некалі лічыў гэта незразумелым дзікунствам. Бог літасцівы, і не кожнага спасцігае ўсведамленне, што цялесная пакута робіць палёгку душы… Не, не глядзі на мяне так, нібыта я насамрэч святы пакутнік. Была і цалкам празаічная прычына… Глядзі…

Алесь сцягнуў з пляча кашулю. Па скуры ішлі накрыж цёмныя палосы.

— Гэта не ўсе ад вярыгаў… Катаржаніна лёгка пазнаць па слядах ад бізуна. А так — менш падазрэнняў.

— Як жа ты мучыўся… — Галена ледзь стрымлівала слёзы. — Але цяпер — цяпер усё будзе добра! Ну чаму, чаму ты адразу не сказаў? Як ты мог не адкрыцца маці? Яна абагаўляе цябе! Няўжо ты падумаў, што мы збаімся схаваць цябе ці проста не здолеем дапамагчы? У маці засталіся ўплывовыя сябры, якія таксама лічаць цябе героем…

53
{"b":"247642","o":1}