Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ды не сказаць, каб былі Пятро з Настай найгоршай у свеце парай. Прынамсі, шлопак Мамонька любіў у іх спыняцца. Гаспадыня заўсёды частавала, пакідала начаваць. Гаспадар жа бясконца распытваўся пра ўсё на свеце, прычым найбольш любіў слухаць не пра кошты на базарах, а пра дзівосы — певень знёс яйка, а з таго вылупіўся маленькі чорны цмок, на кірмашы ў суседнім павеце паказвалі васковых людзей — рыхтык жывыя, і нават варушацца і круцяць вачыма.

Але на гэты раз Мамоньку не сустрэла ў Памідорчыкавай хаце ветлая гаспадыня. Усе дзверы парасчыненыя, куры забягаюць у сенцы і апасліва зазіраюць у пакоі, у шыбы б'юцца, як п'яныя валацугі, тлустыя зялёныя мухі, а на лаўцы пад абразамі сядзіць Пётра Памідорчык, і ягоны чырвоны твар ажно зморшчыўся ад пакут.

— А ці ў пана гаспадара зубы баляць? — спачувальны тонкі галасок Мамонькі падзейнічаў на засмучонага Памідорчыка як гарчычная прыпарка.

— А братка ж ты мой, а галованька ж мая прапашчая! Грэшны, грэшны быў, вось і пакараў Божанька!

Памідорчык павіс на танклявым шлопаку з усёй сілай свайго гора, так што Мамонька захістаўся, не столькі ад цяжару, колькі ад моцнага перагарнага паху. Душа ў шлопака была чуллівая і даверлівая і хутка гэтаксама разрывалася ад раздзеленага з гаспадаром хаты гора.

Два тыдні таму ў дом паважанай удавы Крысі прыйшлі незвычайныя госці: шэсць жанчын, пераважна сталага ўзросту, у цёмных доўгіх сукенках і белых хустках, шчыльна абвязаных вакол галавы, адзін кульгавы старэча і высокі барадач у белай хламідзе з таўсценнай кнігай, якую ён пяшчотна прыціскаў абедзвюма рукамі да грудзей. Дзіўная кампанія цэлы дзень не паказвалася на вуліцы, толькі з вокнаў цёткі Крысі даносіліся працяглыя, але меладычныя песняспевы, упрыгожаныя магутным басам — відаць, мажнога барадача. Суседзі ад цікаўнасці млелі. Але хутка змаглі цалкам задаволіць сваю цікаўнасць — барадач запрасіў усіх жадаючых на духоўную бяседу. Гэта сапраўды аказаўся нешараговы чалавек. Можа быць, нават прарок. Прынамсі, сам сябе ён так і называў. І прапаведваў ён рэчы цалкам зразумелыя, хаця і складаныя для ўвасаблення: каб патрапіць у царства нябеснае, трэба тут, на зямлі, прыпадобніцца Госпаду нашаму і Ягоным апосталам, а для гэтага неакладна распрадаць усю сваю маёмасць, выручку аддаць яму, барадачу, які ўдастоіўся спасцігнуць нябесную мудрасць, і рушыць па грэшнай зямлі з пропаведзямі згаданай мудрасці. Прыхільніцы ў белых хусцінках слухалі свайго прарока з такім замілаваннем і адданасцю, што здавалася, вакол таго сапраўды распаўсюджваецца незямное святло. Прарок шчодра цытаваў выказванні са сваёй тоўстай кнігі наконт канца свету, і слухачы (у асноўным, праўда, слухачкі) заліваліся слязьмі ад усведамлення грахоўнасці і немінучай пагібелі.

Праўда, паплакаўшы і ахвяраваўшы святому чалавеку пэўную колькасць сямейных грошай, жыхаркі горада Б* пакорліва вярталіся ў сямейнае ярмо.

Усе, акрамя цёткі Насты.

Мусіць, кантраст між развясёлым п'яненькім Памідорчыкам і ўзнёслым суровым прарокам быў надта ўражлівы для ейнае жаноцкае натуры.

Памідорчык вярнуўся з карчмы і пабачыў на стале пусты куфэрак, дзе Наста захоўвала рэшткі пасагу — жменьку срэбных рублёў, два залатыя пярсцёнкі і залатыя маністы. Пры кароткім аглядзе высветлілася, што зніклі і прыхаваныя ў скарбонцы грошы. На спалоханы роў Памідорчыка прыйшла суседка і паведаміла, што Наста-Клёцка падалася ў святыя сёстры да барадатага прарока. Усе памкненні Пётры вярнуць жонку да сямейнага агменю ці хаця б перагаварыць з ёю разбіваюцца аб жалезную сцяну духоўнай еднасці барадача, кульгавага і белых хустак.

— Слухай, дружа, капейку дам, схадзі ў той пракляты дом, прывядзі ты маю дурную кабету з грашыма назад!

Праз паўгадзіны шлопак Мамонька з Памідорчыкавай яшчэ не заробленай капейкай у кішэні стаяў перад дыхтоўным домам пані Крысі, шаноўнай ветэрынарскай удавы. Праз зачыненыя вокны чулася алілуя. Шлопак ветліва пастукаў у шыбу. Алілуя не сціхла, але рыпнулі дзверы, і Мамонька пабачыў барадатага мага, які ў мінулым годзе на кірмашы наймаў яго сядзець у васковай фігуры і тузаць за нітачкі, каб фігура магла варушыцца. Маг плаціў Мамоньку пяць капеек у дзень і строга наказаў захоўваць таямніцу жывой фігуры. А шлопаку што? Раз сказана — ён так і зробіць.

— Добры дзень, пан Маг! — ад шчырай Мамонькавай усмешкі барадача ажно перасмыкнула. — А я вось даручэнне маю…

У хаце цёткі Крысі гарэлі свечкі. Восем кабет, сярод якіх гаспадыня са строга падцятымі вуснамі і мажная Памідорчыкава Наста, сядзелі на лавах уздоўж сцяны і свідравалі вачыма шлопака. Шчыльна навязаныя белыя хусткі нагадвалі не столькі пра кляштар, колькі пра бальніцу. Старэча пагрозна расхаджваў за спінай госця, і яго кульгавая нага надавала крокам рытм пахавальнага маршу. Барадаты прарок, вядомы Мамоньку пад імем Мага, узвышаўся перад шчуплай постаццю шлопака як Самсон перад філісцімлянамі.

— Раба божая Наста абрала сабе праведны шлях! — басіў прарок. — Ніякія зямныя грэшныя клопаты не могуць звярнуць яе! Акі Гасподзь наш і апосталы Яго, мусім мы пакідаць бліжніх нашых з любові да іх жа і ісці па аблудным свеце са Словам Божым…

Мамонька згодна ківаў галавой. Прыгожа гаварыў пан Маг, гучна! Але доўга…

— Выбачайце, можа, мы з пані Настай ужо пойдзем? Белыя хусткі злосна зашыпелі, барадач пачырванеў. А шлопак ветла працягваў:

— І маніста сваё, пані Наста, не забудзьцеся… Пан Пётра прасіў… І грошы…

Гучныя абвінавачванні цёткі Насты на адрас бязбожнага мужа зліліся з абурэннем усіх прысутных.

— Гэта цяпер божыя грошы! — гарлаў барадач. — Грэшнік Пётра мусіў не патрабаваць іх назад, а прадаць усё, што мае, і ахвяраваць! Кожны, хто прынясе сюды ўсе свае грошы, выратуецца! Толькі ахвяраваннем грошай можна здабыць месца ў царстве нябесным. А я — пасрэднік у гэтай справе. Так і перадай усім, валацуга.

Шлопак мімаволі захваляваўся. Барадач гаварыў гучна і даходліва, але нешта не тое. У шлопакавым выданні Святога Пісання не было такой высновы пра грошы… Пра любоў да бліжняга — было… Пра тое, што не скрадзі,— было. Не зажадай жонкі бліжняга свайго, маёмасці і гэтак далей… Мамонька шчыра пра гэта і распавёў. Са святарамі, шкалярамі ды іншымі абазнанымі людзямі прарок і не збіраўся дыскутаваць, але ж тут — нейкі недаробак… Гучнагалосыя аргументы прарока адляталі ад маленькай постаці шлопака, як дажджавыя кроплі ад зялёных лістоў сціплага агрэсту. Патроху вісклівыя галасы жанчын у белых хустках і кульгавага прарокавага памочніка сціхлі, чуваць толькі было раз'юшаны роў барадача ды ветлівы тонкі голас госця.

— Але ж ён праўду гаворыць, жанкі,— нарэшце зазначыла найстарэйшая з кабет, у мінулым свецкім жыцці — гандлярка зелянінай. — Што гэта за святасць, калі да пальцаў грошы прыліпаюць? Хіба Хрыстос з апосталамі грошы збіралі?

Барадаты прарок адчуў, што страчвае ўладу над сваімі рахманымі авечкамі, і ўзвысіў голас. Бедны Мамонька заўсёды пакутваў, калі нехта пры ім сердаваў, злаваўся, лаяўся. А тут сам — прычына лаянкі! Але барадач відавочна казаў нешта насуперак запаветнай шэрай кніжачцы са шлопакавай торбы, кожнае слова якой — кніжачкі, а не торбы, вядома, — адбілася на шлопакавым сэрцы, як дзесяць запаветаў на Майсеевых скрыжалях. Дарэчы, габрэйскі Майсей таксама не быў гаваркім, папросту — дык сказалі б, што ў яго каша ў роце… Але не можа зямля быць без прарока! І горад Б* не мог. Тонкі голас Мамонькі ўзвысіўся да вяршыні гары Сінай… Вядома, у ваколіцах горада Б* няма гары Сінай, але каб была — там Мамонькавы прамовы абавязкова пачулі б!

І знялі прасветленыя кабеты свае белыя хусткі, і выказалі барадатаму правадыру, што ў кожнай назапасілася на яго за дні блуканняў, а ад вока сталай местачковай кабеты нічога не скрыецца! Ні патаемнае спатканне з румянай маладзічкай, ні продаж ліхвяру аддадзеных на пакупку месца ў раю пярсцёнкаў.

Нават кульгавы старэча бразнуў аб стол торбачкай з абшчыннай казною:

— А мне ні разу пахмяліцца не даў!

Мудрацы свету даўно сказалі, што чым вышэйшы стод, тым лягчэй яго абрынуць у друз. Развянчаны з апосталаў барадач знік у восеньскім прыцемку. Абвінавачванні сціхлі. Кабеты маўчалі і разгублена пазіралі адна на адну.

46
{"b":"247642","o":1}