Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У дзверы настойліва пастукалі. Ну, так, час вячэры. Роўна а шостай вечара. Не раней і не пазней. Колькі дзяцей у гэтым доме заставаліся без салодкага за тое, што спазняліся да ўрачыстага сямейнага стала! А сёння вячэра асаблівая — Асяніны, Змітраўскія Дзяды. Продкі сядуць разам з жывымі нашчадкамі за стол, і ён ізноў уявіць — ці сапраўды ўбачыць — прывідныя вочы, што паглядаюць з паблажлівым дакорам.

Вінцэсь намацаў рукой кульбачку, што звалілася на падлогу, абапёрся, рыўком падняў з крэсла сваё дужае цела. Так, усё яшчэ дужае — яны з братам абодва былі плячыстыя, высокія, хваліставалосыя. За буйную грыву валасоў ім нават далі мянушку «львяняты».

Цяпер кудзеры Вінцэся зусім сівыя… Але целу ён не даў саслабець, спесціцца, заплысці тлушчам. Як бывалы ваяр нават падчас доўгага зацішша трымае напагатове зброю.

Хаця ён, Вінцэсь, не ваяр…

За сталом сабралася ўжо ўся сям'я — чакалі толькі яго. І бацька, як і некалі, сурова зірнуў з-пад насупленых броваў — цяпер ужо зусім белых. Што ж, Вінцэсь не супраць саступіць сваё салодкае… Ну хаця б малодшай сваёй дачушцы, гарэзе-Янінцы. Вунь як яна па-змоўніцку пазірае на бацьку і ўсміхаецца краёчкам ружовага роціка. Відаць, паспела выхапіць з куцці кавалачак празрыста-мядовага цукату і зжаваць, маленькая блюзнерка. Гэтаксама міла ўсміхалася калісьці Марыя, яе маці і Вінцэсева жонка. Яна сядзіць злева ад свёкра, па-ранейшаму стройная і прыгожая, толькі рысы твару сталі больш рэзкімі, між броваў пралягла зморшчына, а вусны ўжо даўно не кранае ўсмешка. Апошні раз яна бесклапотна ўсміхалася, мабыць, яшчэ калі была нявестай старэйшага Вінцэсевага брата, Славаміра.

У іх добрая сям'я — у Вінцэся і Марыі. І цудоўныя дзеткі, і згода, і… Але вось жа не ўсміхаецца Марыя чамусьці так, як колісь… Бацька, старэйшы з роду, цяжка абапіраючыся рукамі аб старажытны дубовы стол, за якім сядзела мо з дваццаць пакаленняў роду Севярынічаў, падняўся і надтрэснутым, але ўсё яшчэ гучным голасам прачытаў малітву. Потым кінуў пад стол рытуальны кавалак хлеба.

— Стаўры, Гаўры, ідзіце куццю есці…

Сын Габрусь, ужо падлетак, падобны на жвавае галчаня, гэткі ж калматагаловы, як Вінцэсь, нешта шапнуў сястрычцы Янінцы, і тая ледзь чутна віскнула і падабрала ножкі. Відаць, пагразіў, вісус, што прывідныя паляўнічыя сабакі Дзядоў — Стаўры і Гаўры зараз укусяць пад сталом.

Так, прывіды наносяць раны больш балючыя і незагойныя, чым рэальная зброя. Вінцэсь глядзіць на дальні кут стала, дзе перад пустым крэслам — міска, у якую адкладзена па лыжцы ад кожнай стравы, і чарка гарэлкі, з якой ніхто не адап'е. Цікава… Славамір быў старэйшы ўсяго на год, але ён ужо мае права заняць месца на гэтым пустым крэсле, як Вінцэсеў продак, і судзіць яго сваёй прывіднай уладай… А за што, Божа мілы?

Прайшло ўжо дваццаць гадоў. На папялішчах, што засталіся ад многіх сядзіб, выраслі маладыя дрэўцы. Бацька не хацеў, каб ад роду Севярынічаў засталося толькі папялішча і — няхай слаўная — памяць. А яны абодва — і Славамір, і Вінцэсь — збіраліся далучыцца да інсургентаў, як і амаль усе іх сябры па Віленскім універсітэце. Столькі разам марылі, складалі ўзнёслыя вершы, а яшчэ вучыліся трапна страляць і добра валодаць шабляй… Але бацька вырашыў іначай. Вядома, Севярынічы ніколі не ўнікалі бойкі, асабліва калі гэта — бойка за волю. Таму няхай адзін з сыноў падтрымае гонар роду. А другі мусіць падтрымаць ягоны працяг — і застацца, бо калі загінуць абодва, герб разаб'юць на магіле таго, хто з іх трох памрэ апошнім. Не засталося ў свеце больш ніводнага Севярыніча, а ў жылах іхніх цячэ кроў вялікіх князёў, і занадта вялікая раскоша — касаваць такі род.

Па традыцыі, што існавала ў іх краях, заставацца на дзедаўшчыне мусіў малодшы.

Слова бацькі для іх заўсёды было законам. Але Вінцэсь збіраўся аслухацца. І ён бы паехаў за Славамірам, калі б не прыкрае здарэнне. Раніцай ён звычайна наведваў свайго Аякса, белага, з шэрымі падпалінамі каня, падоранага яму яшчэ жарабём. Чамусьці менавіта ў тую раніцу, што была прызначаная для ад'езду, бервяно, цераз якое ён няўважна пераступаў столькі год, сарвалася з падпорак і прыціснула нагу. Добра, што побач аказаўся конюх Базыль, іначай пракаветная сасна — таўсшчынёй у паўабхвата — нарабіла б яшчэ большай бяды, бо Вінцэсь паваліўся і амаль страціў прытомнасць ад болю. Пералом аказаўся цяжкі, ступак ледзь не раструшчыў, Вінцэсь кульгае дасюль. Бацька тады сказаў: «Божая воля… Знак лёсу». А Славамір суцешыў: «Мы ўсё роўна будзем змагацца разам, браце!»

І з'ехаў, каб праз год загінуць самай слаўнай для мужчыны з рыцарскага роду смерцю — у бойцы, пад штандарам выбітнага вайскаводцы, адабраўшы жыцці многіх ворагаў.

Вінцэсь пасля таго, як вымушаны быў застацца, па загаду бацькі кінуў універсітэт. І — ніякіх зносін з інсургентамі. Іх сям'я і так пад падазрэннем. Вядома, Вінцэся і бацьку таксама цягалі на допыты. Але абышлося. Хаця небяспека была большай, чым ведаў бацька, — Вінцэсь не раз дапамагаў сябрам, чым мог, і не раз у яго пакоі начаваў госць з лесу, каб яшчэ перад досвіткам сысці рамантычным шляхам — праз акно.

Ніхто не здрадзіў, не выдаў.

Вінцэсь выйшаў з крывавае сячкарні чысценькім. А столькі разоў марыў загінуць… А галоўнае — Марыя…

Так, вядома, ён кахаў яе. Яны са Славамірам былі надта падобныя, каб мець розныя густы наконт ідэалу жанчыны. Горкае імя, у якім з'ядналіся пыл біблейскай пустэльні і дыяменты горада Магдалы. На тонкіх запясцях Марыі бранзалеты пазвоньвалі, як сігналы аб прыбыцці нябеснага чоўна — пераправы на іншы бераг, дзе можна толькі ўдыхнуць пах валасоў каханае жанчыны — і спазнаць сэнс жыцця. Марыя — Ева… Смак яблыка звязвае ў роце, быццам няшчырыя словы, і ты ўжо загінуў і не хочаш ратавання ад салодкай атруты.

Яна па начах вышывала штандар для іхняга атрада. І, вядома, Славамір быў яе героем, якога сустракаюць раз у жыцці.

Віна з'явілася даўно. Яшчэ тады, калі Вінцэсь выпадкова падгледзеў іх спатканне ў квітнеючым садзе — Марыі і Славаміра. Дзяўчына, у белай простай сукенцы, гнуткая і вясёлая, слізгала між дрэваў русалкай, квецень упляталася ў яе цёмныя косы, і Славамір лавіў сваё шчасце між шурпатых яблыневых ствалоў, у духмяным дажджы пялёсткаў. І смех іхні стаіць дасюль увушшу ў Вінцэся — быццам разбіваюцца яго ўласныя крышталёвыя замкі… І ён дасюль не можа дараваць сабе, што не адвёў вачэй, калі іх вусны — магчыма, першы раз — злучыліся… І зусім недаравальны боль, які працяў тады душу, змусіў сціснуць кулакі так, што востры аловак, заціснуты ў правай руцэ, глыбока ўвайшоў у даланю, — Вінцэсь прыладкаваўся з запаветным сшыткам-чарнавіком у сваім улюбёным сховішчы, у разгалінаванні старой яблыні. Боль ад раны адчуўся толькі тады, калі Марыя і Славамір сышлі кудысьці ў бок рэчкі, трымаючыся за рукі, як дзеці, і іхні смех рассеяўся ў веснавым паветры.

Вінцэсь толькі спадзяецца, што ніколі — ні словам, ні позіркам, ні ўздыхам — не даў зразумець дарагім людзям свае нізкія — ён шчыра так лічыў — пачуцці.

Марыя мусіла ўвайсці ў сям'ю Севярынічаў.

Гэта было абгаворана яшчэ да ейнага нараджэння. І калі загінуў Славамір — Вінцэсю давялося заняць месца брата. Стаць ценем яго кахання, адабраць у мёртвага адзінае, што ў таго засталося на зямлі,— памяць і слёзы. Ведаць, што ноччу яна цягнеца да вуснаў — не ягоных… І, раптам усведамляючы прысутнасць іншага, жывога — кожны раз скаланаецца і змушае сябе да пакоры… І ён, як лясны бог Пан, абдымае замест каханай толькі сухі журлівы трыснёг…

Вершнік на белым кані, з узнятай угару шабляй… Чаго варты перад ім кульгавы дэзерцір, які адседзеўся ад слаўных боек пад жончыным бокам?

Свечка, пастаўленая ў місу з бурштынавым зернем, асвятляла шлях нябожчыкаў да памінальнага стала. Марыя моўчкі ўзіралася ў вясёлы агеньчык, быццам заварожаная ягоным спагадлівым бляскам, а Вінцэсю здавалася, святло ўтварае вакол стала кола, якое толькі і абараняе ад зліцця жывога і мёртвага, віны і пакарання, праўды і маны…

— Тата, — шапнуў Габрусь, раптам пасур'ёзнеўшы. — А я сёння чуў цікавае слова…

55
{"b":"247642","o":1}