— Кажы, — Вінцэнт цёпла ўсміхнуўся сыну.
— На кухні старая Анця гаварыла: «Бачыла сёння хлебазор над Цівуновай пушчай. Мусіць, зіма сцюдзёная будзе». Я перапытаўся, хлебазор, відаць, тое, што па-руску зарніца, сухая маланка. Чаму такое дзіўнае слова, тата, — «хлебазор»?
— Пасля паразважаем разам. Дзякуй, сынок, гэта сапраўды каштоўныя звесткі, я занясу тваё слова ў картатэку, — прамовіў Вінцэсь, і Габрусь прасвятлеў тварам. Марыя адно зірнула раўнадушна-паблажліва. А дзед з'едліва выказаўся:
— Яшчэ не кінуў свае штудыі? Мужыкі табе нагавораць, за дзесяць жыццяў не пазапісваеш. Антоні Вырвіч, між іншым, мануфактуру збіраецца адчыняць па вырабу габеленаў. Выпісаў з Нямеччыны машыны і майстра-мастака…
— Прагрэсіст пан Антоні вядомы, — спакойна зазначыў Вінцэнт. — Памятаю, мне яшчэ гадоў дзесяць было, ездзілі да яго ў госці. І мы са Славамірам прыбеглі да вас у залу з рэвам, што ў сенцах сядзіць мужык-казёл, і прасілі, каб гэткае страхоцце адправілі назад у вёску. А пан Антоні і кажа з мілай усмешкай: «Дурню, гэта ж мужык пакараны, яму рагаціну надзелі, а ногі яго ў крэслах». І на мануфактуры ягонай будуць працаваць няшчасныя дзеўкі, адабраныя ад сям'і, і траціць вочы і здароўе на падробкі французскіх габеленаў, хаця маглі б у сваіх хатах, спяваючы, выткаць непаўторныя, з тонкім арнаментам і каларыстыкай посцілкі.
— Спрачацца не буду. Ты ў нас вядомы знаўца мужыцкіх вырабаў, — бацька замаўчаў, і нават маленькая Янінка не наважылася больш перапыніць суровае маўчанне, быццам гэта было як разарваць павуту гіганцкае Арахны, што запляла, знерухоміла ўсё навокал, і выклікаць тым з'яўленне багіні зла.
Агеньчык свечкі крыху ўздрыгваў, і ад гэтага цені ў пакоі варушыліся, плылі карагодам вакол жывых.
Так, трэба яшчэ папрацаваць сёння… Колькі часу? Сем? Пачатак восьмай? Часу заўсёды не хапала. Вунь іх колькі, рукапісаў, картак з сабранымі моўнымі самацветамі — Вінцэсь усур'ёз узяўся за даследаванні адразу пасля таго, як усвядоміў, што ваярская доля ад яго забраная. Інтарэс да мясцовай гаворкі ўзнік яшчэ ва універсітэце. Тады найбольш прагрэсіўныя, разумныя выкладчыкі самі заклікалі да гэтага. Належала вывучыць, так бы мовіць, чым жыве душа насельніцтва далучаных да імперыі новых губерніяў. На гэта даваліся, няхай небагатыя, сродкі. І расійскія філолагі нават не чакалі, што напаткаюць такі скарб, што на іх вачах узнімецца з цемры няведання цэлая Атлантыда самабытнай культуры. Курганы, на якія па начах выходзяць прывідныя рыцары і лірнікі, азёры, на дне якіх — патанулыя гарады, пракаветны свет русалак, жытнікаў, лесуноў, свет ваярскіх песень і чысцюткай славянскай мовы… Інтарэс у спецыялістаў да гэтага не згасаў. Таму была магчымасць зрабіць хоць нешта для сваёй краіны, адкрыць яе свету.
Вінцэсь не шкадаваў сябе, не зважаючы на нараканні, неразуменне, пагарду, на хворую нагу. Ён абхадзіў і аб'ездзіў усе навакольныя вёскі і вёскі далейшыя, згубленыя ў пушчах і балотах. Знаходзіў у закінутых уніяцкіх цэркаўках старадрукі, паедзеныя мышамі, са старонак якіх ззялі вясёлкамі мініяцюры даўно памерлых мастакоў. За дваццаць гадоў зроблена нямала — зборнік легенд і паданняў, кароткі слоўнік беларускай гаворкі, артыкулы ў навуковых выданнях Масквы і Санкт-Пецярбурга, Кракава і Прагі… А колькі яшчэ чакае ў рукапісах! Ёсць імя, аўтарытэт… Але — там, у вузкіх інтэлігенцкіх колах. Тут у яго няма нічога, акрамя права насіць прозвішча, праслаўленае героямі, што загінулі за радзіму.
Добра, хоць Габрусь падзяляе бацькава захапленне… Нават не захапленне ўжо — апантанасць. Недарэмна расказваліся ў дзіцячым пакоі дзівосныя казкі пра вужыную каралеву і асілка Машэку, пра Багародзіцу, якая хадзіла па гэтай зямлі і пабіла нагу аб камень, і пра цмока, які закахаўся ў сялянскую дзяўчыну і прыходзіў да яе панічам у чырвоным жупане… У гімназіі, дзе вучыцца Габрусь, добрыя выкладчыкі па моўных дысцыплінах. І здольнасці ў хлопца маюцца…
Вінцэсь акуратна напісаў на чыстай картцы слова — тое, што вычуў Габрусь. Але гэта было апошняе, што ўдалося ў гэты дзень зрабіць… І, магчыма, апошняе ягонае даследаванне ўвогуле.
Тое, што напрарокавалі чырвоныя хлебазоры, не было нечаканасцю для Вінцэся.
Чаму прыхадні абралі менавіта вечар Асянін для свае нядобрае справы? Напэўна, непакоіліся, што ён, некім папярэджаны, уцячэ, з'едзе. Ды і не лічылі, што робяць нешта нядобрае. Пан Вінцэсь Севярыніч мусіў неадкладна паехаць з імі, у губернскі горад, дзе праводзіцца следства з нагоды выяўлення ў выдадзеных ім кніжках крамольных, непачцівых да імператарскай улады выказванняў… Ёсць і яшчэ адна брашурка. Хадзіла па руках студэнтаў. Аўтар схаваўся пад псеўданімам — але такія-сякія здагадкі ў следства маюцца.
На гэты раз пакой быў асветлены ярка — свечкі гарэлі ва ўсіх падсвечніках, быццам на балі ці пахаванні. Вінцэсь сядзеў у крэсле з кнігай у руках і зрэдку кідаў позірк на тое, як жандары звальваюць у вялікі мех ягоныя рукапісы, ссыпаюць карткі з картатэкі. Дзіўна, але ён адчуваў сапраўды толькі спакой і стому. Зразумела, многае загіне. Але — не ўсё. Ён недарэмна спяшаўся. Адзіная турбота — падвёў выдаўцоў. Але іх выратуе яго маўчанне. Прынамсі, ён зробіць для гэтага ўсё, што ў чалавечых сілах — і нават крыху больш.
— Гэта нейкая памылка, — голас бацькі гучаў так разгублена, што Вінцэся працяў востры жаль. — Мой сын не мог ні ў чым правініцца.
Вінцэсь горка ўсміхнуўся. Вядома, бацька лічыў яго зусім бясшкодным, дакладней — бескарысным дзіваком.
— Ён проста вывучае мовы, — гэта загаварыла Марыя, таксама разгублена, аж голас трымціць. — Ён вучоны… Яго друкавалі ў часопісе імператарскай Акадэміі… Палавінная Дзямі-даўская прэмія за «Параўнаўчы слоўнік геаграфічных назваў славянскіх»… Ягоныя доследы ўхваляў сам Надзеждзін!
Гэта ж трэба! А Вінцэсь лічыў, што Марыя ніколі не цікавілася яго справамі!
— Мовазнаўства, шаноўная пані, можа быць страшнейшым за ўзброенае паўстанне, — голас гучаў, як на лекцыі,— бач, якога інтэлігентнага Харона прыслалі па ягоную душу… — Вы ведаеце, што ваш муж і ваш, пан Севярыніч, сын сцвярджае ў сваіх ксёнжачках? — цяпер голас дрыжэў ад абурэння. — Што расійска-крывіцкі дыялект, на якім гавораць мясцовыя хлопы, гэтая брудная, грубая, неўразумелая хамская гаворка ёсць асобная мова! Якая стаіць упоравень з вялікай рускай ці той жа нямецкай! І доказна, трэба заўважыць, сцвярджае. Прынамсі, маладыя розумы такое чытанне можа збянтэжыць. А што з гэтага вынікае? Новы бунт? А якія прыклады прыводзіць — схізмацкія песні пра бойкі з маскалямі! Куды толькі глядзелі ўсе гэтыя акадэмікі!
І яшчэ дадаў, ужо зусім не-па лектарску, што каб служыў ён тут дваццаць год таму, выкараніў бы ўсю заразу бунту дашчэнту.
Грозны прамоўца зайшоў у пакой, дзе знаходзіўся арыштаваны. Малады, прыгожы, вусы заліхвацкія — як у гусарскага кавалергарда, ноздры ваяўніча раздзімаюцца. Відаць, незадаволены, што арышт пазбаўлены баявітасці,— бунтаўшчык не адстрэльваецца, не хаваецца, нават не каецца. Відаць, Вінцэсеў спакой, ды яшчэ тое, што дзяржаўны злачынца чытае кнігу, змусілі госця страціць раўнавагу. Ён груба выхапіў з рук гаспадара невялікі томік.
— Байран… «Шыльёнскі вязень»… — насмешна тыцнуў кнігу ўладальніку. — Што ж, гэта — чытайце… Рыхтуйцеся, так бы мовіць, тэарэтычна.
Жандары збіралі з падлогі апошнія карткі, рассыпаныя, быццам загадкавы пасьянс, які, у выпадку, калі сыдзецца, адчыніў бы чарадзейнымі словамі дзверы ў дзівосны свет. Але госці не верылі ў чарадзейнасць слоў.
У ліхтары, падвешаным на бронзавым гаку над ганкам, гарэла свечка, і агеньчык трымцеў яркай хусткай, якой хтосьці адчайна махае, развітваючыся. Бацька стаяў у вітальні перад расчыненымі на вуліцу дзвярыма і… неверагодна, але так! — плакаў. Ён не глядзеў на Вінцэся, толькі плечы ўздрыгвалі. А вось — Габрусь. Закусіў вусны, стараецца не ўраніць слязы. Адно вочы гараць. Дай, Божа, каб гэтаму Севярынічу не давялося даводзіць сваю годнасць, сыходзячы ў лес ці турму. Затое Янінка плача — ёй, вядома, не патлумачылі, што адбываецца, але хіба можна падмануць яе чуйнае сэрцайка? Вунь як яно калоціцца — Вінцэсь расцалаваў залітыя слязьмі ружовыя шчочкі малой, што кінулася да яго, абшчаперыла з усіх сіл слабымі ручкамі… Шаптаў нешта суцяшальнае… Вядома, ён вернецца, хутка, і з прыгожай лялькай, ведаеш, у такой пышнай каралеўскай сукенцы. Ідзі, маленькая, укладвайся ў ложак… Нянька павяла дзяўчынку на другі паверх, у дзіцячы пакой, туды, дзе на століку — змайстраваны Вінцэсем палац з ліпавых трэсачак, аздоблены кавалачкамі бурштыну — жытло вужынай каралевы.