— Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку?
— Васілеўкая Вольга Ільінічна.
— Вы працуеце урачом у шпіталі?
— Так, я ўжо казала вашаму дзяжурнаму. Я — маёр медыцынскай службы, хірург.
Затым Славін уважліва выслухаў яе і задумаўся: «Жанчына, адчуваецца, чалавек назіральны. У марках машын разбіраецца добра, а чым чорт ні жартуе, раптам на гэтай машыне рабавалі злачынцы?» Ён зірнуў на Васілеўскую:
— Вольга Ільінічна, а што, калі мы з вамі паглядзім гэту машыну, не пярэчыце?
— Не, вядома. Я ж разумею.
— Ну, тады цудоўна. Едзем адразу ж!
Славін дастаў з шафкі ліхтарык, сунуў яго ў кішэнь паўкажушка, звыклым рухам локця дакрануўся да пісталета, які вісеў пад пінжаком, — на месцы, слізгануў поглядам па стале, ці ўсё схавана, і зірнуў на жанчыну. Яна адразу ж яго зразумела і ўстала:
— Пойдзем да машыны?
— Так-так, калі ласка.
Шафёр ужо быў на месцы.
— Залазьце ў кабіну ўдваіх, а то ў кузаве доўга не вытрываеш, — прапанаваў ён.
Ехаць давялося ў другі канец горада па вузкіх цёмных вуліцах і завулках. У кабіне было холадна і няўтульна.
Калі б Славін ведаў, з кім сутыкнуў яго лёс, то ён, перш чым ехаць да выяўленага грузавіка, завярнуў бы, вядома, да дома, дзе жыў Мачалаў. Але пра Васілеўскую Пётр Пятровіч ніколі не расказваў брату, таму Славін і не здагадваўся, што побач у кабіне старога грузавіка сядзіць не проста важная сведка, але і чалавек, які для яго брата вельмі дарагі. Ён нахіліўся да Васілеўскай і, імкнучыся перакрычаць шум матора, спытаў: — Далёка яшчэ?
— Не, тут налева, і мы прыехалі, — адказала Васілеўская.
За паваротам у святле фар з’явіўся грузавік. Спыніліся. Уладзімір абышоў машыну. Абедзве дзверцы былі расчынены насцеж. У сярэдзіне кабіны — снег. Ён спытаў у жанчыны:
— Скажыце, можа, машына сапсавана, і яе пакінулі, каб пазней узяць на буксір?
— Не ведаю. Але я бачыла — ехала нармальна. Калі б сапсавалася, то шафёр, мабыць, паспрабаваў бы адрамантаваць, ды і не кінулі б яны машыну так проста.
— Вы маеце рацыю, — пагадзіўся Славін і паклікаў шафёра: — Іван! Вазьмі ліхтарык. Правер, ці ёсць вада ў радыятары?
Шафёр падняў капот і, падсвечваючы сабе ліхтарыкам, пачаў аглядаць рухавік.
— Вада — дык ёсць, а вось радыятар. накрыўся. Замарозілі, сволачы! У многіх месцах прарвала.
Славін усё больш схіляўся да думкі, што на гэтай машыне сапраўды былі бандыты. Падзякаваўшы Вользе Ільінічне, ён загадаў шафёру адвезці яе ў шпіталь, а затым ехаць у аддзел, перадаць дзяжурнаму, каб той тэрмінова далажыў пра ўсё Мачалаву.
— А я буду тут чакаць.
Машына паехала. Уладзімір зачыніў капот, дзверцы кабіны, вырашыў пакуль абысці бліжэйшыя дамы, пагутарыць з жыхарамі. Ён прыкінуў час, праз які прыбудуць супрацоўнікі. Атрымалася, што гадзіны праз дзве.
Славін апытаў больш як дзясятак грамадзян, якія заўважалі кінутую на вуліцы машыну, але людзей, якія пакінулі яе, ніхто не бачыў. Паступова ён адыходзіў усё далей у тым кірунку, куды, паводле слоў Васілеўскай, накіраваліся маёр і старшына. За паўтары гадзіны ён дабраўся да апошняга кутняга дома. «Зайду яшчэ сюды і буду вяртацца», — падумаў ён, уваходзячы ў двор. Падняўся на высокі ганак, пастукаў у дзверы. Пачакаў, зноў пастукаў. Нарэшце ў калідоры пачуліся крокі, і дзверы прыадчыніліся. З запаленай лямпай у руцэ на яго моўчкі глядзеў стары.
— Дабрыдзень, я супрацоўнік НКУС. Дазвольце ўвайсці.
— Добры вечар, паночку, праходзьце, калі ласка! — пачціва запрасіў гаспадар і пайшоў наперадзе госця, падсвечваючы яму лямпай.
Яны ўвайшлі ва ўтульны, добра напалены пакой. Гаспадар прапанаваў Славіну прысесці, але той адмовіўся, палічыўшы, што тут, як і ў большасці дамоў, якія ён наведаў, затрымаецца нядоўга.
— Скажыце, калі ласка, вы выпадкова не бачылі, хто прыгнаў сёння раніцай грузавік і кінуў яго на вашай вуліцы?
— Грузавік? Які грузавік?
— Ён стаіць у тым канцы вуліцы, — паказаў рукой Уладзімір.
— Не, пане, не бачыў.
— Ну, што ж, я так і меркаваў, — і Славін павярнуўся да дзвярэй.
— Пан! — нясмела паклікаў гаспадар. Уладзімір спыніўся. — Пан кагосьці шукае?
— Вядома, шукаю, дзядуля.
— Каго хоча знайсці пан?
— Бандытаў.
— Тады, можа, вас зацікавіць тое, што я хачу расказаць?
— Слухаю вас.
— Сёння раніцай я бачыў аднаго чалавека. Думаю, будзеце мець да яго цікавасць.
— Як яго прозвішча?
— Не ведаю. Але хай пан трохі патрывае і выслухае мяне. Дык вось, іду, значыць, да студні. Гэта якраз у тым баку, куды вы паказвалі, праз два дамы ад майго. Толькі набраў поўныя вёдры вады, як бачу — поруч мяне хуценька прайшлі двое вайскоўцаў. Аднаго з іх, апранутага ў форму афіцэра Чырвонай Арміі, пазнаў адразу ж.
Ад нечаканасці Уладзімір аслупянеў. Ён нават шапку сцягнуў з галавы, каб лепш чуць і не прапусціць ніводнага слова. А гаспадар працягваў:
— Да вайны ім часта паліцыя цікавілася. А наведваў ён утульную хатку пані Шыкульскай. Я добра ведаю, што ён не можа быць чырвоным афіцэрам.
— З кім вы яго бачылі?
— Побач з ім ішоў, відаць, фельдфебель з аўтаматам. У яго шыя перавязана бінтам. Гэта добра памятаю.
— Ну, а той, ваш знаёмы, у якім званні?
— Бачыў, што афіцэр, а ў якім званні — не разгледзеў. Я ішоў за ім следам да свайго дома. Яны павярнулі направа, і я іх больш не бачыў.
Славін гатовы быў расцалаваць старога.
— Дзядуля, вы можаце паказаць, дзе пражывае гэта пані Шыкульская?
— Паночку, я ўсё магу зрабіць, але прашу вас, — ён паказаў рукой на дзверы, якія вялі ў суседні пакой, — у тым пакоі ляжыць мая хворая жонка. Мы засталіся адны. Наш адзіны сын быў у Чырвонай Арміі. Месяц таму загінуў. Нас няма каму абараніць, і я аб адным вас прашу, малю — нікому ні слова.
— Дамовіліся. Значыць, зробім так: я цяпер вярнуся да машыны, сустрэнуся са сваімі людзьмі і прыйду да вас з начальнікам. Толькі ён будзе ведаць пра гэта.
Гаспадар не пярэчыў. Уладзімір выскачыў на вуліцу і тут жа ўбачыў святло фар. Значыць, пакуль ён гутарыў са старым, паспелі прыехаць аператыўныя работнікі. Славін пабег да машыны. Калі да яе заставалася з дзясятак метраў, пачуўся гарэзны голас Бартошыка:
— Паглядзіце, як прэ! Быццам голы ў лазню спяшаецца.
— Дзе ты знікаеш? — злосна спытаў Мачалаў. — Мы тут ужо думалі, ці не здарылася што-небудзь з табой?
— Справай займаўся, Пётр Пятровіч.
Славін сцісла далажыў пра сустрэчы ў прыватных дамах, пра гутарку, якая толькі што адбылася са старым.
— Малайчына! — пахваліў Мачалаў. — А я якраз хацеў людзей накіраваць па дамах. Вядзі да старога, — і, павярнуўшыся да супрацоўнікаў, загадаў: — А вы, таварышы, старанна агледзьце машыну. Тут побач вайсковая часць. Папрасіце цягач або «студэбекер». Трэба адбуксіраваць гэту карэту. А потым чакайце нас тут.
Стары чакаў іх. Ён ужо надзеў самаробны сялянскі паўкажушак, насунуў на галаву патрапаную салдацкую шапку-вушанку. Мачалаў спытаў:
— Ці далёка жыве Шыкульская?
— Не, паночку. Праз дзве вуліцы. Туды лепш пешшу. Менш шуму будзе.
— Што ж, пайшлі!
Яны пакінулі дом і, павярнуўшы за рог, рушылі па пустой цёмнай вуліцы.
Асабняк Шыкульскай знаходзіўся сапраўды недалёка. Стары паказаў на дыхтоўны будынак, абнесены высокім глухім плотам, ціха растлумачыў:
— Вось тут і жыве пані Шыкульская.
Пётр Пятровіч пацікавіўся:
— Чым яна займалася да вайны?
— О-о! Для таго часу, панове, у яе быў занятак вельмі далікатны: трымала дом спатканняў.
Славін усміхнуўся:
— А вы, дзядуля, чаго туды хадзілі?
— Печы тапіў. Пані Шыкульская, трэба аддаць ёй належнае, нядрэнна плаціла.
— Чым цяпер займаецца?
— Не ведаю. Усю вайну пра яе нічога не чуў.
Пётр Пятровіч ціха сказаў Славіну:
— Праводзь старога дахаты і кліч нашых. Пакінь ля «ЗіСа» дваіх, хай даводзяць справу з ім да канца, а астатніх дастаў сюды. Машыну пастаўце за вуглом.
Славін і стары пайшлі, а капітан прайшоў уздоўж плота, спыніўся ля варот. Аднак праз невялікую шчыліну цяжка было штосьці ўбачыць. Пётр Пятровіч крануў брамку — замкнёна. Яго цяпер турбавала пытанне: ці трэба правяраць дом? «Калі там сапраўды сабралася ўся банда, — разважаў ён, — то практычна перавагі ў сілах на нашым баку няма. Ды і як яны ўзброены — невядома. Але тое, што ў іх ёсць аўтаматы, — гэта факт. Ці маю я права рызыкаваць людзьмі, ставіць іх пад удар?»