Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Камбрыг не ведаў, дзе знаходзіцца начальнік штаба са сваімі байцамі. Разліковы час ужо скончыўся, а фашысцкія гарматы працягвалі страляць усё гэтак жа метадычна, як і напачатку бою, руйнуючы з зямлёй партызанскія ўмацаванні, сеючы смерць і калецтвы.

Аднак Глазкоў хваляваўся дарэмна. Байцы ўзвода падабраліся ўжо да агнявых пазіцый. З крыкам «ура!» яны абрынуліся на ворага, знішчылі ўвесь гарматны разлік.

Захопленыя гарматы тут жа былі накіраваны ў бок праціўніка. Глазкоў хутка ацаніў становішча, падняў брыгаду ў атаку, каб фашысты не змаглі адбіць сваю артылерыю назад. Але ў гэты момант над зялёным полем з’явілася некалькі белых сцягоў. Немцы, як па камандзе, трымаючы рукі ўгару, павольна ішлі ў бок партызан. Тыя спачатку нават не зразумелі, што такое, вырашылі, што фашысты зноў ідуць у атаку. Дзе-нідзе грукнулі стрэлы. Глазкоў загадаў не страляць, а сам уважліва працягваў глядзець у бінокль. «Што гэта? Хітрасць ворага ці сапраўды намер здацца?»

— Перакладчыка да мяне! — крыкнуў Глазкоў.

Падбег перакладчык. Да вайны ён выкладаў у школе нямецкую мову, нядрэнна валодаў ёю. Глазкоў у гэты момант накіраваўся да дзота Славіна. Уладзімір выйшаў насустрач.

— Бяры аўтамат, пойдзеш са мной! — распарадзіўся Глазкоў.

Славін узяў аўтамат і, абтрасаючыся, пайшоў за камандзірам.

Немцы, падняўшы рукі, стаялі па ўсім полі. Здавалася, што іх вельмі шмат. Глазкоў, не азіраючыся, кінуў Славіну:

— Глядзі, Валодзя! Колькі іх яшчэ засталося! — памаўчаў, усміхнуўшыся, дадаў: — Бачыш, як часы змяняюцца! Раней крычалі, маўляў, не браць партызан у палон, а цяпер самі партызанам здаюцца.

З нямецкага боку насустрач Глазкову, Славіну і Ляўковічу рушылі тры афіцэры. Яны былі без зброі, адзін трымаў у руцэ дубчык, да верхняга канца якога была прывязана белая насоўка. Калі трохі зблізіліся, Глазкоў ціха заўважыў:

— Так, не тыя немцы пайшлі. Не тыя. Глядзіце, дзе іх акуратнасць, падцягнутасць, фанабэрыстасць?

І сапраўды, выгляд брудных, з пакамечанымі тварамі афіцэраў быў занадта далёкі ад уяўлення пра выпешчаных, напышлівых прадстаўнікоў «вышэйшай расы».

Сустрэліся. Немцы ўзялі пад казырок. Адзін з іх, з цяжкасцю падбіраючы словы, пачаў гаварыць на ламанай рускай мове. Але Глазкоў перабіў яго, звяртаючыся да перакладчыка:

— Скажы яму, што за тры гады вайны ён так і не вывучыў ні рускай мовы, ні рускага чалавека. Таму гаворку лепш павядзём на іх мове.

Афіцэры, пачуўшы родную гаворку, яшчэ больш зніякавелі. Старшы з іх, выціснуўшы на твары штосьці накшталт усмешкі, сказаў:

— Разумеем, што наша становішча безнадзейнае. Прарваць абарону мы не змаглі. А разварочвацца і сыходзіць назад няма ніякага сэнсу. Ваша войска ідзе па нашых слядах. Ды і вы не дасце адыходзіць. Таму я як старшы сабраў усіх афіцэраў, прапанаваў уступіць з вамі ў перамовы пра ганаровую здачу ў палон. Усе пагадзіліся, і мы абвясцілі пра сваё рашэнне салдатам. Яны, як бачыце, таксама не пярэчаць.

— Што вы разумееце пад словамі «ганаровы палон»? — спытаў Глазкоў.

— Абыходжанне з намі як з ваеннапалоннымі. Звычайныя ўмовы для існавання, у тым ліку харчаванне, а таксама магчымасць афіцэрам пакінуць пры сабе асабістую халодную зброю.

Глазкоў цвёрда адрэзаў:

— Пан афіцэр, вы ведаеце, у якіх умовах партызаны ваююць за сваю Радзіму. Да падыходу Чырвонай Арміі мы будзем утрымліваць вас у лесе. У вас ёсць паходныя кухні, будзеце рыхтаваць сабе ежу, сёе-тое з харчу мы дамо. Ніякай халоднай зброі захоўваць пры сабе не дазволім.

Ляўковіч пераклаў. Немцы моўчкі пераглянуліся. Старшы прыняў умовы:

— У нас няма выбару. Мы згодны.

— Вырашана, — спакойна і неяк будзённа, нібы такое здаралася кожны дзень, адказаў Глазкоў. — Парадак здачы ў палон такі: падыходзіць да нашых пазіцый будзеце паўзводна ці, прынамсі, групамі па трыццаць чалавек. Зброю пакідаць на гэтым месцы, дзе мы цяпер стаім, а далей рухацца строем. Усё ясна?

Немцы пагадзіліся, і неўзабаве цырымонія здачы ў палон пачалася.

Гэты бой быў для Славіна апошнім. На наступны дзень ранкам яго выклікаў да сябе камандзір брыгады. Унутры бліндажа пасля яркага сонечнага святла здавалася цёмна, і Славін не адразу ўбачыў у куце чалавека ў форме маёра Чырвонай Арміі. Глазкоў прадставіў Славіна і растлумачыў:

— Сяргей Міронавіч Караткоў прыбыў да нас з-за лініі фронту для падбору людзей, якім будзе даручана асобае заданне. Мы выклікалі цябе, каб прапанаваць.

Але Славін ужо не слухаў камбрыга. Ён глядзеў туды, у кут, дзе павольна падымаўся высокі чалавек. Уладзімір не мог разгледзець яго твар, але прозвішча, названае камбрыгам, прымусіла часта забіцца сэрца. «Караткоў? Няўжо ён, Сяргей Міронавіч?» Славін зрабіў некалькі крокаў да сярэдзіны зямлянкі, туды ж ступіў і маёр.

— Сяргей Міронавіч! — толькі і змог сказаць Уладзімір.

Яны абняліся.

— Як ты вырас, Валодзя! — адхіліўшы ад сябе хлопца, сказаў Караткоў, затым абняўшы яго за плечы, павёў да драўлянай лавы. — Садзіся, сябрук, расказвай, як жыў, як ваяваў без мяне?

Глазкоў, крыху здзіўлены, сказаў:

— Ну, калі вы ведаеце адзін аднаго, то пагутарце, а я пайду да начальніка штаба. Прызначана нарада.

Караткоў падзякаваў Глазкову, запрасіў Славіна прысесці. Маёр доўга распытваў хлопца пра бацькоў, сястру, а затым прыступіў да справы:

— Скажы, хочаш змагацца з бандытамі? Для гэтай мэты мы ствараем асобыя падраздзяленні.

— З бандытамі? — здзіўлена перапытаў Славін. — А дзе яны — гэтыя бандыты?

— На жаль, будуць. Таму нам трэба да падыходу Чырвонай Арміі падабраць і накіраваць на захад Беларусі патрэбных людзей. Пасля вызвалення гэтай мясцовасці з ліку недабітых паліцаяў, здраднікаў і бандытаў абавязкова ўзнікнуць антысавецкія банды. Работа чакаецца цяжкая, небяспечная, але цікавая. Нам патрэбны адважныя, баявыя хлопцы, — Караткоў весела падміргнуў, — накшталт цябе, Уладзімір.

— А хто яшчэ паедзе?

Маёр усміхнуўся:

— Не паедзе, а пойдзе. Створым з надзейных людзей групу, і пойдзеце па нямецкіх тылах да месца прызначэння. Будзеце ўладкоўвацца, знаёміцца са становішчам. Ну як? Згаджаешся?

Для Славіна гэта прапанова была нечаканай. Ён жыў у апошні час толькі адной думкай: хутчэй бы прыйшла Чырвоная Армія, каб стаць яе байцом, працягваць гнаць гітлераўцаў да самага Берліна. А тут, на табе, прапануюць зусім іншую справу.

Уладзімір не спяшаўся з адказам. Ён думаў: «Вядома, калі лічаць, што я больш патрэбен для такой справы, канешне, усё складаней, чым мне здаецца. Ім лепш відаць, дзе мне быць — у арміі ці па лясах бандытаў вылоўліваць. Трэба згаджацца. Калі трэба, значыць, так таму і быць!»

— Я згодзен. Калі адпраўляеце?

— Заўтра. Сёння скончым падбор людзей, выдадзім вам неабходныя дакументы, зброю, боепрыпасы, харч і ў дарогу.

Славін выйшаў з зямлянкі і адразу ж адшукаў Глазкова. Той, убачыўшы Славіна, спытаў:

— Ну што, пагадзіўся?

— Пагадзіўся.

— Правільна! Там вельмі патрэбны будуць такія хлопцы. Таму і рэкамендаваў цябе. Ідзі, Валодзя, рыхтуйся. Сёння ўвечары мы ўсю групу збяром, дадзім наказ на дарогу, і, як кажуць, з Богам, да новага месца службы.

Увесь астатні час дня прайшоў у суцэльных клопатах. Славіну выдалі новенькі пісталет ТТ, патроны. Атрымаў ён і новыя боты, невялікі запас харчу, а вечарам яго зноў выклікалі да Глазкова. У бліндажы камбрыга знаходзілася яшчэ восем чалавек. Сярод іх былі і хлопцы з яго аддзялення: Антошын, Бартошык, а таксама Антон Крайнюк. Уладзімір узрадаваўся, убачыўшы сяброў, падсеў да іх.

Караткоў быў нешматслоўны. Сцісла ахарактарызаваў магчымую абстаноўку ў вобласці пасля яе вызвалення, абазначыў маршрут, якога група павінна прытрымлівацца, і паведаміў, каго шукаць у будучым абласным цэнтры, калі да моманту іх прыбыцця Чырвоная Армія не выб’е адтуль немцаў.

На наступны дзень ранкам група адправілася ў шлях. Дзіўнае пачуццё валодала Славіным, калі ён і яго таварышы без усякай маскіроўкі, навідавоку ў адступаючых гітлераўцаў, ішлі ўздоўж дарогі на захад. Партызаны сваімі паводзінамі паказвалі, што яны бягуць як здраднікі-паліцаі і таксама ратуюцца ад суровай адплаты.

55
{"b":"585908","o":1}