Партызаны вялі прыцэльны агонь, і ланцугі наступаючых заляглі. Немцы паспелі ўстанавіць на невялікім узвышшы тры артылерыйскія гарматы, адкрылі магутны агонь. Здрыгануўся і напоўніўся дымам дзот. «Прамое пападанне, — падумаў Уладзімір і перастаў страляць, чакаючы, пакуль рассеецца дым. — Чаго ж чакаюць артылерысты? Чаму не б’юць па батарэі?»
А немцы вялі абстрэл партызанскіх умацаванняў з вялікай дакладнасцю. У траншэях з’явіліся забітыя і параненыя. Дзе-нідзе запанікавалі маладыя неабстраляныя байцы. Некаторыя з іх выскоквалі з акопаў, беглі ў лес. Цяжка было партызанам, не звыклым супрацьстаяць танкам і артылерыі. Разумеў гэта і Глазкоў. Ён хутка разаслаў сувязных, каб тыя аддалі загад артылерыстам біць па танках, а снайперам — па падносчыках снарадаў да варожых гармат.
Гітлераўцы зноў рвануліся ў атаку, але шчыльны загараджальны агонь зноў прымусіў іх залегчы. Глазкова хвалявала і тое, што варожыя аўтаматчыкі не адкаціліся назад, а проста заляглі. Было зразумела, што яны спрабуюць максімальна скараціць адлегласць, каб адным кідком прабіць пралом у партызанскай абароне. Ён паклікаў начальніка штаба:
— Вазьмі ўзвод байцоў з аўтаматамі і пару ручных кулямётаў, лесам прайдзіце да ракі, перапраўцеся, абыдзіце з фланга і ўдарце па батарэі. Бачыш, яна практычна застаецца без прыкрыцця з флангаў.
Праз некалькі хвілін атрад байцоў схаваўся ў лесе. А жорсткая сутычка ўспыхнула з новай сілай. Фашыстам удалося вывесці са строю дзве партызанскія гарматы, якія вялі агонь па танках. Заставалася толькі адна гармата. Крытычнае становішча не наступіла толькі дзякуючы таму, што нямецкія танкісты, асцерагаючыся мін, не рызыкавалі ісці праз поле, зарослае азімымі. Але Глазкоў разумеў, што так доўга працягвацца не можа, выскачыў з бліндажа і па траншэі кінуўся на левы фланг. Ён паспеў заўважыць, якія страты нанеслі нямецкія гарматы партызанам. Камбрыг на нейкі момант спыняўся, падбадзёрваў байцоў і зноў, амаль не прыгінаючыся, бег далей. Заскочыўшы ў дзот, дзе знаходзілася група Славіна, загадаў:
— Не давайце ім адарвацца ад зямлі!
Убачыўшы бранябойшчыка, махнуў рукой, каб той ішоў за ім. Нарэшце камбрыг дасягнуў мэты. Каля дзеючай гарматы завіхаліся толькі тры байцы.
— Дзе астатнія? — крыкнуў ён і тут жа асекся, убачыўшы знявечаныя трупы. — Бяжы хутчэй да тых гармат! — Глазкоў паказаў сувязному на разбітыя гарматы. — Знайдзі ацалелых артылерыстаў і хутчэй вядзі сюды.
Падносчык снарадаў — высокі малады баец з акрываўленай павязкай на галаве — крыкнуў:
— Калі засталіся снарады, цягніце!
Камбрыг дадаў:
— Падбярыце ўсе да адзінага.
У гэты момант за некалькі крокаў ад яго разарваўся снарад.
Выбухная хваля кінула Глазкова на зямлю. Падбег наводчык:
— Жывыя, таварыш камандзір?
— Жывы-жывы, — адазваўся камбрыг, ледзь падымаючыся на ногі. — Давай да гарматы! Бяры на прыцэл левы танк. Бачыш? — бок падстаўляе. Дзе бранябойшчык?
Наводчык, не кажучы ні слова, павярнуў галаву направа. Камбрыг убачыў мёртвага бранябойшчыка. А тым часам набліжалася падмацаванне. Глазкоў прыгледзеўся, пазнаў камандзіра роты Тамкова, трох сваіх сувязных, Белавуса, які ў адной руцэ трымаў процітанкавае ружжо, у другой — сумку з патронами Услед за ім спяшалася яшчэ група людзей. Яны неслі цяжкія скрыні са снарадамі.
Гітлераўцы з ваяўнічымі крыкамі зноў падняліся ў атаку. Адкрылі агонь партызанскія кулямёты. У грукаце бою змяшаліся аўтаматныя чэргі, частыя вінтовачныя стрэлы. Агонь па-ранейшаму быў шчыльным, і праціўнік павярнуў назад. Ён адкаціўся нават далей ад таго месца, дзе толькі што пачыналася атака. Глазкоў праз сувязнога перадаў па ланцугу загад эканоміць патроны. Хто ведае, колькі яшчэ давядзецца трымаць абарону!
Абодва танкі сканцэнтравалі агонь на партызанскай гармаце. Асабліва быў небяспечны той, што знаходзіўся ў невялікай лагчыне. Яго корпус быў надзейна закрытым. З-за грудка тырчаў толькі ствол гарматы. Да Глазкова падбег Белавус, паказаў на танк:
— Таварыш камандзір! Дазвольце? Паспрабую скалупнуць.
Іншага выйсця не было. Глазкоў згадзіўся:
— Давай, браток. Толькі будзь асцярожны!
Белавус, прыгінаючыся, ускочыў у траншэю, схаваўся ў ёй і паказаўся метраў за семдзесят правей. Ён поўз полем, абыходзячы танк. «Правільна!» — ухваліў дзеянні байца камбрыг.
Белавус хутка набліжаўся да мэты. Ён думаў толькі пра адно: «Не нарвацца б на сваю міну! Трэба як мага хутчэй убачыць бок танка, зрабіць трапны стрэл». Бранябойшчык на секунду прыпыніўся, працягнуў руку да пояса. Усе тры гранаты былі на месцы. Ён яшчэ хутчэй накіраваўся наперад. Цяпер партызан знаходзіўся паміж двух агнёў: білі з усіх кропак свае, азвярэла адстрэльваліся немцы. «Толькі б дапаўзці, толькі б узяць на мушку!» Пра тое, што будзе далей, Белавус не думаў. Перад ім крыху лявей усё больш выразна вырастаў плямісты, брудна-зялёны корпус танка.
Глазкоў нецярпліва паглядаў на гадзіннік. Паклікаў аднаго з сувязных:
— Давай — на правы фланг! Скажы снайперам, хай узмоцняць агонь па падносчыках снарадаў.
Сувязны кінуўся да лесу, знік у зарасніках. Камбрыг паглядзеў наперад і тут жа ледзь не ўскрыкнуў ад радасці. Нарэшце адзначыліся артылерысты. Іх стрэл быў дакладным: танк, які выскачыў на адкрытую мясцовасць, загарэўся.
Глазкоў тут жа перавёў бінокль правей, дзе хаваўся апошні танк. «Як там Белавус? — падумаў ён. — Ці жывы?» Цяпер уся надзея была толькі на яго. А танк пасылаў снарад за снарадам, метадычна разбіваў дзот, што знаходзіўся на левым фланзе партызанскай абароны. Кулямёты, устаноўленыя ў дзоце, ужо маўчалі, і Глазкоў накіраваў туды сувязнога, каб той аддаў загад байцам на час пакінуць умацаванне, чакаць новай варожай атакі, а пакуль хавацца ў траншэі. У бінокль камбрыг убачыў, што фашысты засяродзілі вялікія сілы якраз насупраць дзота. Іх задума была зразумела: пад прыкрыццём танкавай зброі і гармат паспрабаваць змяць партызанскую абарону.
Пот раўчуком сцякаў па твары, засцілаў вочы. Белавус упарта прасоўваўся наперад. Нарэшце ўвесь левы бок фашысцкага танка патрапіў у поле зроку. Трэба было біць беспамылкова, і Белавус вырашыў яшчэ наблізіцца да цэлі. Да залеглых немцаў заставалася метраў сорак-пяцьдзясят. Яны, мабыць, паспелі заўважыць партызана, які поўз, адкрылі агонь. Белавус замёр на хвіліну, шчыльней прыціснуўся да зямлі, а затым папоўз далей. Калі да танка заставалася не больш як дваццаць метраў, ён затрымаўся, пачаў старанна прыцэльвацца і ў гэты момант адчуў пранізлівы, быццам ад праколу велізарнай іголкі, боль у правым баку. Танк павольна паплыў перад вачамі. «Няўжо паранены? Няўжо насмерць?» Думка пра тое, што заданне не будзе выканана, на нейкі момант зноў вярнула яму адчуванне рэальнасці. Перамагаючы боль, ён усё ж прыпаў да прыцэла. Мушка процітанкавага ружжа сумясцілася з крыжам, намаляваным на баку машыны. Белавус націснуў на курок і ўжо не адчуў рэзкай аддачы ў плячо ад стрэлу, не ўбачыў, як праз імгненне танк ярка ўспыхнуў: у вежы ўзарваліся снарады. А Белавус тым часам ляжаў на разагрэтай чэрвеньскай зямлі, і яго мярцвеючыя рукі ўсё яшчэ сціскалі зброю.
І Славін, і яго таварышы патрапілі ці не ў самае пекла. Ад моцнага перагрэву раптам зусім недарэчы заклініў «максім». Уладзімір схапіўся за ручны кулямёт. Ашчаджаючы патроны, страляючы кароткімі чэргамі па фашысцкіх аўтаматчыках, якія зноў падняліся, бесперапынку страляў другі ручны кулямёт, устаноўлены ў дзоце.
Партызаны, якія заселі ў акопе, таксама трымаліся стойка. Яны не завагаліся нават тады, калі вораг наблізіўся. Выручылі ручныя гранаты.
Тым часам Крайнюк з групай партызан зайшоў гітлераўцам у фланг і сваім агнём скаваў іх дзеянні. Немцы каторы раз павярнулі назад.
Славін весела ўсклікнуў:
— Зноў даюць нам адпачынак. Уцякаюць! Рыхтуйце боепрыпасы, — і сам пачаў набіваць патронамі дыск ручнога кулямёта.
Глазкоў бачыў, як захлынулася чарговая варожая атака. Праціўнік нёс вялікія страты. Аднак усё менш заставалася ў баявым страі і партызан. Занадта вялікі ўрон нанесла непрыяцельская артылерыя. Вось і цяпер гарматы з новай сілай аднавілі абстрэл партызанскіх пазіцый.