Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Затым Лапко стаў інструктаваць падрабязна кожную тройку. Славін быў прызначаны старшым групы, куды ўвайшоў і Сухота. Кіраўніцтва групай, дзе знаходзіўся Дубасін, даручалася Панчанкаву. Антошын і Бартошык узначальвалі дзве астатнія групы.

Байцы разышліся. Лапко і Тамкоў пакінулі толькі камандзіраў груп. Лапко пачакаў, пакуль Андрэй Лявонцьевіч шчыльна прычыніць дзверы, вярнуўся да стала і сказаў:

— Браткі, пра тое, што вы цяпер пачуеце, нікому ні словы. Чуеце? — нікому. Я прывёз міны з «сюрпрызам». Калі немцы пачнуць іх здымаць, яны будуць узрывацца. Таму закладваць будзеце вы самі і нікому іх не паказвайце.

Тамкоў паклаў на стол адну міну, а Лапко падрабязна расказаў, як трэба яе ўстанаўліваць.

— Зразумела? — спытаў начальнік штаба, адсунуўшы ў бок выбуховую прыладу.

Усе ў знак згоды заківалі галовамі.

— Тады разыходзьцеся. Славін і Панчанкаў, застаньцеся на пару мінут.

Антошын і Бартошык выйшлі. Лапко прысеў на лаўку:

— Вам, хлопцы, асобае заданне: з гэтай хвіліны ты, Панчанкаў, вока не спускай з Дубасіна, а ты, Славін, — з Сухоты. Хтосьці з іх адпросіцца перад аперацыяй схадзіць дахаты. Вы павінны асцярожна ісці за імі і высветліць, дзе яны пабываюць, з кім сустрэнуцца.

Уладзімір і Сяргей выйшлі.

Лапко падняўся з лаўкі, падышоў да стала:

— Ну, а зараз давай і мы з табой абмазгуем нашы дзеянні. Табе трэба паслаць групу з трох-чатырох чалавек да моста, пра які мы казалі байцам. Хай пасля выбуху абстраляюць ахову, але ў бой не ўступаюць. Я са сваімі хлопцамі прыкрыю нашых мінёраў. А ты збірай усіх пакінутых людзей, іх набярэцца, па-мойму, чалавек сорак.

— Сорак шэсць, — удакладніў Тамкоў.

— Яшчэ лепш. І рухайся вось да гэтага моста, — Лапко паказаў указальным пальцам умоўны знак на карце. — Да яго пятнаццаць кіламетраў. Трэба што б там ні стала яго падарваць. Берагі там высокія, і работа па аднаўленні зацягнецца надоўга.

— Ясна. Скажы, дзе мы сустрэнемся?

— Сюды вяртацца нельга. Калі немцы падаслалі інфарматара, то ён, па ўсёй верагоднасці, паспеў паведаміць ужо і пра месца знаходжання базы. Немцы, даведаўшыся, што пасля аперацыі мы збіраемся пакінуць гэтыя месцы, вядома, кінуць сюды свае сілы.

— Добра, я яшчэ паспею папярэдзіць людзей.

Лапко, ухваляльна кіўнуўшы галавой, спытаў:

— Цікава, спрацуе наша пастка?

— Патрывай, хутка даведаемся.

Ноч выдалася на рэдкасць непагодлівай. Па верхавінах дрэў гуляў вецер, лютавала завея. Снег сляпіў вочы. Славін ледзь адрозніваў постаць чалавека, які ішоў наперадзе. Хоць і непрыемнае такое надвор’е, але яно спрыяла Славіну. Сухота не бачыў Уладзіміра, не чуў яго крокаў. Яшчэ вечарам ён адпрасіўся ў Тамкова наведаць жонку, развітацца з ёй. Прычына выглядала вельмі ўважлівай. Бо атрад чакаў няблізкі, знясільваючы шлях, і паспрабуй здагадайся, калі з’явіцца магчымасць пабываць дома.

І цяпер, уцягнуўшы галаву ў велізарны каўнер паўкажушка, па калені правальваючыся ў снег, Сухота ледзьве выбіраўся з лесу. Адчувалася, што ён добра ведаў гэтыя мясціны, таму і ішоў па прамой.

Славін быў у ватовых штанах і ватоўцы. Але і такая адзежа не ратавала ад пранізлівага ветру.

Праз некаторы час Сухота выйшаў на дарогу, хвіліну-другую пастаяў, адсопся і адважна рушыў далей. Уладзімір, трохі пачакаўшы, пайшоў за ім. Ісці стала значна лягчэй. Хоць на дарозе вецер намёў гурбы, але пад нагамі адчувалася цвёрдая зямля. Уладзімір ведаў, што да вёскі, дзе жыў Сухота, яшчэ далекавата. Праяўляючы асцярожнасць, ён адпусціў свайго падапечнага наперад і ішоў па яго напаўзасыпаных слядах.

Ішлі доўга, перш чым апынуліся ля павароту, што вёў у вёску. Аднак Сухота не стаў зварочваць з гасцінца і пайшоў прама. У Славіна мацней забілася сэрца: «Чаму не звярнуў? Куды яго панесла?»

Уладзімір ведаў, што наперадзе, кіламетрах у чатырох, ёсць адна вялікая вёска, дзе размясціўся нямецкі гарнізон. «Ці не туды накіроўваецца ён? — падумаў хлопец. — Калі туды, то кулю ў патыліцу і — у лес».

Чым бліжэй яны падыходзілі да вёскі, тым відавочней станавілася, што Сухота ідзе да немцаў. Славін паспеў ужо абдумаць становішча, якое склалася. Ён вырашыў, што будзе лепш, калі Сухота вернецца ў атрад, дзе яго можна дапытаць, а потым усім атрадам судзіць як здрадніка.

Неўзабаве паказалася вёска, і Уладзімір паскорыў крок. Наперадзе зноў намалявалася постаць Сухоты. Славін на хаду дастаў з-пад ватоўкі белы маскіровачны халат, які ўвечары даў яму Тамкоў, нацягнуў на сябе. Зрабіў ён гэта своечасова, бо неўзабаве нечакана пачуўся рэзкі вокрык:

— Хальт! Хенде хох!

Славін зваліўся ў снег і замёр. У гэты момант ён пачуў голас Сухоты:

— Я свой. Я ёсць рускі паліцай. Я — Цёмны. Патрэбен пан обер-лейтэнант Хенікер.

Уладзімір заўважыў, як да Сухоты наблізіліся дзве постаці. Відавочна, абшуквалі. Потым пачулася каманда:

— Форбай. Шнель!

«Ясна! Павялі да Хенікера, — зразумеў Славін. — Нічога, падлюга, ідзі, ідзі. Я цябе тут пачакаю!» Ён адпоўз трохі назад, падняўся, ступіў направа і праваліўся па пояс у гурбу.

Валодзя дабраўся да першага куста, схаваўся за ім. Дарога праходзіла побач, усяго ў некалькіх метрах. Такім чынам, вяртацца назад Сухота будзе тут.

Настрой у маладога партызана падняўся. Яго здагадка аказалася дакладнай. Зараз заставалася дачакацца здрадніка і паглядзець, што той будзе рабіць далей. Доўга затрымлівацца ў немцаў ён не стане: да раніцы трэба вярнуцца ў атрад, а ісці далёка.

Прайшло мінут дваццаць. Славін адчуў, што пачынае замярзаць. Снег паваліў яшчэ гусцейшы, і дарога праглядалася дрэнна, хлопцу даводзілася напружваць зрок да болю ў вачах. Але вось праслізнуў Сухота. Славін прыстроіўся ззаду. Ён думаў, што паліцай па дарозе заверне ў сваю вёску, але гэтага не здарылася.

До світання было яшчэ далёка, калі Сухота падышоў да партызанскай базы. Услед за ім прыбыў і Славін. Але тут усю справу ледзь не сапсаваў начны дазор. Два байцы ў белых маскіровачных халатах, відавочна, не заўважыўшы Сухоты, прапусцілі яго да стаянкі атрада, а перад Славіным выраслі як прывіды.

— Стой! Страляць будзем! — грозна, амаль у адзін голас скамандавалі яны. З цемры адразу ж пачуўся голас Сухоты, які падумаў, што звяртаюцца да яго:

— Я свой. Баец Сухота!

Прыйшлося сябе назваць і Славіну. Адзін з дазорцаў кінуўся на голас Сухоты і прывёў паліцая. Такім чынам здраднік і партызан апынуліся побач пад рулямі аўтаматаў. Сухота пазнаў Славіна, здзіўлена спытаў:

— А ты чаго тут?

— Тамкоў загадаў пасты праверыць, цэлую гадзіну вось гэтых шукаю, — і з напускной злосцю накінуўся на сакрэт: — Вам што — вочы снегам заляпіла ці пасля сну працерці не можаце? Далажу камандзіру, што спіце на пасту. Соладка не будзе.

Нарэшце дазорцы пазналі сваіх і прапусцілі.

У размяшчэнне атрада Славін і Сухота прыйшлі разам. Ці то ад холаду, ці то ад таго, што пачала спадаць нервовая напруга, Уладзіміра працялі моцныя дрыжыкі. Толькі зараз ён зразумеў, як прастыў. Ён не адчуваў ні рук, ні ног, цела стала нейкім чужым, непаслухмяным.

Сухота накіраваўся да хлява, у адной палове якога знаходзіліся коні, а ў другой — абсталявана жыллё. Тут гарэлі чатыры «буржуйкі» і было даволі цёпла. Заваліўся на вялікае бярэмя сена і амаль адразу ж заснуў. А Славін тым часам сядзеў ля распаленай печкі ў штабной зямлянцы, расціраў рукі, імкнучыся трымаць босыя ногі бліжэй да агню, і дакладваў Тамкову і Лапко пра тое, што ўбачыў.

— Так-так! — працягнуў напаўголасу начальнік штаба брыгады. — Цікава, як там Панчанкаў? Куды прывядзе яго Дубасін?

— Пачакаем да раніцы, і ўсё будзе зразумела, — адказаў Тамкоў, працягваючы Уладзіміру алюмініевую конаўку: — На, сябрук. Выпі. Толькі не дыхай, калі глынеш. Гэта — спірт.

— Я не п’ю, — збянтэжыўся хлопец.

— І правільна робіш! Але цяпер трэба. Каб не захварэць.

— Пачакай, вадзіцы зачарпну, — сказаў Лапко і, узяўшы другую конаўку, пайшоў у кут пакоя, дзе стаяў бачок з вадой. — Трымай! Як глынеш, адразу ж запівай. — Лапко, які быў нашмат старэйшы за Славіна, з гаркатой падумаў: «Хлопца даводзіцца вучыць піць спірт!»

43
{"b":"585908","o":1}