Так яно і атрымалася. Да раніцы ўсе партызаны сабраліся на сваёй часовай базе.
Неўзабаве ўсе ў акрузе ведалі, што ў гэтых месцах з’явіліся партызаны.
У групу Тамкова сталі прыходзіць мясцовыя жыхары, байцы і камандзіры, якія ўцяклі з палону. Па сутнасці яна ператварылася ў самастойны атрад. Партызаны дзейнічалі актыўна і ўжо не раз наводзілі паніку сярод акупантаў. Тамкоў быў задаволены. Праўда, у апошні час Андрэя Лявонцьевіча турбавала тое, што ніводная з пяці мін, закладзеных на дарозе, не падарвалася. Горш таго, ніводнай з іх не аказалася на месцы. Немцы адшукалі іх і абясшкодзілі. Аб усім гэтым Андрэй Лявонцьевіч даведаўся з данясення разведчыкў.
«Што такое? — думаў камандзір. — Наўрад ці гэта выпадковасць. А можа, немцы свайго агента ў атрад падаслалі? Магчыма, і так. Тады, напрошваецца пытанне, як яго выявіць?»
Тамкоў вырашыў даць людзям адпачыць адну ноч, а ў наступную зноў замініраваць дарогу.
Дзверы з рыпаннем адчыніліся, і ў зямлянку ўвайшоў Славін.
— Клікалі, Андрэй Лявонцьевіч?
— Так, Валодзя, клікаў. Садзіся, гутарка ёсць.
Славін падышоў да груба збітай лаўкі і сеў.
Тамкоў доўга вагаўся, перш чым даручыць маладому партызану такое адказнае даручэнне. Вядома, у падначаленні Андрэя Лявонцьевіча людзей было дастаткова. Можна была даручыць гэтую справу чалавеку больш вопытнаму. Але Славін падабаўся камандзіру сваёй назіральнасцю, настойлівасцю, кемлівасцю. А тое, што ён малады, разважаў Тамкоў, дык у гэтым трэба бачыць не загану, а, наадварот, — перавагу. Хто падумае, што гэты бязвусы юнак атрымаў сур’ёзнае заданне?
Тамкоў прысеў побач са Славіным:
— Разумееш, Валодзя, бянтэжыць мяне адна штуковіна. Ці невыпадкова налаўчыліся немцы нашы «сюрпрызы» абясшкоджваць. Для таго, каб прамацаць дарогу, раней трэба было пяць-шэсць гадзін, сёння — толькі развіднела і амаль адразу пайшлі нямецкія калоны. Вось я і падумаў, а ці не даведваюцца немцы загадзя, якія месцы мы замініравалі?
— Вы хочаце сказаць, што ў атрадзе з’явіўся здраднік? — здагадаўся Славін.
— Баюся, што так. Таму табе трэба прыгледзецца да тых, хто прыйшоў да нас у апошні час. Неабходна паспрабаваць высветліць, ці не сыходзіў хтонебудзь з байцоў пасля мініравання дахаты, у вёску.
— У маёй групе ніхто не адпрошваўся. Я пагавару з Панчанкавым, Рогавым і Крайнюком, хто ў іх сыходзіў, спытаю.
— Я і сам хацеў іх запрасіць. Але раз ты хочаш заняцца гэтым, то давай, дзейнічай.
Яны схіліліся над картай. Атрымлівалася, што на ўчастку ў дзесяць кіламетраў фашысты на працягу гадзіны паспелі выявіць партызанскія міны і абясшкодзіць іх.
— Андрэй Лявонцьевіч! — бліснуў чорнымі вачамі Славін. — А што, калі нам звузіць круг людзей, сярод якіх можа быць здраднік?
— Як ты хочаш гэта зрабіць?
— Глядзіце! Немцы знялі першыя дзве нашы міны калі? Два тыдні назад. Пасля гэтага і пачаліся нашы няўдачы. Значыць, трэба шукаць шпіка сярод тых, хто прыйшоў да нас незадоўга да гэтага.
— Так, мабыць, твая праўда? — задуменна прагаварыў Тамкоў. — І яшчэ, заўваж, калі на заданне хадзіла адна група, тое ўсё было ў парадку. Значыць, здраднік не трапляў у склад дыверсійнай групы, не быў на інструктажы і не ведаў, на якім участку дарогі будуць закладзены міны.
— Андрэй Лявонцьевіч! Можа, варта ўвесь наш атрад падзяліць на некалькі груп, правесці з кожнай інструктаж асобна і шукаць здрадніка ў той групе, якая не выканае заданне?
— Гэта, вядома, зрабіць можна. Аднак не забывай, што вораг таксама не дурань. Ён можа адчуць небяспеку, стаіцца. Так што пакуль ты асцярожна пачынай работу сярод байцоў.
Славін пайшоў, а Тамкоў выклікаў Антошына і ўручыў невялікі пакет:
— Бяры каня і ўначы адпраўляйся ў атрад. Пошту перадасі асабіста камандзіру.
Антошын тут жа пайшоў рыхтавацца ў далёкі шлях, а Тамкоў зноў засяродзіўся над картай. «Хаваць ад камандавання гэтыя факты нельга, хай пачытаюць», — падумаў ён пра пакет і пачаў адзначаць месцы на дарозе для закладкі новых зарадаў.
Пасля гутаркі з Андрэем Лявонцьевічам Славіну давялося нямала падумаць. Ён непрыкметна праверыў усіх людзей, якія прыйшлі ў атрад да таго моманту, калі немцы ўпершыню знялі міну. Сярод іх аказалася ўсяго чатыры мясцовыя жыхары. Такім чынам, толькі яны і маглі адлучыцца ў свае вёскі. З выхадам на гэту чацвёрку клубок пачаў размотвацца хутчэй. Неўзабаве высветлілася, што двое з чатырох навічкоў, патрапіўшых пад падазрэнне, ніяк не маглі быць датычнымі да здрады. Яны знаходзіліся ў групе Крайнюка. Усе дыверсійныя аперацыі, у якіх яны ўдзельнічалі, прайшлі паспяхова, без якіх-небудзь зрываў. Заставаліся двое: Дубасін, які да вайны быў калгасным бухгалтарам, і Сухота, які таксама да вайны працаваў у калгасе. У першага ў вёсцы жылі жонка і двое дзяцей. У другога — толькі жонка.
Сяргею Панчанкаву Дубасін не падабаўся, і калі Славін падзяліўся з сябрам сваімі меркаваннямі, той упэўнена сказаў: «Калі ёсць шпік у атрадзе, то гэта, па-за ўсякім сумненнем, Дубасін! Ты паглядзі, як ён сябе беражэ, заўсёды ўбаку, асабняком трымаецца».
Славін вырашыў параіцца з Тамковым. Толькі ён падышоў да яго зямлянкі, як пачуў ціхае ржанне. Азірнуўся і ўбачыў, што конна пад’язджае Антошын, а за ім на пышным белым жарабцу — Лапко, былы камандзір атрада. Яны прывязалі коней да дрэва і падышлі да Славіна. Лапко паціснуў Уладзіміру руку:
— Як справы, баец?
— Ідуць… А зараз, калі вы вярнуліся да нас, пойдуць яшчэ весялей.
Увайшлі ў зямлянку. Тамкоў абняў сябра.
— З вяртаннем!
— Не, Андрэй, я ненадоўга. Май на ўвазе: я цяпер — шышка, начальнік штаба брыгады, а прыехаў сюды, устрывожаны тваім лістом. — Лапко зірнуў на Славіна і Антошына: — Што, хлопцы, стаіце? Ідзіце, займайцеся сваімі справамі, а мы з камандзірам пагаворым.
Байцы выйшлі з зямлянкі. Але Тамкоў паклікаў Славіна назад.
— Ён — удзельнік гэтай аперацыі. Ад яго нічога не хаваю, — патлумачыў Андрэй Лявонцьевіч.
— Ну што, давайце пагаворым утрох. Дарэчы, вас хутка назад у брыгаду адклічам. Сюды камандаванне накіроўвае вялікі атрад, які будзе дзейнічаць у гэтых краях да прыходу Чырвонай Арміі. І калі ў вас сапраўды здраднік завёўся, то самі разумееце, пад якую пагрозу ўся брыгада пастаўлена, дый над вашым атрадам навісла сур’ёзная небяспека. Пасты выстаўляеце?
— Вядома. І на далёкіх, і на блізкіх подступах.
— Што распачалі, каб праверыць новае папаўненне атрада?
Тамкоў падрабязна расказаў пра становішча ў атрадзе, а Славін паведаміў пра свае падазрэнні. Лапко ўважліва слухаў, зрэдку паглядаў на карту на стале, потым задуменна пацёр падбародак:
— Так, штосьці трэба прыдумаць.
— А што тут думаць! — Славін устаў са свайго месца. — Давайце накіруем групу на новае заданне, уключым у яе Дубасіна і Сухоту, а потым паглядзім, ці знімуць немцы нашы міны.
Лапко і Тамкоў пераглянуліся. Славін зразумеў, што яго прапанова супадае з меркаваннем начальства.
— Добра! — пляснуў рукой па стале Лапко. — Будзем рыхтаваць аперацыю.
На наступны дзень Тамкоў сабраў у зямлянцы дванаццаць байцоў, сярод якіх былі і падазраваемыя, і пачаў гаворку:
— Таварышы! Прадстаўляю вам таварыша Лапко, начальніка штаба нашай брыгады. Ён прыбыў, каб разам з вамі ўдзельнічаць у вельмі важнай аперацыі.
Падняўся Лапко:
— Камандаванне брыгады вырашыла правесці ў гэтым раёне аперацыю супраць трох фашысцкіх гарнізонаў. Вам загадана ўзмацніць дыверсійную дзейнасць на дарозе. Што для гэтага трэба? — начальнік штаба абвёў позіркам прысутных. — Немцы прывыклі да таго, што дарога мініруецца толькі там, дзе яна праходзіць праз лес. Трэба меркаваць, гэта заўважылі і вы. Дык вось, на гэты раз будзем мініраваць яе проста ў полі, у гэтым месцы, — Лапко ткнуў пальцам у карту. — Тут, як бачыце, дарога ідзе прама, па самым высокім насыпе, а машыны прабягаюць на вялікіх хуткасцях. Міны паставім у чатырох месцах. Адлегласць паміж імі прыкладна па дваццаць метраў. Падрываць будзем з дапамогай магнета, я прывёз іх разам з мінамі. Вас дванаццаць чалавек — па тры чалавекі на адно мініраванне. Ваша задача — дзейнічаць толькі тады, калі з’явіцца аўтакалона. Прычым выбухі трэба праводзіць у такім парадку: першы — у хвасце калоны, а апошні — у галаве. Неабходна, каб усе міны спрацавалі падчас руху машын. Мы разлічваем, што пасля дыверсіі частка аховы з вялікага моста будзе кінута да месца здарэння. Гэтым скарыстаецца група, якую ўзначальваю я. Мы атакуем пакінутых ля моста гітлераўцаў, знішчым мост, што дазволіць надоўга спыніць рух тэхнікі. Завяршыўшы аперацыю, усё сыдзем з гэтай базы да месца новай дыслакацыі атрада.