Лялькевіч, які моўчкі слухаў сур'ёзны даклад камандзіра разведкі i жартаўлівыя рэплікі Дзеда, сказаў:
— Слухай, Макар! Ты ведаеш, што я надумаў зараз? Гэта яго работа…
— Чыя?
— Шапятовіча. Стараста i школа. Помсціў па дарозе…
— Ты думаеш?
— Мне так здаецца. Адчуваецца рука, якая саданула мне ў пераносіцу. Вось так, з налёту! Доўга не думаючы…
— Стараста — можа быць. А школа — гэта не пад сілу аднаму чалавеку, — усумніўся камісар. — Вы ж чуеце, бой быў. Не вёў жа яго адзін чалавек.
Піліпенка задумаўся, разгладжваючы бараду, потым рашуча сказаў:
— Усё роўна. Пашукаем i за ракой!
IV
«Не пажадай адразу многа» — гэта амаль евангельскае заспакаенне суцяшала нядоўга, толькі ўпачатку мела магічную сілу. A ўжо ўвечары, калі Уладзімір Іванавіч пайшоў у атрад, Саша адчула, што няма ёй спакою. Мала той радасці, што Пеця жывы, здаровы, «духам дужы i сэрцам чысты», як сказаў Аляксей Сафронавіч. Каб такая вестка прыйшла здалёк — іншая рэч. A калі сам ён быў тут, у двары, побач, i пайшоў немаведама з якімі думкамі пра яе — хіба можна спакойна чакаць?..
«Дурны! Божа мой, які дурны! — шаптала яна ўначы, сціскаючы кулакі ад злосці.— Я не ведаю, што зраблю табе за такое глупства. Як ты мог падумаць? Вар'ят! Дурань раўнівы!»
Але праз момант злосць уступала месца пяшчоце, i Саша клікала яго: «Пеця! Родны мой! Вярніся! Прыйдзі яшчэ раз. Паглядзі на дачку!»
Яна замірала, слухаючы кожны шорах на двары. Чакала, была ўпэўнена, што ўначы ён прыйдзе зноў. Ён ведаў, што побач паліцаі, i не мог прыйсці ўдзень. У паўдрымоце, у гарачым трызненні яна прыціскала яго галаву да сваіх грудзей, цалавала яго вусны, вочы, казала самыя ласкавыя словы. А таму рабілася яшчэ больш балюча, калі яна прачыналася i пераконвалася, што яго няма. За ноч яна зблажэла i хадзіла, як цень, як прывід. Поля i Даніла не зводзілі з яе вачэй, як з цяжкахворай. У наступную ноч сны былі страшныя, кашмарныя. Пеця трапляў да фашыстаў, яго білі, катавалі…
A Лялькевіча ўсё не было. Саша пачала сумнявацца, што ён шчыра шукае Пецю. Успомнілася, як ён вясной пад паветкай абняў i пачаў цалаваць яе. Яна адпіхнула яго. А потым, пазней, калі яны раскарчоўвалі дзялянку пад проса i селі палуднаваць, ён сказаў:
— Саша, я хачу, каб вы ведалі. Жыццё наша салдацкае, i ўсё можа здарыцца. Я кахаю вас… Кахаю даўно, яшчэ з Заполля. Прабачце за той парыў. Я нічога не патрабую… Ніколі не абражу вас… Але каб вы ведалі…
Ён казаў «вы», хоць звычайна яны даўно звярталіся адно да аднаго на ты, нават i тады, калі заставаліся без сведкау. Ёй стала шкада сябе, Пецю, яго, Лялькевіча. Хацелася плакаць, i яна нічога не адказала. Адвярнулася. Ён пачаў прагна піць з біклагі квас, быццам гарэла ўсё нутро.
Ёй не хацелася думаць пра Лялькевіча кепска. Але у бяссонныя ночы чаго толькі не трызнілася. Нават падумала, што ён мог сказаць Пецю нешта крыўднае, абразлівае, а таму той ударыў яго i знік так паспешліва. Праўда, ёй тут жа зрабілася сорамна за такое падазрэнне. Не, не такі чалавек
Уладзімір Іванавіч!
На трэці дзень суседка Аксана сказала:
— Што ты, дурная, марнуеш сябе? Ідзі да яго. Памірыцеся. Ці мала я лаялася са сваім! Павер майму слову, ён там, у Будзе, таксама мучаецца.
«Ідзі!» — слова гэта як бы схамянула Сашу.
— Я ведаю, — сказала яна Полі i Даніку, калі суседка пайшла, — дзе яго шукаць. Ён заходзіў да Ані. Я павінна пайсці туды.
Поля ледзь утрымала сястру, каб тая не кінулася напроціў ночы, — так яна пераканала сябе, што толькі там можна натрапіць на Пецеў след.
На досвітку Саша пабегла. Дакументы ў яе былі — часта хадзіла ў горад па заданию арганізацыі. За гэты час яна прывыкла да немцаў i даўно ўжо не мела таго страху, як у пачатку вайны. Аднойчы ў Гомелі яе нават затрымалі i прывялі ў камендатуру, i яна адказвала на ўсе пытанні смела i хітра.
Але паблізу таго месца ў міжрэччы, дзе ў пачатку вайны ix з Аняй хацелі расстраляць парашутысты, Саша зноў адчула страх. I, дзіўная рэч, ён больш не пакідаў яе i ў лесе, i ў полі, i нават у вёсцы, праз якую ішла. Гэта быў нават не страх, а прадчуванне нечага нядобрага. Яна баялася сустрэчы з немцамі. I хутка сустрэлася з імі. На беразе Дняпра. Яны выскачылі з кустоў, з засады, чалавек восем, абкружылі i наставілі аўтаматы на бяззбройную жанчыну з маленькім вузялком у руках, у якім былі акраец хлеба, паўдзесятка яблык ды фунт солі — несла ў падарунак Ані.
У Сашы ёкнула сэрца.
Немцы нешта злосна гаварылі пра партызан, глядзелі на яе ваўкамі, вырвалі з рук вузялок i трымалі яго з перасцярогай — ці не міна там? Адзін балюча штурхануў яе аўтаматам у плячо. Нарэшце пасадзілі ў човен i пад вартай двух салдат павезлі ў мястэчка.
У чоўне Саша з палёгкай уздыхнула: плылі ў мястэчка, дзе многія ведаюць яе. Прыгадаўшы той час, калі яна прыходзіла сюды з Пецем, Саша нават пачала любавацца знаёмым дняпроўскім прасторам i забылася на страх. Толькі калі ўбачыла, што лодка прыстае каля бальніцы, сэрца забілася зноў, але ўжо інакш…
Узышлі па вузкай сцежцы на кручу, i першае, што кінулася ў вочы, — свежае папялішча на тым месцы, дзе стаяла школа. Сіратліва i страшна, як прывіды, узвышаліся белыя печы i абгарэлыя чорныя таполі. A бальніца цэлая, усе тры будынкі.
Сашу павялі да галоўнага корпуса, дзе яна ляжала, калі нарадзіла Ленку.
— Партызан! — сказаў адзін канвойны вартавому каля бальніцы.
— O-o! — здзівіўся той i накіраваў на яе аўтамат.
I раптам Саша ўбачыла Марыю Сяргееўну. Тая выйшла з другога будынка — старой бальніцы, дзе да вайны размяшчалася амбулаторыя. Выйшла, як урач, у белым халаце, у касынцы з чырвоным крыжам. Усё такая ж, як год назад, хіба толькі з твару пастарэла. Саша крыкнула:
— Марыя Сяргееўна!
Тая глянула i адразу пазнала:
— Саша! Друг мой!
Памкнулася да яе, але вартавы спыніў рухам аўтамата.
— Марыя Сяргееўна! Я ішла да вас, да Ані, каб адведаць, а яны затрымалі… Наскочылі на тым беразе, як бог ведае на каго… Скажыце ім…
На ганак выйшаў малады прыгожы афідэр.
— Вас іст лос?[12]
Канвойныя выцягнуліся i пачалі дакладваць. Афіцэр сярдзіта нешта спытаў. Канвойныя яўна разгубіліся i пачалі апраўдвацца, перабіваючы адзін аднаго. Афіцэр крыкнуу на ix. Тады да яго звярнулася Марыя Сяргееўна:
— Гер обер-лейтэнант! — пачала гаварыць па-нямецку хутка i горача.
Ён слухаў моўчкі, пачціва схіліўшы галаву. Саша разумела, што яна кажа, па выразу яе твару, па жэстах. Ды i словы, тыя нямецкія словы, якія яна вывучала ў школе i цяпер, у акупацыі, у вымаўленні Марыі Сяргееўны куды больш зразумелыя, чым у немцаў.
Афіцэр паказаў на яе клуначак. Салдат паклаў яго на лаўку, дзе звычайна разбіралі перадачы сваякі хворых. Развязаў.
Обер-лейтэнант спусціўся з ганка, дастаў з кішэні штаноў маленькі бліскучы сцізорык, узяў акраец хлеба i пачаў асцярожна адразаць ад яго тонкія скібкі. Адна за адной яны падал i ў пясок дарожкі.
Сашы зрабілася крыўдна i балюча за такі здзек з хлеба, які людзі (яна, Поля, Лялькевіч) здабывалі потам i крывёю. Відаць, Марыя Сяргееўна прачытала гэта на яе твары, бо сказала афіцэру:
— Гер фон Штуме, па рускаму звычаю хлеб нельга кідаць на зямлю.
Ён дзіўна паглядзеў на яе, смешна вылупіўшы свае i без таго па-дзіцячы вялікія светлыя вочы.
Урач развяла рукамі:
— Звычай народа. Яго трэба паважаць.
Афіцэр загадаў салдату падняць хлеб. Той сабраў скібкі, неахайна абцёр аб рукаў мундзіра i паклаў на хусцінку, кінуўшы пры гэтым злосны позірк на Сашу. Обер-лейтэнант асцярожна разрэзаў кожны яблык, але ўжо не кінуў долькі на зямлю, a паклаў назад. Потым пальцам пакорпаўся ў солі.
Сашы рабілася смешна ад гэтага педантычнага шукання невядома чаго.
Афіцэр павярнуўся да яе i сказаў нешта па-нямецку.
Марыя Сяргееўна пераклала:
— Пан афіцэр патрабуе, каб ты з'ела драбочак солі.