Каб хоць Ленка была такая вясёлая, звонкая, як учора, а то таксама суцішылася, засумавала, раз-пораз пытала, калі прыйдзе мамка. Знікла радасць, пабляклі фарбы вясны. Пятро ледзь дачакаўся другой палавіны дня, калі па часе можна было ісці сустракаць Сашу.
Ішлі доўга, павольна. Сядзелі на дарозе, чакалі. Сонца даўно схілілася з поўдня, наступаў адвячорак. А Саша не ішла. I трывога расла, як снежны ком у гарах. Неспакой, мабыць, перадаўся i малой — яна пачала плакаць. О, як гэта пакутліва, калі на душы так трывожна, а тут яшчэ пачынае плакаць галоднае, зморанае на сонцы дзіця!
Дайшоўшы да Панізоўя, Пятро з неймавернай цяжкасцю ўмаліў Ленку астацца ў настаўніцы ix школы, а сам ужо амаль бягом кінуўся далей па дарозе, па якой павінна вярнуцца жонка.
Выбегшы з сасонніку, убачыў у полі, на пустой дарозе адзінокую постаць. Здалёк пазнаў — яна. Адразу адлягло ад сэрца. Нарэшце! Спыніўся, выцер пот. Але чаму Саша ідзе так павольна i як бы хістаецца? Так змарылася, гаротная. Хутчэй памагчы, забраць клунак!
Пабег — i за якія пяць крокаў спыніўся, уражаны i спалоханы: Саша была без клунка i бледная-бледная. Думкі, адна страшнейшая за другую, бліснулі ў галаве.
— Што з табой? Цябе ж пазнаць цяжка.
Саша сумна ўсміхнулася, i гэтая, хоць i дзіўная, усмешка трохі супакоіла. Але здалося, што яна хоча сесці на траву. Ён падбег, падтрымаў. Яна прыпала тварам да пляча, горача дыхала ў шыю.
— Што з табой?
— Захварэла.
— У дарозе? Што ў цябе баліць?
— Нічога.
— Заўсёды ты з загадкамі.
Яна доўга не адказвала, потым прашаптала ціха-ціха, быццам баялася, што хтосьці чужы падслухае тут, у чыстым полі:
— Не будзе ў нас дзіцяці…
Пятро адхіснуўся.
— Ты-ы?..
Яна на міг зачырванелася.
— Дурны! Што ты падумаў? Само. Ад недаядання, відаць. Ад стомленасці. Клунак цяжкі. Гэта цяпер так часта ў жанчын… Я ведаю. Мне не трэба было ісці. Сама вінаватая. Сядзем. Я паляжу трохі.
— Табе блага?
— Галава кружыцца.
Пятро асцярожна памог ёй легчы на траву. Спалоханы, разгублены, ён не ведаў, чым дапамагчы яшчэ.
— Што нам рабіць?
— Ідзі папрасі ў Балотнага каня. Я схавала ў лесе клунак. Трэба забраць. Цяпер тым больш нам трэба ўсё, што сабрала Поля. Пакуль я ачуняю… З кім Ленка?..
XII
Учора Пятро пасмяяўся з Сашынага страху, які яна выказала, калі прыйшла гэтая павестка.
— Ну i зайчыха ты стала, а яшчэ — партызанка. Мала чаго можа выклікаць пастаянны ўпаўнаважаны па сельсавету!
— Упаўнаважаныя так не выклікаюць. Я не за сябе баюся. За людзей. Гэта — з-за Прышчэпы.
Нагадала пра ўжо амаль забыты выпадак з інвалідам — i ў Пятра таксама з'явілася трывога. Але ён нічым не выдаў яе — смяяўся, жартаваў. Увечары, праўда, між іншым, запытаў у Бабкова: яго ў раён не выклікаюць? Не. Гэта зусім заспакоіла.
Але калі сёння раніцою, праводзячы яго, Саша шэптам папрасіла:
— Я адно прашу цябе: будзь разумны i… асцярожны… — i ў яе шырокіх вачах-азёрах, вельмі выразных на пабляднелым твары, калыхнуліся цені ўсё таго ж страху, ён, Пятро, таксама ўпершыню адчуў незразумелы страх i трошкі ўзлаваўся i на жонку, i на самога сябе.
— Ты ўжо гатова сухары мне сушыць. Смешна, далібог. Чаго нам з табой баяцца цяпер? Нас цяпер да самай смерці ніхто не мае права ўпікнуць. Hi ў чым. Мы адваявалі як трэба i працуем — дай бог кожнаму.
Можа, Саша зразумела, што i ў яго трывога на сэрцы, бо тут жа заспакоіла:
— Не звяртай увагі на мяне. Відаць, ад хваробы я стала такая… Трошкі, можа, ад таго, што чамусьці не люблю гэтага чалавека.
— У кожнага — свае абавязкі. Ты лепш не тупай. Навошта ты паднялася? Паляжы яшчэ.
— Я паляжу…
Пятро ішоў міма зялёных пералескаў, міма палеткаў першых усходаў ярыны. Свяціла сонца. Ласкава дыхаў ужо па-летняму цёплы вецярок. Звінелі ў небе жаваранкі…
Пятро любіў гэтую дарогу — ад вёскі да райцэнтра. Тыдзень назад яго выклікалі на бюро райкома, i ён, хоць i ведаў, што могуць добра «прапясочыць» за адставанне «Асветніка» з сяўбой, ішоў дзесяць кіламетраў i… спяваў: так хораша i радасна было ад адчування міру, цішыні, ад сузірання ўсходаў, што дадуць людзям хлеб.
А цяпер ішоў i быццам нёс цяжкую ношку — як той мяшок бульбы — Сашынага страху. Але ці толькі Сашынага? Самому сабе ён не мог прызнацца, што нечага баіцца. Чаго яму баяцца? Смешна. Булатаў, безумоўна, чалавек загадкавы, з дзівацтвамі. Ен можа выклікаць вельмі неспадзявана з-за нейкай недарэчнай дробязі. Ёсць у яго такая рыса. Часам гаворыць з людзьмі, як дарослы з малымі,— гэта смешна, зрэдку, як суддзя з падсуднымі,— тады слухаць яго непрыемна. Але ўвогуле чалавек як чалавек, член партыі, як i ён, Пятро. Разам працуюць. Разы два разам абедалі, нават выпілі, адзін раз, здаецца, у Балотнага, другі — у адпускніка — афіцэра, які прыехаў праведаць маці. Там, у гасцях, Булатаў паказаў сябе сімпатычным i вясёлым чалавекам.
Тры дні назад бачыліся. Гутарылі. Але чаму ён нічога не сказаў пра гэты выклік? Зноў б'е на нечаканасць? «Шапятовіч, у вас прыёмнік ёсць?» «Грамыка, здайце пісталет!»
Пра што ён з такой жа нечаканасцю спытае сёння? Няўжо сапраўды стаў вядомы той неразумны, у гарачцы, выкрык балбатуна Прышчэпы?
Пятро пашкадаваў, што не схадзіў учора адвячоркам у Панізоўе i не пагаварыў з гэтым няўрымслівым інвалідам. Але ж, па сутнасці, сапраўды нічога не здарылася. Камічны інцыдэнт: двое аднарукіх схапілі адзін аднаго загрудкі. А цяпер сустракаюцца i вітаюцца, жартуюць. Дык каму патрэбна ствараць з гэтага «дело»?
«Навошта я ўвесь час думаю пра гэта? Толькі таму, што Саша сказала? Ты сапраўды, мая любая жонка, зрабілася падазронай. У нас з Булатавым, можа, была тысяча ўсялякіх іншых спраў».
Пятро мог бы сябе супакоіць, каб не прыгадвалася другое: Андрэй Запечка і… размова з Лялькевічам, глыбокая, да смутку i болю, заклапочанасць сакратара райкома тым, што выходзяць булатавы з-пад партыйнага кантролю.
Яшчэ на паўдарозе з'явілася такая думка: «А можа, наведацца раней у райком, да Уладзіміра Іванавіча? Расказачь яму».
Але, разважыўшы, Пятро адмовіўся ад такога намеру. «Няёмка. Што ён падумае? Баюся зайсці да свайго ўпаўнаважанага, да члена бюро райкома. Адразу лезу ў райком — застрахавацца, нібы ў мяне сумленне не чыстае».
I ён не пайшоў бы ў райком, каб на станцыі не ўбачыў Прышчэпу. Рыгор стаяў каля гандлярак, што сядзелі, як наседкі, пад старымі ліпамі, i закусваў бульбяным піражком з фасоляй. Мабыць, ужо глынуў самагонкі, што тут жа ўпотай прадавалася. Пятра сустрэў насмешліва. Спытаў весела:
— Як жывём, сакратар?
— Няблага.
— Вы не з-за мяне тут?
— Не, — невядома, чаму Пятро не прызнаўся.
— А-а… значыцца, тутака свае дзялы ёсць. Ну, то тады тупай, тупай — закручвай свае дзялы.
Варта было з ім пагутарыць па шчырасці. Пятро не здолеў, не адважыўся. Цяпер ужо сапраўды яго апанаваў страх. Не за сябе. Саша i тут як у ваду глядзела. За яго — за гэтага задзіру, крыкуна, мацюжніка, але ў недалёкім мінулым — баявога армейскага разведчыка. Не, няпраўда: i за сябе быў той страх. А таму, адышоўшы ад станцыі, ён рашыў: спачатку пойдзе ў райком, да Лялькевіча. Параіцца. Той усё зразумее. Такі чалавек не можа не зразумець. Баяўся толькі аднаго — што Уладзіміра Іванавіча не будзе на месцы. А таму, калі сакратарка адказала, што Лялькевіч у сябе, Пятро радасна ўздыхнуў i выцер рукавом гімнасцёркі пот: здавалася, вялікі цяжар, які ён нёс ад вёскі, зваліўся з плеч. I з сэрца.
* * *
Праз нейкія паўгадзіны Лялькевіч імкліва ўвайшоў у кабінет першага сакратара райкома Анісімава. Яшчэ ад дзвярэй загаварыў з абурэннем:
— Анісім Пятровіч! Што гэта ў нас робіцца? Хто ў нас кіруе раёнам — райком, мы з табой, выбраныя камуністамі, зацверджаныя Цэнтральным Камітэтам, ці Булатаў?
— А што такое?
— Новая справа фабрыкуецца. На інваліда з Панізоўя, які ў часе падпіскі на пазыку не стрымаў язык… I — адчуваю — на Шапятовіча, які быў пры гэтым… Той жа метад, пра які мы з табой гаварылі. Два дні назад Булатаў быў у ix i слова не сказаў. А на сёння выклікае, глядзі, якой павесткай. Гэта ж чорт ведае што такое! Выклікае камуніста, сакратара партарганізацыі, а райком нічога не ведае. Ты скажы, адкуль у яго такая падазронасць да людзей, якія прайшлі вайну, фронт, партызанілі, параненыя, скалечаныя? Ну, не! Шапятовіча я яму не дам з'есці! Дрэнна ён ведае нашага брата, партызана, Булатаў гэты!