Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Ён пайшоў. Я стаяў убаку ад іншых, глядзеў яму ўслед, i незразумелы смутак сціскаў мне сэрца. I цяпер я не знаходжу сабе месца, хоць мінула ўжо шмат гадзін, як ён пайшоў. Ці прыедзе ён? Ці выйдзе што з нашай задумы? Зрабіў запіс у дзённіку. Многа пісаць няма жадання. Перачытваў штонішто з ранейшага. Задумаўся, куды дзець дзённік, калі мара мая збудзецца i я палячу ў тыл. Аддам сястры Жэні, яна сур'ёзная i разумная, папрашу, каб схавала ў сваёй маекоўскай кватэры. Калі пасля вайны я не адгукнуся, няхаи перашле па адрасе, які тут запісаны.

Надзея… I зноў правал у безнадзейнасць: ці не дарэмныя ўсе мае мары?

3 чэрвеня

«Роўна праз тры дні ты атрымаеш адказ. Я сам прыеду». Эх, Кастусь, Кастусь! Мінуў ужо тыдзень, а ад цябе i почуту няма. Забыўся. Няўжо забыўся, аказаўся балбатуном? Хаця б паведаміў, што нічога не выходзіць, i я не чакаў бы, не хваляваўся б. А можа, ты невінаваты? Не вялікі начальнік. Можа, самога загналі куды-небудзь далека? Маглі нават вельмі проста забраць у армію. Дарэмна я так песціў сваю мару. Няшчасны фантазёр! Учора ўрач хацела мяне выпісаць i накіраваць у батальён выздараўляючых. Я прыкінуўся, што адчуваюсябе кепска, нават тэмпературу «настукаў», папрасіў Жэню, каб яна пераканала ўрачоў у неабходнасці патрымаць мяне хаця б дзянькі два.

— Я павінен атрымаць вельмі важную для мяне вестку ад Гаманка.

Агеньчык недзе ўсё яшчэ гарыць. Гарыць. I цяжка яго патушыць. Эх, Косця, Косця, навошта ты запаліў яго? Навошта?..

4 чэрвеня

Ура! Я лячу ў Беларусь!

1958

Пошукі сустрэчы

Аповесць чацвёртая

I

Пятро ляжаў на ўзлеску. Малады сасоннік падступаў амаль пад самыя гароды. Ад лазовага плятня, за якім узвышаўся пажоўклы кіяшнік, яго аддзяляла нешырокая лагчына, парослая альховымі кустамі. Тут усё лета пасуцца цяляты, гусі, свінні, гуляюць дзеці — малыя пастухі. Некалі i сам ён выціраў пузам траву на такім вось выгане. Толькі там, у ix вёсцы, лес не падступаў так блізка, ён сінеў высокай зубчастай сцяной за рэчкай, загадкавы, прываблівы i крыху страшны ў дзіцячым уяўленні. Успаміналася яшчэ, што звычайна ў жніўні ix выган рабіўся чорны i цвёрды, як ток, i кусты каля раўчука радзелі. А тут усё некранутае — i кусты, i трава. Ці, можа, так здаецца таму, што ўсё абліта густой халоднай расой? За дарогай, каля вялікага лесу, пры самай зямлі, адплываюць у гушчар апошнія пасмы туману. Яшчэ не ўзыходзіла сонца. Толькі развіднела. У такі час усё здаецца як бы абноўленым.

Не, трава тут сапраўды не вельмі вытаптана. Вядома — чаму: няма свіней, гусей, наўрад ці ёсць цяляты. Усё з'еў ненажэрны фашыст. Праўда, у дварах дзе-нідзе рыкаюць каровы — клічуць гаспадынь. Больш раннія з ix i руплівыя ўжо запальваюць у печах: сям-там над комінамі ў ясны блакіт неба падымаюцца дымы, з адных комінаў густыя, чорныя, з другіх празрыстыя, як марыва над раллёй у гарачы дзень.

Жыццё не спыняецца. Пятра заўсёды радасна здзіўляла гэтая непераможнасць жыцця. Радавала там, у Мурманску, калі ён назіраў з гары, на якой стаяла батарэя, як хутка пасля бамбардзіровак ажываў горад. Здзіўляла ў шпіталі, дзе ён бачыў i чуў, як людзі, што страцілі ногі, рукі, чапляліся за жыццё i марылі пра шчасце, пра любоў. Радуе непераможнасць жыцця i тут, на захопленай ворагам зямлі. Ён праходзіў з атрадам па слядах карнікаў там, дзе аставаліся адны вогнішчы. Колькі смерцяў i гора сеюць гэтыя прыблуды. Здаецца, усё-ўсё — навуку, тэхніку, палітыку, мараль — накіравалі яны на знішчэнне, разбурэнне, на паслугу смерці. Але не ўдаецца ім спыніць жыццё!

Пятро ўпэўнены, што ляжыць якраз насупраць Сашынай хаты. Гарод з кіяшнікам каля плота — гэта ix гарод, Траянавых. Яму добра запомнілася, як Саша некалі казала, што ix хата ад школы дзевятая. Ён пералічвае каторы раз. Новых будынкаў няма, пажарышчаў таксама не відно, значыцца, дзевятая — гэта, была i ёсць. Сюды ён ішоў двое сутак. Не, не ішоў. Бег. Ляцеў. Без сну, без адпачынку. Шкада, што крыху спазніўся. Думаў прыйсці зацемна, перад світаннем — самы зручны час для партызана, каб наведацца ў незнаемую вёску, — a прыйшоў, калі ўжо развіднела, бо крыху блудзіў уначы па незнаемым лузе i лесе. Цяпер трэба быць пільным i асцярожным! Не падабаецца школа. Нікога Пятро там не ўбачыў. Ціха, спакойна, як i ўсюды навокал. Але за хлявом, на жардзінах, вісяць сеткі. I не адна — штукі тры. Двух месяцаў партызанства яму было даволі, каб ведаць, якія «рыбаловы» звычайна размяшчаюцца ў школах — паліцэйскія гарнізоны, нямецкія пасты, камендатуры. Калі ў ix дзе-небудзь на вышках сядзіць вартавы, то ад разу ўбачыць чалавека, які выйшаў з сасонніку i накіраваўся ў вёску.

Пятро дастаў з кішэні пісталет, праверыў яго. Гэтак жа ўважліва агледзеў загорнутую ў брудную насавую хусцінку лімонку. Зброя надзейная. Але яму зусім не хочацца сустракацца з ворагам. Не для такой сустрэчы ён месяц прасіў камандзіра, каб той адпусціў яго сюды, за сотню кіламетраў. Добра, што камандзір атрада — бацька Кастуся Гаманка. Дапамог Косця. Разам прасілі.

Гараць падэшвы ног. Дзіўна млее шыя — цяжка трымаць галаву. Ён упаў тварам на мяккую ігліцу. Вільготная жнівеньская зямля пахне грыбамі, з маленства знаёмым пахам.

Пятро ўспомніў, як два месяцы назад, спусціўшыся на парашу це ў Васілевіцкія балоты, ён вылез на сухі груд i цалаваў яе, родную зямлю. Цалаваў i плакаў ад шчасця. I цяпер яму захацелася пацалаваць зямлю: тут, пад гэтымі сасонкамі, неаднойчы праходзіла Саша.

«Саша! Родная мая, любая! Прачнулася? Спіш? I нават не сніш, што я тут, за сто метраў ад цябе? Мне страшна знянацку з'явіцца перад табой. Ты, напэўна, не паверыш сваім вачам. Падумаеш, я — прывід… зваліўся з неба. Слаўная мая! Нязведаныя крутыя дарогі вайны. Куды яны толькі не могуць завесці! Але мяне вяло мае каханне. Праз усе смерці, усе перашкоды i выпрабаванні, вялікія i малыя. Праз усё… Даруй мне. Я схіляю галаву… Я стану на калені i пацалую твае ногі… Вось так, як гэтую зямлю…»

Пятро быў упэўнены, што Саша тут, у гэтай хаце, з якой ён ужо колькі хвілін не зводзіць вачэй. У мінулую ноч па дарозе сюды ён заскочыў у знаёмае Заполле, да Ані. Гаспадыня расказала: у пачатку вайны Саша паехала да бацькі, яна, Аня, сама правяла яе туды. Нядаўна, вясной, Саша перадала ёй з адной жанчынай, якую сустрэла ў Гомелі, прывітанне, сказала, што жыве ў роднай вёсцы.

Моцна акрыліла Пятра гэтае паведамленне. Адтуль, з Заполля, ён сапраўды ляцеў як на крыллях. Не знайшоў на Сожы лодкі — пераплыў, схаваўшы патроны i гранату ў гумавы мяшэчак — вынаходства Кастуся.

«А можа, i няма ў школе гарнізона? A калі i ёсць, не вартуюць жа яны ўвесь час. Хутчэй уначы будуць дзяжурыць, a ў такі час, бадай што, спяць, як совы. Адзін скачок — i я на гародзе, у кіяхах. А там — па разоры… Сапраўды, не сядзець жа мне тут да наступнай ночы. Бліжэй да дня — больш прачнецца людзей. Пойдуць да калодзежаў, на гароды. Пагоняць жывёлу. Не, чакаць нельга…»

Але сэрца… Чаму яно так дзіўна паводзіць сябе? То сціскаецца i як бы замірае, то пачынае грукацець так, што ажно балюча ў скронях. Здаецца, ніколі так не білася. Hi тады, калі ў лютаўскую ноч на возеры з'явіліся фінскія лыжнікі, ні нават тады, калі рыхтаваўся скакаць з самалёта ў чорную бездань, не ведаючы, што ўнізе — лес, поле, балота — i хто сустрэне, свае ці ворагі. А тут жа вядома, хто сустрэне, самыя блізкія, родныя людзі — жонка, дачка, сваякі… Супакойся ж, сэрца дурное!

Пятро яшчэ раз пільна агледзеў гароды, з найбольшай увагай — школу. Стаў на адно калена, як на старце бегавой дарожкі, пераклаў пісталет з кішэні штаноў у кішэню пацёртага, мокрага ад расы пінжачка, — каб быў пад рукой, калі спатрэбіцца. Крокаў колькі прайшоў. Потым крыху выпрастаўся і, разразаючы галавой паветра, вокамгненна праскочыў выган. Прысеў за плотам, азірнуўся назад. На срэбнай некранутай гладзі расы ярка-зялёныя сляды здаваліся ненатуральнымі, нечалавечымі — занадта шырока сігаў. Не спадабаліся сляды. Лепш было цягнуць ногі, каб атрымалася суцэльная сцежка. Дарэмна бег так. Нельга бегчы. Трэба ісці так, каб здалёк здавалася, што ідзе свой чалавек i нікога не баіцца. Разважыўшы так, Пятро пералез цераз пляцень, у кіяшніку, праўда, крыху пастаяў, паглядзеў і, не спяшаючыся, пайшоў па разоры. Нават паспрабаваў, каб супакоіцца, нешта насвістваць.

83
{"b":"205284","o":1}