Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Саша маўчала. Яна думала, як, аднак, змяніўся гэты чалавек, некалі малады, вясёлы настаўнік, вялікі аматар валейбола i лыжных прагулак. Цяпер толькі адно яго радуе — поспех у барацьбе, бо толькі змаганнем ён жыве, гарыць. Ён прылёг на бок, паклаўшы галаву на клунак з соллю, i нешта ціха насвістваў. Ён адпачываў пасля двух нялёгкіх дзён. Але ў той час бяда магла напаткаць там, дзе яе зусім не чакаеш. Саша першая ўбачыла, як з лесу выйшлі двое ў цывільным адзенні i спыніліся на дарозе; не магло быць сумнення, што яны чакалі ix. Яе здзівіла, чаму так збялеў Лялькевіч, убачыўшы гэтых людзей. Праехаў горад, дзе, можа, дзесяць патрулёў i пастоў праверыла, i ён паводзіў сябе зусім спакойна. А тут як бы спалохаўся.

— Слухайце, Саша… Калі што якое, я буду біцца з імі… Кулакамі… А вы ганіце каня… Ганіце што ёсць сілы. Я не дам ім стрэліць, калі ix толькі двое.

Саша не разумела: чаму, навошта?

— Пад намі, у дошцы, друкарскі шрыфт i ў хамуце сёетое… Ганіце! — Ён перадаў ёй лейцы i пугу.

У тых дваіх зброі не было відаць. Але адзін з ix, мал од шы, даволі энергічна спыніў каня.

— Зноў праверка? — спытаў Лялькевіч.

— Конь нам твой патрэбен, — лагодна адказаў другі, з маладымі вачамі, але густой чорнай барадой.

Лялькевіч спрытна скочыў з саней, закульгаў.

— Браток, родненькі, пашкадуй. Ад каго забіраеш? Паглядзі, якая ў мяне нага. Дзеці галадаюць. Конік гэты на сем двароў, i збруя чужая. Што мне людзі скажуць? Скажуць: каня прадаў.

— Не скажуць.

— Не дам. Мёртвы лягу, а не дам! Жонка, прасі! Галасі, Саша! Як дзецям крупы панясём? — Пра соль ён пабаяўся сказаць.

Але Сашы было цяжка галасіць.

Барадаты стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— Зразумей! Вось як, — ён правёў далоняй па шыі,— нам конь патрэбен. Не для забаўкі забіраем.

У гэты час малады пачаў энергічна распрагаць. Убачыўшы, што яны маюць намер забраць аднаго каня, без саней, Лялькевіч супакоіўся, але прытворна залямантаваў. (Пасля Саша напамінала яму гэтае галашэнне, i яны разам смяяліся.)

— Ой, людцы, ратуйце! Рабуюць! Саша, родная, гінем! На чым бочкі вазіць будзем? Дзеці з голаду памруць! Не дам! Мёртвым лягу. — Схапіўся ён за аброць.

— Мёртвым не ляжаш, а па спіне атрымаеш, — спакойна адказаў той, што распрагаў.— Адыдзі!

— Хамут! Хамут хоць аддайце! Чужы!

— Аддай ты яму хамут, гэтай бабе! Жанчына маўчыць, а ён скуголіць, як сабака. Брыдка слухаць. Можа, сам сабе нагу скалечыў, каб на фронт не ісці.

Малодшы зняў i шыбануў яму пад ногі хамут.

— На! Не хамут, а чорт ведае што! Пуд важыць. Каня мог скалечыць. Гаспадар!

Без лішніх слоў яны хутка пайшлі па няўезджанай лясной дарозе, у бок ракі, i зніклі за дрэвамі. Камісар доўга глядзеў ім услед. Ціха засмяяўшыся, з захапленнем сказаў:

— Нашы, чэрці. А сказаць нельга. Вось жа недарэчная гісторыя. Навошта ім так пільна конь спатрэбіўся?

— Можа, таварыш дзе ранены ляжыць.

— Але… Магчыма. Магло здарыцца, што свайго каня загналі. У партызанскай справе ўсё бывае. Вось якія парадоксы здараюцца. Свае ў свайго забралі — i маўчы. Ах, чэрці! «Мёртвы, кажа, не ляжаш, а па спіне атрымаеш…» Гуманісты! Што ж, Аляксандра Фёдараўна. Прыйдзецца нам i за каня паслужыць. Дацягнем да пасёлка, а там, можа, добрая душа злітуецца — дасць каня.

Саша ўзялася за адну аглоблю, ён — за другую. Сані зрушыліся легка, але ўжо метраў праз сто Саша зразумела, што гэта пакутліва цяжка, асабліва для камісара з яго самаробным пратэзам. Дарога была няроўная, слізкая, з ухабамі, сані кідала з боку на бок. Яна ўбачыла, як на лбе ў Лялькевіча выступілі буйныя кроплі поту, i ведала, што гэта не ад натугі, а ад болю.

— Вам цяжка, Уладзімір Іванавіч? — спытала яна.

— Не, нічога.

— Давайце пачакаем. Можа, ехаць хто будзе.

— Не, не будзем чакаць. К чорту! А то i сані могуць забраць. A ў санях у нас скарб.

Міма прайшла машына з немцамі. Салдаты паказалі пальцамі на ix i весела зарагаталі.

Лялькевіч спыніўся, цяжка дыхаючы.

— Гэта страшна. З каго яны смяюцца? З інваліда…

Лялькевіч знясілена сеў на сані. У гэты момант Саша

адчула нейкую асаблівую душэўную блізкасць да гэтага чалавека. Знікла ўсё асабістае — злосць, раздражненне, здаліся дробнымі, нікчэмнымі ўсе ўласныя сумненні i ўчарашнія жарты, з'явіліся нейкія зусім новыя пачуцці, бо ў аснове ix было тое вялікае, галоўнае, што радніла, збліжала ix у барацьбе.

— Змарыўся? — ласкава i ўпершыню на ты сказала яна i сама хусткай выцерла пот з яго лба. Ён апусціў вочы, бо ў ix бліснулі слёзы.

Потым ім зноў пашанцавала: ix дагнаў начальнік атрада паліцыі — Гусеў. Ён ехаў у распісаным паводле рускага ўзору вазку на пары добрых стаеннікаў у суправаджэнні двух паліцаяў.

— Што здарылася, салдат?

— Ды вось выйшлі нейкія з лесу i каня забралі.

— Партызаны? — спалохана азірнуўся начальнік.

— А чорт ix ведае, хто яны такія!

— Партызаны, вядома. Бачыш, якія яны бандыты. Ты павінен усім расказаць пра гэты факт.

— Ды ўжо ж! Я ім ніколі не дарую!

— Правільна! Ну, чапляйся хутчэй. Давязу.

Калі стаеннікі ўскач ірванулі з месца, Лялькевіч тузануў Сашу за руку i прашаптаў:

— Вось бачыце. Не бывае ліха без дабра.

X

Шумела бурная вясна. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты, а школа апынулася на выспе. У другі канец вёскі i ў лес ездзілі на лодках.

Данік прывёз першы гладышык бярозавага соку. Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. У двары яе асляпіла сонца — мора сонца. I зачараваў гоман шпакоў. Уладзімір Іванавіч i Данік нарабілі шпакоўняў, i цяпер здавалася, што шпакі з усяго наваколля пасяліліся на ix сядзібе. Па-вясноваму вясёлыя, клапатлівыя, закаханыя адно ў аднаго пары птушак завіхаліся кожная каля сваёй хаткі, ладзячы гнёзды i пільнуючы (адзін адлятае — другі застаецца), каб які-небудзь агрэсар не захапіў шпакоўні.

Саша доўга назірала за імі. Шчаслівыя шпакі! Ім невядома, што ў свеце лютуе вайна, што кожную гадзіну гінуць тысячы людзей i разбураецца шчасце. А навакол усё ажывае ў прыродзе, цягнецца да святла, радуецца цеплыні. Сашы здаецца, што яна чуе, як малады клён, што расце пад акном, п'е сок зямлі. Струменіць сок i ў яблынях i ў кусце бэзу. Вось такі, жывы, празрысты, пахучы, што іскрыцца ў гладышку… I ў яе самой пачынае хутчэй струменіць кроў, мацнеи біцца сэрца… Што яна хацела зрабіць? Нешта добрае. Ага, напаіць гэтага працавітага чалавека, які, здаецца, ніколі не адпачывае. Яна пайшла пад паветку.

— Бярозавік. Хочаце?

Лялькевіч кінуў гэблю i ўзяў гладышык.

— Дзякую, Саша.

Ён выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць, павольна, смакуючы кожны глыток. З ласкавай, амаль мацярынскай усмешкай Саша сачыла, як ён п'е. Струменьчыкі пацяклі па барадзе, закапалі на гімнасцёрку, якую яна многа разоў мыла i кожны раз намервалася адрэзаць гузікі з зорачкамі, каб не прыдраўся які-небудзь фашыст, але так i не адрэзала — пашкадавала. Кропля ад соку трапіла на адзін з такіх гузікаў, i зорка загарэлася, заіскрылася, прыкаваўшы яе позірк.

Ён адняў гладышык ад рота, прычмокнуу.

— Змарыўся? — ласкава спытала Саша, гэтак жа, як паўмесяца назад, калі яны цягнулі сані.

Ён паглядзеў на яе неяк дзіўна, паставіў гладышык на вярстак i раптам… абняў яе. Пачаў цалаваць.

— Саша… слаўная… Я люблю… люблю… люблю…

Інстынктыўна, у нейкім парыве яна на момант сашчапіла свае рукі ў яго на шыі, але тут жа схамянулася i моцна адштурхнула яго; ён ледзь утрымаўся на нагах. У яе гнеўна раздзьмуліся ноздры, на шчоках з'явіліся пунсовыя плямы.

— Уладзімір Іванавіч! — сказала яна так гучна, што ён спалохана азірнуўся — не пачулі б суседзі — i замахаў рукой. Але яна забылася на асцярожнасць. — У мяне дачка… i муж. Я кахаю свайго мужа… Я чакаю яго. I вы выкіньце з галавы! Hi на што не спадзявайцеся… Чуеце? Уладзімір Іванавіч!..

49
{"b":"205284","o":1}