Поля таксама не спіць. Яна ўздыхае на ложку i нешта шэпча, магчыма, моліцца. Раней Саша, безумоўна, пасмяялася б, каб пачула, што сястра моліцца. Цяпер не смешна: няхай моліцца, можа, ад гэтага робіцца лягчэй.
Поля вярнулася ад цёткі быццам заспакоеная, але вельмі ўжо нейкая панурая i маўклівая. Саша сказала, што, можа, ёй лепей пайсці начаваць да каго-небудзь з суседзяў ці сваякоў.
— Навошта? — здзівіласяПоляі, памаўчаўшы, дадала: — Ад лесу свайго не схаваешся. Дасць Бог, усё абыдзецца.
Саша зразумела, што гэта — словы цёткі Хадоскі.
— Божа мой! — прашаптала Поля. — Тэты хлопец загоніць мяне ў магілу. Дзе можна бадзяцца ў такі час i пад такім дажджом?
Саша здагадалася, што не Даніла непакоіць сястру — брат не ўпершыню бавіцца недзе так позна, — што ёй хочацца пагутарыць. Але Сашы не хацелася парушаць сваіх думак, i яна прыкінулася, што спіць.
Нарэшце Даніла вярнуўся.
Саша здзівілася, што Поля, адчыніўшы, ніводным словам не папракнула яго.
Хлопец моўчкі распрануўся i… палез на печ. Саша хацела прагнаць яго, ёй было агідна ад думкі, што брат, магчыма, зноў быў у паліцаяў. Але, мацаючы ў цемры, куды лезці, ён дакрануўся да Сашынай рукі, i яна ажно ўздрыгнула: рука яго дрыжала i была халодная як лёд. Таму яна толькі папярэдзіла:
— Каля сцяны — дзіця.
Ён лёг з другога боку, каля коміна, i Саша адчула, што не толькі рукі яго дрыжаць, але i сам ён увесь калоціцца, як у ліхаманцы, ляскае зубамі.
«Дзе гэта ён перамёрз так? Не вельмі ж яшчэ холадна», — ужо з цікаўнасцю падумала яна.
Ён падсунуўся да яе і, заікаючыся, зашаптаў у вуха:
— Т-т-ты… баішся?
«Адчапіся ты ад мяне, нікога я не баюся», — хацелася адказаць Сашы, але нешта стрымала яе ад гэтага грубага адказу.
— Не б-бойся… Ён н-не данясе…
«Гэта ён табе паабяцаў?.. Ты выпрасіў літасць гэтую? А мне не трэба яго літасці!» — зноў наважылася адказаць Саша, але не паспела: Данік горача шаптаў:
— Цяп-пер ён н-нікому н-не скажа… Яго н-няма…
— Няма? — здзівілася Саша.
— Ён п-п-памёр.
— Памёр?
Данік заціснуў халоднай далоняй ёй рот.
— Цішэй… Ён ехаў у воласць… На веласіпедзе. А масток, ведаеш, які каля лесніка… Без парэнчаў, без нічога… І-і ц-цямнела ўжо… I ён — у рэчку… Можа, у яго шынель у ланцуг закруціўся, што ён не мог вылезці i… зах-х-лынуўся. Можа, п'яны быў…
Саша ўсё зразумела. Дзіўныя пачуцці ахапілі яе: страх, што Данік, хлапчук, дзіця яшчэ, забіў чалавека, i не чужога, не немца, а стрыечнага брата, i ў той жа час бязмерная ўдзячнасць яму, бо зрабіў ён гэта, каб уратаваць яе, Ленку, каб пакараць здрадніка. I яшчэ сорам за тое, што пагана думала аб ім… Аён вось які… I ўсё шэпча, нібы хоча апраўдацца, астудзіць жар душы:
— Яму не трэба было ехаць у воласць. Навошта ён ехаў? Так паспешліва. Проці ночы. Помніш, цётка Хадоска расказвала: цыганка ў ix некалі варажыла i сказала Кузьму, што яго смерць будзе ад вады… Каб ён асцерагаўся… Вось бачыш… Ад вады…
Саша сціснула яго рукі i, дрыжучы сама амаль гэтак жа, як ён, прашаптала:
— Не трэба, Данік, родны. Не трэба… Я ўсё разумею… Супакойся.
Яны доўга маўчалі, цяжка дыхаючы адно аднаму ў твар. У цемры i цішыні было чуваць, як Данік дробна ляскае зубаMi, Саша абняла яго, каб сагрэць.
— Ты лазіў у рэчку? — прашаптала яна.
— Не… Я не лазіў…— адказаў ён так, што стала ясна: нехта ўсё ж лазіў.
— А хто? — хутка спытала Саша.
— Ты не павінна пра гэта пытацца! — сказаў ён сурова, патрабавальна, перастаўшы нават дрыжаць i заікацца.
— Я разумею. Даруй мне, Данік. За ўсё… што я ўдарыла цябе, што думала так…
— Нічога… Я не крыўдзіўся. Я радаваўся, што ты такая. Але мне цяжка было.
— I мне цяжка…
— Ты думала, я спалохаўся, калі аддаў Кузьму вінтоўку без затвора. A ў нас ix, можа, дваццаць схавана, i кулямёт, i гранаты… Новенькія… Трэба было заткнуць яму горла ламаччам, каб не думаў нічога, не дакопваўся. I хадзіў я да ix таму… А заадно вучыўся, як зброяй карыстацца… У нас ніхто добра не ўмеў.
«У нас… Значыцца, ix некалькі чалавек… Відаць, усе такія, як ён, Данік. Але якія смелыя i разумныя! Хто ж там яшчэ?» Саша прыгадала ўсіх Данілавых сяброў, i ўсе яны зусім не былі падобныя на герояў, ва ўсіх ix яшчэ дзіцячы вецер у галаве.
Аднак нехта ж ёсць… Яны змагаюцца. Яны пакаралі здрадніка Кузьму, які хацеў забіць партызана, выдаць немцам яе, Сашу.
— Мы самі рыхтаваліся вызваліць партызана. Ночы чакалі. Ты нам крыху напсавала. Нам гэты чалавек вельмі спатрэбіўся б…
Саша слухала, што казаў Данік, як цудоўную казку, ад якой робіцца святлей на душы i з'яўляецца моцнае жаданне самой стаць такой, як героі гэтай казкі…
Яна раптам ціха папрасіла, здзівіўшы брата:
— Данік… Вазьміце мяне ў сваю групу. Я вам таксама спатрэблюся… Я — фельчар.
Ён доўга думаў. Яна чакала, стаіўшы дыханне. Нарэшце ён паабяцаў: — Добра. Я параюся з хлопцамі.
Саша прыгарнула яго да сябе i прыціснулася губамі да яго ўжо гарачай шчакі.
V
I вось яна першы раз ідзе на збор падпольнай групы.
Позні вечар. У вёсцы дзе-нідзе мільгаюць агеньчыкі: гараць у хатах каганцы ці тлее на прыпечку лучына — такое святло прынесла «цывілізаваная Еўропа». Гэтыя агеньчыкі — адзіныя арыенціры, бо без ix легка можна было б заблудзіцца ў такой цемры.
Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Але зямлю скаваў мароз, i боты грукаюць на ўсё наваколле. Яна спыняецца, слухае. Сэрца стукае так, што робіцца горача ў грудзях i балюча ў скронях, у вушах. Магчыма, праз гэта шум бору далятае хвалямі, як у дзіцячай гульні, калі вушы заціскаеш далонямі: шум — цішыня, шум — цішыня. I чым больш яна стаіць, узіраецца i слухае, тым робіцца горш: пачынае здавацца, што наперадзе хістаюцца постаці, а ззаду чуюцца крокі i шэпт. Можа, за ёй сочаць, ідуць? Не, гэта толькі здаецца… Няўжо ёй так страшна? Яна не харобрыцца залішне. Так, страшна. Няма чаго таіцца. Вельмі. Але не за сябе, апраўдвае яна свой страх. За Даніка, за яго сяброў, якія паверылі ёй i цяпер чакаюць недзе там, за вёскай, каля старога млына. Данік доўга, нешта з месяц, раіўся з хлопцамі. Мабыць, ім нялёгка было вырашыць такое пытанне. Не адразу яны прыйшлі да згоды — Саша разумела гэта i не крыўдавала. Яна старэйшая за ix, у яе дзіця…
Успомніла Ленку — i думкі пайшлі ў іншым кірунку. Навошта яна ідзе туды? Што яна будзе рабіць? Невядома, хто там, у ix групе. Даніла i дагэтуль не сказаў. Калі там усе такія, як ён, то якая гэта арганізацыя? Што могуць зрабіць гэтыя дзеці? Забілі Кузьму? Гэта смелы ўчынак, безумоўна. Ён прымусіў задумацца многіх, хто служыў ці мае намер пайсці на службу да акупантаў. Але ці заклікаў ён каго да барацьбы? Яны ратавалі яе, Сашу. Але маглі вельмі проста загінуць самі. Яна ўспомніла, як пасля пахавання Кузьмы да ix у хату прыйшла цётка Хадоска. Высокая i ссутуленая заўсёды, яна за той дзень зусім згорбілася, а яе маршчыністы, загрубелы ад вятроў, спякоты i маразоў твар як бы абвугліўся. Саша ўбачыла яе i жахнулася. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), i рукі яе калаціліся. Яна не села, хоць Поля i запрасіла яе. Яна стала каля парогa i ўтаропіла на Сашу свае чырвоныя ад слёз, але сухія вочы, у якіх адбівалася нечалавечая пакута.
— Ну, Сашачка, пахавалі мы твайго брата, — сказала яна ціха i журботна. — А ты не прыйшла…
Сашы здалося, што кашчавая, чорная, з парэпанымі пальцамі рука, якая сціскала кій i з якой яна, Саша, не зводзіла позірку, раптам нябачна сціснула яе горла. Саша задыхнулася. Яна любіла цётку, i ёй было вельмі шкада яе. Але пасля яе слоў перажыла амаль такі ж прыступ страху, як пасля здарэння ў лесе. Калі яна ратавала партызана, то не думала пра небяспеку, усё выйшла неяк само сабой, па закліку сэрца. А тут яна адразу падумала пра Ленку i невядома чаму схапіла яе, сонную, з калыскі.
«Ваш сын пайшоў супраць сваіх людзей, i людзі пакаралі яго», — хацелася сказаць, каб прымусіць цётку змоўкнуць i не глядзець так страшна. Але Саша разумела, што словы такія яшчэ больш раняць матчына сэрца, і, шкадуючы старую, хавалася ад яе вачэй, як умела.